Ножнiкаў, М. Як выглядаць гораду? / М. Ножнiкаў // Магiлёўская праўда. — 1979. — 29 жнiўня.
Гісторыя да крыўднага мала пакінула Магілёву за сем з лішнім стагоддзяў яго існавання помнікаў архітэктуры і і гісторыі. Iх у горадзе можна пералічыць літаральна на пальцах, і тым не менш адносінамі да такіх помнікаў нельга пахваліцца. Скажоны, напрыклад, надбудовай былы гасціны двор (зараз дзіцячы прыёмнік УУС) на вуліцы Ленінскай. Невядома чаму і навошта атынкаваны помнік беларускага барока XVIII стагоддзя — палац на валу Чырвоный Зоркі (побач з трэстам № 12). Схаваны за жылымі дамамi кафедральны касцёл. Да непазнавальнасці зменена аблічча дома, дзе праводзiлi допыт дзекабрыстаў…
Гэта толькі тое, што датычыць помнікаў афіцыйна прызнаных, Цікавых жа пабудоў у горадзе значна больш. Ёсць у нас тры будынкі, узведзеныя ў 1885—1900 гг. па праектах таленавітага архітэктара П. Г. Камбурава. Гэта сапраўдныя творы архітэктурнага мастацтва. Але, калі памяшканні абласнога драматычнага тэатра і школы-інтэрната № 1 дагэтуль захоўваюць свой першапачатковы выгляд, дык будынку Дзяржбанка не пашанцавала. Дом гэты ў свой час утульна размяшчаўся за агароджай, што складала з ім адзіны ансамбль. У апошні ж час яе абкарналі з двух бакоў так, што зараз яна выглядае іншародным целам, А побач непрадбачліва ўзвялі шматпавярховы сучасны гмах, які зрокава «задавіў» цікавы старажытны будынак.
Многа ў горадзе ёсць дамоў, якія не сталі і ніколі, напэўна, не будуць помнікамі архітэктуры. Гэта, у асноўным, жылыя дамы канца XIX —пачатку XX стагоддзяў. Большасць іх капітальна адрамантавана. Толькі ж сумма глядзець на гэтыя дамы пасля сучаснага рамонту, бо па незразумелай прычыне і будаўнікі, і праекціроўшчыкі лічаць сваім абавязкам перайначваць фасады старых дамоў на свой лад. Знішчаюць архітэктурныя дэталі, кованыя, ручной работы балконныя агароджы і казыркі над уваходамі, кожны з якіх сам па сабе — твор невядомых народных майстроў. А сцены будынкаў, якія некалі былі шматколернымі, фарбуюць шэрым цэментным растворам. А ў выніку калісьці адметныя, каларытныя пабудовы выглядаюць цяпер як блізняты.
Ствараецца ўражанне, што творчыя намаганні архітэктараў горада і нашых гаспадарнікаў скіраваны толькі на знос ці карэнную перабудову старых дамоў, нават і тых, якія маюць гістарычную або архітэктурную каштоўнасць. Усяго толькі два будынкі ў стылі «мадэрн» да апошняга часу заставаліся ў Магілёве. Аднак зусім нядаўна адзін з іх (дом № 53 па вуліцы Першамайскай, дзе была цэнтральная аптэка капітальна адрамантавалі, а потым… знеслі, фасад жа старога корпуса швейнай фабрыкі імя Валадарскага паступова губляе свой першародны выгляд і разбураецца.
Калі ж не шанцуе мураваным дамам, дык пра драўляныя і гаворкі няма. Некаторыя з іх без падстаў проста знішчаюць, не зважаючы на своеасаблівую архітэктуру і багатыя ўпрыгожванні разьбой. А гэта ж народная творчасць многіх пакаленняў!
Наш старажытны горад усе больш І больш губляе ў выніку такіх, з дазволу сказаць, рэканструкцый свае непаўторныя рысы, нівеліруецца і пачынае выглядаць на ўзроўні сярэдніх стандартаў. Здаецца часам, што архітэктары Магілёва забыліся аб простай ісціне — каларыт горада ствараецца не толькі помнікамі. Ён і ў своеасаблівых дамах, старых вуліцах, іх планіроўцы і забудове, тых жа балконных агароджах, драўлянай разьбе і многіх іншых дэталях, на якія нашы архітэктары, будаўнікі, рамонтнікі чамусьці амаль не звяртаюць увагі.
Абламаны вугал мемарыяльнай дошкі на будынку сярэдняй школы № 3, зусім знікла такая дошка на рагу вуліцы, названай у гонар скульптара П. П. Яцыны. Дзесьці струхнелі вадасцёкавыя трубы і залівае фасад старога дома, дзесьці выламаліся балконныя балясіны… Быццам бы дробязь. Але ў тым i бяда, што падобныя дробязі, на жаль, становяцца паўсядзённай нормай тых, хто павінен клапаціцца пра І выгляд горада. I калі гаспадарскія клопаты, як бачым, не заўсёды праяўляюцца ў адносінах да помнікаў, дык што ўжо гаварыць пра будынкі, якім гэты ганаровы ранг не нададзены?!
Архітэктуру нярэдка называюць застылай музыкай. А калі гэта так, дык трэба, каб у дырыжораў яе — архітэктараў было вялікае ўменне аб’ядноўваць усе гукі, усе нюансы ў высокамастацкі, шырокапланавы твор, імя «кому — I своеасаблівы каларыт і непаўторнасць горада.