Сінькевіч, Г. Крочаць да інклюзіі : [Магілёўскі абласны цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2019. — 16 лютага. — С. 7.
Ва ўстановах адукацыі Магілёўшчыны мэтанакіравана рухаюцца да інклюзіі. Суправаджэнне дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця стала комплексным і вядзецца ўстановамі сферы адукацыі, аддзеламі сацыяльнай абароны насельніцтва і медыцынскімі ўстановамі. Дзякуючы ўсеагульнай зацікаўленасці, асаблівыя дзеткі больш актыўна ўключаюцца ў сумесную са здаровымі аднагодкамі дзейнасць. Гэта дазваляе дасягаць паляпшэнняў у фізічным стане дзяцей з АПФР, найбольш поўнай іх сацыялізацыі ў грамадстве.
Зараз укараненне інклюзіўнай адукацыі ў рэгіёне працягваецца. Так, з бягучага навучальнага года ў Магілёўскім абласным цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі пачата рэалізацыя рэспубліканскага эксперыментальнага праекта “Апрабацыя адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах інклюзіі асоб з АПФР”.
— Праект грунтуецца на карэкцыйна-творчым, дзейнасным навучанні і выхаванні, сацыяльным уключэнні і ўзаемадзеянні асаблівых дзяцей з іх здаровымі аднагодкамі. Навізна эксперымента заключаецца ў апрабацыі розных варыянтаў мадэлей адукацыі навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця на аснове інклюзіўнага падыходу. Непасрэдны ўдзел у праектнай дзейнасці прынялі педагогі з Міхееўскай сярэдняй школы Дрыбінскага раёна і сярэдняй школы № 20 Магілёва. Праектам прадугледжана стварэнне ў гэтых установах інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя, арганізацыйна-педагагічных умоў, адаптацыі вучэбных планаў і праграм, сістэмы псіхолага-педагагічнага суправаджэння для навучання дзяцей з АПФР. Зараз у навучальных установах ужо адкрыты і функцыянуюць інклюзіўныя класы, — расказала дырэктар Магілёўскага абласнога ЦКРНіР Алена Мазалоўская.
Паводле яе слоў, абедзве школы інтэнсіўна рухаюцца да інклюзіі. Ва ўстановах працягваюць дзейнічаць і традыцыйныя формы аказання дапамогі і навучання дзяцей з АПФР, такія як пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, класы інтэграванага навучання і выхавання. У рамках інклюзіі, акрамя навучання, дзетак з асаблівасцямі далучаюць да сумеснай дзейнасці са здаровымі аднагодкамі, агульных мерапрыемстваў. Актыўна развіваюць у школах і карэкцыйны працэс, укараняючы новыя формы правядзення ўрокаў, распрацоўваючы спецыяльныя вучэбныя гульні.
— Педагагічныя калектывы школ — удзельнікаў праекта дэманструюць высокі прафесіяналізм у адукацыйнай рабоце з асаблівымі дзецьмі. Нядаўна свае напрацоўкі па ўкараненні інклюзіі ў рамках творчай справаздачы калегам паказвалі настаўнікі Міхееўскай сярэдняй школы. І адметна, што мясцовыя навучэнцы з АПФР сацыялізаваныя, актыўныя, самастойныя, маюць пэўныя вучэбныя і творчыя дасягненні. Вучнёўскі калектыў вельмі згуртаваны. Разам вучні паставілі для гасцей лялечны спектакль. Усе дзеці таленавітыя, калі яны акружаны любоўю і людзьмі, якія прафесійна адносяцца да сваёй справы, — адзначыла Алена Генрыхаўна.
Рэалізаваць эксперыментальны праект плануецца за тры гады. Сумеснымі намаганнямі яго ўдзельнікі распрацуюць мадэлі рэалізацыі адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах інклюзіі дзяцей з АПФР, сцэнарыі правядзення ўрокаў па класах і катэгорыях навучэнцаў, тэхналагічныя карты заняткаў па вучэбных прадметах, рэкамендацыі па фарміраванні культуры адносін паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу, дыдактычныя матэрыялы па арганізацыі культурна-забаўляльнай дзейнасці, формы ўзаемадзеяння педагогаў з бацькамі. Усё гэта павінна істотна дапамагчы паспяховай сацыялізацыі асаблівых дзяцей у соцыуме, а ў грамадства сфарміраваць талерантныя адносіны да асоб з абмежаванымі магчымасцямі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены Магілёўскім дзяржаўным абласным ЦКРНіР