Марціновіч, А. Усёдаравальны Рувім / Алесь Марціновіч // Літаратура і мастацтва. — 2025. — 22 жніўня (№ 31). — С. 5.
Гаворка не пра сына Іакава і яго жонкі Ліі, які, з’яўляючыся старэйшым у сям’і, мусіў быць першым сярод 12 родапачынальнікаў яўрэйскага народа. Але Іакаў пазбавіў яго такой магчымасці, бо ён, як сказана ў кнізе Быція, здзейсніў страшны грэх: «апаганіў пасцель бацькі»… Але Рувім быў не пазбаўлены і высакароднасці. Заступіўся за Іосіфа, калі браты, зайздросцячы яму, хацелі забіць. Дараваў крыўду. Рувіма ўспомніў Аркадзь Гайдар, калі пісаў жартаўлівую паэму аб дзіцячых пісьменніках і рэдактарах, сустракаючыся з імі ў выдавецтве «Детгиз» у Маскве: «В небесах над всей вселенной, // Вечной жалостью томим, // Зрит небритый, вдохновенный, // Всепрощающий Рувим…»
З пэўнай іроній, але ў той час і добразычліва, з замілаваннем абмаляваў, праўда, не біблейскага персанажа, а свайго сябра, удзельніка грамадзянскай вайны, дзіцячага пісьменніка Рувіма Фраермана, аўтара вядомага твора «Дикая собака Динго, или Повесть о первой любви». На грамадзянскай яны і сустрэліся.
Далей,на Далёкі Усход
Нарадзіўся Рувім Ісаевіч 22 верасня 1891 года ў Магілёве ў сям’і вялікай і беднай. Як сыну-першынцу яму і далі такое біблейскае імя. У перакладзе з іўрыту яно так і гучыць: «зірнуць на сына». Глядзець на яго, ды яшчэ на пяцярых дзяцей можна было колькі заўгодна. Толькі як пракарміць іх? У аўтабіяграфіі пісаў: «Дзяцінства свайго я не люблю».
Бацька, дробны падрадчык, у пошуку работы часта наведваў розныя лясніцтвы. Калі Рувім падрос, часам браў і яго. Гэтыя паездкі яму спачатку падабаліся, але хутка надакучылі. Асабліва калі прыйшоў час вучыцца. Бацька ж не спяшаўся адпраўляць яго ў школу, калі гаворка заходзіла аб гэтым, называў гультаём, басяком. Таму Рувім Фраерман позна паступіў у Магілёўскае рэальнае вучылішча. Тады высветлілася, чаму часам неахвотна дапамагаў тату. Аказалася, з 13 гадоў пісаў вершы. Некаторыя прапанаваў у часопіс «Труд ученика», што выходзіў у вучылішчы.
У 1916 годзе паступіў у Харкаўскі тэхналагічны інстытут, а пасля трэцяга курса быў накіраваны для вытворчай практыкі на Далёкі Усход. У Нікалаеўску-на-Амуры заспела Грамадзянская вайна, якая рэзка памяняла далейшы лёс. Дарэчы, як і многіх. З той розніцай, хто вітаў новае жыццё. Але такія ўпэўненыя былі і сярод «белых». І першыя, і другія, перакананыя ў непарушнасці сваіх ідэалаў, часам адстойвалі іх слепа. Гінулі тысячы людзей. Шмат нявінных. Гэта асабліва праявілася ў ходзе Нікалаеўскага інцыдэнту. Хоць яго можна назваць і Трапіцынскім. Па прозвішчы палявога чырвонага камандзіра Якава Трапіцына.
У віхуры падзей
Якаў Іванавіч яшчэ салдатам атрымаў два Георгіеўскія крыжы.
