Разам можна больш

Зігуля, Нэлі. Разам можна больш : дэпутаты Магілёўскай вобласці пра тое, як працуе абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2018. — 19 студзеня. — С. 9, 23. — Мясцовае самакіраванне.

Нядаўна ў Краснапольскім Цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі з’явіўся вельмі неабходны для выхаванцаў трэнажор «Міні-стэпер». Здавалася, нічога асаблівага — звычайнае прыстасаваннез педалькамі, якія дапамагаюць імітаваць звычайны крок. Але ён вельмі неабходны для дзяцей, у якіх праблемы з каардынацыяй руху. Прыстасаванне дае магчымасць змагацца з хваробай…

За кошт узносаў

Сертыфікатна суму 220 рублёўдля набыцця трэнажора быў падораны падчас правядзення рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці» старшынёй Краснапольскага райсавета дэпутатаў Анжалікай ГОМАН ад імя Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. Дырэктар Цэнтра Надзея Піванава вельмі ўдзячна гэтай арганізацыі за тое, што яна дала магчымасць палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы. Такія трэнажоры неабходны хворым дзецям як паветра, але ў бюджэце грошай на ўсё не хапае.

Дарэчы, клопат народных абраннікаў напрыканцы мінулага года адчуў на сабе шэраг дзіцячых устаноў сістэм сацыяльнага абслугоўвання, адукацыі, аховы здароўя Магілёўшчыны.

За апошнія гады ў краіне шмат чаго зроблена, каб павысіць ролю органаў мясцовага кіравання ў вырашэнні надзённых пытанняў насельніцтва. Асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў — якраз адна з такіх формаў. Новая структура закліканая аб’яднаць народных абраннікаў усіх узроўняў, пачынаючы ад сельскага і заканчваючы абласным, у адзіную аўтарытэтную арганізацыю. У Магілёве яна была створана ў 2015 годзе, мясцовыя дэпутаты сталі ў гэтай справе другімі пасля гродзенскіх. Сёння ў рэспубліцы існуе толькі дзве такія асацыяцыі, хоць планавалася стварыць іх у кожнай вобласці, ініцыятарам у Магілёве стаў Анатоль Ісачанка, былы старшыня абласнога Савета дэпутатаў, цяпер — губернатар Мінскай вобласці.

Некаторыя сумняваліся ў жыццяздольнасці гэтага ўтварэння, але ж, нягледзячы на ўсё, яно існуе і нават мацнее.

— Аб’яднанне дэпутатаў адбылося, ёсць нейкі рух, вывучэнне, абмен і тыражаванне вопыту , — сведчыць Аксана АГАРОДНІКАВА, старшыня Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў.

Магілёўскія дэпутаты спецыяльна ездзілі да гродзенскіх калег, каб пераняць іх вопыт, падзяліцца сваімі напрацоўкамі. У склад кіравання магілёўскай арганізацыі ўваходзяць старшыні гарадскіх і раённых Саветаў дэпутатаў.

— Пасля мерапрыемстваў, калі мы збіраемся разам, абавязкова праходзяць рабочыя нарады нашай асацыяцыі, — кажа Аксана Агароднікава. — Такая форма існавання надала нам самастойнасці, у нас з’явіліся свае сродкі. Яны невялікія, але ж мы атрымалі магчымасць заахвочваць, дапамагаць. Сёлета вось змаглі зрабіць прыемнае дзецям, якія маюць асаблівую патрэбу ва ўвазе. Кожны раён атрымаў сертыфікат для якой-небудзь адной установы. Сумы вагаліся ад 170 да 350 рублёў — прапарцыянальна тым узносам, якія былі ўнесены дэпутатамі.

На думку Аксаны Агароднікавай, ідэя са стварэннем асацыяцыі сябе апраўдала.

— Гэта пілотны праект, але яго важнасць даказваць не трэба, — салідарны з ёй Сяргей ІВАНОЎ, старшыня Магілёўскага гарсавета дэпутатаў. — Асацыяцыя стваралася для эфектыўнага ажыццяўлення дэпутатамі сваіх паўнамоцтваў, аказання дапамогі ў рашэнні пытанняў мясцовага значэння, як таго і патрабуе закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні. Фінансавы фонд можна папаўняць за кошт бязвыплатнай спонсарскай дапамогі, але ў нас ён пакуль фарміруецца дзякуючы ўзносам. Летась мы аказалі дапамогу магілёўскаму Дому дзіцяці, набылі развіццёвае абсталяванне для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. На пачатку 2017 года прыйшлі да высновы, што ўзнос 5 рублёў у год — вельмі сціплая сума, і агульным сходам вырашылі ўносіць па 1 базавай велічыні. У выніку атрымалі на канец мінулага года важкую суму, якую падзялілі прапарцыянальна зробленым узносам. Мы, напрыклад, на свае 330 рублёў набылі аргтэхніку для абласнога кадэцкага вучылішча.

Клічаўскія дэпутаты сваю дапамогу адрасавалі раённамудзіцячаму сацыяльнаму прытулку.

