Мушынская, Т. Сяргей Лішчэнка. Дырыжор і асветнік / Таццяна Мушынская // Мастацтва. — 2009. — № 11. — С. 10-11.
Магілёўшчына заўжды мела даўнія і моцныя музычныя традыцыі. У XVI стагоддзі навучанне харавым спевам было адной з асноўных дысцыплін у школах пры праваслаўных брацтвах. У XVII стагоддзі Магілёўская брацкая друкарня выдавала нотныя зборнікі. Пазней у Шклове існаваў прыгонны тэатр графа Зорыча, дзе меліся спевакі, інструменталісты, хор. З нагоды сустрэчы імператрыцы Кацярыны ІІ у Магілёве выступала італьянская опера і прыдворная капэла, выпісаная графам Чарнышовым з Пецярбурга. На мяжы XVIII і XIX стагоддзяў у чачэрскім тэатры Чарнышова працаваў прыгонны аркестр.
Калі звярнуцца да найноўшай гісторыі, дык варта нагадаць, што Магілёўшчына дала Беларусі шмат вядомых у айчыннай музыцы асоб. Сярод выпускнікоў аднаго толькі Магілёўскага музычнага вучылішча — дырыжоры Леанід Іваноў, Пётр Вандзілоўскі і Аляксандр Сасноўскі, кампазітары Фёдар Пыталеў і Васіль Раінчык, спевакі Паліна Дружына і Вікторыя Мазур, кларнетыст Уладзімір Скараходаў і дамрыст Мікалай Марэцкі, музыказнаўцы Юрый Златкоўскі і Тамара Якіменка. Мой сённяшні суразмоўца — мастацкі кіраўнік і дырэктар Магілёўскай гарадской капэлы Сяргей Юр’евіч Лішчэнка.
Тэатр пачынаецца з вешалкі, а музычны калектыў з рэпертуару і афішы. Рэпертуар сведчыць пра накірункі пошуку, маштаб увасобленага. Вывучаючы рэпертуар капэлы, звярнула ўвагу, па-першае, на несумненную цікавасць да музыкі эпохі барока. А па-другое, на багацце твораў буйной формы. Сярод іх араторыя Гендэля «Страсці паводле Іаана», «Каранацыйная меса» Ліста (аркестравая партытура адноўлена па клавіры, які захаваўся), духоўныя кантаты Баха і Вівальдзі, месы Моцарта. Гэтыя сачыненні ўпрыгожаць афішу кожнага калектыву акадэмічнага жанру і прымушаюць знаўцаў паважаць вас. Але праца над такімі партытурамі — вялікі клопат і адказнасць. Маштабныя творы патрабуюць густу, разумення стылю, вялікай колькасці рэпетыцый. Але наўрад ці яны «суперпракатныя». Не думаю, што араторыямі, кантатамі, месамі можна выканаць, прабачце, план па продажы білетаў. Непараўнальна прасцей гэта зрабіць з праграмамі інструментальных шлягераў, напрыклад, з «Порамі года» Вівальдзі або з «Казкамі Венскага лесу», складзенымі з твораў Штрауса. Вы — дырэктар калектыву і адначасна яго мастацкі кіраўнік. Што для вас больш важнае — музычныя адкрыцці і мастацкія дасягненні або план, грошы і аншлаг? Як ва ўмовах абласнога горада вырашаеце праблему «высокае — нізкае»? Яна актуальная для акадэмічных калектываў усюды і заўжды…
— Па-першае, мы шмат гадоў выхоўваем свайго слухача. Паслядоўна, мэтанакіравана. Слухача дарослага і зусім юнага. Таму значнае месца ў дзейнасці капэлы займае музычнае асветніцтва, скіраванае найперш на аўдыторыю школьнікаў і падлеткаў. Ім адрасуем тэматычныя абанементы «Дотык да цудоўнага», «Вандроўка ў свет музыкі», «Яго Вялікасць Аркестр». Штомесяц даем 10-15 канцэртаў для дзіцячай аўдыторыі. Паверце, такія выязныя выступленні няпростыя!