У Першую сусветную вайну выбіўся ў афіцэры. Анархіст па поглядах, у пачатку грамадзянскай ваяваў супраць бела-чэхаў. Апынуўшыся на Далёкім Усходзе, не задаволены тым, што камандаванне не пачынала баявых дзеянняў, чакаючы прыходу Чырвонай Арміі, з аднадумцамі сам пайшоў устанаўліваць савецкую ўладу на Амуры. Начальнік гарнізона Нікалаеўска-на-Амуры паспрабаваў ліквідаваць яго атрад. Даведаўшыся аб гэтым, Якаў Трапіцын пайшоў на перамовы. Яны скончыліся тым, што многіх пераканаў пераходзіць на бок чырвоных. Тады белыя для абароны горада запрасілі японцаў…
У выніку супрацьстаяння горад быў цалкам знішчаны. Тысячы чалавек загінулі, шмат і мірных. Уратаваліся толькі Трапіцын і яшчэ 22 яго паплечнікі. Ды жылі нядоўга. Былы паручнік, а тады член выканкама абласной міліцыі Андрэеў, не чакаючы, як да гэтага паставяцца ў Хабараўску, а тым больш у Маскве, учыніў самасуд. Гэтая разня ў Нікалаеўску-на-Амуры адбывалася на вачах Рувіма Фраермана, але рукі свае крывёю ён не запляміў. Наадварот, у складаных падзеях праявіў высакароднасць. З рызыкай для жыцця выратаваў дачку папа Зінаіду Чарных. Дапамог ёй схавацца як сваёй жонцы. Відаць, і пакахаў яе. Пазней хацеў пабачыць, але яна яго за мужа не прызнала.
Незадоўга перад гэтым быў назначаны камісарам партызанскага атрада для ўсталявання савецкай улады сярод тунгусаў. Як успамінаў, за чатыры месяцы «прайшоў тысячы кіламетраў па непраходнай тайзе на аленях». Пасля роспуску яго ў Якуцку працаваў у газеце «Ленский коммунар». Дагэтуль з нататкамі і артыкуламі выступаў у атраднай газеце «Красный клич», якую сам рэдагаваў.
Пасля ўдзелу ў 1921 годзе ў з’ездзе журналістаў у Маскве быў камандзіраваны Расійскім тэлеграфным агенцтвам карэспандэнтам у Батум. Тады і напісаў сваю першую аповесць аб Далёкім Усходзе, якая пасля правак была апублікавана пад назвай «Васька-гиляк» (1924).
У 1926 годзе перайшоў працаваць у цэнтральную газету «Беднота». З іншымі аўтарамі ўзяўся за напісанне сатырыка-прыгодніцкага рамана. Для дзяцей, як агаворвалася «для колхозных ребят старшего возраста», напісаў аповесць «Вторая весна» (1932). З’яўляліся і іншыя кнігі…
Салотча — куток натхнення
Як шмат значаць у творчасці Аляксандра Пушкіна Болдзіна, а ў Янкі Купалы — Ляўкі, так у Рувіма Фраермана была Салотча — паселішча з багатай гісторыяй сёння ў складзе Савецкай акругі Разанскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Бліжэй да нашых дзён было нямала ахвотных сярод творчых людзей тут пажыць. У 1930 годзе ў Салотчы пасяліўся вядомы мастак-гравёр Іван Пажаласцін. Ён сябраваў з Канстанцінам Паўстоўскім і Аркадзем Гайдарам, а з імі — Рувім Ісаевіч.
Хутка таварышы сталі наведвацца ў Салотчу. Першым абжыў песелішча Канстанцін Георгіевіч. Сваім уражаннем падзяліўся з Рувімам Фраерманам, які таксама застаўся ўражаны. Прыехаў адзін раз, другі…
З 1932 года ў Салотчах праводзіў не толькі лета. Любіў жыць і восенню, а часам заставаўся да глыбокай зімы. Што стала прычынай яго замілавання гэтым краем, відаць з такіх згадак Канстанціна Паўстоўскага: «Фраерман — чалавек, схільны да бадзяжніцтва, які абхадзіў пяшком і аб’ездзіў амаль усю Расію, — знайшоў, нарэшце, сваю сапраўдную радзіму — Мяшчэрскі край, лясны цудоўны край на поўнач ад Разані…»
Ён падахвоціў прыязджаць у Салотчу і Аркадзя Гайдара. Яшчэ адзін сябра Рувіма Ісакавіча, таксама пісьменнік, Леў Рубінштэйн сказаў: «Пры першым знаёмстве з Фраерманам у вочы кідаліся дзве яго рысы — ён ненавідзеў вулічны рух і… любіў Салотчу. Пры ўспаміне аб Салотчы гэты невысокі чалавек быццам запальваўся ўнутраным агнём і станавіўся вышэйшым ростам». У нечым жартаўліва сказана, а ісціна… Яна ў тым, што ў Салотчы ён напісаў усе самыя лепшыя творы.
