Яцкевіч, Зміцер. Зямля старажытная горада/ Зміцер Яцкевіч // Вестник Могилёва. — 1990. — 6 сентября.
Археалогія… Здаецца, столькі рамантыкі ў гэтым слове. Старажытныя курганы, піраміды… Але так толькі здаецца на першы погляд, калі бачым вынікі даследаванняў у музеі ці якой небудзь кнізе. На самой справе ўсё інакш. У археолага шмат будняў, якія напоўнены цяжкай, часам нават нуднай працай. I потым марыш толькі аб тым, як хутчэй дабрацца да ложка. На жаль, і там не заўсёды знаходзіш спакой і адпачынак. Сняцца шурфы, раскопы, напластаванні нашай шматпакутнай зямлі. Кожны пласт — гісторыя роднага Магілёва: будаўніцтва, пажары, разбурэнні, зноў адраджэнне. I так стагоддзе за стагоддзем. Усё гэта, як у кнізе чытаеш у шматвяковых напластаваннях культурнага слою, пакінутага нашымі продкамі.
У гэтым невялікім артыкуле хацелася б расказаць аб выніках археалагічных даследаванняў мінулага і часткова гэтага года. Трэба адзначыць, што іх масштабы былі самымі вялікімі на Беларусі, а таксама ў некалькі разоў больш масштабныя за ранейшыя даследаванні, што праводзіліся ў горадзе за апошнія сто год.
Вядома, што аб’ём вызначае якасць і вынікі. Але гэта былі аварыйныя раскопкі, якія праводзіліся ў месцах знішчэння культурнага слою у выніку разнастайных будаўнічых работ. Часткова мэтай была выпрацоўка праектнай дакументацыі па рэстаўрацыі помнікаў грамадзянскай архітэктуры XVIII-XIX стагоддзяў, што знаходзяцца на вуліцы Ленінскай, былой Ветранай, потым Вялікай Садовай.
Акрамя цікавых знаходак, расколю далі магчымасць удакладніць, а ў некаторых выпадках і паставіць новыя загадкі перад даследчыкамі гістарычнай тапаграфіі горада. Напрыклад, быў ускрыты шэраг драўляных і мураваных пабудоў XVI-XIX стагоддзяў, якія адсутнічаюць на гістарычных планах горада. Пашанцавала нам натрапіць на драўляную маставую XVI-XVIII стагоддзяў. У даным выпадку гэта вуліца калісьці злучала Каралеўскую браму (што знаходзілася на сучаснай Тэатральнай плошчы), і Спаскую царкву (на яе месцы зараз будтрэст № 12). У сучаснай тапаграфіі горада гэтай вуліцы не існуе.
Хацелася нагадаць, што большая частка жыхароў абласнога горада не ведае гістарычнай тапанімікі Магілёва. I не толькі таму, што ў большасці сваёй яна знішчана. Да прыкладу, дагэтуль жывуць сярод магілёўцаў такія гістарычныя назвы, як вуліца Biленская. Святое возера, Лупалава, але так сталася, што не заўсёды могуць растлумачыць іх паходжанне. Возьмем назву задняпроўскай часткі горада — Лупалава. Яшчэ ў XVI стагоддзі там пачалі сяліцца рамеснікі. У сваёй большасці гэта былі кушняры, якія лупілі скуры. Адсюль і пайшла назва Лупалава. Лупалаўскія майстры рабілі цудоўныя скураныя вырабы, якія славіліся як на Усходзе (Маскоўская дзяржава), так і на Захадзе (Польшча, Германія і іншыя). Захавалася шмат архіўных дакументаў, якія падцвярджаюць гэта, але матэрыяльнага сведчання не было. I вось доўгачаканыя знаходкі разнастайных скураных вырабаў. Гэта і звычайны сярэдневяковы абутак XVI- XVIII стагоддзяў, і сапраўдныя мастацкія творы: верхняя частка жаночага чаравіка, упрыгожаная перфарыраваным малюнкам, і скураны пояс з малюнкам, выкананым у тэхніцы ціснення. Абедзве рэчы зроблены на першакласным узроўні агульнаеўрапейскіх стандартаў XVII стагоддзя.
Другімі па сваім значэнні знаходкамі (калі ўвогуле магчыма падзяліць) з’яўляюцца вырабы з кафлі. Разам з іншымі керамічнымі рэчамі (кухонны бытавы посуд, цацкі, люлькі і іншыя) складаюць 80 працэнтаў усёй археалагічнай калекцыі.
Асаблівую ўвагу прыцягваюць тры тыпы кафлі, знойдзеныя ўпершыню не толькі ў Магілёве, але і ў Беларусі. Гэта карункавая паліхромная кафля ў выглядзе жанчыны, апранутай у барочнае адзенне, і дзве сцянныя. Першая — з выявай «Пагоні», якая скача ў бок замка, у вежавай браме якога стаіць рыцар з узнятым мячом» Другая — з ільвамі, якія трымаюць геральдычны шчыт з выявай двухглавага арла, які трымае скіпетр і дзяржаву. Абодва варыянты прадстаўлены як зяленапаліванымі, так і паліхромнымі асобнікамі. Знаходжанне на магілёўскай кафлі XVII стагоддзя дзяржаўнага герба не выклікае ніякага здзіўлення, тым больш, што «Пагоня» з’яўляецца адным з элементаў гарадскога герба. А вось выява герба варожай дзяржавы, выкананага ў еўрапейскай геральдычнай традыцыі, на першы погляд можа паставіць у тупік любога навукоўца. Але тлумачэнне знаходзіцца ў гісторыі Магілева, які з 1654 года па 1661 год быў акупіраваны маскоўскімі войскамі. Мёнавіта ў гэты час мясцовыя кафляры, відаць, і зрабілі гэтыя цудоўныя мастацкія творы для якога-небудзь высокага чына маскоўскай арміі.
Мне здаецца, што можна амаль бясконца расказваць пра цудоўныя творы магілёўскіх майстроў, якія, спадзяюся, зоймуць сваё месца ў музеі гісторыі горада і пра іх напішуць не адзін артыкул, не адну кнігу… I ў буйнейшага на Беларусі горада XVI-XVІІІ стагодзяў з’явіцца свой твар, свае традыцыі. I, урэшце, будзе напісана сапраўдная яго гісторыя. Менавіта для гэтага патрэбны намаганні ўсіх магілёўцаў, таму што ім патрэбны культура, духоўнасць, памяць…
Зміцер ЯЦКЕВІЧ, археолаг, член краязнаўчай камісіі БФК.
НА ЗДЫМКАХ: карункавая кафля XVII стагоддзя і фігуркі для ўпрыгожвання печаў.