Капэла паступова збірае банк даных па сваіх пастаянных слухачах. Іх больш за 100 чалавек, пераважна — творчая і навуковая інтэлігенцыя горада, прадстаўнікі самых розных прафесій. Фінансавымі пытаннямі, арганізацыяй публікі займаецца адміністрацыя калектыву. З планам у нас усё ў парадку. І таму можам сабе дазволіць не спяшаючыся працаваць над маштабнымі творамі. Пахвалюся: сёлета на адкрыцці сезона ў гарадскім Цэнтры культуры ў нас быў аншлаг, даводзілася ставіць прыстаўныя крэслы. Хоць ігралі і спявалі не папулярную праграму, а творы Гендэля, Бетховена, Бізэ, Пракоф’ева, Хачатурана, якія досыць рэдка выконваюцца…
Разам з тым была прыкметная і разнастайнасць музычных накірункаў: сімфонія Пракоф’ева — і творы з рэпертуару «Бітлз», інструментальна-харавы твор Гендэля — і сімфаджаз…
— Усё гэта адлюстраванне тых шматлікіх накірункаў і стыляў, якім прысвячаем цэлыя праграмы…
Да вашых сур’ёзных творчых дасягненняў варта аднесці і канцэртнае выкананне «Дыдоны і Энея» Генры Пёрсела, першай англійскай нацыянальнай оперы, і пастаноўку сатырычнай оперы Дзмітрыя Шастаковіча «Антыфармалістычны раёк» — нават у Мінску яна не ўвасаблялася…
— Вельмі хацелася б два гэтыя творы паказаць на гастролях у Мінску. Што датычыць парадыйнага твора «Антыфармалістычны раёк», дык ён напісаны Шастаковічам як сатырычны адказ на вядомую пастанову пра барацьбу з фармалізмам у музыцы. У сельскім клубе адбываецца пасяджэнне, ідзе гнеўнае асуджэнне фармалістаў і даюцца ўказанні, як трэба сачыняць музыку. Капэла падрыхтавала і паказала гэтае невялікае, працягласцю 20 хвілін, але надзвычай каларытнае сачыненне ў 2006-м, якраз падчас святкавання 100-годдзя з дня нараджэння Дзмітрыя Дзмітрыевіча.
У кампазітара ёсць указанне, што твор можа выконвацца ў некалькіх варыянтах. Напрыклад, салістам, які спявае ў суправаджэнні фартэпіяна. Калі ў Магілёў прыязджаў на гастролі аркестр Уладзіміра Співакова «Віртуозы Масквы», яны прадставілі «Раёк» такім чынам: пералажэнне для струннага складу і саліст-бас. Але ёсць яшчэ адна рэдакцыя «Райка», хутчэй за ўсё зробленая самім кампазітарам: хор увасабляе народ, які сабраўся ў вясковым клубе, ёсць і чатыры дзейныя асобы — Вядучы, Адзінкін, Двойкін, Тройкін. Яны — крытыкі… Да гэтай рэдакцыі «Райка» мы і звярнуліся. З ахвотай вучылі, для хору і салістаў шукалі касцюмы таго часу. Лічу, што пастаноўка атрымалася дастаткова відовішчнай.
Ведаю, нарадзіліся вы не ў Беларусі, а ў далёкім расійскім Арэнбургу. Шмат гадоў, чалавек рускі па паходжанні, працуеце на беларускую культуру. Цікава, як і калі трапілі ў Магілёў?
