Газетнай памяцi трывалыя муры

   Тоўсцiк, М. Газетнай памяцi трывалыя муры : [успамiны пра Магiлёве] / Мiкалай Тоўсцiк // Могилевская правда. — 2017. — 8 июня. — С. 1, 14.

<p>8.06.2017</p><br />
<p>ГАЗЕТНАЙ ПАМЯЦІ ТРЫВАЛЫЯ МУРЫ</p>Аднойчы я злавіў сябе на думцы, што, наведваючы Магілёў, углядаюся ў ягоныя знаёмыя з маладосці будынкі праз нейкую сваю ўнутраную оптыку. У ёй храмы, музеі і іншыя адметныя для духоўнага жыцця горада збудаванні паўстаюць праз прызму падзей, якія звязалі гісторыю гэтых камяніц з «Магілёўскай праўдай». Газетай, дзе мне давялося прайсці амаль усе ступені журналісцкай іерархіі — ад шараговага літсупрацоўніка да рэдактара.

Мяркую, што нічога экзатычнага ў такім поглядзе няма — звычайная прафесійная памяць. У кожнага рамяства яна свая. Я ведаў адстаўнога пажарнага, які на пенсіі шпацыраваў па горадзе, успамінаючы, што і калі ў ім гарэла. І надта бедаваў, што за шмат гадоў у галаве пераблыталіся падзеі і даты.

Ён бедаваў бы менш, калі б не паленаваўся пагартаць у бібліятэцы старыя газетныя падшыўкі. Гэта вельмі надзейны сведка мінулага, які і праз дзесяцігоддзі не змяняе паказанні.

Папярэдне звярнуўшыся да незгасальнай памяці сваёй роднай газеты, запрашаю на настальгічны шпацыр па Магілёву і вас, шаноўныя чытачы. Далёка не пойдзем: спусцімся па прыступках часу да манастыра ў Падніколлі ды яшчэ прагуляемся ўсцяж Першамайскай — ад царквы Трох Свяціцеляў да плошчы Славы.

Вернутая спадчына

Маладым і нежанатым я жыў з бацькамі непадалёк ад Падніколля і любіў часам паблукаць пад ягонымі зялёнымі шатамі вакол старой царквы. З кніжак ведаў, што гэта выдатны помнік дойлідства сярэдзіны XVII стагоддзя, у якім найбольш выразна ўвасобіліся рысы магілёўскага праваслаўнага барока — архітэктурнага стылю, чые матывы паўплывалі нават на творчасць славутага італьянца Барталамео Растрэлі. Да таго ж калега-журналіст Мікалай Ножнікаў распавядаў, што ва ўпадабанай мной Мікалаеўскай царкве захоўваецца вялікай прыгажосці іканастас, да стварэння якога прыклаў руку знакаміты разбяр са Шклова Клім Міхайлаў. Гэты слынны майстар, патрапіўшы ў палон, праславіўся і ў Маскве, дзе дзівосна аздобіў царскія і патрыяршыя палацы, саборы ў Крамлі, Новадзявочы манастыр і цэрквы ў Ізмайлава.

Мікола Ножнікаў працаваў у аддзеле інфармацыі «Магілёўскай праўды», але сэрцам і душой быў далёка ад сучасных яму падзей — у Вялікім княстве Літоўскім, у сівой даўніне, якую любіў і ведаў. Яго ўжо няма ў жывых, але многія вядомыя беларускія археолагі, архівісты і гісторыкі, з якімі мне даводзілася мець стасункі, дружна ўзгадвалі магілёўскага рэпарцёра, які бескарысліва і самааддана дапамагаў ім разгадваць таямніцы мінулага ў родным горадзе.

Тоўсцік Мікалай Мікалаевіч

нарадзіўся ў 1950 годзе. Пасля сканчэння факультэта журналістыкі БДУ служыў у арміі.             З 1974 па 1985 год працаваў літсупрацоўнікам і загадчыкам аддзелаў у «Магілёўскай праўдзе». Быў памочнікам першага сакратара абкама КПБ. З 1988 па 1995 год — рэдактар «Магілёўскай праўды». Пасля — уласны карэспандэнт у Магілёўскай вобласці і намеснік галоўнага рэдактара «Народнай газеты»; начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення і прэс-сакратар Савета Міністраў Беларусі; намеснік дырэктара беларускай рэдакцыі інфармацыйнага агенцтва ПРАЙМ-ТАСС; шэф-рэдактар часопіса «Экономика. Финансы. Управление»; уласны карэспандэнт санкт-пецярбургскай газеты «Невское время» ў нашай краіне.

