Кантактаваць? На тэатральны манер : [Март.кантакт–2022] // Культура. — 2022. — 19 сакавіка. — С. 8—9.
З 14-ці спектакляў асноўнай праграмы — ажно 9 айчынных. Яшчэ дзве беларускія пастаноўкі складаюць Маладзёжную творчую лабараторыю. Акрамя таго, заяўлены ўдзел тэатраў з Бранска, Смаленска, Екацерынбурга (Расія), Ерэвана (Арменія), Кішынёва (Малдова).
“КАНТАКТ” УНУТРЫ КРАІНЫ…
Беларусь на гэтым форуме прадстаўлена не толькі сталічнымі тэатрамі і магілёўскімі гаспадарамі, але і спектаклямі “Дзень Б” Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы і “Вій” Палескага драматычнага тэатра з Пінска, якія ў верасні паказваліся на ХХV Міжнародным тэатральным фестывалі “Белая Вежа” ў Брэсце. “Вій” таксама выйшаў у фінал VІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі і быў адзначаны як лепшы спектакль драмы малой формы. Сабраў “М.@rt.Кантакт” і іншых удзельнікаў і пераможцаў гэтага рэспубліканскага конкурсу. Так, “Фальшывая нота” Тэатра-студыі кінаакцёра, прызнанага лепшым тэатрам драмы, адкрывае гэты форум. Закрывае ж яго спектакль — намінант Нацыянальнай прэміі “Княжна Мэры” Тэатральнага праекта “ТрыТфармаТ”. Уключаны ў праграму і мюзікл-дэтэктыў “Джэк Патрашыцель” Уладзіславы Арцюкоўскай, пастаўлены ў Маладзёжным тэатры эстрады і аб’яўлены лаўрэатам той прэміі ў намінацыі “Аперэта, музычная камедыя, мюзікл”.
Сярод іншых айчынных спектакляў — “Выратаваць камер-юнкера Пушкіна” Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра гэтага калектыву Андрэя Гузія. Назва гэтага спектакля добра вядомая магілёўскай публіцы: сваю пастаноўку паводле ўсё той жа “Гісторыі аднаго няспраўджанага подзвігу” Міхаіла Хейфеца прывозіў на 12-ы “М.@rt.Кантакт” пяць гадоў таму Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны тэатр “Субота”. Але тая монап’еса, якую ў нас бліскуча грае Андрэй Гладкі, у піцерскай версіі паўстала “густанаселенай”. Таму на цяперашнім форуме ўзнікае добрая магчымасць параўнаць розныя прачытанні.
Але ж найбольшая ўвага на такіх фестывалях традыцыйна надаецца мастацкім “пачастункам” ад саміх гаспадароў. Магілёўскі абласны тэатр лялек уключыў у фестывальную афішу сваю нядаўнюю прэм’еру — “Маленькага прынца” ў пастаноўцы маладога рэжысёра Цімура Карэпіна. А Магілёўскі драматычны тэатр прадставіць адразу два спектаклі, прычым адзін з іх — у Бабруйску, на сцэне тамтэйшага Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча. Цудоўна, што гэтым выязным паказам “М.@rt.Кантакт” пашырае сваю геаграфічную прапіску. Не менш сімптаматычна, што ў Бабруйску будзе паказаны менавіта “Тарцюф”, папраўдзе маладзёжны і малады па сваёй эстэтыцы, адпаведны сучасным мастацкім тэндэнцыям. Тым самым форум быццам перадасць эстафету яшчэ аднаму тэатральнаму святу на Магілёўшчыне — Рэспубліканскаму фестывалю беларускай драматургіі, які, калі разабрацца, павінен арыентавацца не толькі на айчынныя п’есы, але і на іх як мага больш разнастайнае ўвасабленне, уключаючы эксперыментальны кірунак. Бо такі шлях падштурхне і драматургаў, натхняючы іх на новыя пошукі: не ўсё ж нам Мальера “асучасніваць”.
Яшчэ адзін падарунак форуму ад Магілёўскага драмтэатра — увасабленне знакамітай п’есы Гібсана “Двое на арэлях”. Спектакль са змененай назвай — “Аддай маё сэрца” — быў пастаўлены на Вольгу і Аляксандра Мацюшкаў да закрыцця мінулага сезона. Пастаноўшчыкам выступіла галоўны рэжысёр тэатра Таццяна Пацай. Прызначаная на гэтую пасаду крыху больш як год таму, яна папоўніла рэпертуар яшчэ некалькімі прэм’ерамі. У кастрычніку з’явіўся “Облом.Off” па п’есе Міхаіла Угарава, напісанай у 2000-м паводле рамана Івана Ганчарова. Да навагодніх канікулаў была падрыхтаваная казка “Ах, мой мілы Аўгусцін” паводле “Свінапаса” Андэрсена.
Упершыню ў такім буйным форуме возьмуць удзел юныя акцёры. Пад кіраўніцтвам выкладчыкаў на чале з Аленай Ярашук навучэнцы тамтэйшага каледжа мастацтваў, дзе выкладаюцца таксама тэатральныя дысцыпліны, падрыхтавалі літаратурную музычна-пластычную кампазіцыю “Марыйка” па аднайменнай паэме магілёўскага паэта Алеся Казекі. Паэма распавядае гісторыю яго маці, якая дзяўчынкай цудам пазбегла смерці: у 1942-м фашысты спалілі вёску Боркі разам з жыхарамі. На гэтым месцы ўсталяваны мемарыял, на сцяне ў доме-музеі змешчаны радкі з паэмы, а спектакль “Марыйка” паказваўся на Дне пісьменства ў Бялынічах, а цяпер стане часткай Маладзёжнай тэатральнай лабараторыі форуму.