— Мы прыйшлі да высновы, што гэта арганізацыя больш за ўсё мае патрэбу ў падтрымцы, — кажа Уладзімір КНІГА, старшыня Клічаўскага раённага Савета дэпутатаў. — Што датычыцца асацыяцыі, то яна нас яшчэ больш згуртавала. Але гэта толькі пачатак шляху.

— Асацыяцыя — добрая рэч, — салідарны з ім і Аляксандр ЕМЯЛЬЯНАЎ, старшыня Бабруйскага раённага Савета дэпутатаў. — У нас з’явілася права юрыдычнай асобы, грошы, магчымасць аказаць дапамогу, падтрымаць актыўных.

А самі адчулі?

Увогуле, асацыяцыя стваралася для таго, каб кансалідаваць намаганні, накіраваныя на эканамічнае развіццё рэгіёнаў, павышэнне іх самастойнасці, для фарміравання адказнасці і ініцыятыўнасці мясцовых органаў улады. Ці адчулі гэта самі дэпутаты?

— Калі разглядаць асацыяцыю ў рамках абагульнення нейкага вопыту, можна казаць, што яна падштурхнула нас да пошуку новых ідэй, — кажа старшыня Краснапольскага раённага Савета дэпутатаў Анжаліка Гоман. — Сёння дэпутаты Краснапольскага раёна шмат увагі ўдзяляюць праектнай дзейнасці. На гэтым тыдні не без нашага ўдзелу адкрылася школьная бізнес-кампанія «Хатняя эканоміка. Асновы прадпрымальніцтва» на базе Палужскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, быў праведзены семінар. Крыху раней у рамках праекта «Мясцовая майстэрня экалагічных ініцыятыў для развіцця мікрарэгіёнаў» былі рэалізаваны ініцыятывы «Горская скарбніца» і «Палужскі край».

Пазалетась, дзякуючы сумесным намаганням краснапольскіх дэпутатаў з органамі выканаўчай улады, у раёне адкрылася некамерцыйная арганізацыя — мясцовы фонд развіцця «Старт-Усход». Яго прызначэнне — садзейнічаць устойліваму сацыяльна-эканамічнаму развіццю раёна і дапамагаць мясцовым супольнасцям у распрацоўцы і рэалізацыі эканамічных, экалагічных і сацыяльных ініцыятыў. А сёлета ў Краснаполлі асацыяцыя дэпутатаў разам з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Краснапольскага райвыканкама прэзентавала два мясцовыя праекты — фестываль «Тэатральныя вечарыны» і «Развіццё ганчарнага майстэрства для пазнавальнасцітэрыторыі Краснапольскага раёна». Гэтыя ініцыятывы перамаглі ў конкурсе праектаў «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» і былі рэалізаваныя Праграмай развіцця ААН за сродкі Еўрапейскага саюза.

Гатовы выйсці на новы ўзровень

Так лічаць дэпутаты Магілёўскай вобласці.

— Я ўзяў бы як прыклад для пераймання вопыт гродзенскіх калег, — кажа старшыня Магілёўскага гарсавета дэпутатаў Сяргей Іваноў. — Яны вельмі актыўна прыцягваюць спонсараў і ўдзельнічаюць у фінансаванні сур’ёзных праектаў. Напрыклад, пры ўдзеле дэпутатаўтам створаны цікавы аб’ект накшталт міні-лініі Сталіна — добраўпарадкавана тэрыторыя, зроблены траншэі, доты, агнявыя кропкі, сабрана ваенная тэхніка. Усё гэта выглядае вельмі сур’ёзна. Зрабіць нешта адчувальнае можна толькі тады, калі справа цікавая ўсім, калі кожны адчуе ад яе нейкую карысць.

— Яшчэ калі стваралася наша асацыяцыя, размова ішла пра магчымасць стаць фінансава незалежнымі, пра найбольш эфектыўныя спосабы ўкладання гэтых грошай, — дадае старшыня Клічаўскага райсавета Уладзімір Кніга. — На жаль, у нас не атрымалася прыцягнуць спонсарскія сродкі, а для рэалізацыі сур’ёзных праектаў арганізацыя павінна быць больш забяспечаная. Нам не хапае рэкламы, мы павінны часцей расказваць пра свае магчымасці, пра тыя справы, што былі зроблены. Толькі так можна выйсці на новы ўзровень і стаць больш магутнымі.

— Мы зрабілі першы і вельмі адказны крок, — кажа старшыня абласной асацыяцыі Аксана Агароднікава. — Гэта дало нам магчымасць сёння падтрымліваць сацыяльна важныя мерапрыемствы, рабіць метадычныя распрацоўкі, перадаваць вопыт іншым раёнам. Буйных праектаў у нас пакуль няма, але ўсяму свой час. Пасля выбараў будзе адноўлены склад асацыяцыі, магчыма, з’явяцца нейкія новыя метады работы і арганізацыя стане больш уплывовай.

1111

333333333333

Нэлі ЗІГУЛЯ
zigulya@zviazda.by