Грамыка, Л. Пад тэатральным дахам / Людмiлла Грамыка // Мастацтва. — 2006. — №7. — С. 6
Думаю, што адшукаць больш прыгожы і дасканалы тэатральны будынак, чым той, у якім знаходзіцца Магілёўскі абласны драматичны тэатр, на Беларусі немагчыма. Проста таму, што такога — не існуе. Загадкавая каравела драматургічных мрояў… Прывід-карабель, прызначаны для вандраванняў па акіяне фантазіі… Цудоўная выспа з чырвонай цэглы сярод шэрага гарадскога пейзажу… Той, хто трапляе ўнутр, ніколі не бывае расчараваны. Тэатр, падмосткі, зала, невялічкія фае і вузкія калідоры — нібы намолены храм. Тут захоўваюцца адбіткі жывых пачуццяў — страсць, боль, слёзы і радасць; тут узнімаецца цунамі ўяўлення; спасцігаецца праўда існавання.
Ёсць пэўная заканамернасць у тым, што менавіта з гэтым тэатрам звязана з’яўленне на Беларусі адметных творчых асоб. Перыяды, калі Магілёў нечакана ператвараўся ў тэатральную сталіцу, перажыты разам з рэжысёрамі Юрыем Міроненкам і Валерыем Маслюком. Абодва вывелі тэатр на высокую творчую арбіту, распачаўшы гульні з ягонай духоўнай энергіяй. Гледачы прыходзілі сюды па ўзрушэнні і яркім пачуцці, якіх не кожнаму хапала ў звычайным жыцці. У цэнтры горада існаваў магутны энергетычны магніт, своеасаблівая сацыяльная спавядальня. 3 тэатрам усталеўваліся адносіны — ён шчодра аддаваў гледачам тое, што немагчыма было атрымаць з дапамогай звычайных чалавечых зносін і нават з дапамогай самых лепшых кніг. Адбываліся публічныя пошукі сэнсу жыцця. Разам з іншымі гледачамі кожны чалавек станавіўся героем свайго часу. Ягоныя думкі і пачуцці значна ўзбуйняліся і, здавалася, набывалі сусветнае значэнне. Так сталася, што лёс абодвух беларускіх рэжысёраў склаўся трагічна… па-за межамі магілёўскага тэатра.
…Сёння, праз працяглы перыяд, нас зноў напаткала надзея на адраджэнне. Будынак адбудавалі, адрамантавалі-аздобілі, ён як новы. Магчыма, неўзабаве тут зноў адбудзецца тэатральнае таінства…