Танкі тут не прайшлі

Зігуля, Н. Танкі тут не прайшлі : [адкрыццё памятнага знака ў Казіміраўцы на месцы абароны Магілёва] / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2020. — 10 ліпеня. — С. 9, 24. — Мясцовае самакіраванне.

Магілёўскія депутаты разам з мясцовай уладай і грамадскасцю ўстанавілі на месцы абароны Магілёва ў Казіміраўцы памятны знак.

Сёння ад 25-кіламетровай лініі абароны, якая праходзіла літаральна на ўездзе ў сучасны Магілёў з боку Мінска, захаваўся толькі невялікі ўчастак. Ён знаходзіцца амаль на ўскрайку лесу і да нядаўняга часу ніяк не быў абазначаны.

— Размовы пра тое, каб устанавіць тут памятны знак, вяліся і раней, але атрымалася толькі цяпер, — кажа дэпутат Магілёўскага гарсавета Галіна БЯЛЯЕВА. — Я звярнула ўвагу дэпутатаў на неабходнасць рэалізаваць гэтую ідэю, і яны мяне падтрымалі.

Старшыня гарсавета Максім Гурын асабіста вырашаў шмат арганізацыйных момантаў — дамаўляўся, тлумачыў, прасіў. I нам дапамагалі — выканаўчая ўлада, грамадскія арганізацыі, жыхары горада. Напэўна, таму атрымалася зрабіць гэтую справу ўсяго за два месяцы.

Пачыналі з суботніка, бо месца было, мякка кажучы, занядбанае: гараджане па сваім няведанні выкарыстоўвалі яго для адпачынку і пасля сябе часта пакідалі смецце. Актывісты сабралі тут амаль машыну розных адходаў.

Наводзіць парадак дапамагалі камунальнікі, навучэнцы з настаўнікамі з бліжэйшага вучылішча, прадстаўнікі магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру».

У гарвыканкаме падтрымалі прапанову дэпутатаў пазначыць месца гераічнай абароны каменем. Галіна Бяляева асабіста аб’ехала ўвесь Магілёў у пошуках прыдатнага экзэмпляра. Увагу прыцягнуў вялікі валун, што ляжаў на беразе Дняпра. Як потым высветлілася, ён быў з уральскага мармуру. Калісьці пастаўкамі гэтага каменюў Магілёў займалася адна арганізацыя. Яе ўжо даўно няма, а камень незвычайным чынам захаваўся. Калі зрэзалі адзін бок, каб нанесці надпіс, былі ўражаны яго высакародным аранжавым з бардовым колерам…

Дарэчы, на арганізацыю і рэалізацыю ідэі не было выдаткавана ніводнай капейкі з бюджэту. Кожны дапамагаў, чым мог. Магілёўскі мастак Уладзімір Конанаў, напрыклад, зрабіў перад памятным каменем кветку, якая сімвалізуе вечны агонь. Арганізацыя «Белая Русь» перадала грошы на выраб пастамента і на плітку, якой выбрукавана пляцоўка.

Надпіс на камені сведчыць, што тут у ліпені 1941-га мужна трымалі абарону падраздзяленні 394-га і 514-га стралковых, а таксама 493-га гаўбічнага артылерыйскага і 340-га лёгкаартылерыйскага палкоў Чырвонай арміі. А яшчэ напісана, што «Нямецкія танкі падчас абароны горада так і не змаглі пераадолець гэтую мяжу».

— Гэта сапраўды так, — пацвярджае кіраўнік Магілёўкага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалай БАРЫСЕНКА. — Гэтую дарогу прыкрывалі байцы 493-га гаўбічнага артпалка Iвана Жывалупа. А сам герой падчас жорсткага бою кінуўся на нямецкі танк са звязкай гранат і загінуў. Танкі тут дакладна не прайшлі — немцы абышлі гэты ўчастак.

Сёлета пошукавікі клуба «Віккру», лічы, за кіламетр ад гэтага месца паднялі астанкі васьмі байцоў. Але, як мяркуе Мікалай Барысенка, у тутэйшай зямлі можа знаходзіцца не адна сотня салдат і камандзіраў, і яшчэ шмат давядзецца працаваць, каб аднавіць гісторыю падзей.

Сёння гэта адзіны на тэрыторыі Магілёва аўтэнтычны, не стылізаваны супрацьтанкавы роў. Яго магіляўчане капалі ўчэрвені—ліпені 1941-га, каб абараніць свой горад ад варожага нашэсця. Ад гэтай шматкіламетровай траншэі захавалася ўсяго 150 метраў, і тое, што цяпер пра гэта нагадвае памятны знак, вельмі важна. Але, па сутнасці, трэба было б захаваць для гісторыі ўвесь 150-метровы ўчастак. Небяспека ўтым, што горад развіваецца і з гэтым мо уць узнікнуць праблемы.

— На добры лад, трэба было б надаць гэтаму рову статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, — лічыць Мікалай Барысенка. — Гэта адзіны спосаб захаваць гістарычны аб’ект для нашчадкаў. Не трэба рабіць ніякіх работ па кансервацыі: галоўнае — абазначыць месца і ўзяць пад ахову.

Памятны знаку у гонар абаронцаў быў устаноўлены напярэдадні Дня Незалежнасці краіны. Даніну памяці тым, хто да апошняга трымаўся на гэтых гарачых пазіцыях у ліпені 1941-га, аддалі прадстаўнікі магілёўскай улады, грамадскасць, жыхары горада.

Нэлі ЗІГУЛЯ.