Трэба захаваць тое, што у нас ёсць. А для гэтага трэба быць як кулак — адзінымі

Мядзведзева, В. «Трэба захаваць тое, што у нас ёсць. А для гэтага трэба быць як кулак — адзінымі» : [рабочы візіт Прэзідэнта ў Магілёўскую вобласть] / Вольга Мядзведзева, Варвара Марозава // Звязда. — 2020. — 9 чэрвеня. — С. 1—2.

З такімі словамі Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка звярнуўся ў суботу не толькі да актыву Магілёўскай вобласці, якую наведаў з рабочым візітам, але і, бадай, да ўсіх беларусаў. Аднак спачатку кіраўнік дзяржавы паглядзеў, як змяніўся абласны цэнтр, з якім звязана яго студэнцкае юнацтва. З вышыні птушынага палёту, калі аблятаў горад на верталёце, і потым — на месцы, якое магіляўчане цяпер не толькі любяць, але ганарацца ім — у Падмікольскім парку.

«Горад павінен быць прыгожы»

Тут заўсёды ёсць людзі — самых розных узростаў, але нязменна ў добрым настроі. Дзеці з задавальненнем гуляюць у вяровачным гарадку, дарослыя займаюцца спортам і адпачываюць, любуюцца сваім горадам, з гордасцю знаёмяць з ім гасцей… Дарэчы, у парку больш за шэсць кіламетраў тратуараў і больш за тры кіламетры веласіпедных дарожак.

Прэзідэнту расказалі, што ўжо ёсць дамоўленасць на стварэнне гасцінічнага комплексу. Прадугледжана будаўніцтва парку атракцыёнаў, пашырэнне пляжнай зоны. Актыўна будуецца Свята-Пакроўская царква — на гістарычным фундаменце і за грошы вернікаў.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц далажыў аб асноўных паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці.

Старшыня гарвыканкама Уладзімір Цумараў паведаміў пра гарадскія аб’екты, рэалізаваныя ў 2017—2020 гадах. У іх ліку капітальны рамонт з мадэрнізацыяй мінскай шашы з будаўніцтвам уязной аркі ў гонар 750-годдзя Магілёва (яна, дарэчы, пабудавана за кошт спонсараў), капітальны рамонт моста па праспекце Міру цераз Дубровенку, капітальны рамонт з мадэрнізацыяй вуліцы Першамайскай, капітальны рамонт пуцеправода цераз чыгунку па праспекце Міру, палаца культуры, тэнісных кортаў.

Кіраўнік дзяржавы падрабязна пацікавіўся сацыяльнай інфраструктурай мікрараёна Казіміраўка, у якім па выніках паўгоддзя плануецца здача басейна. Яшчэ адзін важны сацаб’ект — гарадская бальніца, дзе завершаны капітальны рамонт радзільнага дома.

У перспектыве ў Магілёве маюць намер вырашаць праблему, якая ўзнікае праз наяўнасць усяго адной выязной магістральнай вуліцы. Па ўзгадненні з Прэзідэнтам пачата будаўніцтва шашы-дублёра. Сёлета будзе выканана першая чарга. Пры наяўнасці дастатковага фінансавання будаўніцтва можа быць завершана ўжо налета.

«Горад павінен быць прыгожы. Я ж казаў тры-чатыры гады таму, што мы прывялі ўсе гарады ў парадак, а Магілёў адстаў — нават неяк няёмка было. I апошнім аб’ектам, дзе нам трэба было падцягнуцца, быў Брэст. Да свята Брэста мы і Брэст прывялі сур’ёзна ў парадак. Таму сёння насельніц-тву абласных цэнтраў ёсць чым ганарыцца», — парадаваўся беларускі лідар, дадаўшы, што цяпер справа за зручнымі транспартнымі зносінамі і добраўпарадкаваннем. «Але самае галоўнае для вас — гэта прамысловасць. Прамысловыя прадпрыемствы трэба прыводзіць у парадак. Знойдуцца інвестары, якія з задавальненнем прыйдуць у Магілёў і будуць працаваць», — адзначыў Прэзідэнт.

