Раманькова, Т. Рэквіем магілёўскіх кар’ераў : [рэпрэсіі 20-30-х гадоў] / Тамара Раманькова // Правда истории : память и боль / составитель Н. М. Жилинский. — Минск, 1991. — С. 137—146.
Набалелая горная памяць
Нас вяртае ў былыя гады…
С. Грахоўскі
Чым далей адыходзіць ад нас страшны час рэпрэсій, тым болын выразна скрозь лакіраваны глянец афіцыйнай гісторыі праступае вялікая трагедыя народа.
Па даных нашага друку, у гады сталіншчыны загінула больш як 40 тысяч чалавек. У тым ліку — самыя лепшыя, таленавітыя, адданыя Радзіме людзі.
Беларусь стала адной з першых ахвяр сталінскіх рэпрэсій, якія разгарнуліся ў рэспубліцы ўжо ў 20-ыя гады і не спыняліся да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, а затым працягваліся і ў пасляваенныя гады (аж да смерці Сталіна). Сімвалам сталінскага генацыду ў Беларусі стала адкрытае ў 1988 годзе месца масавых расстрэлаў людзей — Курапаты. Але «Курапаты — гэта толькі адна кропля ў моры людской крыві»,— сказаў Васіль Быкаў. Я гэта адчуваю асабліва востра, можа, таму, што больш за 30 гадоў збіраю звесткі аб рэпрэсіраваных, аб месцах іх масавых расстрэлаў і пахаванняў. Мне давялося бачыць Курапаты і на Таймыры, і на Калыме, і на Салаўках, і ў Забайкаллі, і ў Варкуце, і ў Тайшэце. На Магілёўшчыне сталінская фабрыка смерці таксама працавала на поўную магутнасць. Вакол горада Магілёва, па сведчаннях відавочцаў, ёсць некалькі месц масавых расстрэлаў: каля цяперашняга мясакамбіната (у кар’ерах), каля Аршанскага шасэ (у раёне в. Канстанцінаўкі), каля Бабруйскага шасэ (у раёне в. Салтанаўкі), па Гомельскаму шасэ (каля в. Вільчыцы), у раёне аўтазавода імя С. М. Кірава і інш.
Да Вялікай Айчыннай вайны каля цяперашняга мясакамбіната рос малады сасновы лес. У гэты сасняк прывозілі і расстрэльвалі людзей. I калі ў 20-ыя гады гэта былі адзінкавыя выпадкі, то пачынаючы з сярэдзіны і да канца 30-ых гадоў расстрэлы праводзіліся рэгулярна, кожны дзень. Колькасць ям з расстралянымі хутка расла. Таму месцы расстрэлаў перасоўваліся ўздоўж Аршанскага шасэ ў бок аўтарамонтнага завода (цяпер аўтазавод імя С. М. Кірава) на ўсход. Людзей пачалі расстрэльваць паблізу Аршанскага шасэ, насупраць цяперашняга мясакамбіната. На гэтым месцы спачатку быў жывёльны могільнік саўгаса «Давыдаўка». Затым абнеслі плотам, паставілі домік, у якім жыў вартаўнік М. М. Чыж. Сюды, на жывёльны могільнік, прывозілі і расстрэльвалі людзей. Забітых закопвалі побач з падлай…
Намаганнямі актывістаў Магілёўскага гісторыка-асветніцкага таварыства памяці ахвяр сталінізму «Мартыралог Беларусі» ўстаноўлены абставіны масавых расстрэлаў, апытаны многія відавочцы.
Вось толькі некалькі расказаў сведак тых трагічных падзей.
