Бадзяка, Аляксандр. Чалавек, які пабудаваў завод : [гутарка з дырэктарам магілёўскага прадпрыемства «Тэхналіт» А. Бадзяка] / Аляксандр Бадзяка ; гутарыла Нэлі Зігуля // Звязда — 2017. — 14 снежня. — С. 1, 4.
Дырэктар магілёўскага прадпрыемства «Тэхналіт» Аляксандр Бадзяка пра тое, чаму інавацыі цяжка прыжываюцца на прадпрыемствах і навошта трэба перачытваць Пушкіна.
Навука і эканоміка — паняцці супастаўныя. Узровень развіцця краіны цалкам залежыць ад таго, наколькі актыўна прадпрыемствы выкарыстоўваюць інавацыі. На жаль, не заўсёды навуковыя распрацоўкі адразу ж знаходзяць сабе прымяненне на практыцы. Але ёсць такія апантаныя людзі, якія ідуць на неверагодныя ўчынкі, каб толькі рэалізаваць сваю ідэю.
Бо бачаць на паўкроку наперад, чым іншыя. Адзін з іх Аляксандр Міхайлавіч БАДЗЯКА — кандыдат тэхнічных навук, кіраўнік унікальнага прадпрыемства па вытворчасці камплектуючых і запасных частак для аўтатрактарнай, дарожнай, чыгуначнай, сельскагаспадарчай, будаўнічай і спецыяльнай тэхнікі. Ён жа — «Чалавек года», лаўрэат Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі, уладальнік медаля Францыска Скарыны. Завод, які ён стварыў 20 гадоў таму, і зараз лічыцца адным з перадавых у свеце. Над працоўным сталом Аляксандра Бадзякі лунае бусел з поршневым кальцом у дзюбе.
Гэта таварны знак прадпрыемства, сімвал таго, што такую прадукцыю ў Беларусі яшчэ ніхто дагэтуль не рабіў. У такіх пытаннях Бадзяка наогул педант.
Для яго вельмі важна, каб нішто не скажала сэнс — ні ў сімвалах, ні ў словах.
Яшчэ ў школе яму, зусім яшчэ малому хлопцу, цікавасць да пазнання навакольнага свету прывілі два чалавекі — матэматык і настаўнік рускай літаратуры, які падараваў трэцякласніку трохтомнік Аляксандра Пушкіна.
У выніку атрымаўся «паэт» з тэхнічным ухілам. Не дзіўна, што суразмоўца не аднойчы падмацоўваў свае думкі вершаванымі цытатамі.
І гэта пры тым, што размова ішла выключна пра навуку і прамысловасць.
— Напэўна, таму вы так лёгка з супрацоўніка Інстытута тэхналогіі металаў НАН Беларусі перакваліфікаваліся ў прамыслоўца?
— Тыя веды, якія я напрацаваў за гады работы ў сістэме Акадэміі навук, дапамаглі і дапамагаюць усё маё вытворчае жыццё. Чаму пайшоў з навукі, пытанне вельмі складанае. Не столькі таму, што ў пачатку «нулявых» было цяжка грошы зарабіць, проста шмат чаго стала ператварацца ў фармальнасць. Акадэмічная навука павінна цалкам фінансавацца з бюджэту, а ў той час на яе выдзялялася толькі 25—30% неабходных на ўтрыманне лабараторыі і персаналу грошай. Астатнія прыходзілася зарабляць на гаспадарча-дагаворных работах. У такіх умовах нельга развіваць акадэмічную навуку. Розум толькі тады ў стане генерыраваць думкі, калі ён вольны ад гаспадарчай руціны. Навуковец — гэта мысліцель. Ён не павінен залежаць ад заробку, нейкіх інструкцый, пастаноў. Большая частка думак, якія мне пашчасціла матэрыялізаваць, наогул прыходзіла пад раніцу, калі мозг адпачыў ад руціны.
Што датычыцца завода, то тэхналогія ліцця чыгуну метадам намарожвання была распрацаваная яшчэ да мяне, я падключыўся на стадыі, калі яе спрабавалі ўкараняць у прамысловасць. Яна праходзіла выпрабаванні на розных прадпрыемствах, і не толькі магілёўскіх, але была настолькі радыкальна новай, што яе проста не разумелі. Ніхто не ведаў, як апрацаваць адліўку, бо гэта быў новы прынцып крышталізацыі. Мне стала шкада ўсё проста так кінуць, і я сам узяўся за гэтую справу. Было так цяжка, што словамі не перадаць. Прыйшлося ўзяць 8 ліцэнзій Праматамнагляду для таго, каб справа зварухнулася з месца. Ніхто не хацеў брацца праектаваць, будаваць, манціраваць новую прамысловасць. Цяпер сам здзіўляюся, як я ўсё гэта змог зрабіць. Без грошай, без сувязяў. Прэзідэнт летась спытаўся, чаму мы так доўга развіваліся? Што мне было на гэта сказаць? Тое, што ў ідэі грошы ніхто не ўкладае? А без грошай і маёмасці ніводны банк не дае крэдыт.
