Памяцi нязгаснае святло

   Выроўкiн, М. Памяцi нязгаснае святло / М. Выроўкiн // Магiлёўская праўда. — 1983. — 7 лiстапада.

66 гадоў крочыць па нашай краіне Кастрычнік — свята, якое дало нам шчасце і свабоду, адкрыла новую эпоху ў гісторыі развіцця чалавецтва. Мы, сведкі тых далёкіх падзей, свята захоўваем у памяці кожнае імгненне легендарнага часу. Каб перадаць гэту вялікую спадчыну новым і новым пакаленням, каб выхаваць у дзецях нашых і ўнуках веру, мужнасць, самаадданасць байцоў рэвалюцыі.

66 гадоў… Гэта нямала. Але кожны раз, калі на нашым календары зноў чырванее дата 7 лістапада, я выразна ўяўляю сабе тыя дні, якія поўнасцю перамянілі маё жыццё, жыццё маіх равеснікаў.

Сам я выхадзец з вёскі. I, зразумела, мне былі вельмі дарагія інтарэсы сялянства, якое да Кастрычніцкай рэвалюцыі жорстка прыгняталася. Узяць такую лічбу: толькі 40 працэнтаў зямельнай плошчы належала сялянам, а 60 працэнтаў — царкве, казне, памешчыкам і іншым. I вось гэту няроўнасць ліквідавала новая ўлада.

Калі 25 кастрычніка здзейснілася Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя ў Петраградзе, мне было 17 гадоў. У той час я вучыўся ў семінарыі ў Магілёве. Сярод іншых губернскіх гарадоў Магілёў выдзяляўся тым, што ў ім размяшчалася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага ўсімі франтамі старой рускай арміі ў першай сусветнай вайне. Пасля Вялікага Кастрычніка апошні галоўнакамандуючы А. Ф. Керанскі, пераапрануўшыся пад выглядам сястры міласэрнасці, уцёк. Яго месна самавольна заняў рэакцыйны генерал Духонін, які адмовіўся выконваць указанні Савета народных камісараў аб перагаворах з праціўнікам аб спыненні ваенных дзеянняў і перамір’і. СНК вызваліў Духоніна ад пасады і аб’явіў яго па-за законам. Савецкім Вярхоўным галоўнакамандуючым стаў член РСДРП (б) М. В. Крыленка. У Магілёве быў невялікі ваенны гарнізон, начальнікам якога з’яўляўся генерал М. Д. Бонч-Бруевіч. Духонін спрабаваў абаперціся на некаторыя воінскія часці Магілёва, але начальнік гарнізона Бонч-Бруевіч многія з гэтых часцей вывеў з горада. Асабовы састаў стаўкі Духоніна паступова змяншаўся.

Але вось у адзін з лістападаўскіх дзён 1917 года фракцыя бальшавікоў у Магілёўскім выканкоме аб’явіла, што бярэ ўладу ў свае рукі. Кадэты, эсэры і меншавікі выйшлі з саставу выканкома. Напярэдадні прыбыцця ў Магілёў 8 бальшавіцкіх эшалонаў позна ноччу на пасяджэнні было прынята рашэнне, якое выключала магчымасць сутыкнення паміж воінскімі часцямі.

Мы, моладзь, былі ў курсе ўсіх падзей. 3 газет даведаліся, што 20 лістапада прыбудуць у Магілёў некалькі бальшавіцкіх эшалонаў для устанаўлення Савецкай улады ў горадзе. Мы вырашылі пайсці іх сустракаць.

Стаяў шэры асенні дзень. Каля апоўдня мы пачулі гукі аркестра і неўзабаве ўбачылі першыя калоны матросаў, якія былі апрануты ў кажухі, з вінтоўкамі за плячыма.

Яны ішлі чаканным ваенным кронам. Следам за матросамі прайшлі калоны чырвонагвардзейцаў. Калі яны параўняліся з намі, мы пачалі бурна апладзіраваць і крычаць «Ура!», «Няхай жывуць Саветы!». Акрамя моладзі, да гэтага часу на вуліцы сабралася шмат жыхароў горада, якія таксама вiталi бальшавікоў. У другой палове дня на ўсіх тумбах для афіш і стэндах быў расклеены загад за подпісам савецкага Вярхоўнага галоўнакамандуючага М. В. Крыленкі аб тым, што ў Магілёве ўстаноўлена Савецкая ўлада. Да нас, моладзі горада, звярнулася з заклікам камендатура: патруляваць па вуліцах і падтрымліваць парадак. Мы з радасцю адгукнуліся на гэту просьбу.

На галоўнай вуліцы — Вялікай Садовай — мы ўбачылі ўпрыгожаныя чырвоным кумачом вітрыны. У іх былі размешчаны партрэты У. I. Леніна і іншых кіраўнікоў Савецкай дзяржавы.