Магіляўчанін Васіль Міхайлавіч Чыж (1913 года нараджэння, ветэран працы, цяпер пенсіянер) да вайны жыў у раёне мясакамбіната. Яго бацька быў вартаўніком на жывёльным могільніку. Васіль Міхайлавіч расказваў, што калі на машынах прывозілі расстрэльваць людзей, то яго бацьку гаварылі: «Ты, дзед, можаш ісці дадому. У цябе сёння выхадны». Калі бацька прыходзіў дамоў раней, мы разумелі, што зноў прывезлі людзей на расстрэл, і Васіль разам з сябрамі бег туды. 3 болем у сэрцы і неапісальным жахам сачылі яны за ўсім, што адбывалася…
Пасля расстрэлаў ямы звычайна прысыпалі толькі злёгку. Васіль Міхайлавіч бачыў, як зямля на паўпрысыпаных ямах варушылася, дыхала, быццам жывая. 3-пад зямлі тырчалі рукі, ногі, была бачна вопратка. Каля ям заўсёды было шмат крыві, змешанай з зямлёй. Гэтыя страшныя падрабязнасці адзначалі потым многія сведкі.
Аднойчы В. Чыж з сябрамі бачыў, як у час расстрэлу адзін чалавек кінуўся бегчы да Аршанскага шасэ, і яму ўдалося схавацца ў сасняку.
Спачатку людзей на жывёльным могільніку толькі расстрэльвалі. Потым пачалі і забітых прывозіць на машинах і тут закопваць.
Жыхар Магілёва Яўген Нікіфаравіч Вараб’ёў (1922 года нараджэння, ветэран вайны і працы, у мінулым токар на аўтазаводзе, цяпер пенсіянер) пастаянна жыве ў раёне мясакамбіната. Яўген Нікіфаравіч быў сведкам масавых расстрэлаў, якія праводзіліся ў 1935—1938 гадах на месцы кар’ераў (каля Аршанскага шасэ, насупраць цяперашняга мясакамбіната). Ён разам з сябрамі бачыў, як вечарам на машынах (часта тэта была цэлая калона, дзесяць машын і больш) прывозілі людзей. Чуліся выстралы, крыкі, лямант. Яўген Нікіфаравіч разам з таварышамі глядзеў праз шчыліны ў плоце, а іншы раз яны падпаўзалі пад плот. Зямля тут была мяккая. Пасля расстрэлаў ён бачыў ямы, ледзь прысыпаныя пяском, плямы крыві каля ям.
Праскоўя Іванаўна Аляксеенка (1908 года нараджэння, пенсіянерка) пражывае ў Магілёве ў раёне мясакамбіната з дня нараджэння. Яна бачыла, як пад вечар на жывёльны могільнік (у кар’еры) прывезлі чалавек трыццаць. Яны капалі ямы. Потым іх паставілі на край і расстралялі.
Аднойчы раніцай, пасля расстрэлаў, Праскоўя Іванаўна ўбачыла чалавека, яшчэ жывога, які ляжаў каля ямы. Гэта быў ксёндз у чорным падрасніку, на руцэ ў яго былі чорныя чоткі. Ён ляжаў на спіне, стагнаў, узнімаў рукі ўгару і прасіў, каб дабілі. Па словах Праскоўі Іванаўны, свяшчэннікаў расстрэльвалі часта.
У другі раз, ноччу, пасля расстрэлаў, яна бачыла раненага, які поўзаў каля ямы і стагнаў.
Да вайны Праскоўя Іванаўна сябравала з сястрой і братамі Расцвятаевымі (у 1937 годзе арыштавалі іх бацьку) і разам з імі хадзіла на месца расстрэлаў. У час экзекуцыі яна чула частыя выстралы, крыкі людзей. Пасля расстрэлаў бачыла ямы з трупамі, якія былі ледзь-ледзь прысыпаны пяском.
Аднойчы вечарам на месца расстрэлаў выпадкова заехаў на кані П. К. Мельянцоў. У гэты час людзей толькі прывезлі. П. Мельянцова заўважылі і адкрылі па ім стральбу, спрабавалі злавіць. Яму ледзь удалося выратавацца, схаваўшыся ў лесе.
