Беланожка, А. Магія з лялькамі і жаданнямі : [гутарка з пісьменніцай А. Беланожкай] / Алёна Беланожка ; гутарыла Яна Будовіч // Літаратура і мастацтва. — 2021. — 9 красавіка. — С. 16.
«Шыццё — гэта адпачынак. Рукі працуюць, а галава абдумвае творчыя пытанні, пакуль YouTube бубніць нешта пра таямнічыя падзямеллі Кёнігсберга», — чытаю на старонцы Алёны Беланожкі ў Facebook. Радуюць вока фотаздымкі прыгожых вытанчаных лялек, падобных на чароўных прынцэс альбо фей, апранутых у выкшталцоныя строі, сярэднявечныя альбо народныя нацыянальныя. Сёння пісьменніца распавядае пра занятак, які дапамагае ёй у жыцці і творчасці: яна прыдумляе і шые для лялек уборы.
— Тваё дзіцячае захапленне — шыць для лялек шыкоўныя сукенкі — родам з маленства? Чым яно дапамагае ў дарослым жыцці?
— У нашай сям’і — так вядзецца з даўніх часоў — ва ўсіх у руках ёсць рамяство: у мужчын — мужчынскае, у дзяўчат — жаночае. Бабуля выдатна шыла і вышывала, у яе ў хаце стаяла машынка «Зінгер». Сястра бабулі ткала цудоўныя ручнікі і посцілкі. Выдатна шые і вышывае цётка. Вяжа, робіць сувеніры мая матуля. Малодшаму пакаленню гэтыя здольнасці таксама перадаліся: мае кузіны — выдатныя майстрыхі. Калі мне было 6 гадоў, мама купіла швейную машынку «Чайка» — дарэчы, яна працуе і сёння. Мне дазвалялі працаваць за ёй, і я часта шыла сукенкі для лялек. Потым з’явіўся авярлок — яго асвоіла хутчэй, чым мама. Але, калі вырасла, доўга не набывала сабе машынку. Нашто, калі ёсць мама з залатымі рукамі? Аднак гены перамаглі — усё-ткі купіла. А сяброўка падарыла на дзень нараджэння цудоўную bjd-ляльку (і тады я даведалася, што лялькі — гэта цэлая індустрыя!). У дзяўчынкі, нават вельмі дарослай, павінна быць лялька — атаясамленне яе самой, на якую можна праецыраваць уласныя мары. А дзе лялька — там і шыкоўныя ўборы. Тое, што я хацела б насіць, але наўрад ці апрану ў жыцці, носіць мая лялечка. Дарэчы, калі я пашыла для лялькі першы багаты ўбор, атрымала новую пасаду. Гэта своеасаблівая форма магіі, перанос на ляльку сваіх мар і жаданняў, перапрацоўка страхаў. Думаю, дзяўчаты добра гэта ведаюць. Таму мяне з дзяцінства вучы-лі не шкодзіць лялькам, не ламаць іх, не пэцкаць, ставіцца з павагай.
— Ці шыеш ты што-небудзь для сябе?
— Адзенне — пакуль не, бо ў мяне няма авярлока, няма машынкі для трыкатажу. Па абноўкі звяртаюся да матулі: у яе ёсць і тэхніка, і неабходны досвед. Сама шыю толькі сувеніры для сяброў і рэчы, патрэбныя ў гаспадарцы: прыхопкі, ручнікі, іншую драбязу. Да адзення трэба саспець. Але на лета планую патрэніравацца і зрабіць дзве-тры сукенкі з традыцыйнымі беларускімі элементамі: гэта мая даўняя мара. Магчыма, хобі калі-небудзь ператворыцца ў паўнавартасны бізнес, бо я прыглядаюся, прыцэньваюся да вышывальных машы-нак. Дарэчы, у жыцці быў перыяд, калі я хацела быць мадэльерам. Іншы раз думаю, што гэта адзін з маіх незакрытых гештальтаў. Самае галоўнае, і я не перастану гэта паўтараць, — мы жывём у выдатны час, калі ты проста заходзіш у інтэрнэт, знаходзіш відэазаняткі — і можаш бясплатна спасцігаць тайны любога рамяства. І тут на першы план выходзіць самадысцыпліна і ўменне «не перагарэць» на самым пачатку дарогі.
— Ці дапамагае тваё хобі ў стварэнні тэкстаў?
— Вядома, дапамагае. Натхняе на стварэнне вершаў, вобразаў, пэўных сюжэтных ліній. Нітка жыцця, якой жанчына вышывае свой лёс на ручніку, тканіна прасторы і часу, што прымае тыя формы, якія пажадае Творца… Лялькі, якія ажываюць у руках майстрыхі, у руках акцёраў… У мяне ўсё дзяцінства звязана з Магілёўскім абласным тэатрам лялек. Мноства тэм, паралелей, алюзій… Нядаўна пачала працаваць над цыклам апавяданняў для дарослай аўдыторыі пра лялькі і цацкі. Увогуле, па творах аўтараў заўсёды можна сказаць, ці маецца ў пісьменніка хобі, ці многа часу ён прысвячае занятку для душы.
— Адкуль бярэш ідэі сваіх прыдумак?
— Адкуль і ўсе майстры — з абсалютна розных крыніц. Напрыклад, з беларускай традыцыі, міфалагічных, літаратурных, гістарычных сюжэтаў, з таго, што бачу навокал кожны дзень. Першае, што сшыла сваёй лялечцы, — традыцыйны вясельны строй Магілёўскага рэгіёна. Пазней зраблю строі іншых рэгіёнаў Беларусі. У планах — узяць удзел у выстаўках: магчымасць паказаць плён сваёй працы іншым людзям таксама вельмі стымулюе. А яшчэ натхняць могуць самыя нечаканыя рэчы: арабіны ў ільдзяных футлярах, першы мятлік, пацеркі дажджу на галінках. Натхняюць сны або жыццёвыя падзеі, кінастужкі. І ты ніколі не ведаеш, якая ідэя захопіць цалкам, ды так, што не можаш спаць, пакуль яе не ўвасобіш. Творчы працэс заўсёды паглынае цалкам: ці пішаш ты, ці шыеш сукенку для любімай лялькі. І ні любімы чытач, ні чароўная лялька не даруюць халтуры і абыякавасці.
Гутарыла Яна БУДОВІЧ