Гімны і малітвы

Радзівончык, Дз. Гімны і малітвы / Дзмітрый Радзівончык // Літаратура і мастацтва. — 2024. — 20 снежня. — С. 7.

Мяне пакарыла паэзія са зборніка Алеся Казекі «Песня роднай зямлі» (Мінск, «Мастацкая літаратура»). Ужо на першых старонках выразна адчуваецца тое, што спецыялісты называюць пластыкай мовы. Яе магнетызм, яе чароўныя ўніверсальныя звароты падкупляюць і быццам вабяць усё далей і глыбей на тэрыторыю аўтарскай свядомасці і па-майстэрску пабудаванага ёю паэтычнага свету. 


Адным з шырока распаўсюджаных на прасторы кнігі мастацкіх сродкаў (спецыялісты называюць іх мастацкімі тропамі) з’яўляецца інверсія. Інверсійны стан — калі словы выстройваюцца не ў ідэальнай паслядоўнасці, а ва ўскосным парадку, і, каб найбольш дакладна спасцігнуць сэнс паэтычнага выказвання, патрабуюцца дадатковыя намаганні ўвагі, удумлівасці, дадатковыя назіранні за дынамікай мовы, за яе рухамі, нібыта грацыёзнымі танцавальнымі па. Вось паглядзіце:

Як адпаведнасці няма 

Паміж размоваю і справай — 

Глухім раздзелам неўзабаве

Праляжа чужасці сцяна.

Каб перакласці дадзены тэкст на мастацкую мову без інверсій, паставім словы ў ідэальным парадку: «Як няма адпаведнасці паміж размоваю і справай, неўзабаве глухім раздзелам праляжа сцяна чужасці». Атрымаўся празаічны, эсэістычны, амаль што публіцыстычны тэкст. На гэтым прыкладзе заўважна, як у творчай лабараторыі з аўтарскіх задум нараджаецца, тчэцца мастацкае палатно паэзіі.

А вось яскравы прыклад гімнічнай лірыкі:

Расцвітай і да шчасця вядзі за сабой 

Сваіх верных сыноў працавітыя раці.

Маё сэрца навек застанецца з табой,

Мая Белая Русь. Мая родная маці. 

Паэтам свядома ствараецца ўласцівы гімнам узнёслы, рамантычны настрой. Мова досыць рытмічная, каб быць пакладзенай на музыку і спявацца. І гэта адбываецца ў душы чытача, калі яна адгукаецца на нястрымны душэўны парыў паэта. Вельмі ярка Алесь Казека прымяняе розныя віды метафар. Сустракаюцца ўвасабленне, метанімія, сінекдаха — у лабараторыі аўтара багаты інструментальны набор. Не буду падрабязна спыняцца на кожным з інструментаў. Хачу звярнуць увагу на тое, як на авансцэне ўзнікаюць вобразы з духоўнай, біблейскай тэматыкі. Яны актыўна ўключаюцца ў працэс стварэння мастацкай экспазіцыі і набліжаюць пераход ад жанравай формы гімна да іншай фармальнай з’явы:

Ёсць зямля, дзе Анёлы з блакіту 

прадуць 

Пражу дзіўнай красы

для нябесных абрусаў.

На зямлі той прыгожай 

шчасліва жывуць,

Праслаўляючы працай яе, Беларусы!

На стварэнне спецыфічнага настрою, унікальнага натхняльнага эфекту працуе абраная паэтам творчая філасофія магістральнага пазітывізму. Зірніце, наколькі ў гэтым чароўным свеце ўсё светлае і станоўчае: краса дзіўная, абрусы блакітныя, зямля прыгожая, жыццё шчаслівае. Усё гэта пра нашу рэчаіснасць, пра нас, сапраўдных людзей, працавітых беларусаў. Матыў працы ўвасабляе яе тоеснасць матыву славы. Фактычна, паводле магілёўскага паэта, паняцці «праца» і «слава» па сэнсе роднасныя, сінанімічныя.

Яшчэ адна жанравая асаблівасць патрыятычнай лірыкі Алеся Мікалаевіча — адычны стыль. Для од уласціва ўзнёслая мова, якая перадае высокія думкі і пачуцці. Паўстала ода ў антычнасці, спачатку ўяўляла сабой песню з шырокім лірычным зместам. Мінулі тысячагоддзі, а ў Алеся Казекі яна практычна засталася такой жа. Толькі з папраўкай на рамантызацыю патрыятычных пачуццяў беларуса:

Жыві, жыві, бясконцасць рання

І прамяністая зара!

Няхай не значыцца змяркання 

Жыцця ў лістках календара.

Ты расцвітай, мая Радзіма — 

Свабоднай будучыні ўсход!