Мікалай Іванавіч Хацяінцаў (1918 года нараджэння, ветэран вайны і працы, пенсіянер) пражывае ў раёне мясакамбіната з дня нараджэння. Ён быў сведкам масавых расстрэлаў у 1933—1938 гадах у кар’ерах, каля Аршанскага шасэ. Днём туды прыходзілі людзі і капалі ямы. Позна вечарам на машынах прывозілі людзей. Былі чутны выстралы, мяркуючы па гуку, з нагана, крыкі. Калі раніцай ён з таварышамі прыходзіў на месца расстрэлаў, то бачыў свежавыкапаныя ямы, прысыпаныя вельмі тонкім слоем пяску, а каля ям была кроў.
Мікалай Іванавіч расказаў, што аднойчы ў кар’ер прыйшоў стары з вёскі Лыкава і сказаў, што тут расстралялі яго сына. Ён раскапаў яму, па татуіроўцы на руцэ пазнаў сына, забраў яго цела і перапахаваў.
Іосіф Сямёнавіч Бяляеў (1919 года нараджэння, партызан, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ветэран працы) расказаў, што быў сведкам расстрэлаў у 1934—1938 гадах на месцы кар’ераў. Да вайны Іван Сямёнавіч пасвіў кароў у гэтым раёне, дзе быў малады сасновы лес. Сюды вечарам прывозілі людзей на расстрэл. Машыны суправаджаліся ўзброенай аховай. Іосіф Сямёнавіч чуў выстралы, крыкі. Калі раніцай, яшчэ да ўсходу сонца (гадзіны ў чатыры), ён гнаў кароў у поле, то бачыў свежыя ямы, ледзь прысыпаныя пяском. Зямля на іх варушылася, хадзіла хадуном, дыхала. 3-пад пяску часта была бачна вопратка, тырчалі рукі, ногі.
Аднойчы раніцай Іосіф Сямёнавіч гнаў кароў у поле і ўбачыў чалавека, які сядзеў на зямлі каля куста. Гэты чалавек махнуў рукой і паклікаў яго. Іосіф Сямёнавіч падышоў. Незнаёмец быў у чорным падрасніку, шыя завязана бруднай анучай. Ён цяжка дыхаў. Было бачна, што чалавек зусім аслабеў. Папрасіў піць. Іосіф Сямёнавіч принёс яму бутэльку вады, якую набраў у крыніцы. Незнаёмец выпіў, папрасіў яшчэ. Іосіф Сямёнавіч прынёс. Чалавек сказаў: «Дзякуй. Няхай цябе бог беражэ. Я — свяшчэннік». А потым спытаў: «Дзе знаходзіцца вёска Халмы?» Іосіф Сямёнавіч растлумачыў. Свяшчэннік з
вялікай цяжкасцю падняўся і павольна пайшоў у бок Аршанскага шасэ. Ведаючы, што побач знаходзіцца месца расстрэлаў, Іосіф Сямёнавіч здагадаўся, што свяшчэннік нейкім цудам застаўся жывы пасля расстрэлу. Які яго далейшы лёс, Іосіф Сямёнавіч не ведае.
Зінаіда Іванаўна Чамахуд (1918 года нараджэння, пенсіянерка) расказала, што ў 1937 годзе аднойчы ноччу ў дом да яе бацькі Івана Патапавіча Бараначнікава прыбег мужчына, у якога рукі былі завязаны ззаду вяроўкай, у роце — затычка. Іван Патапавіч аказаў дапамогу, і ён пайшоў. Што было з гэтым няшчасным пасля, невядома.
Праскоўя Цімафееўна Падліпская (1920 года нараджэння, пенсіянерка) да вайны жыла зусім побач з кар’ерамі. Яна расказала, што сюды пастаянна прывозілі людзей на расстрэл. «Бывала, выйдзеш вечарам у двор і чуеш выстралы, крыкі»,— успамінае Праскоўя Цімафееўна. Яна са слязамі бегла да бацькі і гаварыла: «Тата, зноў людзі крычаць, паслухай!»
«Гэта ворагаў народа прывезлі»,— адказваў ёй бацька (Цімафей Фацеевіч Падліпскі).
Праскоўя Цімафееўна разам з сяброўкамі М. Малахавай і Н. Янічкавай часта хадзіла на месца расстрэлаў. Яна бачыла паўадкрытыя ямы, не прысыпаныя пяском, з якіх у розныя бакі тырчалі рукі і ногі людзей. Аднойчы Праскоўя Цімафееўна бачыла ў яме сагнутую ў локці руку расстралянага чалавека, на якой быў гадзіннік. Пасля ўбачанага і пачутага яна часта плакала па начах. Цяжкія ўспаміны не пакідаюць жанчыну і цяпер, напэўна, яшчэ і таму, што яна бачыць гэтыя кар’еры кожны дзень нават з акна свайго дома.
Васіль Рыгоравіч Нячаеў (1928 года нараджэння) пастаянна жыве ў раёне мясакамбіната. Ён расказаў: «У 1935—1938 гадах у кар’ерах было расстреляна вельмі многа людзей. Я разам з таварышамі-падлеткамі часта бегаў на месца расстрэлаў, хоць бацькі забаранялі мне». Хлопчык бачыў свежавыкапаныя ямы, у якіх ляжалі расстраляныя, прыкрытыя хвойнымі лапкамі і толькі крыху прысыпаныя пяском. Васіль Рыгоравіч да гэтага часу памятае, як у адной яме былі бачны з-пад пяску крысо чорнага скуранога паліто і нага чалавека. Убачаныя страшныя карціны не сцерліся з памяці нават паўвека.
Аднойчы Васіль Нячаеў бег са сваім таварышам Валодзем Падліпскім праз сасняк (на месцы кар’ераў). Валодзя хацеў пераскочыць цераз куст, але зачапіўся і ўпаў. «Ідзі хутчэй сюды! Паглядзі, што тут!» — спалохана паклікаў ён Васіля. Калі той падышоў, то ўбачыў каля куста яму, у якой ляжалі расстраляныя, прыкрытыя толькі хвойнымі лапкамі…
Прыбегшы дадому, Васіль расказаў аб убачаным бацьку. «Душагубы, хаця б зямлёй прысыпалі няшчасных людзей»,— з болем і горыччу адказаў стары. Васіль Рыгоравіч расказаў, што ў час вайны немцы пачалі браць пясок з кар’ераў і знайшлі вялікую колькасць чалавечых касцей і чарапоў. Пасля гэтага немцы перасталі браць пясок.
Многія падлеткі, якія жылі да вайны ў раёне мясакамбіната (В. Гужава, Г. Радзіёнаў і іншыя), нягледзячы на строгую забарону бацькоў і страх, пастаянна бегалі на месца расстрэлаў. Нават і цяпер, больш як праз 50 гадоў, яны з жудасцю і болем успамінаюць тыя страшныя падзеі. Такое нельга забыць ніколі…
У час вайны і пасля яе, па словах мясцовых жыхароў, расстрэлы ў кар’ерах не праводзіліся.
Аб тым, што на месцы кар’ераў расстрэльвалі, было вядома даўно. Жыхарка Магілёва Ніна Іванаўна Абразоўская (1931 года нараджэння, пенсіянерка) расказала, што ў 60-ыя гады яна разам з суседзямі вырашыла пасеяць бульбу насупраць мясакамбіната. Калі пачалі араць зямлю, то знайшлі вялікую колькасць касцей і чарапоў з кулявымі прастрэламі. Яны паведамілі аб гэтым мясцовым уладам. Прыехалі ваенныя. Калі бульдозерам знялі верхні слой зямлі ў кар’еры, то Ніна Іванаўна з жахам убачыла астанкі людзей, якія ляжалі ў рад. На ўсіх былі крыжы, захаваліся рамяні, пярсцёнкі, рэшткі адзення свяшчэннаслужыцеляў, абутак. Відавочна, забітыя былі свяшчэннікамі. Калі бульдозерам пачалі капаць глыбей, то знайшлі вялікую колькасць чалавечых астанкаў. Ніна Іванаўна расказала, што ваенныя пачалі збіраць іх і класці ў труны. Але касцей і чарапоў было так многа, што трун не хапіла. Тады астанкі сабралі ў брызент.
