Зігуля, Н. Фотавандроўка. Зроблена ў Магілёве / Нэлі Зігуля // Літаратура і мастацтва. — 2024. — 20 снежня. — С. 13.
Фотамастачка Ірына Савосіна падарыла магіляўчанам унікальную магчымасць акунуцца ў захапляльнае мінулае нашага кіно. Наведвальнікі яе выстаўкі «Магілёўшчына ў люстэрку кінематографа» змаглі зрабіць шмат цікавых адкрыццяў: аказваецца, гісторыя кіно цесна звязана з Прыдняпроўскім краем. На фота — вядомыя артысты, рэжысёры, сцэнарысты, якія тут нарадзіліся, месцы здымак, першыя кінатэатры горада…
— У маім архіве былі фотаздымкі, звязаныя тэмай з кіно. Мала, канешне, але было цікава развіць гэтую тэму, — прызнаецца аўтар. — Асабліва пасля таго, як даведалася, што ў нашым горадзе здымаліся фільмы. Калісьці мой старэйшы калега з «Магілёўскай праўды» Уладзімір Кандрацьеў, былы ветэран вайны, сказаў: «Якія ў нас на Лазарэнкі былі здымкі! Што тут рабілася!» На жаль, назву фільма ён успомніць не змог. Яна ўсплыла неверагодным чынам менавіта сёлета, калі я стала актыўна працаваць над праектам. Калега выпадкова даведалася і падзялілася адкрыццём са мной. Гэты фільм называўся «Ветразі майго дзяцінства», падзеі яго адбываліся ў паслярэвалюцыйны перыяд. Адна мая знаёмая расказвала, як яна ішла ў дзіцячы садок па малую, а ёй прапанавалі зняцца ў масоўцы. Паабяцалі тры рублі.
Яна пагадзілася, і ёй выдалі палярыну і капялюш. Так яна падзарабіла і засвяцілася ў кадры. Знамянальна, што фільм здымаўся менавіта кінастудыяй «Беларусьфільм». Літаральна перад адкрыццём выстаўкі я яго пераглядала, пазнавала вядомыя куточкі горада і рабіла скрыншоты, каб расказаць усім.
Гэтыя здымкі, быццам павялічаныя кадры плёнкі, на якой яшчэ, здаецца, так нядаўна круцілі фільмы ў кінатэатрах, ажываюць у фота Ірыны Савосінай. Наведвальнікі выстаўкі доўга стаяць перад імі і з захапленнем каментуюць услых: дык гэта наш Быхаўскі рынак, а гэта вуліца Лазарэнкі. Некаторыя будынкі, куточкі, фрагменты і сёння пазнаюцца ў сучасным Магілёве, але шмат чаго ўжо і няма. Быхаўскі рынак змяніў назву на Магілёўскі, ды і сам ён ужо не падобны на той, што існаваў у савецкі перыяд. Няўрымслівая Ірына Савосіна не толькі зрабіла скрыншоты фільма, але і знайшла інфармацыю пра аўтара сцэнарыя кінастужкі. Ім аказаўся ўраджэнец Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці Васіль Хомчанка, чалавек з неверагодна цікавым лёсам.
У 1981 годзе ў Магілёў зноў прыязджаюць кіношнікі. Фільм, які яны здымаюць, называецца «Грыбны дождж». І зноў у кадры цэнтр горада — завулак Буянава, вуліца Лазарэнкі яшчэ без сучаснага моста, драмтэатр. Ірына зрабіла скрыншоты кадраў з фільма і абышла з фотакамерай гэтыя месцы. Цяпер можна параўнаць, якія перамены адбыліся ў горадзе за болей чым 40 гадоў. У фільме здымаўся зорны букет артыстаў Савецкага Саюза: Уладзімір Заманскі, Уладзімір Гасцюхін, Алена Драпека, Кацярына Васільева, Таццяна Краўчанка. Кінастужка, дарэчы, пра работнікаў друкарні. Здымкі праходзілі і ў сценах Магілёўскай абласной друкарні імя Спірыдона Собаля. «На жаль, фота ў архівах работнікаў гэтай установы не захавалася», — уздыхае Ірына.
Аўтар праекта пашырала рамкі і зазірнула нават ў дарэвалюцыйны перыяд кіно. Яна высветліла, што ў 1909 годзе ў Магілёве быў пабудаваны кінатэатр «Чары», які некалькі разоў перажыў трансфармацыю. Сёння гэта найстарэйшы кінатэатр Магілёва «Чырвоная зорка».
Яркія старонкі ў гісторыю сусветнага кіно ўпісалі ўраджэнцы Магілёўшчыны: кінарэжысёр, народны артыст СССР Віктар Тураў, кінаакцёр, кавалер ордэна «Знак Пашаны» Пётр Алейнікаў, кампазітар, народны артыст СССР Эдуард Калманоўскі. Ірына Савосіна адкрывае новыя старонкі ў біяграфіях вядомага графіка, мастака тэатра і кіно, педагога, ураджэнца Магілёва Аляксандра Быхоўскага, артысткі, якая сапернічала нават з Любоўю Арловай, — Веры Януковай, расказвае ў фота пра знакамітыя фільмы, звязаныя з Магілёўшчынай.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара