Зiгуля, Н. Чытаць можна і рукамі : у Магiлёве невiдушчыя далучаюцца да айчыннай класiкi / Нэлi Зiгуля // Звязда. — 2016. — 5 лiстапада. — С. 10.
Магіляўчанкі Алена Чыгірова і Раіса Лініч з дзяцінства прывучаны чытаць кнігі. Гэтую звычку ім прывілі яшчэ ў Шклоўскай спецшколе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку. Там яны добра засвоілі навуку чытання рыльефна-кропкавага шрыфту. Француз Луі Брайль, які сам цалкам аслеп у 5 гадоў, зрабіў чалавецтву неверагодны падарунак — даў магчымасць чытаць нават пры адсутнасці зроку. Кнігі па Брайлю былыя выхаванкі спецыялізаванай установы навучыліся глытаць на адным дыханні. І хоць з таго часу прайшло больш за 50 гадоў, яны і цяпер першыя прэтэндэнткі на кніжныя навінкі. Для такіх, як яны, на базе дзіцячай бібліятэкі №2 у Магілёве дзейнічае спецыяльны абанемент. Там мы, дарэчы, і сустрэліся.
Слова трэба памацаць
У невялікім пакоі палічкі з кнігамі рознага фармату — «брайлеўскія», на касетах, дысках, звычайныя папяровыя. Апошніх няшмат. Іх бяруць чытачы з 3-й групай інваліднасці. Прычым адна шафа выключна для жанчын — з жаночымі любоўнымі і сентыментальнымі раманамі, другая для мужчын — з гістарычнай літаратурай або дэтэктывамі. Ёсць палічка з часопісамі і газетамі. «Гісторыі з жыцця, народныя традыцыі, кулінарныя парады — самыя хадавыя тэмы», — кажа бібліятэкар абанемента па абслугоўванні інвалідаў па зроку Людміла ЮМАНАВА. Кожнае выданне чытана-перачытана. Навінкі тут чакаюць, як манну нябесную. З кніжкамі «па Брайлю» наогул дэфіцыт.
— Раней выдавецтва з Санкт-Пецярбурга забяспечвала нас кожны месяц «Літаратурнымі чытаннямі» ў 2 «сшытках», — бібліятэкар дэманструе вялікія кнігі ў мяккім пераплёце. — Чытачам было зручна, не так доўга прыходзілася чакаць наступнага нумара. Але з другога паўгоддзя мы атрымліваем літаратуру толькі раз у квартал. Замест «Літаратурных чытанняў» нам прысылаюць толькі дадаткі — «Востры сюжэт» у 4 «сшытках» і «Гісторыя і асоба». Людзі стамляюцца чакаць, кожны прэтэндуе ўзяць кнігу першым. Потым трэба чакаць, калі наступны пачытае. Хутка перадаць адзін аднаму таксама не заўсёды атрымліваецца. Гэта ж людзі ў асноўным не маладыя, да таго ж з абмежаваннямі.
Апошні нумар дадатку «Гісторыя і асоба», наогул, стаў бестселерам. Чытачы цяпер цалкам захоплены лёсам памешчыка Варатынцава, пра жыццёвыя перыпетыі якога ідзе там размова.
— Гэта хроніка часоў прыгоннага права, — уводзіць у курс Алена Чыгірова. — Там і пра гісторыю, і пра каханне. Чытаць — адно задавальненне.
Яе сяброўка Раіса Лініч такога ж меркавання. У бібліятэку яны ходзяць выключна разам.
Алена Чыгірова зусім невідушчая, і без прыяцелькі — нікуды. У той вочы крыху рэагуюць на святло. У школе абедзве натхняліся такімі раманамі, як «Вайна і мір». Зараз хочацца чагосьці больш лёгкага. З аднолькавым інтарэсам чытаюць дэтэктывы, прыгодніцкую літаратуру, жаночыя раманы. І робяць гэта з неверагоднай хуткасцю.
