Сінькевіч, Г. Увага — асаблівым дзецям / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2024. — 15 лістапада. — С. 9.
Pyx да інклюзіі і арганізацыя адукацыйнага працэсу для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — гэтыя тэмы сталі галоўнымі на Рэспубліканскім савеце кіраўнікоў устаноў спецыяльнай адукацыі, які адбыўся ў Магілёве.
Мерапрыемства аб’яднала не толькі кіраўніцтва спецыяльных навучальных устаноў. Удзельнікамі дыялогу ў вочным і анлайн-фармаце сталі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, рэгіянальных упраўленняў і камітэтаў па адукацыі, выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Сумесна разглядаліся асноўныя аспекты навучання дзяцей з АПФР. Канкрэтны эфектыўны вопыт прадстаўлялі педагогі Магілёўшчыны.
— Сістэма спецыяльнай адукацыі рэгіёна характарызуецца даступнасцю і варыятыўнасцю. Неабходную карэкцыйную падтрымку атрымліваюць 100% асаблівых дзяцей.
Вялікая ўвага ўдзяляецца інклюзіі. Работа ў гэтым напрамку ажыццяўляецца ва ўзаемасувязі соцыуму, настаўнікаў, вучняў і бацькоў. Гэта дапамагае ствараць раўнацэнныя ўмовы для навучання кожнага дзіцяці, — паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ірына Кускова.
На пасяджэнні таксама была прааналізавана спецыфіка навучання дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра. Працуючы з гэтай катэгорыяй дзяцей, магілёўскія педагогі робяць стаўку на раннюю комплексную дапамогу і персанальнае суправаджэнне. Для вучняў з аўтызмам распрацоўваюцца індывідуальныя праграмы навучання і рэабілітацыі. Прыярытэт аддаецца прафесійнаму майстэрству настаўнікаў. Сёння ў вобласці звыш 400 педагагічных работнікаў працуюць з вучнямі з РАС, большасць маюць адпаведную кваліфікацыю. Многае зроблена для стварэння патрэбнага адукацыйнага асяроддзя.
Прыклад навучання дзяцей з аўтызмам прэзентавала спецыяльная школа № 1 Магілёва. Сёлета ва ўстанове ўпершыню адкрылі клас для дзяцей з РАС, для якіх наладжана суправаджэнне ў групавой форме. Педагагічны калектыў планамерна займаецца фарміраваннем у навучэнцаў ключавых асобасных і метапрадметных кампетэнцый. Настаўнікі і выхавальнікі шырока выкарыстоўваюць наглядныя, практычныя і арт-тэрапеўтычныя метады, праз сацыяльныя праекты ствараюць ва ўстанове адаптыўную прастору, далучаюць вучняў з РАС да пазаўрочнай дзейнасці, клапоцяцца аб іх прафесійнай арыентацыі і жыццеўладкаванні. Мэтанакіраваная работа прыносіць вынікі: выпускнікі паспяхова сацыялізуюцца, знаходзяць сваё месца ў грамадстве.
Падчас нарады свае напрацоўкі прадстаўлялі таксама педагогі магілёўскіх абласнога і гарадскога ЦКРНіР, Бабруйскай спецыяльнай школы і спецыяльнай школы № 2 Магілёва. Шляхамі вырашэння праблемы навучання дзяцей з аўтызмам падзяліліся і ўстановы адукацыі з Расіі. Па заканчэнні пасяджэння былі абмеркаваны агульныя метадычныя рэкамендацыі па рабоце з вучнямі з РАС, агучаны прапановы па карэкціроўцы дарожнай карты ўдасканалення міжведамаснага ўзаемадзеяння пры аказанні дапамогі асобам з АПФР ці інваліднасцю і іх сем’ям, падрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў на 2022—2025 гады.