Універсітэцкія распрацоўкі для вытворчасці

Сінькевіч, Г. Універсітэцкія распрацоўкі для вытворчасці : [Беларуска-Расійскі ўніверсітэт] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2020. — 9 ліпеня. — С. 3.

Каб звязаць сваё жыццё з перадавымі даследаваннямі ў навуцы ці з інавацыйнай вытворчасцю, магілёўскай моладзі зусім не абавязкова ехаць на вучобу ў сталіцу. У абласным цэнтры ёсць свой універсітэт, у якім інтэграцыя з навукай адбываецца на справе, а не на словах. У Беларуска-Расійскім універсітэце рэгулярна з’яўляюцца перадавыя навуковыя распрацоўкі, бо гэтую ўстанову адрознівае пастаяннае развіццё.

Беларуска-Расійскі ўніверсітэт функцыянуе па прынцыпах адзінства адукацыі і навукі. Больш за тое, навуковая работа з’яўляецца адным з галоўных кірункаў дзейнасці гэтай установы.

— Наш універсітэт заўсёды актыўна працаваў з рэальным сектарам эканомікі. Пра гэта сведчыць і структура фінансавання навуковай дзейнасці. Так, апошнія гады з агульнага аб’ёму фінансавання больш за 90% — пазабюджэтныя сродкі, у тым ліку, за кошт экспартных кантрактаў, — расказаў прарэктар па навуковай рабоце Віктар Пашкевіч.

Паводле яго слоў, універсітэцкія распрацоўкі запатрабаваны сучаснай вытворчасцю. Прыклад таму — дзейнасць навукова-да­следчай лабараторыі “Валаконна-аптычная дыягностыка”. Лабараторыя мае ў сваім складзе адзіную ў краіне доследна-эксперыментальную вытворчасць сучаснага эндаскапічнага абсталявання тэхнічнага прызначэння, створаную ў рамках Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця. Пад кіраўніцтвам дацэнта Васіля Усіка калектыў паспяхова працуе над праблемамі ўдасканалення сродкаў дыягностыкі цяжкадаступных месцаў.

— Лабараторыяй выканана звыш 160 навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ. Усе распрацоўкі вельмі рэнтабельныя і запатрабаваны прамысловасцю. Яны ўкаранёны ў дзейнасць практычна ўсіх беларускіх ЦЭЦ, выкарыстоўваюцца службамі бяспекі, аховы Беларусі і Расіі, лабараторыямі тэхнічнай дыягностыкі і неразбуральнага кантролю, нафтагазаперапрацоўчымі і іншымі прадпрыемствамі. Ажыццяўляецца продаж спецыялізаваных сродкаў дыягностыкі, у большасці сваёй — на аснове міжнародных кантрактаў. За час існавання лабараторыі экспарт у розныя краіны свету склаў амаль 1 мільён долараў ЗША. Значна, што пры лабараторыі функцыянуе студэнцкае канструктарскае бюро валаконнай оптыкі, дзе студэнты асвойваюць навыкі канструявання аптычных прыбораў, а таксама спрабуюць вырабляць іх дэталі і ажыццяў­ляць зборку, — падкрэсліў Віктар Пашкевіч.

Для вырашэння задач рэальнага сектара эканомікі (ад распрацоўкі да вытворчасці) у Беларуска-Расійскім універсітэце не так даўно быў створаны інжынірынгавы цэнтр SimTech. Ён базіруецца на выкарыстанні тэхналогій навукаёмістага камп’ютарнага інжынірынгу і абсталяваны высокапрадукцыйнымі серверам і вылічальнымі станцыямі. Для яго функцыянавання набыты камерцыйныя ліцэнзіі на праграмнае забеспячэнне — SolidWorks, ANSYS Mechanical CFD Maxwell 3D, ANSYS HPC Pack, ANSYS Optimetrics і інш.

