Каб памяць жыла

   Сiнькевiч, Г. Каб памяць жыла : [навукова-даследчая дзейнасць СШ № 25] / Ганна Сiнькевiч // Настаўніцкая газета. — 2016. — 3 лiстапада. — С. 5.

Прыцягненне вучняў да навукова-даследчай дзейнасці — адзін з прыярытэтных напрамкаў работы ў сярэдняй школе № 25 Магілёва. Пад кіраўніцтвам вопытных настаўнікаў вучні праводзяць асабістыя даследаванні па розных вучэбных прадметах.

Асаблівых поспехаў у гэтым дасягнулі настаўнік фізічнай культуры Юрый Жыгадла і педагог-арганізатар Вольга Шулякоўская. Іх падапечныя — вучань 25-й школы Антон Кунакін і навучэнка абласнога ліцэя № 3 Ксенія Жыгадла са сваім праектам “Мы загінуўшым вяртаем імёны” заваявалі сярэбраны медаль прэстыжнага Міжнароднага конкурсу даследчых работ навучэнцаў у Бранску, дыпломы на Міжнароднай канферэнцыі “Дняпроўскі рубеж: лета 1941 года” і абласным конкурсе даследчых работ навучэнцаў.

— Праект накіраваны на пошук месцаў пахаванняў і вяртанне імён савецкім салдатам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. У нашай школе гэтая работа наладжана даўно. Радуе, што многія навучэнцы з энтузіязмам прымаюць у ёй удзел. Гэта сведчыць аб тым, што маладое пакаленне шануе памяць герояў, — адзначыў Юрый Ігаравіч.

1.jpgСайт
Настаўнiк гiсторыi Юрый Iгаравiч Жыгадла i яго вучань Антон Кунакiн

Паводле яго слоў, у мінулым навучальным годзе была распачата работа па ўстанаўленні імён герояў абароны Дняпроўскага рубяжа і Магілёва ў ліпені 1941 года. З розных архіўных крыніц была сабрана інфармацыя аб працягласці і ходзе абарончых баёў, а таксама звесткі аб стратах Чырвонай Арміі.

— Знойдзены матэрыял усіх нас вельмі ўразіў. Менавіта тады пры падтрымцы дырэктара школы Святланы Анатольеўны Бальшаковай было прынята рашэнне адшукаць сведак тых падзей і па іх паказаннях устанавіць невядомае раней месца гібелі абаронцаў нашай Радзімы, — паведаміў педагог.

Да справы ўдзельнікі даследчай работы падышлі грунтоўна. А ў хуткім часе выпадак звёў іх з жыхаркай вёскі Прыбярэжжа Быхаўскага раёна Еўдакіяй Фёдараўнай Осіпавай. Па сведчаннях састарэлай жанчыны пра невядомыя раней месцы бою і брацкае пахаванне ў вёсцы Прыбярэжжа былі складзены адпаведныя схемы. Пошук названых месцаў пахавання юныя даследчыкі і іх настаўнікі распачалі разам з прадстаўнікамі Магілёўскага гісторыка-патрыятычнага пошукавага краязнаўчага клуба “Вікру” — Мікалаем Барысенкам, Пятром Хаванскім і Яўгенам Бацанавым.

2.jpgСайт
Падчас пошуковых экспедыцый

— Сумеснымі намаганнямі нам удалося ўстанавіць месца гібелі трох герояў-чырвонаармейцаў. Па знойдзеных там жа салдацкіх медальёнах эксперты вызначылі імёны дваіх: Мікалая Рахаева з Тульскай вобласці і Мікалая Таранца з Саратаўскай вобласці. Астанкі чырвонаармейца Мікалая Рахаева разам з яго безыменным таварышам урачыста перапахавалі ў брацкую магілу вёскі Сідаравічы. А прах чырвонаармейца Мікалая Таранца, па жаданні сваякоў, перадалі саратаўскім пошукавікам для пахавання на радзіме. Той факт, што нам удалося вярнуць з небыцця імёны герояў, вельмі ўразіў вучняў. Праведзеная работа не проста лягла ў аснову даследчага праекта, яе вырашана было працягнуць, — кажа Юрый Жыгадла.

Па словах Юрыя Ігаравіча, на інфармацыйны заклік пошукавікаў адазваўся яшчэ адзін жыхар вёскі Прыбярэжжа — Сцяпан Маркавіч Малахаў. Дзякуючы яго дапамозе, паспяховай стала яшчэ адна пошукавая экспедыцыя. Меркаванае месца чарговага пахавання пацвердзілася. У ім былі знойдзены прах дзесяці чырвонаармейцаў і чатыры салдацкія медальёны, якія зараз вывучаюць эксперты.

Характэрна, што толькі апісаннем зробленага Юрый Жыгадла і яго вучні не абмежаваліся. Па ўзгадненні з дырэктарам школы Святланай Бальшаковай і кіраўніцтвам пошукавага клуба было прынята рашэнне аб усталяванні памятных знакаў у выглядзе камянёў-валуноў на месцах знаходак. Навучэнцы і іх педагог самастойна адшукалі неабходныя камяні ў ваколіцах вёскі. А вось сродкі на транспарціроўку вырашылі сабраць пры дапамозе краўдфандынгу (народнага фінансавання праектаў і ідэй), размясціўшы просьбу аб дапамозе на спецыялізаваным інтэрнэт-партале 101idea.by.

— Спадзяёмся, што наша ініцыятыва рэалізуецца, бо памяць пра салдат той вайны павінна жыць, — падкрэсліў Юрый Ігаравіч.