Лаўрэат нацыянальных і міжнародных творчых конкурсаў.

Жыве ў Мінску. Супрацоўнічае з айчыннымі і замежнымі сродкамі масавай інфармацыі.

На свае вочы пабачыць казачны іканастас, пра які так хораша распавядаў мой рэдакцыйны таварыш, мне ніяк не ўдавалася. У царкве змяшчаўся кніжны склад. А паколькі кнігі былі найвялікшым тагачасным дэфіцытам, дык патрапіць у ягонае сховішча было, пэўна, не прасцей, чым на пускавую ўстаноўку міжкантынентальнай ракеты. Звонку ж архітэктурны шэдэўр меў выгляд будыніны, якую рука муляра і тынкоўшчыка апошні раз паднаўляла мо перад наведваннем імператарам Мікалаем II народных гулянняў у Падніколлі. А рысы магілёўскага барока надзейна хавала сетка драўляных рыштаванняў, на якіх я гадамі не бачыў аніводнага рэстаўратара.

На адным са злётаў творчай моладзі Беларусі, куды ў складзе дэлегацыі ад Магілёўшчыны патрапіў і я, урэшце выпала магчымасць спытаць у тагачаснага міністра культуры БССР Юрыя Міхневіча, чаму «выдатны помнік народнай таленавітасці», як раз-пораз называлі Мікалаеўскую царкву рознага кшталту выданні і прамоўцы, знаходзіцца ў такім занядбаным стане?

— Таму што Масква дае грошы, якіх хапае толькі на замену спарахнелых рыштаванняў на новыя, — шчыра і з непрыхаванай горыччу прызнаўся міністр.

То быў час, калі ў Маскве трэба было ўзгадняць нават рэцэпт торта, які збіралася выпускаць пякарня ў райцэнтры.

Але час змяніўся. На абшарах велізарнай краіны завіравала перабудова. На самую яе віхуру якраз і выпалі гады майго рэдактарства ў «Магілёўскай праўдзе». На Савецкай плошчы штотыднёва збіраліся мітынгі — як у рэвалюцыю. Сярод рахункаў палкіх прамоўцаў да мясцовай улады была і прэтэнзія за даўно застылую рэстаўрацыю Мікалаеўскай царквы. Справа так і не прасунулася далей замены рыштаванняў са спарахнелых на цалейшыя.

На гарачай патэльні куратара небяспечна абвостраных сацыяльных і культурных праблем горада сядзеў тады мой даўнішні прыяцель Канстанцін Крупенькін. Калі пасля арміі я прыйшоў працаваць у «Магілёўскую праўду», дык яе рэдактар Васіль Яфімавіч Цітавец даручыў мне як пачаткоўцу займацца моладзевай тэматыкай.

— Табе па гадах бліжэй, — патлумачыў ён свой выбар.

Так я пазнаёміўся з Косцем Крупенькіным, які тады працаваў у гаркаме камсамола. За пятнаццаць год ён дарос да пасады намесніка старшыні гарвыканкама, і ў разгар перабудовы рэгулярна хадзіў на плошчу ў спадзяванні паразумецца з натоўпам распаленых гараджан. Раз-пораз туды трапляў і я, сыходзячыся ў публічнай спрэчцы з аматарамі пакіраваць рэдакцыяй з мітынгу.

За гарбатай у маім кабінеце пасля аднаго з такіх шумлівых «веча» я спытаў у Канстанціна:

— Што ўсё-такі вы ў гарвыканкаме збіраецеся рабіць з царквой у Падніколлі? Людзі ж справядліва абураюцца …

— Каб жа яны яшчэ падказалі, дзе знайсці грошы на рэстаўрацыю! — канчаткова страціў і без таго сапсаваны на плошчы настрой мой субяседнік. — Часам думаю, ці не аддаць Максіму… Дык ці возьме? Царква ж цяпер яшчэ бяднейшая за горад…

І ўсё ж гэта была вартая ідэя. Ды, бадай, і адзінае выйсце.

