Зiгуля, Н. Невядомых салдат стане менш : у Чавускiм раёне пошукавiкi падымаюць астанкi байцоў генерала Бакунiна / Нэллi Зiгуля // Звязда. — 2016. — 16 чэрвеня. — С. 13.
Тут, на краі вялікага поля, успомнілася аднойчы ўбачаная ў музеі карціна. Ён і яна цесна абняўшыся, сядзяць на квітнеючым лузе, удалечыні віднеецца вёсачка, усё дыхае спакоем і радасцю. Карціну можна было б назваць ідыліяй, калі б толькі не хмурныя паніклыя салдаты, якія ідуць над імі ў небе. Вакол іх — калючы дрот і нібы адчуваецца подых смерці. Дзве рэальнасці сышліся ў адной кропцы і размінуліся ў часе. Зусім як каля вёсачкі з сімвалічнай назвай Благавічы. Сёння тут гучаць дзіцячыя галасы і мірна спее кукуруза, а 75 гадоў таму, у 1941-м, пасля прарыву абароны Магілёва, байцы 61-га стралковага корпуса пад камандаваннем генерала Фёдара Бакуніна рабілі адчайную спробу прабіцца да сваіх. На жаль, атрымалася ў нямногіх.
Пахаванні вайны
Сёння аб тых гарачых днях сведчаць салдацкія манументы. У 1998 годзе каля вёскі Самулкі Чавускага раёна быў усталяваны помнік у выглядзе гарматы і стэлы, які нагадвае пра тое, якая цана была заплачана за будучую Перамогу ў першыя дні вайны. Благавічы, Машок, Удоўск, Самулкі — на гэтай паласе працягласцю прыкладна 5 кіламетраў у ліпені 41-га ішлі жорсткія, не на жыццё, а на смерць баі. Менавіта тут 26, 27, 28 ліпеня ў сутычку з немцамі ўступілі байцы 61-га стралковага корпуса генерала Бакуніна. Злучэнне налічвала каля 9 тысяч чалавек, большая частка байцоў і камандзіраў або трапіла ў палон, або загінула. Сам Бакунін вывеў усяго 140 чалавек…
Аляксандр Ракаў, настаўнік фізкультуры Благавіцкай школы, летась, скарачаючы праз поле шлях у суседнюю вёску Забалоцце, наткнуўся на нечаканую знаходку. З зямлі тарчаў край салдацкай каскі. Пацягнуў на сябе, і з ямы паказаліся косткі. Ён хутка зразумеў, што гэта пахаванне часоў Вялікай Айчыннай. Не аднойчы чуў ад старажылаў, як шмат тут палягло нашых байцоў. Жыхары нават не паспявалі хаваць забітых.
— Тэма вайны вельмі балючая для мяне. Дзед прапаў без вестак у Брэсцкай крэпасці ў 41-м. Яшчэ адзін дайшоў да Берліна, яму пашчасціла вярнуцца дадому. Памёр у 1981 годзе. А вось Іван Лебедзеў, дзядзька маёй маці, які быў прызваны ў маі 41-га, таксама знік у нябыт, — не хавае Аляксандр свайго хвалявання.
Ён сустракае нас каля Благавіцкай школы. Побач стары храм 1904 года пабудовы і могілкі, дзе ёсць пахаванні ваенных часоў. Насупраць помнік студэнтам Магілёўскага педінстытута, якія ў ліпені 1941 года ў складзе 1-га камуністычнага знішчальнага батальёна стрымлівалі тут наступленне нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На граніце імёны 12 студэнтаў-герояў. Помнік быў устаноўлены ў 2005 годзе на грошы выкладчыкаў і студэнтаў МДУ імя А. Куляшова.
Пошукавікі працуюць на тэрыторыі Чавускага раёна не першы год. Але зямля не вельмі ахвотна вяртае імёны палеглых тут сваіх сыноў. Кіраўніку Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалаю Барысенку пашчасціла знайсці ў Цэнтральным архіве Мінабароны Расіі схему з месцамі пахаванняў, якую склаў баец 61-га корпуса пасля выхаду з акружэння. Знойдзенае Аляксандрам месца якраз з іх ліку. Мікалай Барысенка лічыць, што на палях у раёне Благавіч такіх стыхійных магіл не менш, чым пяць.
Апантаныя людзі
Сяргей Тагаеў, сам цалкам захоплены пошукавай справай чалавек, можа заразіць любога. Ён камандзір пошукавага атрада «Рэха вайны», выкладчык электратэхнічнага каледжа, таму большасць навічкоў менавіта адтуль. Ёсць і школьнікі. Антон Кунакін — дзесяцікласнік, вучыцца ў 25-й магілёўскай школе. «Палеглым вяртаем імёны» — так называецца яго даследчая работа па абароне Магілёва, напісаная пад кіраўніцтвам настаўніка Юрыя Жыгадла. Яе мэта — знайсці сведак і перадаць паказанні пошукавікам для праверкі інфармацыі. Еўдакія Осіпава адна з іх, яна падказала месца пахавання трох чырвонаармейцаў. Па двух медальёнах, якія былі знойдзены на месцы пахавання, атрымалася ўстанавіць, што гэта былі два Мікалаі — Рахаеў і Таранец.
Антон Пракапнёў, студэнт 5 курса механічнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання, ужо вопытны пошукавік — займаецца гэтай справай 4 гады. У «Віккру» прыйшоў мэтанакіравана, на 1-м курсе ўніверсітэта захапіўся краязнаўствам і даведаўся, што ў Магілёве існуе такі клуб. Цяпер ён правая рука кіраўніка.
