Іванова, І. Разгул графіці ў Магілёве / І. Іванова // Звязда. — 2013. — 3 верасня. — С. 8.
Але разгул цалкам афіцыйны: гэта сумесны праект і новая прыступка ў стасунках вулічнага мастацтва і мясцовай улады.
Цяпер у сціплы дворык, што на вуліцы Ціміразеўскай, 32 у цэнтры Магілёва, ходзяць на экскурсіі. За некалькі дзён ён ператварыўся ў сучасную арт-пляцоўку. Мастацкія графіці на сценах адразу сталі для гараджан папулярнымі месцамі для фотасесій.
Больш за ўсіх здзіўляе 3D-малюнак на тратуары: рука, якая нібыта прарвалася праз асфальт, адсылае да славутага «Стварэння Адама» Мікеланджэла. Усе спяшаюцца рабіць здымкі на памяць, пакуль ногі прахожых, дождж і снег не сцерлі цікавы вулічны твор.
Такое ўражанне, што ў выхадныя дні сюды пацягнуцца і вясельныя картэжы: здымкі на фоне арыгінальных графіці, а не звыклых інтэр’ераў, маглі б заняць годнае месца ў альбомах маладых.
Увогуле месца тут ажыўленае, насупраць Цэнтральнага прадуктовага рынку, таму народ актыўна цікавіцца і радуецца. На сценах жылых дамоў з’явіліся вялізныя фантастычныя малюнкі — ад першага і да пятага паверхаў. Чырвоная (не сінія, заўважце) птушка нібыта спрабуе зазірнуць у вокны кватэр.
Трансфарматарныя будкі ператварыліся ў казачныя пабудовы. На адной з іх надпіс «Небяспечна!» цяпер спалучаецца з выбухам сонечных фарбаў на сценах. Выява жанчыны ў туфлях на высокіх абцасах у прыцемках глядзіцца іншапланетнай. У гэтай вулічнай галерэі хочацца спыніцца і ўсё ўважліва разглядзець.
Металічныя дзверы пад’ездаў упрыгожаны выявамі жывёл і сімпатычных монстрыкаў. Гэта даніна дзіцячаму садку, які месціцца ў двары: кажуць, што графітыстаў ужо запрасілі папрацаваць і там. Яны не пашкадавалі фантазіі і на каналізацыйныя люкі з бетоннымі пастаментамі, каб надаць ім мастацкі выгляд.
У шэрым гарадскім пейзажы не хапае яркіх фарбаў. Маладыя мастакі, якія змянілі аблічча старога дворыка, вельмі рады, што ім даверыліся, і хочуць, каб магілёўская акцыя стала крокам да арганізацыі ў Беларусі фестывалю графіці.
Што да гараджан, то яны засталіся вельмі задаволенымі стрыт-акцыяй, якая падарыла шмат пазітыўных эмоцый. Хаця кажуць, жыхары дамоў не адразу зразумелі намеры маладых людзей і нават звярталіся ў міліцыю. Але потым, калі прыгожыя малюнкі сталі набываць абрысы, мясцовыя людзі змянілі сваё стаўленне.
У адміністрацыі Ленінскага раёна горада каментуюць, што Магілёў нездарма стаў культурнай сталіцай, а таму павінен паказваць прыклад не толькі ў класічных формах мастацтва, але і ў сучасных арт-праектах, якія ініцыюе моладзь.
Улады хочуць цывілізаваных зносін з мастакамі новага пакалення, у тым ліку графітыстамі. Зусім не сакрэт, што Магілёў накрыла хваля надпісаў дзе толькі можна — на сценах у грамадскіх месцах і на жылых дамах, дарма што свежапафарбаваных. Жыхарам непрыемна бачыць навокал беспарадак, а камунальнікі скардзяцца на вялізныя выдаткі па ліквідацыі наступстваў хуліганскіх графіці.
Зусім нядаўна былі пашкоджаны карціны, выстаўленыя на вуліцы падчас мастацкай акцыі. Вандаламі аказаліся падлеткі, і іх бацькі заплацілі значны штраф за наўмыснае пашкоджанне маёмасці. Увогуле ад пачатку сёлетняга мая міліцыя затрымала шасцёра такіх хуліганаў. Але надпісаў на магілёўскіх сценах, якія потым змываюць і зафарбоўваць, значна болей.
Таму невыпадкова, што мастакоў-графітыстаў афіцыйна запрасілі аформіць горад, імкнучыся гэтым сказаць усім іншым: мы адкрыты для добрых творчых ідэй, у тым ліку і па маляванні на сценах — а чаму б не? Праўда, гэта ўсё ж павінна быць мастацтвам.