Ефрасіння Канстанцінаўна Баярчук (1910 года нараджэння, пенсіянерка) да вайны працавала ў саўгасе «Давыдаўка» і жыла ў бараку паблізу кар’ераў. Восенню 1937 года арыштавалі яе мужа Івана Канстанцінавіча. Прывязаўшы хусткай да спіны трохмесячную дачку Марыю і трымаючы за руку двухгадовага сына Івана, бегла яна ўслед за машынай, на якой работнікі НКУС павезлі яе мужа. Прасіла: «Вазьміце і мяне, і дзяцей!»
Ефрасіння Канстанцінаўна ведала, што ў кар’еры расстрэльвалі «ворагаў народа». Таму яна выходзіла з барака і гадзінамі прастойвала каля шасэ, па якому вечарам і ноччу везлі людзей на расстрэл. Жанчына спадзявалася ўбачыць мужа. Яна расказвае: «Часта машыны ехалі цэлым патокам. Яны былі і адкрытыя, і закрытый («чорныя вораны»). На адкрытых машынах людзі сядзелі вельмі шчыльна. Вельмі многа людзей расстралялі ў кар’ерах. Я неаднойчы прыходзіла туды пасля расстрэлаў. Бачыла свежыя ямы, ледзь прысыпаныя пяском. Гэта быў жудасны час. Людзей арыштоўвалі кожную ноч. Некаторыя нават спаць клаліся апранутымі. У 1937 годзе адначасова з мужам арыштавалі і свёкра, і брата мужа, і суседзяў (Акуліча Міхаіла, Башарымава Піліпа) і іншых. Шмат гора і абраз давялося перажыць мне і дзецям, якіх нават у школе называлі «ворагамі народа».
Яшчэ ў 60-ыя гады, а затым у 70-ыя і 80-ыя пры распрацоўцы кар’ераў пад пяском у іх знаходзілі вялікія скапленні чалавечых касцей, чарапоў з кулявымі прастрэламі, рэшткі адзення, абутак, разнастайныя прадметы.
Фёдар Яфімавіч Атрошкін (1933 года нараджэння) жыве зусім блізка ад кар’ераў. Ён расказаў, што калі распрацоўвалі кар’еры пад пясок і ўскрывалі ямы, то яны былі набіты астанкамі людзей. «Аднойчы экскаватар пачаў капаць зямлю і адразу высыпаў 18 чарапоў з кулявымі прастрэламі. Калі глядзіш у яму, якую толькі што ўскрылі, і бачыш, што ў ёй чалавечыя астанкі ляжаць штабялямі, а побач бахілы, боты, чаравікі або галёшы, то жудасна становіцца,— расказвае Фёдар Яфімавіч.— Вязуць машыны з кар’ераў пясок, а па дарозе косці сыплюцца. Нават бетонамяшалкі ламаліся з-за таго, што касцей было шмат».
У 70-ыя гады ў кар’ерах на экскаватары працаваў П. Дзевячынскі. Ён успамінае: «Ляціць глыба, а на ёй — бот. Падэшва адвальваецца, і з бота падае чалавечая косць. Бачыць гэта было цяжка. Чалавечыя астанкі знаходзіліся зусім мелка, на глыбіні менш аднаго метра. Аднойчы знялі верхні слой зямлі і адкрылі некалькі ям, напоўненых чалавечымі астанкамі».
У 60-ыя гады брыгада рабочых Магілёўскага райспажыўсаюза рабіла кольцы для калодзежаў. Пясок для гэтага бралі з кар’ераў. У многіх месцах, па словах рабочых Т. Падліпскай, А. Радзіёнавай, а таксама іншых людзей (I. Бяляева, М. Юрковай і іншых), знаходзілі шмат чалавечых касцей і чарапоў, галёшы, бахілы, бітыя фарфоравыя чашкі, акуляры, расчоскі, манеты 30-ых гадоў, гузікі і г. д. I. Бяляеў бачыў у кар’ерах валёнкі (самавалкі), з якіх тырчалі косці чалавечых ног.