— Але ж ваш, можна сказаць, грамадзянскі подзвіг быў адзначаны высокай узнагародай.
— Так. Менавіта за гэтую распрацоўку і ўкараненне яе на «Тэхналіце» я і яшчэ два супрацоўнікі Інстытута тэхналогіі металаў НАН Беларусі — акадэмік Яўген Мануковіч і кандыдат тэхнічных навук Уладзімір Беўза — у 2010 годзе атрымалі дзяржпрэмію ў галіне навукі і тэхнікі. Уся наша прадукцыя імпартазамяшчальная. Дэталі з чыгуну, атрыманага метадам намарожвання, у 30 разоў трывалейшыя за аналагі з больш дарагіх сплаваў. На іх зрабілі стаўку ўсе машынабудаўнічыя заводы Беларусі і Расіі. Для БелАЗа вырабляем камплектуючыя, дзе замянілі нашымі чыгунамі сталь і бронзу, атрымаўшы каласальны эканамічны і тэхнічны эфект. Працуем з МАЗам, Барысаўскім заводам агрэгатаў, Мінскім трактарным заводам і іншымі. Робім шмат камплектуючых для рухавікоў спецыяльнай тэхнікі, для марскіх суднаў, лакаматываў для чыгункі. На постсавецкай прасторы мы адзіны пастаўшчык кольцаў для турбакампрэсараў, якія рабіліся спецыялізаванымі заводамі. Мы ўсіх іх з рынку выціснулі.
— Ад чаго залежыць формула паспяховасці? І адкуль наогул бяруцца ўнікальныя ідэі?
— Адзін з самых эфектыўных, калі не самы эфектыўны метад пазнання, гэта тое, што ты пачуў ад больш дасведчанага спецыяліста. А вось электронныя сродкі інфармацыі, якімі зараз так актыўна ўсе карыстаюцца, гэта не што іншае як адурманьванне мас. Лепшай крыніцы, чым кніга або часопіс, няма. Але сёння ўжо ніхто ў даведнікі не заглядвае. Людзі лічаць, што гэта ім не патрэбна. Але, што можна зразумець, пачытаўшы інфармацыю ў інтэрнэце? Калі мы карысталіся літаратурай, я ішоў у бібліятэку, канспектаваў, гэта надоўга адкладвалася ў галаве. Трэба столькі загнаць рознай інфармацыі, каб мозг пачаў яе абагульняць. І, абагульняючы, выдаваў новыя творчыя ідэі. І тады адбываецца тое самае, пра што так добра сказаў Пушкін: «О, сколько нам открытий чудных / Готовят просвященья дух / И опыт, сын ошибок трудных, / И гений, парадоксов друг, / И случай, Бог изобретатель». Які ж ён разумнік гэты Пушкін, як тонка ўсё заўважыў. Менавіта выпадак — Бог вынаходнік. Гэта тое, пра што я казаў: спачатку веды ўкласці, а потым выпадак і — адкрыццё. Ты нешта ўбачыў — і прарвала. Вось яно вынаходніцтва.
— Кіраўнікі вядучых прамысловых прадпрыемстваў часта скардзяцца, што не хапае тэхнічна дасведчаных кадраў.
— Я даўно разумеў, што іх табе ніхто не дасць, таму вырасціў сам. З трэцяга курса бяром на практыку студэнтаў. Яны пішуць курсавыя, дыпломы. Прэстыж ісці ў навуку прапаў. Я тут кардынальна ўсё перайначыў бы. У тэхніцы замест дысертацыі павінен быць навуковы даклад па выніках нейкай тваёй распрацоўкі. Проста ідэю ў кагосьці злізаў, дадумаў, зрабіў. Што такое навука? Гэта новыя веды. Дапоўніў, дапрацаваў — важны вынік. Столькі фармальнасцяў, апускаюцца рукі.
— Раней кузняй высокакваліфікаваных кадраў для тэхнічнай прамысловасці быў Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут, цяпер БРУ (Беларуска-Расійскі ўніверсітэт). Узровень той падрыхтоўкі застаўся?
