Біёграф Магілёва

Філіповіч, Іерэмія. Біёграф Магілёва  / Іерэмія Іосіфавіч Філіповіч ; гутарку вёў В. Юшкевіч // Могилевская правда. — 1989. — 10 февраля.

У Магілёве лічаныя людзі дасканала ведаюць біяграфію свайго горада, пачынаючы з яго нараджэння. Сярод іх — Іерэмія Іосіфавіч Філіповіч. Ён не толькі выдатны знаўца многіх стагоддзяў, але і даследчык іх тайнаў. Большую частку свайго жыцця Іерэмія Іосіфавіч прысвяціў пошукам невядомых старонак і падзей у гісторыі Магілёва і Прыдняпроўскага краю. Сёння ён уладальнік каштоўнейшых сістэматызаваных матэрыялаў, у якіх адлюстравана жыццё горада на працягу сямі стагоддзяў. Спадзяёмся, што гутарка з Іерэміям Іосіфавічам ФІЛІПОВІЧАМ зацікавіць нашых чытачоў.

 — Кажуць, Іерэмія Іосіфавіч, што вы на «кароткай назе» з любым стагоддзем у біяграфіі Магілёва?

— Чуткі — гэта шалупінне. Ісціна заўсёды больш будзённая. Так і са мной. Я сапраўды вывучаю гісторыю Магілёва і Прыдняпроўскага краю. Увесь свабодны час, водпускі аддаю рабоце ў бібліятэках, кнігасховішчах, архівах. Працаваў у ленінградскіх, вільнюскіх, маскоўскіх бібліятэках, вяду перапіску з вучонымі, падтрымліваю сувязі з Акадэміяй навук СССР. За доўгія гады я даследаваў 198 фондаў у 1556 адзінках захавання. Усё цікавячае мяне занесена ў 11.200 картатэк. Многа? Магчыма, але гэта зусім не значыць, што я «на кароткай назе» са стагоддзямі. Многае невядома…

— У якім стане сабраная вамі інфармацыя?

— Большасць звестак сістэматызавана. Да прыкладу, хроніка г. Магілёва 1267 — 1696 гг. у трох кнігах. Асобныя тамы — хроніка го­рада 1917-18-19 гадоў. Склаў гісторыі: будаўніцтва ў Магілёве ў XVI—XVII стагоддзях; кафедральнага сабора; гарадской бібліятэкі; Савецкай плошчы; горада Чэрыкава. Асобна збіраю ілюстрацыі. Сабраў 200 здымкаў дарэвалюцыйнага МагІлёва. А ўсяго —   1300 гравюр, малюнкаў. Фатаграфій.

— Калі вы адчулі ў сябе цікавасць да краязнаўства?

— У 1930 годзе ў букіністычным магазіне я купіў трохтомнік Дэмбавіцкага. Прачытаў і зацікавіўся — калі ж узнік Магілёў? 3 таго часу ўсё і пачалося.

— Мы вядзём афіцыяльны адлік Магілёву з 1267 года. Аднак на беразе ракі Дубравенкі знойдзена куды больш старажытнае паселішча чалавека…

— Безумоўна, людзі жылі на высокай дняпроўскай кручы ў месцы зліцця Дняпра і Дубравенкі задоўга да хрышчэння Русі. Аб гэтым сведчаць многія факты. Аднак якога-небудзь рэальнага ўпамінання аб узнікненні паселішча не знойдззна. Ёсць адзінае пісьмовае сведчанне аб будаўніцтве Спаска-Прэабражэнскай царквы ў 1267 годзе. 3 гэтага года і вырашана весці адлік узросту Магілёва. Хаця мы ведаем, што цэрквы на пустым месцы не ўзводзяцца. Значыць, існавала ўжо паселішча людзей.

— Іерэмія Іосіфавіч, маг­чыма, вы ўнесяце яснасць у вытокі назвы горада. Сёння маюць шырокую вядомасць паданні, што нібыта князь Леў Могій, Леў Галіцкі тут пахаваны. Слова магіла і імёны трансфарміраваліся ў слова Магілёў. I яшчэ. Жыў тут некалі Машэка, слаўны раз­бойнік. Народ і назваў пасля яго гібелі месца пахавання Магілай Льва. А на самой справе, адкуль паявілася сло­ва Магілёў?

