Зігуля, Н. “Новая зямля” ў экспанатах : Магілеўскія школьнікі знаёмяцца з творам Якуба Коласа “Новая зямля” на экскурсіях ў музеі / Н. Зігуля // Звязда. — 2013. — 28 лістапада. — С. 4.
Магілёўскія школьнікі знаёмяцца з творам Якуба Коласа «Новая зямля» на экскурсіях у музеі.
Выстава абласнога краязнаўчага музея «Зямля — аснова ўсёй Айчыны», якая нядаўна адкрылася, прысвечана 90-годдзю коласаўскай паэмы. Большасць экспанатаў прадстаўлена фондамі мінскага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.
Да часоў напісання паэмы, а таксама дзяцінства і юнацтва класіка вяртаюць карціны беларускага мастака Уладзіміра Сулкоўскага. Нібы жывыя, перад вачыма паўстаюць знаёмыя пейзажы з яго паэмы — тыя самыя «елка ў пары з хваіною», «крынічкі вузенькае ложа». Яшчэ адзін выдатны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч намаляваў больш за 90 ілюстрацый, якія ўвайшлі ў юбілейнае выданне паэмы «Новая зямля» 2002 года. Дарэчы, на выставе можна ўбачыць некалькі розных выданняў паэмы, у тым ліку і прыжыццёвых. Напрыклад, ёсць кніга, датаваная 1925 годам. А таксама яе варыянт для сляпых, дзе тэкст падаецца рэльефна-кропкавым шрыфтам Брайля.
У музеі прадстаўлена этнаграфічная кампазіцыя і арыгінал атэстата Мікалая Мікіціна, выдадзенага ў 1925 годзе. Мікіцін скончыў вышэйшыя курсы беларусазнаўства, дзе выкладаў Якуб Колас: на афіцыйнай паперы можна пабачыць яго подпіс. Па словах старшага навуковага супрацоўніка музея Аляксандры Бураковай, гэты экспанат музей выкупіў у аднаго з мясцовых калекцыянераў.
Яшчэ адзін раздзел выставы прысвечаны перапісцы пісьменніка з выхаванцамі Чавускага дзіцячага дома. Захаваўся ліст маленькага хлопчыка Валодзі Бяляева, які звярнуўся да Коласа з прапановай выслаць яму якую-небудзь цікавую кніжку, за якую ён нават… абяцае заплаціць. «Пасля вайны Якуб Колас шмат каму дапамагаў, — кажа Аляксандра Буракова. — Сярод тых, хто атрымаў гэтую дапамогу, вядомы скульптар Заір Азгур. Ён быў вельмі таленавіты, але не меў грошай, каб вучыцца. І Якуб Колас даў яму іх. Азгур потым аддзячыў свайму дабрадзею — зрабіў помнік на магіле яго жонкі, якая была пахавана на вайсковых могілках у Мінску ў 1945 годзе. А ў 1972 у Мінску на плошчы Якуба Коласа быў усталяваны помнік пісьменніку, зроблены Азгурам». Не менш цікавы экспанат — драўляны бюст Якуба Коласа. Калі пісьменніку споўнілася 70 гадоў, адзін з выхаванцаў Чавускага дзіцячага дома зрабіў яму такі падарунак».
Ёсць здымак 1927 года, дзе Якуб Колас сярод выкладчыкаў і навучэнцаў Горацкай сельгасакадэміі. Некалькі разоў пісьменнік наведваўся і ў Магілёў. У 1938 годзе ён прысутнічаў на прэм’еры пастаноўкі сваёй п’есы «У пушчах Палесся» па матывах аповесці «Дрыгва» ў Магілёўскім драмтэатры.
Найбольшую цікавасць выстава выклікае ў школьнікаў, якія маюць магчымасць замацаваць атрыманыя на ўроках беларускай літаратуры веды. Чула, як пасля экскурсіі малыя дзяліліся ўражаннямі ад убачанага і пачутага. Адзін скептычна заявіў: «Так сабе выстава». На што яго таварыш з абурэннем парыраваў: «Гэта самы цікавы расповед, які я толькі чуў».
— Шмат каму было цікава даведацца пра тое, як Колас атрымаў свой першы ганарар. Калі ён, зусім яшчэ малы, прачытаў бацьку адзін са сваіх першых вершаў — «Вясна», той быў настолькі ўражаны, што даў сыну вялікія на той час грошы — цэлы рубель.
Застаецца дадаць, што акунуцца ў свет беларускай паэзіі вялікага песняра можна будзе яшчэ на працягу месяца.