Структура SimTech уключае праектныя групы па наступных напрамках: грузападымальнасць, машынабудаванне, кар’ерная тэхніка, металургія, чыгуначнае машынабудаванне. Пад кіраўніцтвам кандыдата тэхнічных навук Алега Лявоненкі навукоўцы цэнтра толькі за апошнія два гады выканалі навукова-даследчыя і доследна-канструктарскія работы на агульную суму каля 260 тысяч рублёў. Сярод унікальных распрацовак Цэнтра SimTech — першы ў Беларусі казлавы кран грузападымальнасцю 32 тоны з пралётам 32 м, спраектаваны і выраблены на Слуцкім заводзе грузападымальнага абсталявання. Знакавым праектам стала таксама работа з айчынным вытворцам кар’ерных самазвалаў БелАЗ. На базе распрацовак цэнтра ў супрацоўніцтве са спецыялістамі прадпрыемства на аснове поўнага цыкла камп’ютарнага мадэлявання створана платформа кар’ернага самазвала БелАЗ-75131 і яе лічбавы прататып. Новая платформа падобная да серыйнай кан­струкцыі, але адрозніваецца істотна палепшанымі характарыстыкамі.

Шырокія магчымасці для заняткаў навукай адкрывае навукова-даследчая лабараторыя адытыўных тэхналогій Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. У ліку аб’ектаў даследавання — трохвымерныя тэхналогіі лічбавага сканіравання аб’ектаў і іх друку. Акрамя таго, супрацоўнікі лабараторыі пад кіраўніцтвам дацэнта Уладзіміра Шамянкова вядуць даследаванні па стварэнні спецыяльных металічных парашкоў для трохвымернага друку. Сярод іх ёсць і перадавыя распрацоўкі.

Так, на аснове тэхналогіі механічнага легіравання, створанай прафесарам Ф.Р.Лаўшэнкам, атрымана пробная партыя парашку, эфектыўнасць выкарыстання якога ўжо лабараторна пацверджана. Парашок на 20—30% таннейшы за аналагі, якія зараз ёсць на рынку. У такіх навуковых распрацоўках мноства зацікаўленых. Сярод заказчыкаў лабараторыі адытыўных тэхналогій — прамысловыя прадпрыемствы, для якіх вырабляюцца штампавае абсталяванне, дэталі гідра- і пнеўмаапаратуры, іншыя вырабы са складанай прасторавай канфігурацыяй.

Яшчэ адна навуковая адметнасць Беларуска-Расійскага ўніверсітэта — Цэнтр сертыфікацыі і выпрабаванняў, які з’яўляецца адзіным у краіне органам па сертыфікацыі персаналу зварачнай вытворчасці, зварачнага абсталявання, матэрыялаў, сродкаў абароны зваршчыкаў. Тут на чале з прафесарам В.П.Куліковым працуе лабараторыя, якая акрэдытавана Дзяржстандартам больш чым па 50 відах выпрабаванняў у галіне зварачнай вытворчасці і сумежных галінах.

— Рашэннем калегіі Дзяржатамнагляду Беларуска-Расійскі ўніверсітэт прызнаны галоўнай спецыялізаванай арганізацыяй па зварцы і кантролі зварных злучэнняў пры будаўніцтве Беларускай АЭС. Усе спецыялісты-зваршчыкі і інжынерна-тэхнічныя работнікі, якія ўзводзяць атамную станцыю, праходзяць атэстацыю ў Цэнтры сертыфікацыі і выпрабаванняў. Універсітэт зацвярджае ўсе тэхналагічныя працэсы зваркі і кантролю, якія выкарыстоўваюцца на АЭС, прычым не толькі беларускімі, але і расійскімі прадпрыемствамі. Апошнія гады аб’ём фінансавання гэтага цэнтра перавышае 800 тысяч рублёў. Важна, што многія распрацоўкі і паслугі з’яўляюцца экспартнымі, — паведаміў Віктар Пашкевіч.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.