— Упершыню апынуўся тут у 1986-м. Адсюль родам мая жонка, піяністка Алена Касаткіна. У 1980-м яна скончыла Магілёўскае музычнае вучылішча. Вышэйшую ж адукацыю, як і я, атрымала ў Казанскай кансерваторыі. Прыехала вучыцца ў клас Іды Губайдулінай, дарэчы, сястры вядомай усяму свету Соф’і Губайдулінай. Іда — выдатная піяністка, педагог. Менавіта ў Казані мы з Аленай і пазнаёміліся…
Я прыехаў туды да знакамітага прафесара Сямёна Абрамавіча Казачкова, выдатнага хормайстра. Яго імя вядома многім выканаўцам. Казачкоў пісаў кнігі, якія датычылі не толькі дырыжыравання, але і музыкі ўвогуле. Яшчэ ў Арэнбургу выкладчыкі раілі: «Не трэба імкнуцца трапіць абавязкова ў Маскоўскую або Ленінградскую кансерваторыю. Казачкоў — адзін з нешматлікіх спецыялістаў у краіне, якія даюць сапраўдныя веды. А дужа знакамітыя педагогі могуць аказацца гастралёрамі, якія занятыя сольнай кар’ерай…»
Сам Казачкоў родам з Пецярбурга. Ён з плеяды вопытных старых музыкантаў піцерскай школы, якую перанёс у Казань. Стварыў уласную харавую, дырыжорскую школу, знакамітую на ўвесь былы Савецкі Саюз. Многія дырыжоры і хормайстры прыязджалі вучыцца да яго, нават пасля Масквы і Пецярбурга, на майстар-класы і музычныя форумы, якія ладзіла кансерваторыя.
Хоць я і быў размеркаваны на сваю радзіму, у Арэнбург, Алена Касаткіна ўгаварыла мяне прыехаць у Магілёў. Каб тут жыць і працаваць. З’явіўся я ў Беларусі ў міжсезонне, у канцы 1986 года…
Камерны хор і аркестр, з якіх складаецца капэла, у горадзе ўжо існавалі?
— Не. Усё не так проста! Спачатку я працаваў з самадзейным калектывам. Кіраваў мужчынскім хорам, потым народным. Летам 1987-га запрасілі ў якасці дырыжора ў камерны хор Гомельскай філармоніі. Два гады рэпеціравалі, складалі праграмы, выступалі. Потым я вярнуўся ў Магілёў, бо адкрывалася музычная кафедра ў педінстытуце, а ў перспектыве павінен быў узнікнуць музычны факультэт. Прапанавалі выкладаць і развіваць харавую справу. Дастаткова хутка я арганізаваў канцэртны хор педінстытута. Паралельна, 20 гадоў таму, узнік і камерны хор… Аркестр узнік крыху пазней, у 1993-м. Але абодва яны нарадзіліся яшчэ і дзякуючы падтрымцы аддзела культуры гарвыканкама.
Па сутнасці, два розныя калектывы… Значыць, менавіта вы — стваральнік Магілёўскай музычнай капэлы?
— Так. Сёлета ў лістападзе калектыў адзначае 20-годдзе. А аркестру летась споўнілася 15 гадоў. У канцы 90-х, ужо асвоіўшыся ў Магілёве, я яшчэ раз вярнуўся ў Казань, дзе вучыўся ў аспірантуры оперна-сімфанічнаму дырыжыраванню. Прычым, у класе выдатнага музыканта, дырыжора маскоўскага Вялікага тэатра Фуата Мансурава.
Напачатку было вельмі няпроста. Чаму? На жаль, у Магілёўскай музычнай вучэльні няма вакальнага аддзялення. Бо яго закрылі яшчэ ў 70-я гады. Таму збіралі галасы сярод выкладчыкаў, у музычных школах. У камерным хоры пачыналі працаваць не прафесійныя вакалісты і харавікі, а піяністы, «народнікі», «тэарэтыкі» — музыканты іншых спецыяльнасцей, якім блізкае харавое мастацтва, якія любілі яго класічны, акадэмічны жанр.
Артыстаў імкнуўся захапіць ідэяй адраджэння духоўнай музыкі. Цяпер наяўнасць такіх твораў у рэпертуары ўспрымаецца як аксіёма. У перабудоўчы перыяд па-рознаму ставіліся да таго, што «можна» і што «нельга». Але ўсё ж гэта быў спрыяльны час. Бо творы духоўнай музыкі ўвайшлі ў наш рэпертуар. І духоўныя сачыненні ўпершыню загучалі ў Магілёве. Прычым творы не толькі рускай і заходнееўрапейскай музыкі, але і нацыянальных аўтараў. Гэта і канты, і псальмы, і творы эпохі барока — ажно да сучасных кампазітараў, якія стылістычна пераасэнсоўваюць сачыненні мінулых стагоддзяў. Думаю, у гэтай справе вынік быў. Як пацвярджэнне плённасці шляху засваення твораў духоўнай музыкі ўспрымаю неаднаразовае лаўрэацтва на харавых конкурсах і фестывалях. І ў Беларусі (на «Магутным Божа»), і ў Польшчы.