У рамках згаданай лабараторыі выступіць таксама Тэатр дакумента Ганны Сулімы, што існуе пры Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў і яднае будучых рэжысёраў. Яны прадставяць пластычны перформанс “Васіль Кандзінскі / Без косак”, прысвечаны гэтаму рускаму мастаку-абстракцыяністу.
З ЗАМЕЖНІКАМІ…
А што прывязуць госці? Дарэчы, многія з заяўленых замежных тэатраў добра вядомыя ў розных гарадах Беларусі. Ерэванскі дзяржаўны рускі драматычны тэатр імя К.Станіслаўскага быў летась на “Белай Вежы” з сучаснай польскай драмай “Гардэнія” і атрымаў там узнагароду “За лепшы акцёрскі ансамбль”. На гэты раз калектыў прапануе сучасную англійскую трагікамедыю “КантрАкт”.
Заўсёднікам на нашых сцэнах апошнім часам стаў Смаленскі дзяржаўны акадэмічны драмтэатр імя А.Грыбаедава. З 2011 года ажно чатыры разы ладзіліся абменныя гастролі калектыву з Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатрам, у 2015-м смаляне прыязджалі ў Віцебск. А як іначай, калі больш за дзесяцігоддзе галоўным рэжысёрам Смаленскага тэатра з’яўляецца заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Віталь Баркоўскі — адзін з завадатараў самых, бадай, авангардных пастановак у нашай краіне. У Магілёў жа тэатр прывязе спектакль “Любіць нельга памілаваць”, пастаўлены ў 2017-м Алінай Сарокінай.
Трывалыя сувязі з нашай краінай мае і Бранскі абласны тэатр драмы імя А.Талстога. У 1989 годзе разам з Гомельскім аблдрамтэатрам яны заснавалі Міжнародны фестываль “Тэатральныя сустрэчы”, які з тае пары ладзіцца па чарзе тут і там. Ды ў іншых гарадах бранцы бывалі з гастролямі. У 2017-м мелі суцэльнае турнэ, наведаўшы Віцебск, Гродна і Магілёў. У сваю чаргу, магіляўчане ў рамках расійскага праекта “Вялікія гастролі. Замежная праграма — 2019” прадставілі ў Бранску тры свае нядаўнія на той час прэм’еры, уключаючы “Тарцюфа”. У Год гістарычнай памяці будзе да месца нагадаць і тое, што Вялікую Айчынную Бранскі тэатр сустрэў у Беларусі, дзе знаходзіўся ў двухмесячным гастрольным турнэ. Таму няма чаго здзіўляцца, што на “М.@rt.Кантакт” тэатр імя А.Талстога прывязе сваю любоў — дакладней, “Каханне ў стылі баROCKка”, што стала лаўрэатам на расійскім фестывалі “Мы любім тэатр!”.
Дзяржаўны рускі драматычны тэатр імя А.Чэхава з Кішынёва (Малдова) прыедзе з лірычнай камедыяй “Белы трусік, ці Калі не ўсе дома” Мэры Чэйз — амерыканскай журналісткі, драматурга і дзіцячай пісьменніцы ХХ стагоддзя. А знакаміты екацерынбургскі “Каляда-тэатр”, названы так у гонар свайго заснавальніка, нязменнага кіраўніка, драматурга, рэжысёра і акцёра Мікалая Каляды, пакажа свайго “Раскольнікава”, дзе інсцэніроўка рамана Ф.Дастаеўскага была зроблена на трох артыстаў. Дарэчы, “Злачынства і пакаранне” іншага калектыву — Невялікага драматычнага тэатра з Санкт-Пецярбурга — завяршала “М.@rt.Кантакт” у 2014-м, атрымаўшы спецыяльны прыз “За лепшы маладзёжны спектакль”. Самы час параўнаць інсцэніроўкі і ўласна пастаноўкі!
…І З АРГАНІЗАТАРАМІ
— Як і да пандэміі, на форуме будзе працаваць экспертны савет, — гаворыць галоўны рэжысёр Магілёўскага драматычнага тэатра Таццяна Пацай. — Але склад яго змяніўся: у ім будуць прадстаўлены не толькі крытыкі і тэарэтыкі тэатра, але і практыкі. Узначаліць яго заслужаная артыстка Расіі Алена Барзова, якая мае самае непасрэднае дачыненне да беларускай нацыянальнай культуры — і не толькі таму, што прыязджала на Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”. У пачатку 1980-х яна сыграла ролю Ганны ў стужках Віктара Турава “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы” паводле аднайменных раманаў Івана Мележа з яго трылогіі “Палеская хроніка”, за што атрымала Дзяржаўную прэмію СССР. Яе калегамі ў складзе экспертнага савета “М.@rt.Кантакта” стануць найбольш аўтарытэтныя прадстаўнікі нашага тэатра: народны артыст Беларусі Рыгор Белацаркоўскі і заслужаны артыст нашай краіны, уладальнік медаля Францыска Скарыны Васіль Галец, які апошнім часам удала сумяшчае акцёрскую дзейнасць з рэжысёрскай. Не забыліся мы і на крытыкаў. Запрасілі доктара мастацтвазнаўства Вераніку Ярмалінскую, якая ўзначальвае аддзел тэатра Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, і Вольгу Сталярову, якая выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Штодзённа, як гэта рабілася і раней, будуць праходзіць абмеркаванні прагледжаных спектакляў, а 27 сакавіка, у Міжнародны дзень тэатра, экспертны савет абвесціць пераможцаў форуму.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ.
Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ рэдактар аддзела газеты «Культура»