Берасцень, С. «Белы Вальс» Галіны Конанавай / Святлана Берасцень. — 2010. — 5 лiстапада. — С. 1.
Паказаць свае новыя работы ўцэнтры Мінска, ды яшчэ ў галерэі, побач з якой месціцца наш найстарэйшы, самы папулярны і прэстыжны мастацкі салон-магазін, — кагоз мастакоў не парадаваў бы такі шанц! Асабліва, калі жыве мастакў абласным горадзе і са сталічнай публікай сустракаецца нячаста. Зрэшты, у сур’ёзным прафесійным творчым працэсе такія паняцці, як сталіца і перыферыя, страчваюць свой “тэрытарыяльны” сэнс і пераходзяць на той узровень, дзе рэй вядуць досвед, майстэрства, інтэлект і духоўнасць.
Творчасць Галіны Конанавай (яна з 1984 года, пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, жыве ў Магілёве) заўсёды была ў эпіцэнтры арт-жыцця Беларусі. А яе персанальная выстаўка “Белы Вальс”, прадстаўленая сёння ў галерэі “Мастацтва”, сталася адметнай падзеяй для культурнай грамады і Мінска, і ўсёй краіны.
Госці вернісажа гаварылі пра Галіну Конанаву як пра асобу на рэдкасць гарманічную: паспяховую ў творчасці, актыўную ў мастацкім жыцці, шчаслівую ў сям’і. Сям’я ў яе, дарэчы, творчая: вядомы скульптар Уладзімір Конанаў — муж Галіны, да мастацтва спрычыніліся і абедзве дачкі, прычым Ганна, якая заканчвае навучанне ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, — ужо даволі вядомы малады жывапісец, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, удзельніца многіх значных выставак.
А тое, што Галіна Конанава чалавек грамадска актыўны і надзвычай адказны, зразумела ўсім, хто бачыў яе ў справе. Вось чаму магілёўскія калегі неаднаразова выбіралі яе старшынёй абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў. Вось чаму менавіта на ёй трымаецца вялікая праца па арганізацыі выставачнай дзейнасці ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава. З 1998 года яна загадвае тут навукова-экс пазіцыйным аддзелам і за гэты час прыдумала ды ажыццявіла больш як паўтары сотні канцэптуальных выставак: міжнародных, рэспубліканскіх, калектыўных, персанальных, з фондаў музея. Такія, напрыклад, праекты, як “Формула 4 плюс”, “Імгненне радасці” (творы Сяргея Каткова, Святланы Катковай, Зоі Луцэвіч), персанальная выстаўка Тамары і Уладзіміра Васюкоў, перформанс “Падарункі ад Ханса Крысціяна Андарсана”, упрыгожылі б і культурнае жыццё сталіцы, спешчанай выбітнымі вернісажамі. Сама ж Галіна ўжо без малога трыццаць гадоў удзельнічае ў выстаўках, пленэрах, творчых конкурсах: міжнародных, замежных, рэспубліканскіх, абласных, гарадскіх. Два гады таму яе прынялі ў міжнароднае аб’яднанне “Слікарскі Уранак” (Чарнагорыя). Зразумела, увагу ў прафесійным арт-асяроддзі, як і сярод сур’ёзных аматараў мастацтва, выклікаюць не факты біяграфіі, а творчасць таленавітай асобы. Карціны Галіны Конанавай, уключаныя ў сёлетні мінскі праект, поўная назва якога “Белы Вальс, або Запрашэнне да гармоніі”, — маляўнічы люструнак яе прыгожага ўнутранага свету, водгалас мажорнага ладу яе думак, плён няспынных пошукаў у манеры жывапіснага выказвання.
Гэтая сапраўды сонечная, мудрая, тонкая мастачка, стварыўшы казачнае “вальсавае” кола са сваіх вобразаў-персанажаў, запрасіла, паклікала сваіх гледачоў зазірнуць у “Сад Эдэма”, павітаць “Нараджэнне Раніцы”, паспытаць “Бурштынавы кактэйль” і “Вішнёвы пунш” (з цыкла “Сасуды”), адчуць агонь “Аргенцінскага танга” і прахалоду “Вальса Белай Лілеі”, перахапіць позірк “Аўтапартрэта з птушкай”, падобнага да выявы дзівоснай кветкі з жаночым тварам…
“Мужчына робіць гісторыю, жанчына — сама гісторыя”. Гэтае вядомае выслоўе, як падкрэслівае мастачка, можа быць эпіграфам да яе выстаўкі. “Жанчына напаўняе свет сваёй існасцю, сваёй прамяністай прысутнасцю. Мужчына, наадварот, выходзіць з межаў сваёй істоты, валодаючы харызмай самараскрыцця. Ён запаўняе свет сваёй творчай энергіяй, сцвярджаючы сябе ў ім як гаспадар і валадар. Жанчына, нібы люстэрка, паказваючы аблічча мужчыны, адкрывае яго самому сабе і такім чынам накіроўвае яго. Яна дапамагае спазнаць мужчыну самога сябе і ўвасобіць сэнс свайго ўласнага быцця, — тлумачыць Галіна Конанава канцэпцыю свайго праекта, натхнёнага раздзеламі кнігі “Таемнасць кахання” Паўла Еўдакімава, рускага багаслова, доктара філасофіі. — І працуючы над выстаўкай, асаблівае значэнне я надавала колеравай гаме, ствараючы энергетычны акорд белага і чырвонага. Белы сімвалізуе шлях святла, чырвоны — радасць быцця”.
Зрэшты, сапраўдны жывапіс не падлягае слоўным вытлумачэнням. “Белы Вальс, або Запрашэнне да гармоніі” варта пабачыць на ўласныя вочы, адчуць і пачуць. Як музыку…