Мезга, В. Бокс замяніў на песні : [гутарка з баксёрам і спеваком В. Мезгой] / Вадзім Мезга ; гутарыла Надзея Зуева // Звязда. — 2021. — 28 студзеня. — С. 5, 8.
У дзяцінстве наш герой марыў займацца і спортам, і музыкай адначасова. Здаецца, што гэта немагчыма, аднак яму ўдалося ажыццявіць свае мары. Сёння ён з’яўляецца першым уладальнікам алімпійскай ліцэнзіі Беларусі па боксе, майстрам спорту СССР, майстрам спорту міжнароднага класа і прызёрам чэмпіянатаў свету і Еўропы, а яго прыгожыя песні пра знаёмыя кожнаму чалавеку пачуцці часта гучаць на канцэртах, радыё і тэлебачанні. Як рынг і сцэна сталі яго лёсам, а таксама пра новыя захапленні і, канешне, творчасць пагаворым у гасцёўні «Чырвонкі. Чырвонай змены» з Вадзімам МЕЗГОЙ.
Спорт і творчасць у Вадзіма заўсёды ідуць побач. Фота Міхаіла МАРУГІ.
Калі мы сустрэліся, першае пытанне, якое задаў мне Вадзім, было пра тое, ці падобны ён на баксёра. Прызнацца шчыра, гэта крыху збянтэжыла, бо да інтэрв’ю я падрыхтавалася і ўжо ведала, што ў мінулым мой суразмоўнік — менавіта баксёр. Аказваецца, звычайна яго асацыююць з гімнастам ці плыўцом. З такой лёгкай разрадкі і пачалася наша размова…
— Я магу накіроўваць маладых спартсменаў, падказваць, выкладаць ім. Калі ў мяне здараюцца выезды за мяжу па артыстычнай дзейнасці (напрыклад, перад пандэміяй ездзіў ва Украіну), стараюся паралельна працаваць з імі ў кантэксце майстар-класаў. Хоць вялікі спорт даўно за плячыма, аднак, як той казаў, былых спартсменаў не бывае, і таму нядаўнім маім захапленнем стаў вялікі тэніс: асвойваю яго сямімільнымі крокамі, трэніруюся дзесьці па тры-чатыры разы на тыдзень. Мне вельмі падабаецца, мы гуляем у парах і ў Мінску, і ў маім родным Магілёве. Таксама актыўна хаджу на валейбол — як мінімум дзве трэніроўкі на тыдзень. А бокс заўсёды побач, бо гэта такі від спорту, што калі ты ўжо быў у ім, — падмурак закладзены, і не можаш па-іншаму — не ўяўляеш сябе без яго. Усё ж такі я ўваходзіў у маладзёжную зборную СССР! Часта прыгадваю, як з першым трэнерам Аляксандрам Катляровым, брыгадай трэнераў — Сямёнам Соркіным, Мікалаем Дземянковым, Міхаілам Кісялёвым — абаранялі нашу краіну, як мне ўдалося стаць першым уладальнікам алімпійскай ліцэнзіі па боксе ў суверэннай Беларусі. Гэта было першае кваліфікацыйнае адборачнае спаборніцтва, якое праходзіла ў Даніі на чэмпіянаце Еўропы ў далёкім 1995 годзе. Калі разыгрываліся ліцэнзіі, па баях атрымлівалася, што мая першая сярэдняя вага — 67 кілаграмаў (пасля 2000 года Сусветная асацыяцыя бокса змяніла гэты нарматыў на 69 кілаграмаў), — якая звычайна «насычана» спартсменамі, па жараб’ёўцы выпала на паядынак. Я выйграў яго і такім чынам атрымаў права выступаць на Алімпійскіх гульнях у Атланце.
