Падарожжа ў летапiс // Магiлёўская праўда. — 1977. — 2 лiстапада.
— Ці ёсць весткі з Магілёва?
Смольны — штаб Кастрычніка з трывогай чакаў. Там, у горадзе на Дняпры, ключ для спынення імперыялістычнай вайны, для ўсталявання рэвалюцыі.
Спяшаюцца ў Магілёў атрады «Аўроры» і «Пуцілаўца» на чале з першым савецкім Вярхоўным Галоўнакамандуючым М. В. Крыленкам. Спяшаюцца, каб збавіць краіну ад контррэвалюцыйнай Стаўкі, каб гораду дапамагчы стаць савецкім. I вось ужо лунае над шматвяковай ратушай Чырвоны сцяг.
Так драматычна пачынаўся шасцідзесяцігадовы кастрычніцкі шлях Магілёва. Шлях баявы і працоўны. Шлях нялёгкі і пераможны. У грамадзянскую горад быў прыфрантавым. Адсюль накіроўваў на захад палкі 16-й Чырвонай Арміі член Рэўваенсавета Сярго Арджанікідзе. Адсюль ішлі на ўсход супраць Калчака гарбары і металісты.А на подступах да горада стаяў насмерць 35-ы бронеатрад.
Першыя савецкія гады… У швейных і шавецкіх майстэрнях наладжвалі «тыдні дапамогі чырвонаармейцам». У Доме працы людзі збіраліся на камуністычныя мітынгі, слухаць прамовы першага старшыні партыйнага камітэта М. Ц, Максімава, сакратара павятова-гарадскога камітэта партыі, дэлегата першага з’езда Саветаў СССР К. Ф. Бенекі, вітаць «Усерасійскага старасту» М. I. Калініна.
Першыя савецкія гады… Голад у Паволжы, паліўны крызіс у пралетарскіх цэнтрах. Сем’ямі сустракаюць рабочыя паязды з дзецьмі Самары і Саратава, каб абагрэць і накарміць. Добраахвотныя маладзёжныя атрады адпраўляюцца на лесанарыхтоўкі.
Лакаматыў рэвалюцыі няспынна рухаўся наперад. На ўскраіну горада маршыравала першамайская маніфестацыя. Над калонамі сцягі і рыдлёўкі. На чале дэманстрацыі дэлегаты акруговага з’езда Саветаў. Пад акампанемент мелодыі «Смела, таварышы» дэманстранты капалі катлаван. Газета «Камунар Магілёўшчыны» з пафасам пісала тады: «Пройдзе час, ападуць рыштаванні і ўзнімуцца над Дняпром карпусы шаўковай фабрыкі — другой у Савецкім Саюзе па-свайму значэнню вытворчасці». Адбылася гэтая падзея ў трынаццатую гадавіну рэвалюцыі: «Сёння шаўковай сірэна прагучала аб новай перамозе. Краіна горача вітала стваральнікаў шаўковай — «ударны атрад вялікай арміі байцоў за сацыялізм».
Магілёў жыў індустрыялізацыяй. I калектывізацыяй. Горад сардэчна сустракаў 40 пасланцоў завода «Чырвонае Сормава» — славутых калгасных старшынь-дваццаціпяцітысячнікаў. Горад заключыў сацыялістычны дагавор на дапамогу вёсцы з ленінградскім Іжорскім заводам.
Магілёў жыў культурнай рэвалюцыяй. Яго тэатр ставіў «Паэму аб сякеры» Мікалая Пагодзіна. З музыкай i лозунгамі ішоў у кінатэатр «Чырвоная зорка» глядзець «Чапаева». Горад быў інтэрнацыяналістам. Збіраў грошы на французскую камуністычную газету «Юманітэ», падтрымліваў вязня фашысцкай турмы Георгія Дзімітрава, вітаў рэспубліканскую Іспанію.
…Тысячныя чэргі ў ваенкаматах, тысячныя людскія ланцугі на будаўніцтве абарончых паясоў. Грозны фронт сорак першага хутка наступаў на Магілёў. I вось ужо горад у катле. Але ён трымаецца, каб паслабіць варожы націск на Смаленск, на Маскву. Тыдзень за тыднем дні 1 ночы ідзе бой за «Мадрыд над Дняпром». Гінуць, але не адступаюць палкі палкоўнікаў С. Ф, Куцепава і I. С. Мазалава, міліцэйскі батальён капітана К. Р. Уладзімірава. I толькі па загаду Галоўнага камандавання выходзяць з акружэння рэшткі гераічнай дывізіі генерала М. Ц. Раманава.
Фронт далёка на ўсходзе, а акупіраваны Магілёў застаецца салдатам. Вядзе трагічную барацьбу ў падполлі. Піша лістоўкі, вызваляе турму, страляе ў фашыстаў, дапамагае партызанам, вядзе разведку. Колькі высакародных сэрцаў згарэла ў гэтым змаганні! Назавём толькі некалькі імён: Леанід Лорчанка I Альгерд Гарошка, Вольга Жывапісцава і Таццяна Карпінская, Іван Лысіковіч i Георгій Захар’ян.
…Па разбуранай Першамайскай ішлі i iшлi салдаты, стомленыя, запыленыя, але радасныя. 3 Беларусі выганялі фашыстаў. 28-га Масква салютавала Магілёву, а праз дзень-два ён ужо стаў савецкім тылам. Горад славіў другі Беларускi фронт, арміі генералаў I. Ц. Грышына i I. В. Болдзіна, горад развітаўся з генералам I. С. Лазарэнкам, старшым лейтэнантам М. А. Яцьгаам i многімі iншымi вызваліцелямі.
…У Магілёў прыбывалі эшалоны з Урала i Каўказа, Сібіры i Узбекiстана. У Магілёў пасылалі цэглу i станкі, абутак i сшыткі. Каб горад зноў стаў горадам. А магіляўчане з азартам аднаўлялі жыццё шаўковай і швейнай, выпускалi першы лакамабіль i першы корд.
А потым былі яркія пяцігодкі развіцця, уздыму, росквіту краіны, усіх яе гарадоў і вёсак. Дзякуючы Ім і 284-тысячны Магілёў жыве зараз паўнакроўным жыццём горада краіны развітога сацыялізму.