Нашай прамысловасцi першынец

   Бальчэўскi, Э. Нашай прамысловасцi першынец : старонкi гiсторыi / Э. Бальчэўскi // Магiлёўская праўда. — 1983. — 26 кастрычнiка.

У 1985 годзе ў артыкуле «Да пытання аб нашай фабрычна-заводскай статыстыцы» У. I. Ленін пісаў: «Да«фабрык i заводаў» адносяцца ўсе ўстановы, якія маюць паравы кацёл або паравую машыну. Адзнака самая дакладная.., паколькі прымяненне пары сапраўды характэрна для развіцця буйной машыннай індустрыі».

Першым прамысловым прадпрыемствам, якое адпавядала дадзенай У. I. Леніным адзнацы, у Магілёве мукамольны завод. Ён узнік у 1841 годзе, раней, чым млыны з паравым рухавіком паявіліся ў Пінску і Віцебску. Магілёўскі паравы млын быў першым падобным прадпрыемствам і ў губерні, i ў Беларусь. Тут малолі пшаніцу, якую дастаўлялі з Украіны. Муку прадавалі не толькі ў горадзе, але і ў губерні, нават і за межамі Беларусь Галоўным гандлёвым шляхам быў Днепр. Таму і млын размясціўся паблізу яго, на Папенцы (цяпер вуліца Заводская).

За год на млыне перапрацоўвалася на муку-крупчатку больш за 30 тысяч пудоў зерня.

Млын разам з тым быў таксама і першым капіталістычным прадпрыемствам горада. Уладальнік фабрыкі выкарыстоўваў на ёй наёмную працу.

Ішлі гады. Прадпрыемства расшыралася. У 1855 годзе была ўстаноўлена лесапільная рама, якая працавала ад рухавіка паравога млына. Сыравіна прыплывала па Дняпры. Адходы iшлі ў топку катла. Прыбыткi раслі. Паравы млын з піларамай увайшлі ў лік славутасцей горада. У «Вопыце апісання Магілёўскай губерні», выдадзеным у 1882 годзе, чытаем: «Спусціўшыся па Завальнай вуліцы (цяпер вуліца Глінкі) да берага Дняпра, вы ўбачыце направа каменны паравы млын.., за якім ушчыльную да Буйніч пойдуць высокія ўзгоркі, перарэзаныя маляўнічымі ярамі».

Мяняліся ўладальнікі, але захоўваўся двайны профіль прадпрыемства. Пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі млын з лесапільняй былі нацыяналізаваны. У далейшым лесапільня выйшла на першы план. Паявілася новае, больш дасканалае абсталяванне. Прадпрыемства атрымала другую назву: «Магілёўскі лесапільны завод «Звязда».

У 1941 годзе эвакуіраваць абсталяванне не ўдалося. Фашысты захапілі завод выкарыстоўвалі яго ў асноўным як млын. Калі ў 1944 годзе савецкія войскі падышлі да Дняпра, немцы замініравалі завод. Нашы сапёры паспяхова размініравалі яго, i ўжо праз некалькі дзён задыміла заводская труба. Зноў запрацавала паравая машына. У наступныя дзесяцігоддзі завод працаваў як лесапільны. Толькі пілы ў рух прыводзіла не паравая машына, а электрарухавікі. У апошнія гады завод стаў «Цэхам дрэваапрацоўкі завода жалезабетонных вырабаў траста «Магілёўсельбуд».

Нядаўна першынец прамысловасці перастаў існаваць. 142 гады налічвае яго працоўная біяграфія.