Разумееце, духоўныя сачыненні — гэта класічная музыка. Па характары і накірунку… Мы вучыліся спяваць духоўную музыку так, як павінны спяваць класічны твор. Сэнс паэтычных вобразаў для нашага хору і сёння мае каласальнае значэнне!
Калі я пачаў кіраваць хорам педінстытута, дык літаральна за год мы падрыхтавалі канцэртную праграму. І ў 1990-м занялі 1-е месца на Фестывалі студэнцкай песні ў Віцебску. Перамога аказалася для нас нечаканай. Як і для членаў журы, якія сабраліся з усёй Беларусі. Уявіце, прыехаў малады хор з Магілёва — і адразу перамог! Мы паверылі ў сябе. На канцэрце закрыцця я дырыжыраваў зводным хорам усіх ВНУ Беларусі. У тым жа годзе мяне запрасілі служыць у царкву, калі аднавілася Магілёўская епархія. Мая задача была — стварыць сапраўдны архірэйскі хор Магілёўскага кафедральнага сабора…
Гэта сур’ёзна! Вы сумяшчалі ў адной асобе кіраўніка і, скажам так, свецкага хору, і хору царкоўнага…
— Рэгенцтва сталася для мяне новай роляй, якая вымагала дэталёва спасцігаць усе асаблівасці царкоўнай службы. Усё-такі гэта асобная хормайстарская спецыяльнасць. Але адначасова рэгенцтва сталася значным крокам у засваенні духоўнай музыкі. І ўвогуле праваслаўнай культуры…
Пачатак 90-х аказаўся вельмі насычаным. Выкладаў у ВНУ і паралельна кіраваў трыма харамі — вучэбным, гарадскім камерным (як прафесійны ён паўстаў у 1998-м) і архірэйскім. Вывучаў царкоўную службу, песнапенні, што, вядома, дапамагала ў засваенні стылю духоўнай музыкі і ў свецкім хоры. Мае артысты ў большасці сваёй прымалі ўдзел у службах. Мы сумесна спасцігалі пласты сакральнай музыкі. Яны вельмі розныя — творы XVIII, ХІХ, ХХ стагоддзяў! Прычым ёсць сачыненні, напісаныя для царкоўнай службы, а ёсць творы кампазітарскія, канцэртныя, якія належаць да духоўнага жанру. У 90-я гады з’явілася мода на выкананне духоўнай музыкі. Але перш чым за такія творы брацца, у іх трэба паглыбіцца і зразумець. Выкананне гэтай музыкі прадугледжвае пэўную культуру і традыцыі. Бо выдадзена шмат літаратуры, якая раіць, як іх інтэрпрэтаваць. У царкве асаблівыя спевы — гэта ж не канцэртная зала!
Тут ёсць прынцыповая розніца — у манеры, гукавядзенні, інтэрпрэтацыі?
— Павінна быць! Калі размова пра канцэртнае выкананне, дык звычайна сучасныя прафесійныя хары складаюцца з музыкантаў, якія маюць добрыя вакальныя даныя, яркія галасы, маляўнічыя тэмбры. Іх можна выкарыстоўваць у інтэрпрэтацыі духоўнай музыкі, бо ў партытуры пазначаны дынамічныя адценні…
А ў службе іх можна выкарыстоўваць?
— Але ж кампазітар пазначае разнастайную нюансіроўку! Калі інтэрпрэтуюцца знакамітыя творы, якія жывуць ужо 200-300 гадоў, дык змяняць кардынальна іх трактоўку не варта. Бо ў слухача ёсць пэўная традыцыя. Іншая справа — знаходзіць у ёй штосьці ў дэталях, штрыхах — таксама задавальненне. Адчуваеш сябе нават шчаслівым!