— Сцвярджаю, што князь Могій наогул не існаваў у гісторыі. Леў Даніілавіч, князь Галіцкі, тут не бываў. Даставерна вядома, што яго магіла знаходзіцца ў г. Галічы. Машэка — персанаж народнага фальклору. Юрыдычнае сведчанне аб назве Магілёва мы знаходзім у Баркалабаўскім летапісу:  «Лета І526 вялікі замак зароблен і прынята многа гары Магілы, на якой цяпер замак Магілёў стаіць на горце Магіле». Такім чынам, на сеннянім Гістарычным валу ў 1526 годзе ўзведзен замак Магілёў. Як называлася паселішча з 1267 па 1526 год — невядо­ма.

— Сярод шчыльнага пато­ку падзей адбываліся гістарычныя і сацыяльныя казусы. Ці сустракаліся яны вам у дакументах?

— Чаму ж. У 1921 годзе, напрыклад, у Магілёве быў прададзены дом за 1 мільярд рублёў.

— Вы даўно супрацоўнічаеце з рэдакцыяй Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. Ёсць звесткі, што вы аказалі таксама каштоўную паслугу і польскім сябрам.

— Я даволі многа часу правёў у архівах Вільнюса. Спадарожна знаходзіў цікавыя старажытныя дакументы, якія датычаць гісторыі Польшчы. У прыватнасці, я ведаў з друку, што польскія ўлады вырашылі зноў пабудаваць разбураны ў вайне з гітлераўскай Германіяй выдатнейшы помнік дойлідства Каралеўскі замак. Калі сустракаў дакументы, якія яго датычылі, здымаў копіі. Усё знойдзенае адаслаў у Варша­ву. Адтуль прыйшло пісьмо з удзячнасцю: «Паважаны пан Філіповіч! Градмадзянскі камітэт рэстаўрацыі Каралеўскага замка сардэчна дзякуе Вам за дакументы і сем фотаздымкаў старой Варшавы. Ваш дар абагаціў архітэктуру Каралеўскага зам­ка. Просім прыняць нашу павагу. Дырэктар бюро аднаўлення Каралеўскага замка магістр Войцэх Ліпінскі. 23.07.1973 г.».

— Варта меркаваць, што дакументы ў вільнюскіх архівах былі не на беларускай мове. У такім разе вы ведаеце літоўскую мову?

— Ваша пытанне з падтэкстам — якая ў мяне адукацыя? Расчарую. Скончыў усяго 7 класаў і два курсы даваеннага палітасветінстытута. Літоўскую мову не ве­даю, а вось старапольскую вывучыў добра. Дарэчы, гісторыя цесна звязала Літовію і Вільнюс з дзяржавай Паспалітай. Таму, натуральна, у архівах мноства дакументаў на старапольскай мове.

— Над чым сёння працуеце?

— Цікаўлюся гісторыяй Магілёўскага стараства ў сярэдзіне XVI—XVII стагоддзяў, а таксама аграрнай рэформай 1594 —1604 гг.

— Іерэмія Іосіфавіч, а як вы распараджаецеся сваім багаццем? Яно вельмі каштоўнае для Магілёва…

— Пішу па заказу артыкулы ў энцыклапедычныя выданні. Мае матэрыялы горад не цікавяць. Доўгія гады абласная газета не прадастаўляе магчымасць публікавацца. Краязнаўства ў Магілёве не ў пашане.

— Як вы ацэньваеце гісторыю Магілёва?

— Найбагацейшая. Магілёў адзін з нямногіх гарадоў у Еўропе карыстаўся прагрэсіўным па таму часу Магдэбургскім правам… Словам, меў, як кажуць, сваю марку. Трэба «марку трымаць» і за­раз.

 1

Гутарку вёў В. ЮШКЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: I. I. ФІЛІПОВІЧ.