«Мне чатырох кніжак хапае на 2 дні», — кажа Алена Чыгірова і з задавальненнем дэманструе свае здольнасці. Трэба бачыць, як спрытна бегаюць яе пальцы па маленькіх выпукласцях «брайлеўскага» шрыфту. «Арыядна Барысава «Увесь красавік нікому не вер», — прагаворвае ўслых жанчына і ўдакладняе — «класны раман». У кнізе ў сярэднім 150 старонак. На старонцы тэксту няшмат, таму кніжка заканчваецца вельмі хутка. Але «брайлеўскі» маштаб не паменшыш, прыходзіцца задавольвацца тым, што ёсць. І чакаць чарговых паступленняў у бібліятэку. Бо такіх спецыфічных выданняў у продажы не бывае.
— Гукавыя кнігі добра, але ж гэтыя лепей, — лічыць Раіса Лініч. — Калі чытаеш вачыма або пальцамі, тэкст хутчэй запамінаецца і ўспрымаецца лепей. Дыктоўкі ў школе пісала без памылак. Не за кошт ведання правілаў, а толькі дзякуючы такому чытанню. Адна справа — пачуць слова, і іншая — пакратаць яго пальцамі. Я, напрыклад, толькі пасля таго, як навобмацак прачытала, даведалася, што но-шпа пішацца ў два словы.
Вельмі ўзбагачаюць веды «Гучныя чытанні», якія ладзяцца ў бібліятэцы кожны другі панядзелак. Спачатку бібліятэкар нешта чытае ўслых, а потым удзельнікі гуртка (звычайна гэта 10—15 чалавек) абмяркоўваюць прачытанае. Паўтары гадзіны зносін пралятаюць як адно імгненне.
І пальцам прыемна роднае слова
Чытачкі з задавальненнем дэманструюць сваё веданне беларускай мовы. Алена Чыгірова кажа, што яе бацька Георгій Чыгіроў заўсёды карыстаўся родным словам, калі пісаў водгукі ў розныя газеты, у тым ліку і цэнтральныя. І мова асацыіруецца цяпер з нечым вельмі блізкім і родным. А Раіса Лініч далучылася да мовы, слухаючы правадное радыё. Асабліва любіла беларускамоўныя спектаклі. Цяпер гэта можна рабіць па прыёмніку, але да яго яшчэ трэба прыстасавацца. На жаль, кніг на роднай мове ў бібліятэцы — як кот наплакаў. Ды і адкуль ім узяцца? Галоўны пастаўшчык тактыльнай літаратуры — Санкт-Пецярбург.
— А вы хацелі б чытаць кнігі на беларускай мове? — пытаюся ў жанчын.
— З задавальненнем, — не задумваючыся адказваюць яны.
Абедзве чыталі Івана Шамякіна «Сэрца на далоні». Цяжкавата было, але ж прыстасаваліся. Пачуўшы, што пра іх напішуць на беларускай мове, шчыра ўзрадаваліся: гэта ж выдатна!
Дарэчы, у Міжнародны дзень роднай мовы бібліятэка прадставіла магчымасць папрактыкавацца ў чытанні на беларускай мове. Прапанова карысталася вялікім поспехам.
— Я да ўнука ў школу прыходжу і з настаўніцай на беларускай мове размаўляю, — уражвае Алена Георгіеўна. — Тая здзіўляецца, маўляў, адкуль ведаеце? Па мне, дык было б дзіўна, калі б я яе не ведала.
У бібліятэцы ёсць некалькі «брайлеўскіх» кніг з творамі Кандрата Крапівы беларускага выдавецтва «Народная асвета». Але гэта выдавецтва забяспечвае «брайлеўскай» літаратурай у асноўным спецыялізаваныя школы-інтэрнаты. Бібліятэкам, на жаль, яна дастаецца па рэшткавым прынцыпе. Астатнія беларускія творы ідуць у асноўным у аўдыяфармаце. Якуб Колас, Янка Маўр, Тарасевіч — некаторыя чытачы прынцыпова слухаюць іх на беларускай мове.