Адзіны свет, жыццё — адзіна —

Вітаю новага прыход! 

Вось ён, матыў вечнай вясны як ідэальнага стану для прыроды, яе росквіту, прагрэсу. Ён сімвалічна пераклікаецца з матывамі святла і часу. Шчырасць любоўнага пачуцця настолькі высокая, падкрэслівае паэт, што яна вышэйшая за час, за іншыя ўмовы існавання матэрыі. Таму што любоў да Радзімы набліжае нас да вечнасці.

Ода выкарыстоўваецца аўтарам як далікатны жанравы манеўр, плаўны пераход ад формы гімна (патрыятычнай лірыкі) да духоўнай сферы — жанру малітвы:

Божа любы! Тужлівыя страты 

Перажыць з Табой здолею я!

Ад бяды, ашуканства і здрады 

Збаві, Госпадзі, людзі Твая! 

……………………………….

Ойча наш!

І на сэрцы цяплее,

І малітва мацнее ў душы,

І заранак жыцця палымнее,

І зліваюцца ў Слове надзеі:

Божа, людзі Твая зберажы!

На прыналежнасць да жанравай формы малітвы паказваюць не толькі звароты «Божа», «Госпадзі», але і прыёмы моўнай стылізацыі: «ойча» (а не айцец), «людзі твая» (а не «людзі твае») — даніна павагі сучаснага беларускага паэта да старажытнай, стараславянскай (царкоўнай) мовы. У філалогіі такую з’яву называюць памяццю жанру.

Памяць… Ці ёсць нешта яшчэ больш важнае для паўнавартаснага жыцця чалавека на сваёй зямлі?! Матыў памяці — знак пераемнасці пакаленняў. Ён з’яўляецца адным з асноўных, фундаментальных для Алеся Казекі як для сына і бацькі; як для літаратара, так і для грамадзяніна, грамадскага дзеяча. Гэта яго крэда, голас яго сумлення, яго скрыжалі:

Як запомніць цябе,

Песня роднай зямлі,

Каб спатоліць спаткання патрэбу?

— А ці можна забыць аб Радзіме, 

Калі

Вы душой яе сталі 

І хлебам?

Гучыць складаны дыялог гуманістычнага пачатку з сіламі прыроды. Гэта, зразумела, рыторыка. Але рыторыка незвычайная, магічная — у ёй дух пераўвасабляецца ў матэрыю і, наадварот, матэрыя набывае сэнсы духоўныя, надзвычайныя, пазачасавыя і пазапрасторавыя тэхнічныя характарыстыкі. Спецыялістамі такія працэсы называюцца метафізікай. А як жа інакш, калі гутарка вядзецца на тэмы перамогі дабрыні, праўды ў цяжкай бітве супраць хаосу, у бітве, якую хоць раз у жыцці вядзе кожны з нас, але далёка не кожны ў ёй перамагае.

І нарэшце песня. Прыкметы песеннага жанру дэкларуюцца творцай адкрыта, нават у назве самога зборніка:

Напявала мелодыі роднай зямлі 

Мне ў дзяцінстве лясная крыніца,

Дзе, як сведка падзей,

Што ў вякі адышлі,

Расцвітае трава медуніца. 

Вобраз песні паўстае ў словах «напявала», «мелодыі». І зноў перад чытачом — матыў росквіту, працягу жыцця. Вобраз травы медуніцы сімвалізуе перамогу вечнага над часовым, прыярытэт сапраўдных каштоўнасцей над фальшывымі. У кнізе прадстаўлены і наглядныя жанравыя формы — верш, паэма, лірычнае прысвячэнне, паэтычнае апавяданне, успамін. Чаму ж з гэтай палітры наяўных і схаваных жанраў Алесь Мікалаевіч у якасці каменя перапоны (спецыялісты называюць гэта пунктам біфуркацыі) абірае менавіта песню? Песня, як вядома, гучыць, чуецца тады, калі душа чалавечая знаходзіцца на піку сваёй пачуццёвасці, свайго няспыннага эмацыянальнага руху, палёту. У песнях, як правіла, канцэнтруецца народная мудрасць з фальклорных крыніц, намячаецца пошук новых шляхоў, нагод для радасці. Песня — гэта суіснаванне розных відаў мастацтва — слова і музыкі, спалучэнне розных дэталяў — рытму, гармоніі, тэмпераменту… Калі спявае чалавек, гэта можа быць шчаслівым збегам акалічнасцей. Калі спявае родная зямля, гэта вынік цяжкай, сумленнай працы, багаты плён сталага зямнога жыцця.

Дзмітрый РАДЗІВОНЧЫК