Калі пакліканне сапраўднае

Піўкарэц, Д. Калі пакліканне сапраўднае / Данііл Піўкарэц // Культура. — 2026. — 17 ліпеня (№ 29). — С. 13.

Кожны выраб павінен прайсці праз сэрца.Так мяркуе народны майстар Беларусі, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Наталля Дамянікава.

НА РАЗДАРОЖЖЫ

Шлях да самарэалізацыі ў нашай гераіні быў цярністым і доўгім. Наталля нарадзілася ў Магілёве і гадавалася ў гарадскім асяроддзі — далёка ад вясковай пастаралі. Але з часам прасякнулася шчырай любоўю да традыцыйных рамёстваў.

— Вёска заўсёды вабіла сваёй душэўнасцю, самабытнасцю і непаўторным каларытам. Не перастаю казаць, што менавіта тут знаходзіцца душа народа, — расказвае майстрыха. — Спачатку мой кар’ерны шлях не быў звязаны з народнай творчасцю. Але пасля дэкрэтнага водпуску я ўладкавалася на магілёўскую фабрыку мастацкіх вырабаў. Пачынала працаваць вытворцам сувеніраў і менавіта ў той час закахалася ў саломапляценне.

Наступным крокам для Наталлі Вітольдаўны стала перамога ў конкурсе на пасаду мастака народна-мастацкіх промыслаў. Новы статус прадутледжваў павышаную адказнасць. Трэба было распрацоўваць канцэпты сувенірнай прадукцыі і запускаць іх у працу. Творца прызнаецца: гэты этап кар’еры быў надзвычай складаным, але дазволіў удасканаліць майстэрства.

РОДНАЕ — НАТХНЯЕ

Пра выраб сувеніраў з саломы Наталля Дамянікава можа расказваць гадзінамі. Традыцыя мае тысячагадовую гісторыю і трывала ўвайшла ў наш культурны код. А ў 2022 годзе была занесена ў рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Беларусы заўсёды актыўна выкарыстоўвалі салому ў гаспадарцы, — адзначае народны майстар. — Накрывал і дахі, ладзілі ёмістасці для прадукгаў. У такой тары можна захоўваць нават вадкія рэчывы — трэба толькі належньм чынам апрацаваць матэрыял. Некаторыя вырабы выконвалі эстэтычную функцию. Вядома, жанчыны ва ўсе часы хацелі быць прывабнымі. Таму з саломы рабілі каралі, брошкі, вянкі, іншыя ўпрыгожанні. I, канешне, рознага кшталту фігуркі, якія выкарыстоўваліся ў якасці абярэгаў.

Наталля Вітольдаўна адзначае, што традыцыйныя тэхнікі і вобразы, скарбы нацыянальнай рамеснай спадчыны, – невычэрпная крыніца натхнення для сучасных умельцаў. Але сапраўдны прафесіянал павінен бачыць прыгажосць у паўсядзённым жыцці і адлюстроўваць яе ў сваіх працах.

— Аднойчы, падчас прагулкі па полі ў пойме Дняпра, да мяне прыйшла ідэя стварэння кветак з саломкі, — дзеліцца сакрэтамі натхнення рамесніца. — Кожны сувенір павінен праходзіць праз сэрца, адлюстроўваць эмоцыі і перажыванні чалавека. Толькі пасля гэтага яго можна назваць аўтарскім.

Сёння ў творчым багажы майстрыхі — больш за тысячу распрацовак сувенірнай прадукцыі. Яе работы захоўваюцца ў этнаграфічных музеях, установах культуры і прыватных калекцыях.

— Сярод маіх вырабаў — як маленькія фігуркі, так і вялікія складаныя кампазіцыі, — расказвае Наталля Дамянікава. — Асобныя могуць дасягаць паўтара метра ў вышыню. Зразумела, ажыццяўленне маштабных праектаў займае шмат часу, бо гэта вельмі карпатлівая праца. Напрыклад, каб расшыць саломкай старадаўні куфар, спатрэбілася амаль паўгода!

ПЕРАДАЦЬ ВЕДЫ

Большая частка працоўнай біяграфіі мастачкі звязана з Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці. Тут Наталля Дамянікава больш за 20 гадоў працавала ў аддзеле традыцыйнай мастацкай культуры. Праводзіла майстар-класы, семінары і адкрытыя ўрокі па розных напрамках беларускіх рамёстваў. Яшчэ адным кірункам дзейнасці стала індывідуальная кансультацыя рамеснікаў, якія імкнуліся палепшьщь свае навыкі, асвоіць новыя тэхнікі.

— Лічу, што кожны рамеснік павінен абрапь напрамак творчасці і нястомна адточваць сваё майстэрства, — гаворыць жанчына. — А таксама браць удзел у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Бо менавіта канкурэнцыя матывуе паглыбляць веды і ўменні — вывучаць спецыялізаваную літаратуру і выязджаць у этнаграфічныя экспедыцыі.

У пачатку года Наталля Дамянікава выйшла на заслужаны адпачынак, але працягвае дзяліцца назапашаным вопытам з маладымі. Яна займае пост старшыні Магілёўскага аддзялення Беларускага саюза майстроў народнай творчасці — арганізацыі, што аб’ядноўвае рамеснікаў з усіх рэгіёнаў краіны.

— На Магілёўшчыне больш за сто ўмельцаў з’яўляюцца чальцамі саюза, больш за 20 маюць ганаровае звание “народны майстар”, — адзначае Наталля Дамянікава. — Я сапраўды ганаруся землякамі, якія прыкладаюць усе намаганні для развіцця народных промыслаў у рэгіёне.

У ТВОРЧАЙ СЯМ’І

У графіку мастачкі заўсёды ёсць месца і для асабістага жыцця. Наталля Вітольдаўна — маці дваіх дарослых дзяцей і бабуля пяці цудоўных унукаў. Яе дачка Ганна скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, з’яўляецца дзейсным членам Беларускага саюза майстроў. Першыя крокі ў творчасці робіць і ўнучка Ксенія — дзяўчынка любіць маляваць, вырабляе фігуркі з пластыліну. Мабыць, ёй прызначана працягнуць сямейную справу?

— Народнай творчасцю я займаюся амаль 40 гадоў, — расказвае Наталля Дамянікава. — Саломапляценне стала важнай часткай майго жыцця. Таму працягваю тварыць, цешыць людзей сваімі вырабамі. Бо гэта — маё пакліканне.

Данііл ПІЎКАРЭЦ