Гаджэты ў саюзнікі

Сінькевіч, Г. Гаджэты ў саюзнікі / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2026. — 1 верасня. — С. 15.

Аўтарскі блог, мабільны дадатак, сеткавыя праекты: як загадчыца бібліятэкі Наталля Клачкова ўкараняе лічбавыя тэхналогіі

Бібліятэкай сярэдняй школы № 21 Магілёва Наталля Клачкова кіруе звыш 20 гадоў. Яна прыклала шмат намаганняў, каб напоўніць бібліятэчныя пакоі ўтульнасцю: паміж кніжнымі стэлажамі — прыгожыя астраўкі кветак, а пры ўваходзе чытачоў сустракаюць цікавыя інсталяцыі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Класічны інтэр’ер Наталля Рыгораўна дапаўняе віртуальнымі рэсурсамі. Яна пераканана, што сучасная бібліятэка павінна мяняцца пад запыты часу:

— Варта прытрымлівацца стандартаў, захоўваць традыцыйныя формы работы, але пры гэтым прыўносіць штосьці новае, папулярызаваць чытанне праз інструменты, зразумелыя дзецям. Сённяшнія вучні з маленства трымаюць у руках гаджэты, і змагацца з гэтым бессэнсоўна. Лепш зрабіць тэлефоны і камп’ютары сваімі саюзнікамі — зручным навігатарам, які дапамагае навучэнцам арыентавацца ў велізарным патоку інфармацыі і знаходзіць шлях да патрэбнай кнігі.

Першым крокам Наталлі Клачковай у гэтым кірунку стаў перавод метадычнага дапаможніка “Фарміраванне бібліятэчнага фонду: аспекты камп­лектавання, уліку і захаванасці” з папяровай версіі ў лічбавы Android-фармат. Распрацоўка дазволіла істотна аптымізаваць суправаджэнне бібліятэчнай дзейнасці.

У перыяд пандэміі нарадзілася ідэя аўтарскага блога “Кніжная ідэнтыфікацыя”.

— Увасабленне задумы далося даволі складана, — расказвае бібліятэкар. — У кароткія тэрміны давялося з нуля самастойна асвойваць розныя вэб-інструменты. У выніку стварыла блог, які цалкам інтэграваны ў афіцыйны сайт школы, напоўнены інтэрактыўнымі матэрыяламі і зваротнай сувяззю.

У цяперашні час унікальная пляцоўка мае больш як 104 тысячы карыстальнікаў. Блог змяшчае мноства рубрык, аб’ядноўвае рэспубліканскія і сусветныя адукацыйныя платформы. Так, раздзел “Класнае чытанне” прапануе кароткія ролікі па змесце твораў школьнай праграмы, а рубрыка “Чыталкін” адкрывае відэабібліятэку, дзе вядомыя акцёры і музыканты чытаюць класіку. У малодшых школьнікаў асаблівай папулярнасцю карыстаецца старонка, на якой бібліятэкар знаёміць з кніжным фондам і навінкамі літаратуры, а таксама раздзел з анлайн-віктарынамі, загадкамі, рэбусамі па творах беларускіх і замежных пісьменнікаў. Для старшакласнікаў створаны прафарыентацыйныя рубрыкі, наладжаны прамы доступ да матэрыялаў Рэспуб­ліканскага інстытута кантролю ведаў, што даз­валяе эфектыўна рыхтавацца да экзаменаў.

Блог Наталлі Клачковай шчыльна звязаны з адукацыйным працэсам. Шмат карыснага тут могуць знайсці і педагогі: ад метадычных рэкамендацый да лічбавых дыдактычных матэрыялаў. У тандэме з настаўнікамі Наталля Рыгораўна выбудоўвае прадукцыйную камунікацыю з мамамі і татамі навучэнцаў. Яскравым узорам такога ўзаемадзеяння стаў сеткавы праект “ЗА чытанне”: разам з дзецьмі бацькі ўдзельнічалі ў фотамарафоне, пісалі эсэ, складалі сінквейны і чытацкія дзённікі.

— Гэты праект вельмі згуртаваў сем’і, дапамог выявіць іх агульныя чытацкія інтарэсы і захапленні, — адзначае Наталля Клачкова. — Калі дарослыя і дзеці разам абмяркоўваюць сюжэты прачытаных твораў, запаўняюць старонкі лічбавых дзённікаў, знікае бар’ер паміж пакаленнямі. Кніга становіцца інструментам для шчырых сямейных гутарак і сумеснай творчасці.

Вялікую ўвагу Наталля Рыгораўна ўдзяляе краязнаўству і грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню вучняў. Для гэтага ў блогу створаны асобныя старонкі “Магілёў — мой горад”, “Пра Магілёў у творах мастацкай літаратуры і не толькі…”.

Шырока ўкараняючы лічбавыя тэхналогіі, асноўны акцэнт бібліятэкар робіць на афлайн-мерапрыемствах: у бібліятэцы рэгулярна праходзяць літаратурныя гасцёўні, ладзяцца тэматычныя майстар-класы, выставы і прэзентацыі кніг.

— Анлайн-інструменты гарманічна спалучаю з рэальнай культурна-масавай работай у чытальнай зале. За гэтым — будучыня школьных бібліятэк, — лічыць Наталля Рыгораўна.

На яе думку, сённяшнія рэаліі патра­буюць лічбавізацыі. Бібліятэкам патрэбна віртуальнае прадстаўніцтва, спецыялізаванае праграмнае забеспячэнне, электронныя чытацкія бі­леты, выкарыстанне штрыхкадзіравання для імгненнай фіксацыі выдачы літаратуры.

— Тэхналагічныя вектары неабходны, але ніякая аўтаматызацыя і лічбавізацыя не заменяць чалавечых зносін, — падкрэслівае Наталля Клачкова. — Школьны бібліятэкар павінен заставацца чулым правадніком паміж дзецьмі і кнігай. Бо толькі праз жывое літаратурнае слова і душэўныя размовы можна выка­наць нашу галоўную задачу: не проста зацікавіць чытаннем, а сфарміраваць трывалы ўнутраны стрыжань і выхаваць высокія маральныя якасці ў асобе кожнага дзіцяці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара