Рэха «Анімаёўкі» і «Хрустальныя алоўкі» або Лакацыя для Мухамора

Кудрэйка, Н. Рэха «Анімаёўкі» і «Хрустальныя алоўкі» або Лакацыя для Мухамора : [Анімаёўка–2020] / Надзея Кудрэйка // Культура. — 2020. — 7 лістапада. — С. 6.

Беларускае кіно ганарыцца сваёй анімацыяй, беларускі фестывальны рух ганарыцца сваёй “Анімаёўкай” — у Магілёве напрыканцы кастрычніка прайшоў XXIII Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў, адзіны ў Беларусі і шмат у чым унікальны нават у сусветным кантэксце. Многія фестывалі сёлета адмяняліся, многія праходзілі ў анлайн-фармаце. “Анімаёўка”, якая акрамя ўсяго іншага заўсёды была сапраўдным святам для Магілёва і магіляўчан, усё ж адбылася “ўжывую”: вызначыла лепшыя фільмы, раздала свае прызы — “Хрустальныя алоўкі” — прафесійным стваральнікам мультфільмаў і аўтарам-дзецям, і няхай у скарочаным варыянце, але свята арганізавала. У конкурсе прымалі ўдзел 283 карціны з 45 краін свету.

/i/content/pi/cult/823/17596/9.jpg“Анімаёўка” — сапраўды значны і маштабны міжнародны форум, у цэнтры якога — мастацтва анімацыі. Яго адметнасць у першую чаргу ў тым, што акрамя традыцыйнага конкурсу фільмаў, створаных прафесіянальнымі, дарослымі майстрамі (як і на любым кінафестывалі), ёсць яшчэ дзве конкурсныя праграмы: дзіцячай анімацыйнай творчасці, у якой удзельнічаюць стужкі, створаныя дзецьмі з розных студый і гурткоў анімацыі, і дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці — дзе за ўзнагароды спаборнічаюць малюнкі, скульптуры, лялькі і многае іншае, натхнёнае вобразамі з любімых мультфільмаў. Ва ўсіх трох конкурсах “Анімаёўкі” — міжнароднае прадстаўніцтва, хіба што ў асноўным, дарослым спаборніцтве яно самае вялікае.

Першая “Анімаёўка” адбылася ў 1998 годзе спачатку ў Мінску, а потым і ў Магілёве, які на многія гады стаў гаспадаром гэтага адметнага свята. Ідэя такога фестывалю належыць знанаму майстру беларускай анімацыі Ігару Воўчаку, які і сёлета ўзначальваў экспертную камісію па адбору фільмаў для конкурсу. Тады “Анімаёўка” пачыналася з 12 беларускіх фільмаў, і за гады стала не проста міжнароднай, а ледзь не сусветнай: склалася традыцыя кожны год далучаць да гэтай справы хаця б адну новую краіну. Сёлета, напрыклад, упершыню ў конкурсе была стужка з Эквадора, а апошнімі гадамі найвышэйшую цікавасць праяўляе Тайвань — летась з гэтай краіны было пад 30 заявак.

Звычайна фестываль ішоў чатыры, а то нават і пяць дзён — а гэта не толькі праца журы і прагляд імі стужак, а і вялікая праграма для ўсяго горада, найперш для яго малодшых жыхароў: шматлікія паказы ў кінатэатрах фільмаў з конкурснай праграмы, рэтраспектывы і падборкі лепшых стужак мінулых гадоў, майстар-класы прызнаных майстроў, канцэрты і перформансы. За некалькі дзесяцігоддзяў у фестывалю былі самыя розныя фарматы — з мноствам гучных, бліскучых падзей, і больш сціплыя, калі фінансавая сітуацыя таго вымагала.

/i/content/pi/cult/823/17596/10.jpg

Сёлета зменаў вымагала ў першую чаргу сітуацыя з пандэміяй. І самым простым рашэннем было б упершыню за 22 гады адмяніць “Анімаёўку”. А да яе, між іншым, на працягу года рыхтаваліся сотні маленькіх стваральнікаў кіно, якія хочуць прадставіць свае работы публіцы і, можа быць, атрымаць узнагароды. Ды і для прафесійных анімацыйных фільмаў гэта даволі рэдкая магчымасць трапіць у цэнтр увагі: прынамсі беларуская анімацыя можа канцэнтравана прадставіць усё тое, што было зроблена цягам года. І фестываль было вырашана праводзіць, за што яго ўдзельнікі неаднойчы выказалі падзяку арганізатарам, у першую чаргу мясцовым — Магілёўскаму дзяржаўнаму прадпрыемству “Кінавідэапракат”. Але доўжылася “Анімаёўка” толькі два дні, і многія мерапрыемствы набылі прыстаўку “анлайн”. У першую чаргу гэта тычылася работы журы, у якім нямала майстроў з іншых краін: замежныя госці ў Магілёў не прыязджалі, і ўсё судзейства адбывалася ў фармаце відэаканферэнцый. Але на якасць працы журы гэта ніякім чынам не паўплывала: старшынёй асноўнага конкурсу, як і многа гадоў раней, быў знакаміты расійскі рэжысёр і мастак Леанід Носыраў, вядомы многім пакаленням дзяцей хоць бы па мультфільмах “Антошка” і “Канікулы Баніфацыя”, а журы дзіцячай анімацыйнай творчасці таксама ўжо не першы год узначальвала рэжысёр і мастак-пастаноўшчык “Беларусьфільма” Таццяна Кубліцкая, якая таксама можа пахваліцца мноствам знакамітых стужак. Але на правядзенне традыцыйных творчых сустрэч і майстар-класаў гэта паўплывала — упершыню праводзіліся анлайн-майстар-класы, і, як расказала загадчык аддзела рэкламы магілёўскага “Кінавідэапраката” Аксана Губарэвіч, дзве такія сустрэчы ў кінатэатры “Космас” з рэжысёрам “Саюзмультфільма”, членам журы дзіцячага конкурсу Сяргеем Струсоўскім прайшлі цалкам паспяхова. Але ж беларускія мультыплікатары ў Магілёў прыехалі, свае майстар-класы правялі рэжысёр “Беларусьфільма”, драматург, паэт і дзіцячы пісьменнік Алена Турава і нашы славутыя рэжысёры-мультыплікатары Ігар Воўчак і Аляксандр Ленкін. Дырэктар студыі анімацыйных фільмаў “Беларусьфільма” Ігар Галіноўскі прэзентаваў публіцы праграму “Беларусьфільм” прадстаўляе”. Адбылася і творчая сустрэча “У госці да казкі”, прысвечаная 40-годдзю тэлепраграмы “Калыханка”.

/i/content/pi/cult/823/17596/anim6.jpg

Фіналам фестывалю стала вялікая праграма ў кінатэатры “Радзіма”, дзе абвяшчаліся пераможцы, уручаліся прызы, спяваліся песні, выступалі юныя артысты — у тым ліку і магілёўская зорачка Арына Пехцерава, якая праз некалькі тыдняў прадставіць Беларусь на конкурсе “Дзіцячае Еўрабачанне”. У фае працавала захапляльная выстава з работ, дасланых на конкурс выяўленчай і дэкаратаўна-прыкладной творчасці. Падобныя ж выставы ладзіліся і ў іншых кінатэатрах Магілёва, дзе ішлі анімацыйныя праграмы. Удзельнічалі ў шоу і выхаванцы магілёўскай студыі анімацыі “Аловак”. І, канешне, паказваліся фільмы — уладальнікі Гран-пры і іншых узнагарод.

Праўда, і пасля фіналу конкурсныя стужкі будуць ісці ў кінатэатрах, прычым не толькі Магілева — адбудзецца цэлы шэраг кінапаказаў у рамках праграмы “Рэха “Анімаёўкі” і па Магілёўскай вобласці, а потым і па ўсёй краіне.

Без камерцыйнага складніка

Цэнтральнай часткай “Анімаёўкі” можна назваць Конкурс анімацыйных фільмаў. Па рашэнні экспертнай камісіі, якую ўзначальваў заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, рэжысёр і сцэнарыст Ігар Воўчак, для ўдзелу ў ім былі адабраныя 57 стужак.

А вось журы традыцыйна ў апошнія гадоў дзесяць узначальваў расійскі рэжысёр Леанід Носыраў, мэтр яшчэ савецкай мультыплікацыі. У складзе журы былі знакаміты ўкраінскі рэжысёр, заслужаны мастак Украіны, лаўрэат многіх прэмій і фестываляў Наталія Чарнышова, расійскі мастак і рэжысёр, лаўрэат Берлінскага кінафестывалю і прэміі “Ніка” Леанід Шмелькін, і ўпершыню — прадстаўнік Кітая: ім стаў рэжысёр Чэнь Сі, куратар фестывалю анімацыі ў сябе на Радзіме. Дарэчы, і сёлета, і летась Гран-пры “Анімаёўкі” атрымалі кітайскія аўтары.

Беларусь у журы прадстаўляла, і не першы раз, Алена Турава — стваральнік многіх папулярных анімацыйных і мастацкіх фільмаў для дзяцей, рэжысёр, сцэнарыст, паэт-песеннік. У “Анімаёўцы” яна ўдзельнічае пастаянна, не першы раз і ў якасці члена журы. Менавіта разам з ёй мы прадставім чытачам “К” агульную карціну сёлетняй конкурснай праграмы, вылучым пераможцаў і асобных лаўрэатаў.

Перш за ўсё трэба разумець, якія фільмы трапляюць у конкурс “Анімаёўкі” — гэта стужкі да 30 хвілін, як правіла, без выразнага камерцыйнага складніка: гэта значыць, не тыя, якія робяць зборы ў кінатэатрах, а тыя, якія можна назваць “фестывальным кіно”, дзе ёсць месца менавіта мастацтву, эксперыменту, пошукам стылю і да таго падобнае. Хаця ў свой час у магілёўскім фэсце ўдзельнічалі і серыі з “Машы і мядзведзя”, і абсалютна не выключана, што нейкі “фестывальны” мультфільм можа быць папулярным і запатрабаваным у гледачоў. Сёлета, як зазначае Алена Турава, відавочны быў недахоп у конкурснай праграме менавіта фільмаў для дзяцей, фільмаў, зразумелых менавіта дзецям. У выніку “Вялікі хрустальны аловак” як лепшаму анімацыйнаму фільму для дзяцей аддалі стужцы “Паветраны змей” сумеснай вытворчасці Чэхіі, Польшчы і Славакіі рэжысёра Марціна Сматаны, які год таму быў узнагароджаны і на цюменскім фестывалі дзіцячага і сямейнага кіно “Ноль плюс”.

— Гэта такі сумленны лялечны фільм, — гаворыць Алена Турава. — Выкананы ў тэхніцы, якая зараз сустракаецца не так часта. Добры, кранальны, але трохі сумны. Пра дзядулю, які калісьці зрабіў для ўнука паветранага змея, і пасля смерці гэты паветраны змей — як сувязь для ўнука са сваім любімым дзядулем.

/i/content/pi/cult/823/17596/11.jpg

А самым галоўным пераможцам “Анімаёўкі” можна назваць фільм “Басаногі Буда” сумеснай вытворчасці Кітая і Германіі, створаны рэжысёрам Фэн Сюэ — гэта “лепшы фільм фестывалю”. Паводле слоў Алены Туравай, ніяк нельга сказаць, што прысутнасць у журы прадстаўніка Кітая неяк паўплывала на тое, што і Гран-пры адышоў кітайскаму рэжысёру — наадварот, Чэнь Сі даў “Будзе” больш нізкія адзнакі, чым астатнія члены журы.

— Гэты фільм рэальна вылучаўся на агульным фоне — моцны, добры, своеасаблівы, экзатычны, — працягвае Алена Турава. — Там вельмі адметная графіка, заснаваная на этнічных кітайскіх традыцыях, такое ж музычнае суправаджэнне. Філасофская прытча, як хлапец сышоў з дому ад маці і захацеў знайсці сэнс жыцця. У Тыбеце настаўнік яму сказаў, што каб знайсці Буду, хадзі па свеце, грукайся ва ўсе дзверы, і хто выйдзе да цябе басанож, той і ёсць Буда. Прайшоў хлапец многа дарог, і ўрэшце вярнуўся дахаты. Зняможаны, упаў ля роднага парога, і да яго выбегла маці, якая так спяшалася, што не паспела абуцца. Хлапец зразумеў, што вось ён — Буда, якога ён так доўга шукаў. У сэнсе — Бог там, дзе нас любяць.

У конкурсе ўдзельнічалі і пяць беларускіх фільмаў, створаныя цягам года — усе стужкі вытворчасці “Беларусьфільма”. Для іх на “Анімаёўцы” была нават асобная намінацыя — “за лепшы беларускі фільм”. І ў выніку “Вялікі хрустальны аловак” дастаўся стужцы рэжысёра Рыты Шаграй “Цацка”.

— Трэба зазначыць, што па адзнаках журы ўсе пяць беларускіх мультфільмаў мелі прыкладна аднолькавыя сумы балаў, — зазначае член журы Алена Турава. — Але ў гэтай сітуацыі вельмі прынцыповую пазіцыю заняў наш старшыня Леанід Носыраў, які меў пераважнае права голасу. Ён сказаў, што ў час, калі адзначаецца 75-годдзе Перамогі, фільм “Цацка” мае асабліва вялікае значэнне для гледачоў, заслугоўвае большай увагі, чым іншыя карціны. І я схільная пагадзіцца з Леанідам Віктаравічам, таксама хацела б падтрымаць Рыту Шаграй. У яе гэта першы фільм у якасці рэжысёра, яна прапусціла гэтую гісторыю праз сваю душу, уклала ў яе многа чаго асабістага, згадала сваю бабулю. Вайна і дзіця — такая тэма. Можна абмяркоўваць нейкія тэхнічныя моманты, але эмацыянальна карціна трымае гледача, выклікае пачуцці.

Спецыяльныя дыпломы журы атрымалі іншыя беларускія стужкі: як лепшы беларускі фільм для дзяцей — “Прыгажун і Пачвара” рэжысёра Наталлі Дарвінай, за лепшы музычны фільм — “Як мядзведзь сябра шукаў” рэжысёра Ігара Воўчака. Яшчэ ў конкурсе ўдзельнічалі такія стужкі, створаныя на “Беларусьфільме”, як “Пчолка” рэжысёра Наталлі Касцючэнка і “Азбука. Кірыліца” рэжысёраў Уладзіміра Пяткевіча і Ірыны Тарасавай. Варта паўтарыць, што сума балаў пры галасаванні журы ва ўсіх беларускіх фільмаў была прыкладна аднолькавая.

Асабістую сімпатыю ў Алены Туравай выклікаў французскі фільм “Дзеля жмені цукерак”, які атрымаў “Вялікі хрустальны аловак” як лепшы студэнцкі фільм. Спіс яго аўтараў даволі вялікі:

— Я чалавек жыццярадасны, і мяне вельмі пацешыла гэтая работа. Трохмерка, зробленая ў манеры класічнага баевіка, задорная, хвацкая. І мы ў журы моцна здзівіліся, калі даведаліся, што рабілі яе студэнты — настолькі ўсё прафесійна, прыгожа, сама графіка зроблена з вялікім густам. Па сюжэце маладая пара закаханых збіраецца рабаваць банк, а ў паралелі паказваецца, што насамрэч такімі маладымі ўяўляюць сябе пара пенсіянераў з дома састарэлых: яны хочуць дабрацца да бляшанкі з цукеркамі, якую медсястра схавала пад ключ.

Увогуле, як зазначаюць члены журы, годных узнагарод фільмаў было значна больш, чым намінацый. Хаця ўсе прызы — і “Алоўкі”, і спецыяльныя дыпломы — цяжка пералічыць. Лепшым рэжысёрам анімацыйнага фільма прызналі Дзмітрыя Гелера за фільм “Гаспадыня Меднай гары”, створаны на расійскай студыі “Шар”, “Аловак” за лепшы сцэнарый атрымала нямецкая стужка “Узы” рэжысёра Дзіны Велікоўскай, за лепшае выяўленчае рашэнне прыз адышоў ірландскаму фільму “Справаздача пра сны” рэжысёра Джэка О Шы, дыплом за самы смешны фільм — французскаму фільму “Вока за вока”, і гэтак далей.

— Запомнілася і стужка “Непрыемнасці здараюцца” рэжысёра Давіда Штумпфа, які мы ўзнагародзілі “Хрустальным алоўкам” як лепшы фільм для дарослых, — працягвае Алена Турава. — Ён вельмі забаўны, у ім даволі іранічная манера рысунка, і такі падыход, які я ацаніла — калі знаходзяцца паралелі паміж асобаснымі якасцямі чалавека і нейкімі жывёламі. Дарослым гледачам сапраўды будзе цікава паглядзець. Яшчэ з маіх прыватных “любімчыкаў” я б адзначыла кітайскую стужку, якая мне вельмі спадабалася з такога эстэтычнага пункта гледжання — “Збор ураджаю” рэжысёра Сунь Ліцзюнь: мы яе адзначылі дыпломам з вельмі прыгожай назвай “За паэтычнасць, высокую эстэтыку і ўзбагачэнне анімацыйнай мовы шляхам інтэграцыі сучасных наватарскіх тэхналогій у традыцыйны кітайскі жывапіс”.

Падзялілася Алена Турава і ўражаннямі ад таго, як прайшла яе творчая сустрэча з юнымі магіляўчанамі з дэманстрацыяй мюзікла “Навагоднія прыгоды ў ліпені”, які быў зняты па яе сцэнарыі сумесна з рэжысёрам Іванам Паўлавым у 2008 годзе:

— Кожны год на “Анімаёўцы” з калегамі-рэжысёрамі мы ладзім падобныя творчыя сустрэчы, каб папулярызаваць мастацтва кіно і беларускае кіно ў прыватнасці. Мы расказваем дзецям, як ствараецца кіно, якія людзі яго робяць, як прыняць удзел у кастынгу. Праводзім розныя конкурсы з прызамі. А сёлета мяне вельмі засмуціў адзін эпізод. Маё пастаяннае прызавое пытанне на падобных сустрэчах: “Якія беларускія кінаказкі вы ведаеце?” Аўдыторыі бываюць рознай падрыхтаванасці, дзесьці і падказкі даводзіцца даваць. І часцей за ўсё згадваюць калі не самыя новыя фільмы, то хаця б “Прыгоды Бураціна”. А тут — ніхто ніводнай беларусьфільмаўскай казкі так і не змог згадаць, нават з падказкамі! І былі ж не самыя маленькія дзеці, а недзе 6—7 клас. Пытаюся: — А Гары Потэра глядзелі? — Канешне. У выніку папрасіла назваць проста любы беларускі фільм, і адна дзяўчынка ўспомніла “Белыя Росы”. Ёй я і падарыла кніжку. Вельмі сумная гісторыя. Відавочна, што ёсць пытанні да таго, як мы прапагандуем сваю творчасць, пытанні да рэкламна-прадзюсарскага цэнтра “Беларусьфільма”, да тэлебачання.

ДЗІЦЯЧЫ КОНКУРС

Фільмы, створаныя дзецьмі, ацэньвала журы на чале са знакамітым беларускім майстрам анімацыйнага кіно, мастаком і пастаноўшчыкам Таццянай Кубліцкай. Ёй, дарэчы, сёлета на “Анімаёўцы” быў уручаны пачэсны дыплом і “Вялікі хрустальны аловак” за значны ўклад у развіццё анімацыі. Разам з беларускім майстрам у журы працавалі такія ж паважаныя творцы з Расіі — мастак Вера Кудраўцава і рэжысёр Сяргей Струсоўскі, кіраўнік аб’яднання аб’ёмна-лялечнай анімацыі кінастудыі “Саюзмультфільм”.

У конкурсе дзіцячай анімацыі ўдзельнічала 51 работа з чатырох краін — Беларусі, Расіі, Украіны і Бельгіі. Прыз называўся “Малым хрустальным алоўкам”. І праца ў такім конкурсе, паводле слоў старшыні Таццяны Кубліцкай, выклікае самыя гарачыя эмоцыі, таму што немагчыма не радавацца шчырай дзіцячай творчасці і таму, якім захапляльным падчас атрымліваецца яе вынік.

Першае, што Таццяна Васільеўна адзначае — мастацкі ўзровень конкурсных фільмаў значна вырас, яны сталі больш прафесійнымі, больш асэнсаванымі, расказваюць гісторыі вобразна, аналізуюць сітуацыі і гэтак далей. Бо раней нярэдка трапляліся фільмы, якія можна было назваць проста ілюстрацыямі, у якіх не адчувалася стаўленне саміх юных стваральнікаў. Асабліва высокі ўзровень сёлета паказалі беларускія і расійскія студыі.

“Лепшым дзіцячым анімацыйным фільмам” — а гэта галоўны прыз конкурсу — назвалі стужку “Чакай мяне”, створаную калектывам аўтараў з магілёўскай дзіцячай студыі “Аловак”, якой кіруе педагог Анастасія Клачкова. У карціны цікавая перадгісторыя. На адным з папярэдніх фестываляў гасцям правялі экскурсію на Буйніцкае поле пад Магілёвам — месца жорсткіх баёў у часы Другой Сусветнай вайны, дзе цяпер стаіць мемарыял. І гэтая паездка выклікала такія гарачыя эмоцыі ў мультыплікатараў, што рэжысёр Сяргей Струсоўскі на сваім майстар-класе прапанаваў юным творцам зрабіць фільм на тэму падзей на Буйніцкім полі. І вось сёлета магілёўская студыя “Аловак” прадставіла такую карціну і атрымала Гран-пры конкурсу.

/i/content/pi/cult/823/17596/12.jpg

— “Чакай мяне” — паводле верша Канстанціна Сіманава, — расказвае Таццяна Кубліцкая. — Дзяцей гэтая тэма вельмі зачапіла. У Беларусі яна блізкая практычна кожнаму, і кожны дзіцёнак згадаў нешта сваё — хто расповеды прадзеда, хто гісторыю сваёй сям’і: усе аўтары ўносілі ў стужку нешта сваё. Атрымаўся вельмі сур’ёзны фільм.

Увогуле, Таццяна Кубліцкая адзначае, што сёлета яе моцна парадавалі менавіта беларускія стужкі. Раней часта адзначаліся ўкраінскія — яны многа звярталіся да народнай творчасці, да народных песень, і за кошт гэтай этнічнай стылістыкі заўсёды выйгрышна выглядалі, атрымлівалі прызы за лепшую выяву ці гукавое рашэнне. Сёлета ж украінскія фільмы былі адзначаныя не “Алоўкамі”, а дыпломамі: два атрымалі стужкі з Дняпра — “Борка” і “Ліхтарыкі”, і адзін з Луганска — “Дарога чараўніцтва”.

Некалькі адметных прац прадставіла Узорная студыя анімацыі і фатаграфіі “МультыСтудыя” з Віцебска, педагог Валянціна Аўсяннікава. Дыплом за лепшы фільм пра абарону прыроды атрымала стужка “Дом” — пра смоўжыка, які жыве ў лесе. Лес для смоўжыка — дом. А па гэтым доме ходзяць людзі і засмечваюць яго. Вачыма дзяцей атрымалася так кранальна выказацца на тэму экалогіі.

— Захапіла мяне барысаўская студыя “МультыФокус”, яна ўвогуле для самых маленькіх дзетак, старэйшая група дзіцячых садкоў, — расказвае Таццяна Кубліцкая. — Але яны бяруць вельмі цікавыя тэмы. У Магілёў на ўзнагароджанне прывезлі хлопчыка — а ён такі маленечкі, яму пяць годзікаў, а ўжо зрабіў вельмі неблагую стужку. Мы ўручылі яму “Хрустальны аловак” як самаму юнаму стваральніку анімацыйнага фільма за прытчу “Мыш і верабей”. Хаця там калектыўная работа ўсёй студыі “МультыФокус” з педагогам Вікторыяй Мірончык.

Асобна трэба вызначыць магілёўскую Дзіцячую анімацыйную студыю “Аловак”.

— Мне вельмі прыемна на працягу некалькіх гадоў назіраць, як працуе гэтая студыя, як яна прафесійна расце, — кажа Таццяна Кубліцкая. — Яны заўсёды бяруць цікавыя і вельмі розныя тэмы, у конкурсе ад іх абавязкова будзе нешта па казцы, нешта па беларускіх паданнях, штосьці светлае і добрае пра сяброўства. Сёлета перамагла вельмі годная стужка, прысвечаная Перамозе.

Акрамя Гран-пры, магілёўская студыя атрымала яшчэ некалькі “Алоўкаў”: за самы добры фільм узнагародзілі “Чароўную птушку” аўтара Паліны Калганавай, а за лепшы беларускі — “Як мухаморы вайну пачыналі” аўтара Аляксандра Клінцова.

— Фільм пра мухаморы паводле дзіцячага верша цалкам зрабіў адзін 8-гадовы хлопчык, — расказвае Таццяна Кубліцкая. — Паглядзеўшы стужку, я нават спецыяльна пацікавалася, хто яе аўтар. Звычайна ж працуюць калектывам, бо мультфільм аднаму чалавеку зрабіць вельмі складана. І звычайна бачна, калі хто намагаўся быць адзіным стваральнікам — па нейкіх недапрацоўках, тэхнічных і мастацкіх недакладнасцях. А тым, як зрабіў гэты хлопчык Аляксандр Клінцоў, я, як чалавек, які добра ведае, што такое аб’ёмная анімацыя, проста захапілася! Ён наляпіў з пластыліну вялізную колькасць мухамораў і іншых грыбоў — гэта персанажы казкі. І ўсе яны атрымаліся персаналізаваныя, са сваімі адметнымі дэталямі ў абліччы. Мала таго, ён стварыў лакацыю, дзе ўсё гэта адбывалася, аб’ёмныя дэкарацыі. І фільм глядзіцца з цікавасцю як добра расказаная гісторыя. І гэта ж усё не ў камп’ютары зроблена, не ў 3D — сваімі рукамі! Калі я ўзнагароджвала Аляксандра, я падвяла яго да мікрафона і сказала зале: “Глядзіце ўсе, гэты хлопчык — герой!” І потым яшчэ дадала, што калі такія хлопчыкі будуць працаваць у кіно, то ў нашай аб’ёмнай лялечнай анімацыі будзе вялікая будучыня.

Прызамі было адзначана і нямала фільмаў, зробленых расійскімі юнымі мультыплікатарамі. Узнагароды адправіліся ў Санкт-Пецярбург, Бердск, Маскву.

Вялікі спіс узнагароджаных з розных краін быў і ў Конкурсе дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Усе адзначылі, што мастацкі ўзровень твораў, прадстаўлены ў гэтай катэгорыі “Анімаёўкі” сёлета быў надзвычай высокі.