Хто здзейсніць сціплую добрую справу, той здзейсніць і подзвіг

Воцінава, С. Хто здзейсніць сціплую добрую справу, той здзейсніць і подзвіг : [валанцерскі рух МДУХ] / Святлана Воцінава // Маладосць. — 2018. — № 1. — С. 135—138. 

Ніхто не здольны прыдумаць для чалавека лепшую пахвалу, чым паведаміць яму, што ён ад прыроды надзелены дабрынёй. Гэта не мы сказалі, гэта Мішэль Мантэнь, якога цытавалі, аспрэчваючы або пагаджаючыся, Валыэр і Дзідро, Талстой і Пушкін.

Словы Мантэня ў якасці эпіграфа пачына-юць артыкул пра валанцёрскі рух у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання. Азнаямляльны артыкул, прызначаны для, так бы мовіць, унутранага карыстання (на выпадак, калі спатрэбіцца прадаставіць экспрэс-інфармацыю), прысвечаны валанцёрскаму руху, які, аднойчы дваццаць тры гады таму наладзіўшыся, няспынна мае месца ў названай установе. Тут і далей, як чытачу павінна быць зразумела, гаворка не пра Мішэля Мантэня з яго прыхільнікамі і апанентамі, а пра Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання і яго шматлікія вялікія сэрцы, якія б’юцца не вельмі роўна не толькі перад экзаменацыйнымі аўдыторыямі.

Усё пачалося, як нехта з чытачоў паспеў падлічыць, у 1994 годзе. Кіруючыся неаспрэчнай ісцінай пра тое, што час студэнцтва — час эксперыментаў, спроб, прымерак розных роляў, пазнання свету і спасціжэння сябе ў ім, імкнення да самасцвярджэння і пошуку аднадумцаў, аддзел па выхаваўчай рабоце названага ўніверсітэта арганізаваў валанцёрскі рух. Трошкі няправільна сказаць «арганізаваў», бо гэта не аднаразовая акцыя, якую трэба прыдумаць, правесці, сарваць з дрэва славы лаўровае лісце і сесці пад ім адпачыць. Валанцёрскі рух — гэта штодзённае ўсведамленне патрэбы ў стварэнні ўмоў для адраджэння і ўмацавання ў грамадстве светапогляду, заснаванага на духоўных і маральных каштоўнасцях. Зноў жа не вельмі правільна сказаць «усведамленне», бо мала штодзённа ўсведамляць, трэба штодзённа дзейнічаць. Тут, як я пераканалася, дзейнічаюць менавіта штодзённа, іначай калі ж бы паспявала рабіцца ўсё тое, пра што мне распавядаюць важкія папкі са здымкамі: вось фота з дабра-чыннай акцыі «Нашы дзеці» ў Бялыніцкай дзяржаўнай дапаможнай школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі; вось валанцёры віншуюць з Новым годам, і Калядамі дзяцей-інвалідаў, маладых інвалідаў і іх бацькоў, дапамагаю-чы Магілёўскаму грамадскаму аб’яднанню «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам»; вось яны ў Магілёўскім спецыяльным доме дзіцяці для дзяцей з арганічнымі пашкоджаннямі цэнтральнай нервовай сістэмы і з парушэннямі псіхікі; вось у анкалагічнай клініцы… Перасылка архіва з папкамі па усіх «тэмах», напоўненымі толькі некаторымі здымкамі (прапанаванымі рэдакцыі на выбар для публікацыі), выклікала ў літаральным сэнсе абвальванне электроннай гіаштовай скрыні. Дзіва што! Звычайная тут таксама б не вытрывала.

