Грыцкевiч, В. Выдатны рускi хiрург / В. Грыцкевiч // Магiлёўская праўда. — 1983. — 12 лiстапада.
У Ленінградзе на галоўнай лесвіцы аднаго з карпусоў Ваенна-медыцынскай акадэміі імя С. М. Кірава можна ўбачыць бронзавыя бюсты двух хірургаў: Мікалая Іванавіча Пірагова і Яўстафія Іванавіча Багданоўскага. Побач аўдыторыя, а ў сумежным з ёй пакоі ўмацавана мармуровая дошка з надпісам: «Тут, сярод сваіх вучняў, не скончыўшы пачатай ім у аўдыторыі аперацыі, памёр 11 кастрычніка 1888 года Яўстафій Іванавіч Багданоўскі», Ён памёр літаральна з хірургічным нажом у руках.
Я. I. Багданоўскі нарадзіўся 2 кастрычніка (20 верасня па старому стылю) 1833 года ў вёсцы Падсолтава цяперашняга Мсціслаўскага раёна ў сям’і беларускага свяшчэнніка. Па сямейнай традыцыі ён вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі. Але прыцягвала маладога Багданоўскага не духоўная кар’ера, а жаданне дапамагчы абяздоленаму люду. Яшчэ ў дзяцінстве ён нагледзеўся на беды, якія яго аднавяскоўцам прыносіла адсутнасць урачэбнай дапамогі.
3 1853 па 1858 год ён вучыўся ў Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, пасля заканчэння якой быў першым з выпускнікоў пакінуты ў інстытуце для ўдасканальвання ўрачоў пры акадэміі.
Праз тры гады Я. I. Багданоўскі абараніў дысертацыю «Аб рэзекцыі локцевага сустава» і быў удастоены навуковай ступені доктара медыцыны.
Я. I. Багданоўскага накіравалі ў замежныя клінікі. Ён наведваў лекцыі славутых хірургаў таго часу ў Берліне, Парыжы і Лондане. Працаваў у лабараторыях такіх выдатных вучоных, як Р. Вірхаў і Гіртль.
У 1863 годзе доктар вярнуўся ў Пецярбург, быў выбраны ад’юнкт-прафесарам акадэміі па кафедры хірургічнай клінікі, а праз чатыры гады — прафесарам аператыўнай хірургіі. Потым былі паўторная паездка Я. I. Бегданоўскага ў хірургічныя клінікі Англіі і Германіі і перавод на кафедру шпітальнай хірургічнай клінікі. Ён правёў рэарганізацыю выкладання хірургіі. Газета «Медицинский вестник» пісала: «Медыцынская акадэмія абавязана прафесару Багданоўскаму поўным змяненнем у выкладанні таго аддзела хірургіі, які па таму часу называлі тэарэтычнай хірургіяй. Дзякуючы яму тэарэтычная хірургія перастала, нават па імені, існаваць у акадэміі, і месца яе заняла хірургічная паталогія, выкладанне якой вядзецца дэманстратыўна і часткова эксперыментальна».
Я. I. Бегданоўскі валодаў талентам выкладаць свой прадмет прама і ясна. Клінічныя лекцыі нашага земляка прыцягвалі слухачоў строгай логікай, дакладнасцю і доказамі пры разборы хваравітых з’яў, майстэрствам у пастаноўцы дыягназу і разумнымі мэтазгоднымі паказаннямі.
У час руска-турэцкай вайны 1877—1878 гг. Я. I. Багданоўскі працаваў у Малдааіі кансультантам-хірургам ад Таварыства Чырвонага Крыжа. За навуковыя заслугі ў 1880 годзе вучонага выбралі акадэмікам Ваенна-медыцынскай акадэміі. А калі ў 1884 годзе скончыўся 25-гадовы тэрмін знаходжання яго на пасадзе прафесара і вучонаму па закону належала ісці ў адстаўку, канферэнцыя (савет) акадэміі выбрала яго яшчэ на пяцігадовы тэрмін.
Таварыства рускіх урачоў пад старшынствам выдатнага тэрапеўта Сяргея Пятровіча Боткіна ўрачыста адзначала юбілей нашага земляка. У выступленнях на пасяджэнні таварыства, у адрасах, якія яму паднеслі, і ў друку Я, I. Багданоўскі адзначаўся як выдатны навуковы дзеяч, педагог І хірург-практык.
Вобраз Яўстафія Іванавіча Багданоўскага застаўся ў гісторыі айчыннай навукі як прыклад самаадданасці вучоных. Зараз вядомы гісторык медыцыны прафесар Сяргей Аўраам’евіч Верхрацкі рыхтуе да друку кнігу, прысвечаную нашаму земляку.