Як прывіць любоў да чытання?

Сінькевіч, Г. Як прывіць любоў да чытання? : [настаўніца русскай мовы і літаратуры МДАЛ № 1 В. А. Сяцько] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2020. — 25 красавіка. — С. 7. 

Як прывіць вучням цікавасць да чытання? Як данесці да падлеткаў значнасць літаратуры? Над гэтымі актуальнымі пытаннямі сур’ёзна задумалася настаўніца рускай мовы і літаратуры Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Вольга Аляксандраўна Сяцько. У сваёй педагагічнай дзейнасці яна выбудавала ўласную эфектыўную мадэль прыцягнення ўвагі дзяцей да кнігі.

Сама Вольга Аляксандраўна зачытвалася рознымі кнігамі з дзяцінства. Асабліва захаплялі творы рускіх пісьменнікаў. У школе руская мова і літаратура сталі яе любімымі вучэбнымі прадметамі.

— З 10 класа я вучылася ў філалагічным класе першага абласнога ліцэя. У той час канчаткова вызначылася з выбарам прафесіі. Зразумела: мой шлях — гэта шлях настаўніка-філолага, — расказала В.А.Сяцько.

Сваё прафесійнае імкненне Вольга Аляксандраўна рэалізавала, скончыўшы МДУ імя А.А.Куляшова. Атрымала дыплом настаўніка і маладым спецыялістам вярнулася ў родны ліцэй. Выкладала і працягвала адукацыю — вучылася ў аспірантуры. Менавіта ў той час яна ўпершыню пачала аналізаваць праблему адсутнасці ў дзяцей цікавасці да чытання. Зараз яна прыйшла да пэўных высноў у гэтым пытанні і выпрацавала свой алгарытм прывіцця навучэнцам цікавасці да кнігі.

Па яе меркаванні, любоў да чытання — працэс выхаваўчы. Гэта амаль духоўна-інтэлектуальная селекцыя. Да гэтага часу ніхто не змог даць эфектыўныя рэкамендацыі мамам і татам, якія хочуць прымусіць сваё дзіця чытаць.

— Якраз самае галоўнае ў гэтай справе — навучыцца пазбягаць фармулёўкі “прымусіць”. Мне вельмі запомніўся выпадак, калі мой вучань, даволі калючы падлетак, даслаў мне цудоўным вясновым познім вечарам пытанне, што б яму пачытаць з прозы рускіх сімвалістаў, а то еўрапейскія яму ўжо знаёмыя і паспелі надакучыць. Праз некалькі навадных пытанняў і адказаў у нас завязалася неверагодна цікавая літаратурная перапіска. Я зразумела, што ніколі не ведаеш, хто з вучняў, якія “нічога нехочуць”, на самай справе з’яўляецца інтэлектуалам, які старанна хавае сваю літаратурную глыбіню пад маскай лайдака і двоечніка. На жаль, настаўнік заўсёды крыху браніраваны праграмай. Калі вучань не прачытаў “Вайну і мір”, то, адпаведна, абавязак педагога — зафіксаваць гэты прабел у журнале. Менавіта гэты жорсткі пункцік надае рабоце настаўніка асаблівую нотку, прымушаючы заўважаць нават нейкія няўпэўненыя веды вучняў, — адзначыла В.А.Сяцько.

Вольга Аляксандраўна пераканана: любоў да чытання павінна закладвацца ў сям’і. Аднак цікавасць навучэнцаў да літаратуры шмат у чым залежыць і ад настаўніка. Асабіста яна на ўроках і ў пазакласнай рабоце выкарыстоўвае розныя адукацыйныя методыкі і тэхналогіі. У працэсе пагружэння ў чытанне ўсе вучні так ці інакш працуюць, калі выконваюць пэўныя ўмовы. Напрыклад, асабліва важны давер. Дзецям неабходна адчуваць, што іх нежаданне чытаць — гэта не злачынства ў вачах настаўніка, бацькоў. Падлеткі могуць старанна бравіраваць гэтым нежаданнем. На думку В.А.Сяцько, такую ж знач­насць мае цярпенне. Без яго выхаванне чытаючай асобы немагчыма.

— Гэтак жа, як і без шчырасці, асабістай зацікаўленасці настаўніка. Калі на самай справе педагогу не вельмі цікава, што і як чытае вучань, лепш не завастраць увагу на праблеме. У навучэнцаў, як правіла, добра развіта інтуіцыя, і яны беспамылкова ўлоўліваюць няшчырасць. Таму не трэба адразу спяшацца ахапіць неабсяжнае. Калі вочы дзяцей не гараць ад герояў Платонава, паспрабуйце запаліць іх чымсьці, што натхняе ў літаратуры асабіста вас, — параіла В.А.Сяцько.

У настаўніцы ёсць і свае хітрасці, з дапамогай якіх яна далучае дзяцей да чытання. Вучні часта задаюць ёй пытанні, якія тычацца нейкіх рэальных жыццёвых сітуацый. Адказы яна дае на прыкладзе падобных сітуацый з мастацкіх твораў.

— Часам мы нават выбудоўваем нейкія паводзінскія мадэлі герояў. Тым, хто не чытаў ці прачытаў не да канца, цікава, пра што мы так ажыўлена размаўляем. Гэта таксама элемент прыцягнення ўвагі да чытання, — паведаміла Вольга Аляксандраўна.

Педагог папулярызуе кнігу і з дапамогай сучасных тэхналогій. Сёлета Вольга Аляксандраўна разам з вучнямі ўпершыню паспрабавала сумясціць літаратуру і відэа. Яны стварылі тэматычны праект “Я чытаю”. Гэта цыкл відэаролікаў з чытаннем навучэнцамі любога верша на памяць і прэзентацыяй сваёй любімай кнігі. Ліцэісты арганізавалі і правялі міні-фестываль “Мая любімая кніга”: для ўдзелу ў ім дзеці стварылі маляваныя і друкаваныя буклеты, прысвечаныя нейкай канкрэтнай кнізе ці пісьменніку, і амаль кожны вучань выступіў з невялікай прамовай.

— Працэс здымак і апрацоўкі матэрыялу зачароўвае навучэнцаў, а падрыхтоўчая работа, як аказалася, вельмі стымулюе літаратурную дзейнасць. Ідэю такіх праектаў можна рэалізаваць нават у межах адной сям’і. Напрыклад, чытанне кожным дамачадцам любімага ўрыўка з казкі, знятае на тэлефон і зманціраванае ў адзін кліп, можа ператварыцца ў сямейны архіў. Так дзеці могуць убачыць перад сабой станоўчы прыклад блізкіх людзей. Праект выклікаў сярод дзяцей вялікую цікавасць, таму мы плануем яго далейшае развіццё, — падкрэсліла В.А.Сяцько.

Ёсць у Вольгі Аляксандраўны і своеасаблівае табу ў педагагічнай дзейнасці. Яна ніколі не звяртаецца да метаду “карных” адзнак, бо лічыць, што такім чынам цікавасць да чытання ніколі не абудзіш. Каб непаспяваючы вучань захацеў чытаць, палюбіў кнігу, трэба знайсці да яго падыход, знайсці ключык да яго сэрца.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.