Час для душы

Паездка на Магілёўшчыну прыпала на Траецкую бацькоўскую суботу, у якую праваслаўныя вернікі памінаюць сваіх памерлых. Аляксандр Лукашэнка скарыстаўся магчымасцю і запаліў свечкі ў храме Свята-Мікольскага жаночага манастыра, з якім суседнічае парк.

На выхадзе з царквы кіраўніка дзяржавы абступілі вернікі. «Не зганялі ж на сустрэчу?» — удакладніў ён, чым выклікаў шчыры смех. Размова адбылася не надта доўгая, але, як заўсёды, шчырая і душэўная. Лідар краіны заўважыў, што Магілёўшчына ўвайшла ў пад’ём захваральнасці на COVID-19 апошняя, калі вірулентнасць віруса ўжо паслабела, а ўвогуле хвароба цяпер часцей працякае ў лёгкай форме, але ўрачы яшчэ падстрахоўваюцца — шпіталізуюць заражаных на некалькі дзён.

Вернікі, у сваю чаргу, далучыліся да слоў падзякі настаяцельніцы манастыра ігуменні Ефрасінні за тое, што ў Беларусі падчас пандэміі не закрываліся храмы.

Зайшла гутарка пра ўспаміны кіраўніка дзяржавы, пра ўражанні сённяшняга дня і пра добрыя спадзяванні на будучы ўраджай.

«Гэта была цяжкая барацьба, якая сёння не скончана»

Размова прадоўжылася ў сценах Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Тут яна набыла ўжо больш строгі характар, ды і аўдыторыя чакала кіраўніка дзяржавы іншая — дзяржаўныя служачыя, актыў вобласці.

Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні звярнуў асаблівую ўвагу на складанасць моманту, які зараз перажывае краіна разам з усім светам. Ён нагадаў пра тое, што нядаўна казаў: «На жаль, у гэты момант у адно сышліся чатыры галоўныя «пандэміі», калі іх можна так назваць».

Першая — у ахове здароўя. Кіраўнік дзяржавы намерана паўтарыў сваю першапачатковую характарыстыку: «…Каранавірус, які давёў да псіхозу ўсю планету… Думаю, пройдзе час, вы таксама прыйдзеце да такой думкі. Кажу «псіхозу», бо некаму ён патрэбны».

«Увесь свет сёння спыніўся, эканоміка не проста застопарылася — перакуленая эканоміка ўсяго свету, а вядучыя кампаніі, мільярдэры i дзяржавы ў кішэню палажылі трыльёны долараў», — сказаў ён. Пры гэтым ніхто пакуль не ведае, каму гэта было патрэбна і ці рукатворная тая пандэмія.

«Другая пандэмія — эканамічная. Недзе аб’ектыўна спалохаліся каранавіруса, недзе з іншых прычын эканоміка ў свеце спынілася. Не толькі ў краінах, якія развіваюцца, але і ў найбуйнейшых дзяржавах і саюзах свету, — сказаў лідар Беларусі. — …Наша эканоміка экспартаарыентаваная. Больш за палову вырабленага мы прадаём на знешніх рынках. Не таму, што нам так захацелася. Па-першае, наша эканоміка так створана з даўніх часоў, а па-другое, нам патрэбна валюта, каб жыць».

Год для беларускіх экспарцёраў распачаўся добра, але потым адбыўся абвал у сусветнай эканоміцы. I яны не змаглі пазбегнуць удару, хоць граніцы краіны не закрываліся, вытворчасць не спынялася.