Салотчу пакідаў толькі тады, калі запрашалі на чытацкую канферэнцыю ў Разань. А так з сябрамі стараўся быць бліжэй да прыроды. Нават не ў доме Івана Пажаласціна. Летам спалі ў старой лазні ў садзе. З надыходам восені перабіраліся ў драўляны дом, пабудаваны яшчэ ў канцы XIX стагоддзя. Гэта таксама натхняла. Усе яны — Рувім Фраерман, Аркадзь Гайдар, Канстанцін Паўстоўскі — віталі новае жыццё, але не належалі да тых, хто цалкам адмаўляў мінулае. Між тым, Канстанцін Георгіевіч зрабіў Рувіма Ісаевіча героем многіх апавяданняў, напісаных у Салотчы. Яны ўвайшлі ў кнігі «Летние дни» (1936) і «Жильцы старого дома» (1940).
Нешматслоўны Рувім Фраерман адным словам «Коста» выказваў сваё асаблівае стаўленне да найлепшага сябра. «Рувец» гучала з вуснаў Канстанціна Паўстоўскага. Бывалі ў Салотчы і Васілій Гросман, Аляксандр Фадзееў. Аляксандр Аляксандравіч чуў пра Рувіма Ісаевіча яшчэ тады, калі на Далёкім Усходзе быў партызанам Аляксандрам Булыгам. Пасябравалі ў Маскве. З’явіліся «Воспоминания о походе партизанского отряда из Николаеваска-на-Амуре до Якутска» («Поход») (1971).
Восенню 1944 года ў Салотчы каля двух месяцаў жыў Андрэй Платонаў. Удвух з Рувімам Ісаевічам напісалі п’есу «Волшебное существо», пастаўленую ў 1967 годзе Малым тэатрам. Працаваў Рувім Фраерман над раздзеламі аповесці «Дальнее плавание», рамана «Золотой василёк». У Салотчы напісана і яго галоўная кніга — «Дикая собака Динго, или Повесть о первой любви», на якой, без перабольшання, выхавана не адно пакаленне савецкіх дзяцей. Асабліва прыязна да твора ставіліся тыя, хто, як галоўныя героі, аднакласнікі Таня Сабанеева і Філька, перажылі сваё першае светлае пачуццё, якое, несумненна, пранеслі праз далейшае жыццё.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, узрост Рувіма Ісаевіча набліжаўся да шасцідзесяці гадоў, але ён стаў народным апалчэнцам, а пасля адправіўся на фронт. Удзельнічаў у баях пад Масквой. З-за цяжкага ранення ў пачатку зімы 1942 года ў маі быў камісаваны, супрацоўнічаў з армейскай газетай «Защитник Отечества». Пасля вайны па-ранейшаму займаўся актыўнай творчай працай. У асноўным пісаў для дзяцей і падлеткаў. Пад назвай «Желанный цветок» (1957) апрацаваў кітайскія народныя казкі. Творчасці Аркадзя Гайдара прысвяціў апавяданні «Путешественники вышли из города (Памяти Аркадия Гайдара)» (1947), «Любимый писатель детей» (1964).
* * *
Па «Дикой собаке Динго» быў пастаўлены мастацкі фільм, які на Міжнародным кінафестывалі ў Венецыі ў 1962 годзе атрымаў першую прэмію — «Залаты леў Святога Марка». Гэтая вестка да Рувіма Ісаевіча прыйшла тады, калі ён знаходзіўся ў Салотчы.
Жыць яму заставалася дзесяць гадоў: не стала 27 сакавіка 1972 года. За месяц перажыў яшчэ адну радасць, звязаную з «Дикой собакой Динго». Радыёспектакль па аповесці паставілі на Усесаюзным радыё. Між іншым, яна была перакладзена на многія мовы. У перакладзе Веры Вярбы выдадзена і па-беларуску (1975).
Алесь МАРЦІНОВІЧ