Музыка — вельмі моцны сродак уздзеяння і стварэння адпаведнага рэлігійнага настрою. Але падчас царкоўнага богаслужэння музыка з’яўляецца ўсё-такі часткай службы. Яна не павінна быць галоўным элементам. А на канцэрт слухач прыходзіць у першую чаргу ўспрымаць музыку, яна тут галоўная і першасная.
У вашым рэпертуары шмат твораў эпохі барока…
— Калі разважаць пра барока, дык гэтыя партытуры вывучаюцца і сёння. Але літаратуры па старадаўняй музыцы і яе інтэрпрэтацыі няшмат. Аўтэнтычнае выканальніцтва ў Беларусі толькі пачынаецца. Калі згадаць Еўропу, дык там яшчэ тры дзесяцігоддзі таму пры навучальных установах былі створаны асобныя кафедры, дзе вывучаецца, як спяваць ці іграць сачыненні эпохі барока. Нават на аўтэнтычных інструментах… Існуюць аркестры, якія спецыялізуюцца на музыцы той эпохі. У Германіі, напрыклад, творы барока выконваюцца толькі на аўтэнтычных інструментах. У Маскве ў канцы 90-х адкрылася кафедра аўтэнтычнай музыкі. Крыху пазней — у Пецярбургу… Думаю, што і ў Беларусі неўзабаве з’явяцца падобныя навуковыя цэнтры або кафедры, і сачыненні эпохі барока будуць выконваць у пэўных традыцыях…
Як вы лічыце, музычнаму калектыву прасцей працаваць пад дахам абласной філармоніі або існаваць аўтаномна?
— За гады, што прайшлі пасля перабудовы, узнікла шмат музычных калектываў. І яны з’явіліся менавіта пры муніцыпальных аб’яднаннях. Пры падтрымцы адміністрацыі гарадоў… Гэта сусветная практыка. Галоўнае, не на якім узроўні фарміруецца калектыў — сталічным, гарадскім, абласным, а хто спрыяў яго стварэнню. У XVII — XVIII стагоддзях капэлы, якія складаліся з аркестра, хору, салістаў, ствараліся пры княжаскіх або магнацкіх дварах. Яны існавалі ў розных краінах, на тэрыторыі цяперашняй Беларусі, у тым ліку і ў Магілёве. У Шклове існавала капэла, у Магілёве — таксама. Галоўнае, каб калектыў развіваўся і меў падтрымку. Вядома, матэрыяльныя магчымасці горада і вобласці розныя. У Расіі шмат аркестравых калектываў маюць назву «дзяржаўны». Усе яны, акрамя Масквы і Пецярбурга, існуюць у абласных гарадах, але фінансуюцца федэральным цэнтрам. У Расіі прафесійныя калектывы і музычныя ВНУ ёсць нават у некаторых раённых гарадах. Напрыклад, ва Уральскай вобласці паспяхова працуе Магнітагорская кансерваторыя. У кожнай вобласці Беларусі няшмат музычных і менавіта прафесійных калектываў, якія арыентуюцца на акадэмічныя жанры.
Звернемся да канцэртаў, якія вы арганізоўваеце для дарослай аўдыторыі. Як будуецца вамі стратэгія сезона?
— Вызначаюць яе тыя грунтоўныя моманты, якія сфарміраваліся за многія гады. Гэта найперш фестывалі. На пачатку наступнага года адбудзецца ўжо трэці фестываль, прысвечаны Раству. Раней былі асобныя канцэрты, прымеркаваныя да гэтай падзеі: на каталіцкія Каляды — з твораў заходнееўрапейскіх класікаў, на Раство праваслаўнае — духоўная музыка беларускіх і рускіх аўтараў. Сёлета для ўдзелу ў такім фестывалі мы запрасілі аркестр Тэатра оперы і балета, а таксама вядомых оперных спевакоў, чыё творчае жыццё звязана з Магілёўшчынай — Сяргея Франкоўскага, Ніну Шарубіну, Юрыя Гарадзецкага. Цікавасць да канцэрта аказалася такой вялізнай, што зала Палаца культуры вобласці на тысячу месцаў была запоўнена. Многія слухачы хацелі б пачуць такі аркестр і такіх салістаў яшчэ раз…
У канцы студзеня традыцыйна адбываецца канцэрт, прысвечаны дню нараджэння Моцарта. У сакавіку нязменна выконваецца музыка Баха. У 2010-м у шосты раз пройдзе фестываль «Bach-collegium», мы самі яго арганізавалі.