Да цяперашняга часу падтрымліваю сувязь са сваімі былымі калегамі па рынгу — румынскім баксёрам, чэмпіёнам свету Марыянам Сіміёнам, кубінцам, чатырохразовым чэмпіёнам свету, двойчы сярэбраным прызёрам летніх Алімпійскіх гульняў Хуанам Эрнандэсам С’ерам, украінцам, сярэбраным прызёрам чэмпіяната свету сярод аматараў 1997 года, двухразовым прызёрам чэмпіянатаў Еўропы Сяргеем Дзінзіруком і двухразовым алімпійскім чэмпіёнам, чэмпіёнам свету і Еўропы Алегам Саітавым — вось тая чацвёрка, якая курсіравала са мной па Алімпіядзе, чэмпіянатах свету і Еўропы. Вельмі таленавітыя хлопцы, мае сябры, калегі, блізкія мне па духу людзі.
Цяпер я артыст, і скажу, што мае паядынкі былі ў нечым таксама артыстычныя (смяецца). Як некалі гледачы чакалі выступленняў знакамітых Косці Цзю, баёў Роя Джонса, Мухамеда Алі, падобна да гэтага людзі чакалі і майго — збіраліся поўныя залы. У мяне ніколі не было мэты знявечыць ці збіць да непрытомнасці свайго апанента. Да бою, як правіла, ты ўжо ведаеш, з кім прыйдзецца выступаць, і, вядома, разумееш: альбо ты яго, альбо ён цябе. І тут ужо ўключаюцца і жорсткасць, і ўсё тое, чаму навучылі. Увогуле спорт вучыць дасягаць сваіх мэт, быць упартым. Калі ты спартсмен, які імкнуўся да сапраўдных вяршынь, то спорт цябе загартоўвае, нездарма многія былыя атлеты становяцца бізнесменамі, трэнерамі, займаюць кіруючыя пасады.
— Скажыце, а ці можна параўнаць вашы адчуванні перад выхадам на сцэну з тымі, што з’яўляюцца на рынгу?
— Яны амаль аднолькавыя — мандраж, перадстартавая ліхаманка. Хочацца ж быць прыгажуном, хочацца выйграць. А што такое сцэна? Гэта выступленне, прычым часта ўжывую, ну і з’яўляюцца перажыванні, асабліва калі псіхалагічна непадрыхтаваны. Напрыклад, мала канцэртаў, выступленняў, гастрольных тураў — атрымліваецца, як і ў спартсменаў: недастаткова трэніраваўся. Гэта называецца вопыт, будзе ён — атрымаеш і ўпэўненасць, не з’явіцца залішняга хвалявання, адчуеш толькі станоўчыя эмоцыі!
— Раскажыце, як вы перайшлі са спорту ў творчасць?
— Гэтае пытанне мне задаюць пастаянна (смяецца). Я заўсёды спяваў, калі быў маленькі, нават хадзіў «на трубу» і, вядома, на розныя віды спорту, тады часта трэнеры прыходзілі ў школу і запрашалі дзяцей займацца да сябе. Заўсёды са мной «ездзіў» вялікі магнітафон альбо плэер. Калі з камандай выпраўляліся на зборы — у Ялту, Алушту і іншыя гарады — на набярэжных спявалі там у караоке, я заўсёды збіраў натоўпы людзей вакол сябе. Пасля таго як пакінуў спорт у 2006-м, добры сябар, прафесіянал дыктарскага майстэрства, які цяпер працуе на магілёўскім радыё і тэлебачанні, Анатоль Шпількоў пазнаёміў мяне з Уладзімірам Каньковым, які, на жаль, пайшоў з жыцця, ён быў гукарэжысёрам Іскуі Абалян. Той у свой час пазнаёміў з вядомым прадзюсарам, мастацкім кіраўніком «Залатога шлягера» Андрэем Калінам. Так і пайшло: рабілі сваю аранжыроўку на знакамітыя савецкія хіты пра спорт, алімпіяду, выконваў песні А. Пахмутавай, І. Капланава, М. Бернэса і іншыя, былі і аўтарскія музычныя