Сінькевіч, Г. У даверлівай атмасферы / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2025. — 8 красавіка. — С. 3.
У фармаце адкрытага зацікаўленага дыялогу прайшоў “Бацькоўскі НЕсход” з работнікамі ААТ “Магілёўскі мясакамбінат”.
Удзельнікамі інтэрактыўнай размовы сталі каля 100 супрацоўнікаў прадпрыемства. Намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая абмеркавала з бацькамі важныя пытанні навучання і выхавання дзяцей.
Гутарка праходзіла ў нязмушанай, даверлівай атмасферы. Прысутныя разважалі аб дзіцяча-бацькоўскіх узаемаадносінах, эфектыўным узаемадзеянні сям’і і школы.
Лейтматыў сустрэчы быў зададзены ў самым пачатку.
Мам і татаў спыталі пра тое, хто адказвае за выхаванне дзяцей. Былі прапанаваны і розныя варыянты адказаў. Аднак меркаванні аказаліся ўрэшце адзінымі: да выхавання павінны быць далучаны і бацькі, і школа, і грамадства.
— У нашай краіне няма чужых дзяцей. Усе нашы. I для кожнага дарослага чалавека яны — галоўнае. Таму і ў справе іх выхавання не павінна быць абыякавых, — падсумавала Кацярына Пятруцкая.
Падчас мерапрыемства закраналіся многія актуальныя тэмы: дзіцячая інфармацыйная бяспека, распаўсюджванне і ўжыванне наркотыкаў, праявы булінгу, дэструктыўныя і суіцыдальныя паводзіны. Асаблівы акцэнт быў зроблены на ўзаемаразуменні паміж бацькамі і дзецьмі.
— Мамы і таты павінны быць для дзяцей не проста сістэмай жыццезабеспячэння, а праяўляць да іх увагу і клопат. Дзяцей трэба ўцягваць у жыццё сям’і, не вызваляць ад хатніх абавязкаў і працы, — заўважыла Кацярына Аляксандраўна.
Неаднаразова адзначалася негатыўнае ўздзеянне гаджэтаў і інтэрнэту на светапогляд дзяцей. Прапаноўвалася таксама зрабіць школу тэрыторыяй, цалкам свабоднай ад тэлефонаў.
— Нельга аддаваць выхаванне нашых дзяцей інтэрнэту, неабходна самім несці за іх адказнасць, — падкрэсліла Кацярына Пятруцкая.
Агучаныя меркаванні знайшлі водгук сярод бацькоў, садзейнічалі павышэнню іх педагагічных і псіхалагічных кампетэнцый. Абыякавых па завяршэнні дыялогу ў зале не засталося. Дзякуючы паказальным прыкладам і відэаролікам, на пэўныя рэчы мамы і таты паглядзелі пад іншым вуглом.
— Было вельмі цікава. Вылучыў шэраг інсайтаў, з’явілася нагода для разваг. У мяне двое дзяцей. Дачка яшчэ маленькая, а сын — школьнік. Тэлефон і інтэрнэт — знаёмая праблема. Засцерагчы сына ад іх негатыўнага ўплыву дапамагаюць сямейныя традыцыі, занятасць у гуртках і секцыях, — падзяліўся галоўны энергетык Магілёўскага мясакамбіната Юрый Грышаеў.
Нямала карыснага вынесла для сябе з дыялогу і начальнік вытворчай лабараторыі прадпрыемства Іна Лявоненка:
— Размова ўразіла, прымусіла задумацца І многае пераасэнсаваць. Мая дачка — падлетак, ёй 12 гадоў. Праблемы, аб якіх казалі, для мяне блізкія. Буду спрабаваць данесці важную інфармацыю да свядомасці дачкі і імкнуцца праводзіць з ёй больш часу за жывымі зносінамі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.