Маркава, С. Яны не вярнуліся з бою / Святлана Маркава // Рэспубліка. — 2018. — 31 кастрычніка. — С. 3.
Фрагменты савецкага бамбардзіроўшчыка Іл-4, экіпаж якога прыняў свой апошні бой пад Клічавам, паднялі з зямлі пошукавікі з Магілёва. Як удакладніў камандзір клуба «Віккру» Мікалай Барысенка, да гэтага часу месца падзення бамбардзіроўшчыка ў 1943-м было невядома. Удакладніць патрэбны квадрат у лесе байцам пошукавага атрада дапамог мясцовы жыхар Аляксандр Заблоцкі. Мікалай Барысенка расказаў:
— Баявы экіпаж савецкага самалёта меў заданне па бамбардзіроўцы чыгункі ў Мінску і аэрадрома ў Мачулішчах. З Адуева Смаленскай (зараз Калужскай) вобласці ён вылецеў у ноч на 13 кастрычніка 75 гадоў таму. Непадалёк ад вёскі Рогі Клічаўскага раёна борт атакавалі нямецкія знішчальнікі. Падчас бою бамбардзіроўшчык загарэўся і пасля выбуху ўпаў у балота.
Камандзір экіпажа Юрый Кралявец і паветраны стралок Павел Перасянчук загінулі, месца іх пахавання сёння вядома. Стралок-радыст Аляксей Ганчарэнка, па даных пошукавікаў, упаў непадалёк ад самалёта. З чатырох членаў экіпажа ўдалося выжыць толькі штурману Уладзіміру Нікіфараву. Ён змог вярнуцца назад у полк і расказаць аб падзенні бамбардзіроўшчыка.
Мікалай Барысенка паведаміў, што ўдакладніць імёны членаў экіпажа і маршрут іх апошняга палёту дапамаглі архіўныя даныя сайтаў «Подзвіг народа» і «Мемарыял». Цяпер на чарзе — другая пошукавая экспедыцыя, якая мае быць больш поўнамаштабнай. Плануецца падняць з глыбіні 4 метраў як асноўныя рэшткі самога самалёта, так і астанкі стралка-радыста. Потым — перазахаваць героя ў брацкую магілу да яго ваенных таварышаў.
— У выпадку паспяховага завяршэння гэтай аперацыі знаходкі могуць быць перададзены ў якасці экспанатаў у Клічаўскі краязнаўчы музей. Альбо — у музей Магілёўскага аэраклуба, які зараз знаходзіцца на стадыі стварэння, — падзяліўся планамі на будучыня камандзір «Віккру».
Ён таксама не выключае, што авіяцыйная тэхніка ваеннага часу, якую пошукавікі будуць знаходзіць у далейшым, у перспектыве стане асновай вулічнай выставы на пляцоўцы Буйніцкага поля.
Святлана МАРКАВА