творы, з якімі выступаў на стадыёнах, рознага кшталту дабрачынных канцэртах. Тады пазнаёміўся з кампазітарам Жэнем Алейнікам, яго жонкай, паэтэсай і спявачкай Юліяй Быкавай (гурт «AURA»), з паэтэсай Зояй Гарынай, Дзмітрыем Дэрвішам… З Жэнем, дарэчы, мы напісалі шмат добрых песень «Гэта наш час», «Ты — чэмпіён» і іншыя, рабілі аранжыроўкі, выпусцілі шэраг цудоўных кампазіцый для радыёфармату, працягваем супрацоўнічаць і далей. Так і пайшоў у мяне рух: я пачаў актыўна запісваць сінглы, здымаць кліпы, у свой час правёў цудоўны сольны канцэрт у Палацы Рэспублікі. Вельмі ўдзячны былому мастацкаму кіраўніку заслужанага аркестра народных інструментаў імя Л. Л. Іванова Мікалаю Алданаву, дзякуючы якому мой музычны вечар быў яркі і запамінальны, хочацца падзякаваць усім артыстам і музыкантам, якія бралі ўдзел у канцэрце, асобная падзяка Уладзіславе Арцюкоўскай, а таксама Іне Мардусевіч за тое, што паверылі ў мяне, як калісьці паверылі ў мяне мае трэнеры. Зараз нараджаецца новая песня «Ты не мая», над якой працуем разам з творчай камандай. Таксама нядаўна выйшаў рэмікс на песню «Акіян», а найцудоўнейшая кампазіцыя для розных узростаў «Памаўчым на зоркі» ўжо ёсць на ўсіх музычных пляцоўках — і ў іTunes, і ў Shazam. Многім вядомыя і мае іншыя, не менш яркія музычныя творы — «Я на сэрцы напішу», «Некалькі радкоў», «Мая любімая жанчына»…
— Як падбіраеце рэпертуар?
— Ёсць такія кампазітары, якія пішуць не дзеля грошай — для іх проста важна даць свайму твору жыццё. Мне ж асабіста падабаецца працаваць з такімі з іх, як Андрэй Сланчынскі, Павел Берташ, выдатна супрацоўнічаем з гомельскімі творцамі, кампазітарамі і прадзюсарамі — Валерыем Шоманам, Дзянісам Буфам, які, дарэчы, стаяў каля вытокаў напісання знакамітага «Чорнага бумера», з Аляксандрам Івановым, больш вядомым як ІVAN, — вельмі таленавітыя хлопцы.
Песні выбіраю зыходзячы выключна з маіх музычных прыхільнасцяў, калі мне падабаецца, то я абавязкова буду яе выконваць. Звычайна параўноўваю музычную кампазіцыю з машынай, яна таксама павінна быць прыгожая і цудоўная, як аўтамабіль класа люкс (смяецца). Прыгадваю, як аднойчы на канцэрце ў Гомелі спявак ІVAN, якога, дарэчы, прадзюсіруе знакаміты Віктар Дробыш, мне сказаў: «Добра, калі ў выканаўцы ёсць свой хіт — гэта зялёнае святло». Таму я, як і любы артыст, у пошуку свайго хіта, хоць у мяне ёсць шмат ёмістых песень, такіх, напрыклад, як «Абыдуся» — усе жанчыны на канцэртах звычайна просяць яе выканаць (усміхаецца).
— Вадзім, неяк вы сказалі, што ў жыцці вам нічога не даставалася лёгка, сустракаліся складанасці. Што дапамагае з імі спраўляцца і зноў кідацца ў бой?
— Характар, які генетычна закладзены бацькамі і выхаваны спортам. Найлепшая помста — ігнараванне, а ўсё астатняе Бог расставіць па сваіх месцах. Я заўсёды ставіў сабе амбіцыйныя мэты, нездарма за плячыма алімпіяда, чэмпіянат свету і Еўропы, і ўдзячны лёсу, што на маім жыццёвым шляху сустракаюцца такія ж амбіцыйныя людзі, як і я.
Надзея ЗУЕВА
Фота з асабістага архіва спевака