Архіепіскап Максім, кіруючы архірэй адноўленай Магілёўскай праваслаўнай епархіі, імкнуўся мець з журналістамі добрыя стасункі. Не аднойчы заходзіў да нас у рэдакцыю ў суправаджэнні маладога епархіяльнага сакратара айца Генадзя. Запрашаў і да сябе на гарбату ў сціплую драўляную дамоўку, якая на той час замяняла ўладыку і рэзідэнцыю, і манаскую келлю. Пры сустрэчах цікава распавядаў пра сваё служэнне благачынным у Жыровіцкім манастыры і епіскапам у Аргенціне. І ніколі нічога не прасіў у пішучай братыі.

Але праўду казаў булгакаўскі герой: такім людзям і без просьбаў даюць усё патрэбнае. На пытанне, ці не пагадзілася б епархія аднавіць Свята-Мікалаеўскую царкву, уладыка архіепіскап адказаў, што ад Боскага паклікання грэх адмаўляцца.

Не ўсе ў гарадской уладзе былі за тое, каб перадаць храм у Падніколлі тым, каму ён не адно стагоддзе належыў, — праваслаўным вернікам. Але, па-першае, на такі крок адчувальна штурхалі фінансавыя праблемы. А па-другое, тое, што завецца vox populi — голасам народа, — ніколі не было ў часы вялікіх перамен пустым гукам.

Сацыялагічныя службы тады яшчэ толькі нараджаліся. І газета была, кажучы мовай навукоўцаў, ці не найбольш рэпрэзентатыўным інструментам выяў-лення грамадскай думкі і настрою. Беларускамоўная «Магілёўская праўда» штодня выходзіла тыражом у 60 тысяч экземпляраў. Яе чытаў прыкладна кожны дваццаты жыхар вобласці, або кожная пятая сям’я. Да таго ж рэдакцыя атрымлівала за год каля 10 тысяч пісьмаў, у якіх адлюстроўваліся практычна ўсе праблемы, што хвалявалі насельнікаў беларускага Прыдняпроўя.

У вялікай рэдакцыйнай пошце мы знайшлі ліст магіляўчанкі, якая прапаноўвала зрабіць з Мікалаеўскай царквы музей, і 23 жніўня 1989 года надрукавалі яго, каб выклікаць дыскусію на старонках газеты. Але спрэчкі не атрымалася. Патокам пайшлі пісьмы з патрабаваннем перадаць храм вернікам. Прычым пісалі не толькі самі вернікі, але нават і члены КПСС. То быў рэдкі выпадак нефармальнай аднагалоснасці: ніводнага голаса супраць вяртання спадчыны законным нашчадкам! Аб гэтым і апавясціла «Магілёўская праўда», завяршаючы друкаваць лісты чытачоў.

І хутка высокаправялебны архі-е-піскап Максім завіхаўся ўжо на аднаўленні храма, званіцы і манастырскага цвінтара. Калі ў ролі кіраўніка будаўнічых работ, а найчасцей — з сякерай у руках. Тым, хто здзіўляўся такому архірэйскаму занятку, уладыка любіў нагадваць, што і Хрыстос быў гадаванцам простага цесляра з Батлеема.

«Исполать!» у гонар журналістаў

На Першамайскай вуліцы насупраць Мінскага рынку чакаў паратунку яшчэ адзін помнік архітэктуры. Не такі знакаміты, як царква ў Падніколлі, але на старых, ажно за царскім часам выдадзеных паштоўках, якія напаказ прыносіў у рэдакцыю Мікалай Ножнікаў, найчасцей красаваўся менавіта ён — сямікупальны храм, асвячоны ў 1914 годзе ў гонар айцоў грэцкай патрыстыкі, выдатных тэолагаў і філосафаў Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Іаана Златавуснага. Але ў 60-я гады мінулага стагоддзя ўсе купалы з крыжамі знеслі, а абрубак царквы ператварылі ў клуб.