«Добра яшчэ, што гэта здарылася на пачатку года і нашым прамысловым прадпрыемствам удалося закупіць сыравіну і камплектуючыя. Мы ў гэтым глабальным свеце вельмі залежныя ў эканамічных адносінах, — сказаў беларускі лідар. — У нас няма вялізных запасаў нафты і газу, іншых карысных выкапняў, каб можна было назапасіць вялізныя рэзервы».

Трэцяя пандэмія — палітычная. «Перадвыбарная кампанія наклала свой адбітак на ўсё тое, што адбываецца сёння ў свеце і ў нашай краіне…» — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы.

Улады спакойна займаліся сваёй справай — кантралявалі лячэнне людзей, арганізоўвалі пасяўную, але, нягледзячы на пэўныя поспехі, знайшліся крытыкі як звонку, так і ўнутры краіны.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў рабіць высновы па ўзроўні смяротнасці, нагадаў, што за апошнія месяцы былі закупленыя дзясяткі апаратаў камп’ютарнай тамаграфіі, з дапамогай якіх з большай дакладнасцю дыягнастуецца «кавідная» пнеўманія.

«Усё гэта далося нялёгка, — адзначыў Прэзідэнт. — Дзякаваць богу, што не абрынулася сістэма аховы здароўя… Нам пакуль, і, думаю, увогуле, удалося пазбегнуць крайняга сцэнарыю, прытым мы не закрывалі краі-ну… Мы паказалі, што ёсць такая Беларусь, што яна стойкая, мудрая, моцная і можа спраўляцца з гэтай пандэміяй».

Па словах лідара дзяржавы, гэта была цяжкая барацьба, якая сёння не скончана і з якой, на жаль, напэўна, мы будзем жыць яшчэ доўгі час.

«Я прашу гэта мець на ўвазе. А магіляўчанам, нягледзячы на тое што вірулентнасць віруса аслабела, быць вельмі асцярожнымі і берагчы старых. Не расслабляйцеся ні ў якім разе», — Аляксандр Лукашэнка дадаў, што і да прафілактыкі трэба падысці з цвярозым розумам — бываць на свежым паветры, займацца фізкультурай.

Што да ізаляцыі, то кіраўніцтва краіны, па словах Прэзідэнта, гатова пры неабходнасці пайсці на любыя меры. Рашэнне можа быць прынятае і такое, але пакуль у крайніх мерах няма патрэбы.

Тут большай небяспекай з’яўляецца «інфадэмія». Чацвёртай пандэміяй Аляксандр Лукашэнка назваў сітуацыю ў інфармацыйнай сферы.

«Ніхто нічога не дасць проста так»

Па словах кіраўніка краіны, пандэмія паўплывала на свет у цэлым і Беларусь у прыватнасці так, што прадпрымальнікам трэба «зазямляцца» на радзіме.

«Чым вы будзеце займацца: малым, сярэднім бізнесам ці буйным — пачынайце! Ніхто нічога не дасць проста так, ніхто нічога не прынясе. Трэба захаваць тое, што ў нас ёсць. А для гэтага трэба быць як кулак — адзінымі», — Прэзідэнт зноў папрасіў сур’ёзную ўвагу звярнуць на прамысловыя прадпрыемствы. Па кожным з магілёўскіх гігантаў трэба выпрацаваць канкрэтную праграму.

Лідар краіны запатрабаваў няўхільнага выканання дзяржаўнай праграмы развіцця паўднёва-ўсходніх раёнаў Магілёўскай вобласці. «Мы павінны даць людзям там не толькі надзею, але і шанц жыць, гадаваць дзяцей. Я пабуду там, пагляджу, — паабяцаў Аляксандр Лукашэнка. — Праграма прынята, яна павінна рэалізоўвацца. Тым больш, там жыве вельмі шмат чарнобыльцаў».

Яшчэ адзін аспект, на якім спыніўся беларускі лідар, — зарплата, якая павінна выплачвацца людзям своечасова і ў поўным аб’ёме.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, Варвара МАРОЗАВА.

г. Магілёў.