Зігуля, Н. Дарогі, жыллёвы фонд і мільёны кветак / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2025. — 6 лютага. — С. 8.
Як Магілёўшчына будзе прыгажэць?
Толькі ў маштабах абласнога цэнтра плануецца капітальна адрамантаваць 36 жылых дамоў, тысячы квадратных метраў дахаў і стыкаў панэльных шматпавярховікаў, замяніць болей чым 30 ліфтаў, абнавіць 16 дзіцячых пляцовак, завяршыць рамонты вулічна-дарожнай сеткі на некалькіх вуліцах, зрабіць шмат чаго іншага. Прычым не толькі рукамі камунальных службаў, але і жыхароў.
На радасць воку і на карысць здароўю
Добраўпарадкаванне — гэта стварэнне добрых умоў жыцця, таму насельніцтва не застаецца ўбаку. Тым больш што вопыт на чале з дэпутатамі напрацаваны салідны. І раней з падтрымкай жыхароў узводзіліся гульнявыя пляцоўкі, азеляняліся двары, адраджаліся крыніцы і капліцы. Вось і цяпер метадам народнай будоўлі пад Магілёвам на Буйніцкім поле ўзводзіцца маштабны музей Славы Магілёўшчыны. У яго стварэнне ўкладзены грошы ў тым ліку і звычайных жыхароў, у яго будоўлі ўдзельнічае ў тым ліку і моладзь.
Ёсць усе спадзяванні, што насельніцтва прыкладзе рукі і да іншых не менш важных аб’ектаў. Дзесьці паўдзельнічае ў азеляненні, дзесьці дапаможа навесці парадак.
Нядаўна камунальнікі, эпідэміёлагі, ідэолагі, дарожнікі, леснікі, прыродаахоўнікі сабраліся, каб агучыць перад журналістамі планы мерапрыемстваў на Год добраўпарадкавання. Яны сапраўды ўражваюць. Напрыклад, сёлета ў вобласці плануюць высадзіць 3,5 мільёна кветак — на мільён болей, чым летась, 43 тысячы дрэў замест 39 тысяч леташніх, на 5 тысяч болей, чым летась, кустоў — 56 тысяч. Да ведама: 1,1 мільёна кветак будуць красавацца на клумбах абласнога цэнтра. У планах «Магілёўзелянбуда» таксама — работы па добраўпарадкаванні папулярнага ў насельніцтва месца адпачынку — Грыбянёўскага (у народзе Святога) возера.
Разам з рамонтам і будаўніцтвам тратуараў, дарог, пешаходных і веласіпедных дарожак, аўта- і велапарковак, прыпыначных пунктаў, кантэйнерных пляцовак ва ўсіх населеных пунктах вобласці будзе істотна палепшаны стан жыллёвага фонду. На рамонт дахаў і стыкавых панэляў прадугледжана каля 10 мільёнаў рублёў. Работы будуць ажыццяўляцца сіламі ЖКГ Магілёўскай вобласці. Яшчэ 8 мільёнаў бюджэтных сродкаў пойдзе на будаўніцтва дзіцячых пляцовак. Каб палепшыць якасць пітной вады, запланавана будаўніцтва 59 станцый і 97 міні-станцый абезжалезвання.
Па інфармацыі Камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Магілёўскага аблвыканкама, сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю тры комплексы па вытворчасці рыб каштоўных парод, паліклініку ў Крычаве і пабудаваць басейн у Слаўгарадзе.
Аднаўляем прыроду і захоўваем памяць
Прадпрыемства «Магілёўаблдарбуд» паведаміла пра будаўніцтва сёлета каля 480 кіламетраў дарог, 28 прыпыначных пунктаў і 6 маставых збудаванняў.
Чыгуначнікі ў сваю чаргу ставяць мэту адрамантаваць 14 кіламетраў пуцей на ўчастку Магілёў — Жлобін.
Лесагаспадарчыя аб’яднанні працягнуць наводзіць парадак у лясах. Запланавана правядзенне санітарных высечак і ліквідацыя захламленасці на плошчы болей чым 1800 гектараў. Будзе праводзіцца расчыстка бураломаў на плошчы болей чым 2,6 тысячы гектараў. На амаль тысячы гектараў адновяць лес.
У год 80-годдзя Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі шмат увагі ўдзяляецца месцам воінскіх пахаванняў. Як адзначыла загадчык сектара па сувязях з грамадскасцю і СМІ галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Вольга Целяпнёва, плануецца добраўпарадкаваць 1786 пахаванняў воінаў і ахвяр вайны, зрабіць бягучы рамонт шэрагу мемарыяльных комплексаў і помнікаў, а таксама тэрыторый, якія да іх прылягаюць.
Са знакам якасці
— Будзем наводзіць парадак у цесным узаемадзеянні з органамі выканаўчай улады, усіх зацікаўленых службаў і структур, — кажа старшыня Магілёўскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Канстанцін Цеплякоў. — Усяго рэспубліканскім планам мерапрыемстваў прадугледжана 85 пазіцый, па якіх трэба працаваць. Будзем прыводзіць у парадак нашы будынкі, дарогі, тратуары, скверы, зоны адпачынку. На нашых вуліцах і ў дварах з’явяцца новыя малыя архітэктурныя формы і дзіцячыя пляцоўкі. Значная ўвага будзе ўдзяляцца месцам адпачынку насельніцтва, у тым ліку каля вадаёмаў. Летась па выніках рэспубліканскага агляду-конкурсу Мікалаеўскія сажалкі ў Круглянскім раёне і зона адпачынку на Чыгірынскім вадасховішчы былі прызнаны найлепшымі ў маштабах краіны. Сёлета перад начальнікамі нашых раённых інспекцый пастаўлена задача актывізаваць работу ў гэтым кірунку, каб у конкурсе былі задзейнічаны ўсе раёны. З глабальных планаў — завяршэнне будаўніцтва смеццеперапрацоўчага завода ў Бабруйску. Працягнем работу па рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў у Шклове, Крычаве, Асіповічах, Бабруйску і гарадскім пасёлку Хоцімск. Калі будзе магчымасць, пачнём будаўніцтва сучасных ачышчальных збудаванняў штучнай біялагічнай ачысткі ў Бялынічах. Усё робіцца дзеля таго, каб нашы населеныя пункты сталі больш дагледжанымі і яшчэ больш прыгожымі.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота mogilevnews.by.