У гады перабудовы вернікам пачалі вяртаць адабраныя ў іх храмы. Вось і адноўленая царква Трох Свяціцеляў павінна была стаць кафедральным саборам Магілёўска-Мсціслаўскай епархіі. Але ў сваім першым вялікім інтэрв’ю, якое ў лістападзе 1989 года надрукавала «Магілёўская праўда», архіепіскап Максім мякка, па-хрысціянску паўшчуваў нейкім «маладым магіляўчанам», што гучна аспрэчвалі рашэнне гарсавета аб перадачы той царквы вернікам. «І ніхто з іх не задумваецца, што змагаюцца яны не з рэлігіяй за свае танцы, — маркоціўся ўладыка. — Змагаюцца перш за ўсё са старымі, у якіх адабралі сілай у 60-я гады гэты храм».

А хутка тыя «маладыя магіляўчане» з’явіліся ў рэдакцыі. Былі гэта зусім не падлеткі, а ладныя дзецюкі гадоў пад трыццаць, а то і болей. З-за іх дужых спінаў асцярожна выглядваў і нейкі невысокага рангу камсамольскі функцыянер. Аргументацыя супраць зваротнага ператварэння клуба ў царкву ў дзецюкоў і сапраўды была прасцей ліку да чатырох: маўляў, моладзь страціць адзіны танцпляц.

У той час у дэфіцыце было многае: ежа, вопратка, мэбля, бензін і нават туалетная папера. Але ж толькі не месцы для скокаў. Мо, архіепіскап Максім таго і не ведаў, бо скокі — не манаскі інтарэс. Затое гэта добра ведалі журналісты.

Рэдакцыю «маладыя магіляўчане» пакінулі з шумам і гвалтам, напышліва паабяцаўшы ўтапіць яе ў патоку пісьмаў моладзевага пратэсту. Аднак паток атрымаўся дужа падобны на дробную кроплю: прыйшлі ўсяго два лісты, ды і тыя нібы пісаліся пад капірку. Непараўнальна большай была якраз пошта ў падтрымку аднаўлення царквы.

Магілёў — горад не такі ўжо і вялікі. Шыла ў мяху тут схаваць цяжка. Неўзабаве праяснелі і сапраўдныя матывы змагароў з храмам. Тое, што там не паскачаш, іх не надта і клапаціла. Горш было, што ў саборы калі і гандлююць, дык толькі свечкамі, крыжыкамі ды іконамі, а не жуйкамі і паленай гарэлкай. То быў час імклівага размнажэння шапікаў і іхняга вялікага перасялення на новую жыццёвую прастору. Клуб побач са шматлюдным базарам, безумоўна, быў бы ласым кавалкам: скокі ўвечары зусім не заміналі б там гандлю ўдзень.

Прозвішчы сапраўдных завадатараў тае барацьбы за месца пад камерцыйным сонцам мы ў рэдакцыі хутка дазналіся. Але ж і яны ўжо мелі немалы вопыт барацьбы за існаванне ў дарвінаўскіх умовах першапачатковага накаплення капітала. Таму самі не «свяціліся», стараліся дзейнічаць чужымі рукамі і глоткамі. Выставіць ім персанальныя прэтэнзіі на газетных старонках было цяжка: не хапала пераканаўчых доказаў для судовага разбіральніцтва, якое немінуча адбылося б пасля публікацыі.

Давялося наступіць на горла ўласнай песні і шукаць іншы спосаб, каб адахвоціць гандляроў ад храма. Крыху паспрачаўшыся на планёрцы, вырашылі не вынаходзіць веласіпед, а зноў звярнуцца да vox populi. У газеце надрукавалі ўсяго два лісты з рэдакцыйнай пошты: за і супраць аднаўлення царквы. Але з указаннем непараўнальна большай колькасці галасоў магіляўчан, якія выступалі за вяртанне гораду сямікупальнай прыгажосці.

25 снежня 1989 года архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Максім асвяціў храм Трох Свяціцеляў. Боская літургія спраўлялася саборным архірэйскім служэннем з удзелам мітрапаліта Мінскага і Гарадзенскага, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі Філарэта і епіскапа Пінскага і Брэсцкага Канстанціна.

За святочнай трапезай з нагоды ўрачыстасці, куды запрасілі і аўтара гэтых радкоў, велічны хваласпеў «Исполать!» гучаў ў гонар тых, хто паспрыяў аднаўленню царквы. Спадобіліся яго і журналісты «Магілёўскай праўды».

— За новае выгнанне гандлюючых з храма, — пажартаваў уладыка Філарэт.