Дзялюся сваім узнёсла-захопленым абурэннем (можна ж так сказаць?) з начальнікам аддзела выхаваўчай працы Любоўю Мішкевіч, а яе гэта не здзіўляе. Яны ўсе, відаць, даўно прызвычаіліся да захопленых рэакцый адносна сваёй дзейнасці: што ні кажы, а ладзіць цуд кож-ны дзень — значыць, паступова зрабіцца чараўніком, а чараўнікоў нічога здзіўляць не павінна, бо здзіўляць павінны яны самі. I здзіўляюць! Бясконцым жаданнем рабіць добрыя справы, іх колькасцю і незгасальным творчым да іх падыходам. Тут не хочацца пісаць банальныя словы пра тое, наколькі гэта важна, каму гэта трэба, як гэта ўплывае на новыя пакаленні і як праз гэта мацуецца дух дзяржавы. Я к ні скажы — усё «штамп». Лепш канкрэтна.

Аргументы і факты

Валанцёрскі клуб Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання мае назву «Міласэрнасць». Складаецца з сямі валанцёрскіх атрадаў: аднайменны — «Міласэрнасць» — утвараюць 15 чалавек, «Зорачку літасцівасці» — 16, «САМ» («Студэнцкі атрад міласэрнасці») — 14, « Надзею» — 12, «Праменьчык» — 15, «Крынічку дабрыні»— 14, «Падзяку»— 15.

Дзейнасць клуба ажыццяўляецца па наступных накірунках: курыраванне пенсіянераў-супрацоўнікаў і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, гаспадарчая дапамога і дабрачынныя акцыі ў дзіцячых дамах, школах-інтэрнатах, сем’ях, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, догляд мемарыяльных комплексаў і парку адпачынку.

Важны этап арганізацыі валанцёрскай дзейнасці — вучоба валанцёраў. Нашы героі вучацца ў школе студэнцкага актыву «Здолей павесці за сабой». Увогуле, школа студэнцкага актыву ўніверсітэта складаецца з пяці секцый, акрамя валанцёрскай — пад нумарам 5, існуюць секцыі членаў грамадскага аб’яднання БРСМ, прафаргаў акадэмічных труп, студэнцкіх саветаў інтэрнатаў і членаў моладзевай добраахвотнай дружыны. Пра кожную, відаць, можна было б напісаць артыкул ці хаця’ б рэпартаж з заняткаў. У трупе пад нумарам 5 выкладаюцца навыкі работы з рознымі катэгорыямі сацыяльна неабароненага насельніцтва, тут жа вывучаецца вопыт розных валанцёрскіх арганізацый і ідзе праца па методыцы «роўны вучыць роўнага».

Паглядзіце на здымкі, якія гавораць больш, чым любыя словы, углядзіцеся ў твары валан-цёраў і вочы тых, каму яны дапамагаюць і до-раць маленькія радасці. Вы таксама хочаце быць

валанцёрам? Я магу напісаць: «Тады вам сюды, у Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання», а магу іншае: «Кожны можа быць валанцёрам незалежна ад месца яго вучобы i працы». Я зрабіла, як бачыце, першае i другое. Ваш выбар у кожным разе будзе правільным.

***

Мы пачыналі з цытавання Мантэня. Цяпер працытуем маці Тэрэзу: «Мы не можам рабіць вялікія справы. Мы можам рабіць маленькія справы з вялікімі сэрцамі». Гэтыя словы, з замілаваннем выпісаныя мною ў цытатнік шмат гадоў таму, падаліся цяпер цьмяным адбіткам нашмат болей яркіх радкоў з таго артыкула-азнаямлення з экспрэс-інфармацыяй. I нельга іх тут не прывесці: «У жыцці часам не бывае месца для гучнага подзвігу, але заўсёды ёсць месца для сціплай добрай справы. Хто здзейсніць гэтую справу, той, калі спатрзбіцца, здзейсніць і подзвіг». Тэта мацнейшае i за тое, што сказаў Мантэнь, якога аўтары артыкула ўганаравалі эпіграфам. Гэтыя радкі самі маглі быць эпіграфам. Яны калі-небудзь і стануць эпіграфам.