Пад знакам «Белага кія»
Па традыцыі на перыяд месячніка «Белы кій» бібліятэкай сумесна з абласной арганізацыяй Беларускага таварыства інвалідаў па зроку (БелТІЗ) (яны знаходзяцца ў адным будынку на вуліцы Цыялкоўскага, 10) запланавана шмат розных мерапрыемстваў — майстар-класы, інтэлектуальныя конкурсы, конкурс на лепшага чытальніка па Брайлю, трансляцыя гукавых кніжак з дапамогай гукавога буктрэйлера для мінакоў, сустрэча з тытулаваным параалімпійцам Ігарам Бокім. Каб асабіста ўпэўніцца, што людзі са страчаным зрокам таксама на нешта здольныя, трэба пабываць на выставе іх работ. А нядаўна арганізатары запрасілі на экскурсію вучняў восьмых і другіх класаў са школы №23. Некаторыя дзеці ўпершыню ўбачылі прадметы, якімі карыстаюцца інваліды, — белы кій, спецыяльныя падлогавыя вагі, вызначальнік узроўню вадкасці. Ім прадэманстравалі прыбор для пісання па Брайлю і грыфель, якім выбіваюцца кропкі. А потым правялі майстар-клас — паказалі буквар з выпуклымі малюнкамі і яны з заплюшчанымі вачыма спрабавалі адгадаць, што на іх намалявана.
У бібліятэцы іх уразіла чытаючая машына. Кладзеш на панэль тэкст, і металічны голас пачынае яго агучваць. Побач незвычайнага выгляду электронная лупа, з дапамогай якой павялічаны друкаваны тэкст выводзіцца на экран. Тут жа знаходзіцца абсталяванне, каб паслухаць дыск. Не ў кожнага ж дома ёсць такая магчымасць.
— Для нашых чытачоў страціць магчымасць прыходзіць у бібліятэку страшней за ўсё, — кажа Людміла Юманава і ўспамінае выпадак, як адна чытачка нават прыватызавала кватэру, каб толькі яе не перасялілі ў іншае месца. Адтуль ёй было б складана дабрацца да бібліятэкі. «І я яе вельмі разумею, — прызнаецца суразмоўца. — Для нашых чытачоў жыццё — гэта аднагодкі, крама і бібліятэка».
У тэму
Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Наталля ПАНЦЯЛЕЕВА:
— Месячнік дапамагае прыцягнуць увагу да праблем людзей з абмежаванымі магчымасцямі па зроку. Мы крыху асаблівыя, а таму больш бездапаможныя. Нават такія дробязі, як правільна падаць у краме здачу, для нас вельмі важныя. Абыякавыя людзі сыплюць металічныя капейкі проста на прылавак, а ўважлівыя — у далонь невідушчага. Калі б людзі часцей ставілі сябе на наша месца, яны б былі болей уважлівымі.
Шрыфт Брайля дапамагае нам адчуваць сябе больш упэўненымі ў сучасным грамадстве. На жаль, цяпер тактыльную кнігу выцясняе камп’ютар. З яго дапамогай можна слухаць літаратурныя творы, знаходзіць сяброў, стасавацца з імі. Але чытанне па Брайлю дае магчымасць быць больш пісьменным, адукаваным, дазваляе лягчэй сацыялізавацца. Насцярожвае, што сёння нават у спецшколах-інтэрнатах дазваляецца не вучыцца «чытаць рукамі». Памяншаецца попыт на тыфлапедагогаў, а кнігі па Брайлю амаль зніклі з нашага жыцця. Але так быць не павінна. Падчас экскурсіі па нашай арганізацыі адзін васьмікласнік, у якога няма праблем са зрокам, зацікавіўся азамі шасцікропкавага «брайлеўскага» шрыфту. Ён нават не ведаў, што такі існуе. Але Брайль зусім не ўчарашні дзень. Нездарма ад гэтага шрыфту не адмаўляюцца ва ўсім свеце. Некаторыя лекі суправаджаюцца надпісамі па Брайлю, ёсць спецыяльныя прынтары, іншая тэхніка. Усё гэта вельмі аблягчае жыццё ў цемры. Галоўнае, каб у чалавека было жаданне развівацца, дасягаць чагосьці. У Магілёве ёсць хлопец, які вучыцца ў Кіеўскай семінарыі на свяшчэнніка і запоем чытае літаратуру на царкоўнаславянскай мове менавіта па Брайлю. Інакш гэту мову і не вывучыш. Рэлігійныя кнігі яму прывозіць з Санкт-Пецярбурга маці.