Генадзь Антонавіч Радзіёнаў, які пастаянна жыве каля кар’ераў, бачыў, як бульдозер зняў верхні слой зямлі і ўскрыў адразу некалькі ям, напоўненых астанкамі людзей. 3 ям ішоў смуродны пах. У ямах было шмат касцей, чарапоў з кулявымі адтулінамі, гліняны збан (гарлач), рэшткі адзення, абутку і г. д.
Валерый Васільевіч Бельскі (працуе шліфоўшчыкам на заводзе «Строммашына») жыве побач з кар’ерамі. Ён расказаў, што аднойчы ўбачыў, як трактар надмінаў косці і яны з хрустам і трэскам ламаліся пад яго цяжарам. «Гэта была жудасная карціна. Бачыць такое балюча»,— гаварыў Валерый Васільевіч.
Ён расказаў, што пры распрацоўцы кар’ераў у 1986-1989 гадах выкопвалі вельмі многа чалавечых чарапоў з кулявымі прастрэламі, кучы касцей. «Было такое ўражанне, быццам іх спецыяльна звезлі сюды», — з горыччу гаворыць Валерый Васільевіч. Ён бачыў галёшы, на якіх стаялі штампы фабрык «Чырвоны асілак» і «Чырвоны трохвугольнік» і маркіроўка 1937 года. Вельмі часта ў галёшах і ботах былі чалавечыя косці.
У ліпені 1987 года ў кар’ерах, на месцы масавых расстрэлаў, па патрабаванню грамадскасці працавала камісія Кастрычніцкага райвыканкома г. Магілёва. Судова-медыцынскім экспертам у гэтай камісіі быў В. I. Манышаў. Я сустрэлася з Валерыем Іванавічам, які працуе судова- медыцынскім экспертам у бюро судова-медыцынскай экспертызы Магілёўскай вобласці (Міністэрства аховы здароўя БССР). Ён расказаў, што раскопкі праводзіліся на скосе кар’ера ўсяго тры дні і толькі ў адным месцы, на невялікім участку даўжынёй 5-6 метраў. Пры раскопках была знойдзена вялікая колькасць касцей і чарапоў, шмат чалавечых астанкаў. Частка чарапоў добра захавалася. Усяго пры раскопках былі знойдзены астанкі больш як 100 чалавек. Судова-медыцынскі эксперт В. I. Машынаў зрабіў старанны іх агляд. Ён выявіў ва ўсіх чарапах па два кулявыя прастрэлы: меншы — у патылічнай частцы чэрапа, а большы — у лобнай частцы (пры скразным вогнестрэльным раненні). У чарапах, якія былі часткова разбураны, В. I. Машынаў таксама выявіў кулявыя дзіркі. Былі і сляпыя раненні, гэта значыць, калі куля застравала ў галаве.
«Дзірчатыя пераломы ў чарапах і касцях з’яўляюцца вынікам прымянення вогнестрэльнай зброі», — адзначыў В. I. Манышаў. Пры раскопках быў знойдзены гумавы абутак (бахілы, галёшы і г. д.) з маркіроўкай фабрык «Чырвоны асілак», «Чырвоны трохвугольнік», які добра захаваўся. Большасць яго была маркіравана 37-м годам. Знаходзілі боты з касцямі, чаравікі, кашалькі (якія, напэўна, насілі на шыі, так як па краях былі доўгія раменьчыкі), падэшвы ботаў, самаробныя бахілы, рэшткі адзення і іншыя прадметы. В. I. Манышаў лічыць, што знойдзеныя пры раскопках прадметы сведчаць аб тым, што забітыя ў кар’ерах — цывільныя людзі. Расказаў ён і аб тым, што яшчэ ў ліпені 1987 года пасля стараннага агляду ўсіх знойдзеных пры раскопках чалавечых астанкаў і прадметаў ён зрабіў заключэнне, што яны належалі ахвярам сталінскіх рэпрэсій, якія праводзіліся ў другой палове 30-ых гадоў. I цяпер, праз некалькі гадоў, В. I. Манышаў яшчэ больш перакананы ў правільнасці свайго заключэння. Доказам служыць: такі ж спосаб забойстваў, такі ж злачынны почырк (куля ў патыліцу), як і ў Курапатах, падабенства знойдзеных прадметаў у магілёўскіх кар’ерах і ў Курапатах, а таксама сведчанні відавочцаў масавых расстрэлаў.