Думаю, калі б вы паслядоўна не ладзілі Бахаўскія фэсты, магчыма, у горадзе і не быў бы ўстаноўлены помнік гэтаму кампазітару. Такога, на жаль, няма нават у сталіцы…
— Далей — велікодныя праграмы. У іх выступаем і мы, і госці. Летам — традыцыйныя падзеі музычнага форуму «Магутны Божа». Восенню — Фестываль праваслаўнай музыкі памяці архіепіскапа Георгія Каніскага. Яго жыццё і дзейнасць цесна звязаны з магілёўскай зямлёй. Канцэрт, прысвечаны яму, прайшоў сёлета ў лістападзе. Усе атрыманыя сродкі хочам пералічыць на будаўніцтва сабора, які ўзводзіцца ў горадзе на Пушкінскім праспекце.
Значыць, творчае жыццё віруе, усё ў вас выдатна. І няма ніякіх праблем?
— Чаму няма? Ёсць. Праблема рэпетыцыйнага памяшкання. У гарадскім Цэнтры культуры арандуем аўдыторыю. Яна невялікая. Калі на рэпетыцыі збіраецца толькі аркестр — а гэта сорак чалавек…
Фактычна ён не камерны, а малы сімфанічны!
— Так… Дык праз паўгадзіны няма чым дыхаць. А калі да аркестра далучаецца хор, тады што рабіць? Умовы штодзённай творчай працы моцна ўплываюць на вынік. Пакуль нашы перспектывы з рэпетыцыйным памяшканнем не надта акрэсленыя. Марым, каб рэпетыцыі аркестра адбываліся менавіта ў канцэртнай зале — як гэта практыкуецца ў аналагічных калектывах. Каб у нашым горадзе нарэшце з’явілася такая канцэртная зала, куды імкнуліся б прыязджаць выдатныя спевакі, інструменталісты, знакамітыя аркестры.
Турбуе мяне і такая праблема. Хацелася б, каб кошт квіткоў на канцэрты класічнай музыкі быў вышэйшым, чым на шоу эстрадных «поп-зорак». Вялікая колькасць канцэртаў, патрэбных для выканання плана, які з кожным годам робіцца ўсё больш непад’ёмным, перашкаджае творчаму развіццю. Планы платных паслуг для канцэртных арганізацый павінны быць рэальнымі. Што ўтойваць, цяпер трэба нямала папрацаваць, каб пераканаць слухачоў прыйсці на класічны канцэрт. Большая частка патэнцыйнай аўдыторыі хоча толькі відовішчнасці і забаўляльнасці! Калі імкнуцца задавальняць выключна такія патрэбы, дык гэта, на мой погляд, самы просты спосаб выжывання.
Мару, каб і ў час панавання шоу-бізнесу прэстыж і рэйтынг акадэмічнай музыкі былі непараўнальна больш высокімі. Бо, на жаль, даводзіцца досыць часта чуць па радыё або ў перадачах FM-станцый: «А цяпер паслухайце музыку!» Далей гучыць прымітыўная песенька з двух слоў і аднаго акорда. «Папса» як з’ява — не тоесная ўсёй музыцы ўвогуле! Пры засіллі такога роду «твораў» мы губляем цэлае пакаленне слухачоў. Дзяцей і падлеткаў можна захапіць, далучыць да высокіх узораў музыкі і тым самым выхаваць, толькі калі з сапраўдным мастацтвам яны будуць судакранацца часцей.
