Фiлiповiч, I. Першыя чырвоныя афiцэры / I. Фiлiповiч // Магiлёўская праўда. — 1979. — 26 снежня.
У лістападзе 1918 года Усерасійскі галоўны штаб даў указание Магілёўскаму губернскаму ваенкаму аб арганізацыі ў горадзе савецкіх камандных пяхотных курсаў. Для іх размяшчэння быў выдзелен будынак былога жаночага духоўнага вучылішча па Быхаўскай вуліцы, дзе зараз школа-інтэрнат № 1.
26 снежня 1918 года загадай камісара ваенна-навучальных устаноў галоўнага штаба за № 382 былi назначаны: начальнікам курсаў — Ф. В. Багданаў, камісарам — П. М. Лашчук, загадчыкам страявога навучання — Я. П. Забаронак.
Курсы складаліся з двух класаў: падрыхтоўчага, разлічанага на 8 месяцаў вучобы, і спецыяльнага з тэрмінам навучання 4 месяцы. Батальён курсантаў складаўся з трох рот, у кожную з якіх уваходзілі па чатыры ўзводы. На чале рот стаялі былыя афіцэры царскай арміі, якія перайшлі на бок Савецкай улады: Лелюкоў, Петрапаўлаўскі, Раткевіч. А кантынгент курсантаў складаўся ў асноўным з чырвонаармейцаў, накіраваных з розных ваенных часцей, а таксама павятовымі ваенкаматамі Магілёўскай i іншых губерань.
У падрыхтоўчым класе выкладалі рускую мову, геаметрыю, гісторыю, прыродазнаўства, арыфметыку, геаграфію, вывучалі палітграмату, вайсковыя статуты, знаёміліся з кулямётам. У спецыяльным класе веды давалiся больш шырокія — тут вывучалі тактыку бою, асновы тапаграфіі i фартыфікацыі, артылерыйскую справу. Агульнаадукацыйныя прадметы вялі настаўнікі гарадскіх школ: Залескі, Сакалоўскi, Бялiнскi, Саратаўскi, Мірашкоў, а фартыфікацыю выкладаў былы палкоўнік генеральнага штаба Астаповіч.
6 лютага 1919 года ў горадзе адбылося антырэвалюцыйнае хваляванне мясцовага каравульнага батальёна. У раззбраенні яго прынялі актыўны ўдзел курсанты. Пасля гэтага здарэння на курсах арганізавалі дзяжурную роту, якая гатова была ў любы момант выступіць на абарону рэвалюцыйных заваёў. Так, напрыклад, у сярэдзіне сакавіка 1919 г. рота выязджала ў Рагачоў для падаўлення паўстання, якое там успыхнула. А ў канцы таго ж месяца ўвесь састаў курсаў прымаў удзел у падаўленні белагвардзейскага мяцяжу ў Гомелі, адкуль вярнуліся толькі 2 красавiка.
Старшыня УЦВК М. I. Калінін, які прыбыў у Магілёў 14 чэрвеня 1919 года, на наступны дзень прысутнічаў на мітынгу, прысвечаным першаму выпуску курсаў. Мітынг адбыўся каля Быхаўскай брамы на вуліцы Вялікае Завалле (цяпер вуліца Мянжынскага). Курсанты прыйшлі сюды з аркестрам і сцягам. Пасля прывітальных выступленняў М. I. Калінін у суправаджэнні камісара курсаў Лашчука і камандзіра батальёна Забаронка абышоў строй.
Выступіўшы ад імя чырвоных афіцэраў Зубаў абвясціў здравіцу ў гонар правадыроў рэвалюцыі, у адрас УЦВК 1 яго старшыні i ўручыў М. I. Калініну ад выпускнікоў сцяг-плакат з намаляванымі на ім селянінам, рабочым і чырвонаармейцам. Камісар курсаў Лашчук, павіншаваўшы выпускнікоў, пажадаў ім паспяховай службы ў радах Чырвонай Арміі і запэўніў, што выпускнiкi Магілёўскіх камандных курсаў будуць стойкімі барацьбітамі за правы прыгнечаных.
Потым выступіў М. I. Калінін, які адзначыў, што, гледзячы на маладых афіцэраў, новую армію і яе камандны састаў, ён не сумняваецца, што з такой арміяй Мы можам моцна біць нашых ворагаў. Ён сказаў, што зараз цяжкі момант. Чырвоная Армія паспяхова б’е ворагаў на Усходнім фронце, але пакуль што церпіць нямала паражэнняў на Паўднёвым. Павіншаваўшы курсантаў ад імя ўлады рабочых і сялян; Усесаюзны стараста выказаў надзею, што чырвоныя камандзіры палымяным словам сапраўдных змагароў за рэвалюцыйныя пераўтварэнні змогуць схіліць на свой бок шмат каго са старога афіцэрства і наблізіць іх псіхалогію да псіхалогіі савецкіх салдат.
— Развітваючыся з вамі, — у заканчэнне свайго выступлення сказаў М. I. Калінін, — я заўсёды буду памятаць выпуск Магілёўскіх камандных курсаў і ўпэўнены, што вы будзеце моцна трымаць у сваіх руках чырвоны сцяг рэвалюцыі, пакуль усе ворагі Савецкай рэспублікі не будуць знішчаны.
Пасля мітынгу курсанты камандзіры прайшлі строем міма Усесаюзнага старасты, які трымаў у руках падораны яму сцяг-плакат.