— Не кажыце пры мне гэтую непрыстойную абрэвіятуру — БРУ. Гэта чарговае глупства. Пра што гэты ўніверсітэт? Тэхнічны? Педагагічны? Дзе гэта бачна? Гучала прыгожа — машынабудаўнічы інстытут. Калі працаваў у навуковым інстытуце і шмат ездзіў па розных навуковых установах і прадпрыемствах Савецкага Саюза, мой дыплом аб заканчэнні гэтага машынабудаўнічага інстытута заўсёды каціраваўся вельмі высока. Гэта была шырока прызнаная навукова-будаўнічая школа. Зараз нават назву яго дэвальвавалі. У навуцы нельга грэбаваць імем. Як вы лодку назавяце, так яна і паплыве.
Розум толькі тады ў стане генерыраваць думкі, калі ён вольны ад гаспадарчай руціны.
—А што трэба, каб навуку падняць на вышэйшы ўзровень?
— Нехта з амерыканскіх прэзідэнтаў сказаў: мы так шчодра фінансуем навуку не таму, што багатыя, мы багатыя таму, што так шчодра фінансуем навуку. Гэта вельмі важна. Паглядзіце на гісторыю той жа японскай станкабудаўнічай кампаніі Mazak. Яе гаспадар расказваў, што пасля Другой сусветнай вайны, калі востра стаяла неабходнасць аднавіць эканоміку краіны, ён дабіўся прыёму ў прэм’ер-міністра і сказаў яму, што ведае як рабіць станкі і можа арганізаваць іх вытворчасць. У яго было невялікае рамеснае прадпрыемства, але яму паверылі.
І — дапамаглі. Сёння на такіх кампаніях, як Mazak, трымаецца ўвесь бюджэт Японіі. І ніхто не баіцца, што яна прыватная, а не дзяржаўная. Галоўнае, што ты робіш і наколькі гэта запатрабавана.
— Ці шмат у Магілёве прадпрыемстваў, якія робяць стаўку на навуку?
— Супрацоўнічаем з ліфтабудаўнічым заводам. Разам аналізуем, як можна прымяніць нашы распрацоўкі. На БелАЗе вельмі моцная канструктарская школа. Завод будаваўся з нуля, як той казаў, у чыстым полі. Там сфарміравалася каманда тых, хто сам імкнуўся наперад. Такой канструктарскай школы, як на гэтым прадпрыемстве, няма нідзе. Я імі захапляюся. З ідэі нарадзілася прадпрыемства па вытворчасці шкла «Кува». Мы з яго кіраўніком працавалі ў суседніх інстытутах, прайшлі амаль аднолькавую сцежку, пачыналі з нуля і працавалі на голым энтузіязме. Але такіх прадпрыемстваў, на жаль, у нас няшмат.
—Лібералізацыя бізнесу ў эканоміцы Беларусі, пра якую зараз так шмат гавораць, неяк дапаможа становішчу?
— За маю багатую вытворчую дзейнасць наглядзеўся ўсякіх лібералізацый. Напрыклад, у ліцейнай вытворчасці выдаваліся ліцэнзіі на 5 гадоў. Цяпер іх адмянілі, і працаваць стала нашмат горш. Нарматыўную базу адмянілі разам з ліцэнзіяй, і зараз мы нават не ведаем, за што адказваем. Была ліцэнзія, усё было распісана, я нешта парушыў — у мяне яе забралі. Цяпер увялі Дэкларацыю прамысловай бяспекі. Крытэрыі дзе? Кажуць, у свеце. Дзе ў свеце? А як быць тым, у каго, як у нас, аналагаў вытворчасці няма? Таму, калі я чую пра чарговую лібералізацыю, асабіста не чакаю нічога добрага. Па вопыце ведаю, абрасце іншымі інструкцыямі.
—Але ж вы ўсё адно працягваеце працаваць на карысць менавіта беларускай эканомікі. Хоць, напэўна, былі прапановы рэалізавацца дзесьці ў іншых краінах.
— Не буду ўтойваць, мяне запрашалі ў Еўропу, яшчэ часцей у Расію. Магчыма, гэта прагучыць пафасна, але чалавек павінен тварыць там, дзе нарадзіўся. Мае дзеці са мной засталіся. Наконт малодшага Канстанціна нават сваркі з жонкай былі. Але я настаяў на тым, што ён павінен вучыцца і працаваць тут. Старэйшы Андрэй наогул мог зрабіць кар’еру артыста. Музыку пісаў, голас прыгожы. Жонка перыядычна наракае, што я не даў яму рэалізаваць яго задаткі. Але ён сам сёння мне за гэта ўдзячны. Займаецца сур’ёзнай справай, кантралюе на «Тэхналіце» ўвесь тэхнічны працэс. А спяваць працягвае ў сваё задавальненне. Затое, калі на нейкіх прадстаўнічых форумах здараецца бліснуць сваім талентам, усе ў захапленні. Не часта такое можна ўбачыць, каб тэхнар яшчэ і спяваў.
Нэлі ЗІГУЛЯ.
zigulya@zviazda.by