«Цікава шукаць, займацца гісторыяй. Асабіста знаходзіў і прадметы амуніцыі, і астанкі байцоў. Не так даўно ў Сідаравічах было перапахаванне салдат, аднаго з іх я пры раскопках зачапіў за каску», — кажа ён. Менавіта дзякуючы Антону сталі вядомы прозвішчы больш трох тысяч савецкіх байцоў, захопленых у палон падчас абароны Магілёва. У свой вольны час ён шукае ў інтэрнэце сляды абаронцаў. Работа вельмі карпатлівая, улічваючы, што такіх байцоў тысячы. Спачатку шукаў па адным, а потым вырашыў звузіць кола і напісаў: месца, дзе трапілі ў палон — Магілёў, 1941—1942 гады. Абагульнены банк даных «Мемарыял» выдаў каля 7 тысяч картак ваеннапалонных. Але, як высветлілася, толькі 3 тысячы з іх трымалі абарону пад Магілёвам. Малады хлопец сур’ёзны не па гадах. На жаль, шмат яго равеснікаў нават не ведае пра сваіх гераічных дзядоў. Антон можа расказаць пра сваіх усё. Адзін з яго продкаў загінуў пры абароне Севастопаля. Знаёмы, які быў з ім у адным падраздзяленні, расказваў, што гэта адбылося, калі яны плылі на вялікіх лодках і іх пачалі бамбіць.
Трагічны лёс абаронцаў
У сваёй кнізе «1941 год: палаючыя рубяжы Дняпра і Сожа» Мікалай Барысенка, спасылаючыся на савецкія і нямецкія крыніцы, у дэталях перадаваў, як разгортваліся падзеі. Магілёў трымаўся 23 дні, вораг захопліваў суседнія населеныя пункты, а тут усё яшчэ аказвалі супраціўленне. Горад быў у катле, калі байцы былі вымушаны спыніць баі і выходзіць з акружэння. Каля 4 тысяч чалавек пад камандаваннем генерала Міхаіла Раманава адыходзіла ў напрамку Буйнічы — Брускі. Злучэнне генерала Бакуніна рабіла гэтую спробу праз Чавускі раён. У сваіх дзённікавых запісах Канстанцін Сіманаў занатаваў, што ў баях паміж Магілёвам і Чавусамі, каля вёскі Машок, пры выхадзе з акружэння загінуў камісар 61-га стралковага корпуса Іван Воранаў. Мікалай Барысенка даўно ўжо спадзяецца знайсці месца пахавання камісара. Можа, цяпер пашчасціць?
У камандзе ёсць пошукавікі з Мінска, Быхава, Чавус. Старшына Дзмітрый Лагуценка прадстаўляе 52-і асобны спецыялізаваны батальён. Ён сочыць за тым, каб раскопкі вяліся па правілах.
Барысенка на правах галоўнага ўводзіць усіх у курс справы і праводзіць невялічкі інструктаж.
— Нікому не забывацца, што гэта месца былых баявых дзеянняў. Абавязкова пры любой сумніўнай знаходцы выклікаць старшага. Самім нічога не рабіць — гэтыя словы больш датычацца маладых, якія пошукавай справай займаюцца ўпершыню.
Тут дагэтуль знаходзяць фрагменты гранат, снарадаў, мін — усяго смертаноснага, што засталося пасля трох дзён жорсткіх баёў. Тут ляжыць больш за 2000 савецкіх салдат. За апошнія 20 гадоў ад Самулак да Благавіч пошукавікі знайшлі каля тысячы. Так што працы яшчэ хопіць надоўга.
У сёлетнім сезоне гэта першыя раскопкі. Яны даюць старт чарговай абласной вахце памяці, якая працягнецца да кастрычніка.
Самае каштоўнае, вядома, медальёны — яны дапамогуць устанавіць імёны тых, хто загінуў. Гэта тое, дзеля чаго ўласна і працуюць пошукавікі. Іх работа, лічы, ювелірная.
Бо, каб не прапусціць маленькую металічную або пластмасавую капсулу, трэба ўвесь час напружана ўглядацца ў зямлю. А потым яшчэ кожны яе сантыметр пераціраць пальцамі. Справа вельмі адказная, таму капаюць людзі выключна вопытныя. Яны бачаць тое, што не відаць нам. Вось і зараз Сяргей Тагаеў робіць выснову, што ў яме ляжаць зусім маладыя хлопцы, якім падчас пахавання было каля 20. Падлеткі ў форме «Віккру» перабіраюць пальцамі выкінутую наверх зямлю. Асобна складаюцца астанкі. Яны будуць перапахаваны каля брацкіх магіл, калі скончацца пошукавыя работы.
Пахаванне стыхійнае, аб гэтым сведчаць наспех кінутыя паверх забітых вінтоўкі. Асобна ляжаць каскі. На адной з іх тры кулявыя прабоіны. Некалькі гадзін бесперапыннай працы — і падняты астанкі 9 байцоў. На працягу 3 дзён у трох розных пахаваннях каля Благавіч знойдзены астанкі яшчэ 11. У пяцярых з іх аказаліся медальёны ўзору 1925 і 1939 гадоў. А гэта значыць ёсць надзея, што невядомых стане менш. Медальёны перададзены на экспертызу. Цяпер усе спадзяванні на яе. А пошукі працягваюцца.