Дарэчы, нават у час мітынгу-рэквіему 29 кастрычніка 1989 года дзеці знайшлі (на вачах у прысутных) чэрап з двума кулявымі прастрэламі.
Ва ўсіх цывілізаваных краінах свету месцы пахавання людзей гэта святыя месцы, іх беражліва ахоўваюць, шануюць памяць аб тых, хто загінуў. I нідзе вы не сустрэнеце косці, якія валяюцца ў вялікай колькасці, як гэта было на працягу многіх гадоў у магілёўскіх кар’ерах. 3 гэтага журботнага, трагічнага месца вазілі пясок, уперамешку з чалавечымі касцямі, на будаўніцтва дамоў, у пясочніцы дзіцячых садоў і гэтак далей.
Гэта сведчыць аб духоўным збядненні грамадства, бяздушнасці, непавазе да памяці ахвяр рэпрэсій, да памяці сваіх дзядоў і прадзедаў.
I яшчэ падумала я аб тым, што камусьці, напэўна, было выгадна на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў знішчаць сляды злачынстваў сталіншчыны ў магілёўскіх кар’ерах.
У наш час злачынна маўчаць. Неабходна аднавіць праўду аб мінулым, увекавечыць памяць аб усіх ахвярах сталінскіх рэпрэсій, аб мільёнах загубленых жыццяў. Толькі поўная праўда аб мінулым можа стаць духоўнай апорай маральнага адраджэння народа. Выратаванне яго — у гістарычнай праўдзе і памяці, бо народ, які не памятае свайго мінулага, асуджаны зноў яго перажыць.
29 кастрычніка 1989 года на журботным месцы на высокай кручы кар’ераў актывістамі Магілёўскага абласнога гісторыка-асветніцкага таварыства памяці ахвяр сталінізму «Мартыралог Беларусі» быў устаноўлены памятны знак ахвярам сталінскіх рэпрэсій — шасцімятровы крыж, асвячоны архіепіскапам Магілёўскім і Мсціслаўскім Максімам.
Дзень 29 кастрычніка стаў днём вяртання і аднаўлення памяці, аднаўлення справядлівасці, гонару і годнасці тых людзей, якіх зганьбілі і пазбавілі жыцця сталінскія каты на Магілёўшчыне. Гэта першае месца ў нашай вобласці, на месцы масавых расстрэлаў устаноўлены памятны знак ахвярам сталінскага тэрору. Людзі цяпер будуць ведаць, што гэта за месца, будуць прыходзіць сюды, каб ушанаваць памяць ахвяр рэпрэсій. I калі-небудзь на гэтым месцы будзе пабудаваны мемарыяльны комплекс ахвярам рэпрэсій.
Колькі іх, закатаваных у сталінскіх засценках, памёршых ад непасільнай рабскай працы, ад голаду, холаду і хвароб у лагерах, расстраляных без суда і следства, не ведаўшых, у чым іх віна?
Хто яны? Трэба аднавіць, вярнуць добрыя імёны тых, хто дажыў да сённяшняга дня і хто не дажыў. У Кнігу народнай памяці мы павінны ўпісаць імёны ўсіх нявінных ахвяр рэпрэсій.
Тамара Раманькова, старшыня Магілёўскага абласпога таварыства ахвяр сталінізму «Мартыралог Беларусь»