Музыказнаўца Вольга Марозава, якая часта вядзе вашы канцэрты, нагадала цікавую дэталь. Менавіта ў будынку гарадскога Цэнтра культуры, дзе вы рэпеціруеце, больш як 100 гадоў таму працаваў Магілёўскі літаратурна-музычна-драматычны гурток. Праўда, назва «гурток» не адпавядае сутнасці. Аб’яднанне лучыла мясцовую інтэлігенцыю і мела ў сваіх шэрагах амаль 300 чалавек. Тут працаваў сімфанічны аркестр, хор, ладзіліся канцэрты і музычныя вечары (больш за 10 за сезон), ставіліся асобныя дзеі з опер «Жыццё за цара», «Руслан і Людміла», «Пікавая дама», «Яўгеній Анегін». Таму дзейнасць капэлы я ўпрымаю як далейшае развіццё і ўмацаванне музычных традыцый, якія раней мела Магілёўшчына…
— Імкнемся выхоўваць слухача. Музычнае асветніцтва — працэс бясконцы. Наша задача агульная, напрыклад, з сярэдняй школай — адукацыйная, асветніцкая, эстэтычная. Трыадзіная мэта… Маладому пакаленню трэба дапамагчы разабрацца ў розных жанрах і плынях музычнай інфармацыі. Каб моладзь ведала: ёсць сачыненні, якія жывуць даўно і, магчыма, перажывуць нас. А ёсць часовыя, якія жывуць дзень, месяц… Можна захапляцца выключна эстрадай, сучаснымі песнямі і нават не здагадвацца, што існуе жанр оперы, жанр сімфоніі… Маладым слухачам трэба пераканаўча паказаць, якая разнастайная і прывабная музычная спадчына! Магчыма, асветніцтва — самая важная наша задача. У асветніцкія праграмы ўключаем папулярныя класічныя творы. Каб слухачы разумелі: знаёмая мелодыя на мабільніку — гэта менавіта Моцарт…
Многія калектывы, калі наладжваюць канцэрты ў школах, вучэльнях, часцей пасылаюць туды ансамбль салістаў…
— Напэўна, мы адзін з нямногіх у рэспубліцы калектываў, які нават падчас асветніцкіх канцэртаў выступае ў поўным складзе. Гэта даражэй… Вядома, можна было б чакаць з’яўлення ў Магілёве прыгожай канцэртнай залы, зручнай для запрашэння школьнікаў — на канцэрт як на свята, каб ад аднаго выгляду апартаментаў дух пераймала… Але мы самі пайшлі да дзіцячай аўдыторыі. Канцэрты праводзім ва ўсіх школах горада. Не толькі ў Магілёве, але і ў Бабруйску, самым вялікім раённым цэнтры Беларусі… У арганізацыі такіх канцэртаў адчуваем падтрымку гарадскога аддзела адукацыі і ўпраўлення адукацыі аблвыканкама.
Калектыў, які выконвае «жывую» музыку, можа шмат што зрабіць для горада. У сувязі з гэтым хацеў бы згадаць пра надзвычай цікавую акцыю. Аднойчы чуў інтэрв’ю дырыжора Аляксандра Анісімава, ён марыць праводзіць у Мінску навагодні баль. А мы яго ўжо правялі! У студзені 2009-га, на стары Новы год… У Магілёве адрэстаўраваны дом былога Губернскага сходу, і сёння ўсе ЗАГСы горада знаходзяцца менавіта тут. У будынку ёсць вялікая зала. Там і ладзіўся гарадскі навагодні баль. Наведвальнікаў сустракалі стрэлам гарматы. Прысутныя танцавалі пад гукі нашага аркестра, які знаходзіўся на балконе. Мы выконвалі вальсы, полькі, паланезы, а ўнізе кружыліся пары… Рэзананс ад акцыі быў шырокі. Органам адукацыі горада так спадабалася ідэя, што яны прапанавалі: «А ці нельга для дзяцей арганізаваць штосьці падобнае?» Будзем працягваць такую традыцыю…