Гардзееў, Б. У высокіх паўночных шыротах / Б . Гардзееў // Магілёўская праўда. — 1989. — 24 лістапада.
Іосіф Маркавіч Нядзвецкі нарадзіўся ў 1908 годзе ў Магілёве. Працаваў качагарам і машыністам кацельнай Магілёўскай цукеркавай фабрыкі «X год Кастрычніка». У 1935 годзе на вярбоўцы паехаў у Ленінград, дзе стаў машыністам вядомага ў краіне ледакола «Ермак». У саставе экіпажа «Ермака» ўдзельнічаў у выратаванні зацёртых ільдамі ў Паўночным Ледавітым акіяне ледакольных параходаў «Садко», «Малыгін» і «Георгій Сядоў»…
Коратка аб гісторыі, якая здарылася з «Сядовым».
У 1937 годзе ў Арктыцы зімавала 25 розных суднаў. Тры ледакольныя параходы заціснула ў моры Лапцевых і нанесла на поўнач. У навігацыю 1938 года большасць караблёў была вызвалена з лёдавага палону, але гэтыя тры параходы працягвалі дрэйфаваць на паўночны ўсход. Лётчыкі палярнай авіяцыі вывезлі на мацярык 184 чалавекі з саставу іх экіпажаў. На параходах засталося толькі 33 чалавекі. Да канца лета 1938 года караблі дасягнулі ўжо 83-й паралелі. У тэты час да іх прабіўся «дзядуля» савецкага ледакольнага флоту «Ермак» і змог вывесці на чыстую ваду «Садко» і «Малыгіна».
На «Сядове» ж аказалася пашкоджаным рулявое кіраванне. Ісці самастойна за «Ермаком» ён не мог. Вывесці параход на буксіры праз ільды не ўдалося. Давялося пакінуць яго ў Арктыцы на новую зімоўку. На борце карабля вырашана было пакінуць экіпаж у саставе 15 добраахвотнікаў. Сярод іх быў і наш зямляк — I. М. Нядзвецкі.
29 жніўня 1938 года, абмяняўшыся развітальнымі гудкамі, караблі рассталіся, і «Сядоў» працягваў свой дрэйф у адзіноце. Іосіф Маркавіч, памахаўшы рукой услед «Ермаку», заспяшаўся ў машыннае аддзяленне парахода: яно ўжо больш як год было прадметам асаблівага клопату нешматлікага экіпажа.
— Ваша жаданне застацца на «Сядове» пахвальна,— сказаў капітан карабля К. С. Бадзігін. — Але вы павінны штомінутна… Падкрэсліваю: штомінутна!.. памятаць, — дадаў ён, — што ў вашых руках знаходзіцца жыццё судна і экіпажа.
Усе 812 дзён бяспрыкладнага дрэйфу I. М. Нядзвецкі памятаў гэтыя словы капітана і адчуваў на сваіх плячах груз вялікай адказнасці, уciмі сіламі дапамагаў маракам.
Роўна праз год «Георгій Сядоў» дасягнуў самай паўночнай кропкі — 86 градусаў 39 мінут паўночнай шыраты і 47 градусаў 55 мінут усходняй даўгаты, і пасля гэтага карабель нанесла на поўдзень у праліў паміж Шпіцбергенам і Грэнландыяй. Шмат цяжкіх выпрабаванняў перанеслі сядоўцы: яны перажылі 153 сцісканні льдоў, не раз карабель быў на грані гібелі і каманда рыхтавалася да высадкі на лёд. А аднойчы льдзіны нахілілі «Сядова» на 30 градусаў, і вада хлынула ў машыннае аддзяленне. «Гераізм і спакой машыннай каманды, — успамінаў пазней начальнік Галоўпоўначмаршляху I. Д. Папанін, — выратавалі карабель».
…Трэск і грукат напаўзаючых адна на адну гіганцкіх ільдзін зліваліся ў адзіны і грозны гул стыхіі. Здавалася, жалобна стагналі надбудовы «Сядова», па яго корпусу часамі праходзілі нібы б нервовыя дрыжыкі. Уважліва аглядаючы сцены корпуса карабля ў машынным аддзяленні, Іосіф Маркавіч з трывогай выявіў яшчэ невялікую трэшчыну. Праз яе са злосным шыпеннем і свістам урывалася забортная вада.
— Аўра-а-а-ал! — закрычаў ён, прыцягваючы ўвагу двух сваіх таварышаў і, абхапіўшы цяжкі драўляны брус з загадзя нарыхтаваных аварыйных матэрыялаў, кінуўся да трэшчыны, з цяжкасцю наваліўся на яе спінай.
Тры гадзіны Іосіф Маркавіч з таварышамі змагаўся за жыццё карабля. На трэшчыну быў накладзены трывалы пластыр.
Гэта толькі адзін эпізод з біяграфіі магіляўчаніна ў час дрэйфу «Сядова». Былі і іншыя, не менш хвалюючыя і драматычныя, дзе праявіліся яго талент механіка-машыніста, мужнасць, смеласць і знаходлівасць.
Толькі 12 студзеня 1940 года «Георгій Сядоў» сустрэўся ў разрэджаных ільдах Ледавітага акіяна з караблямі, пасланымі на яго выручку з палону. 1 лютага сфдоўцы ўступілі на родную зямлю, а праз два дні чыталі ў «Правде» Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні ўсім ім высокага звання Герояў Савецкага Саюза.
Подзвіг сядоўцаў, адзначала газета ў перадавым артыкуле, вялікі. Гэтыя мужныя людзі, змагаючыся з непагодай і холадам, цемрай і аднастайнасцю палярных будняў. змаглі правесці значную даследчую работу, зрабілі важныя навуковыя адкрыцці.
…У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны I. М. Нядзвецкі пайшоў на фронт. Пасля разгрому гітлераўскай Германіі зноў вярнуўся на работу ў Арктыку — узначаліў адну з палярных станцый. 26 снежня 1959 года трагічна загінуў, да канца выканаўшы свой службовы абавязак. Пахаваны ў Маскве.
На жаль, у Магілёве мала што ведаюць аб подзвігах свайго героя-земляка. Нічога пакуль не зроблена для ўвекавечання імя гэтага слаўнага і мужнага чалвека.
Б. ГАРДЗЕЕЎ.
член Саюза журналістаў СССР.