Ніедра, А. Проста выконвалі свой абавязак / Аліна Ніедра // Літаратура і мастацтва. — 2022. — 30 верасня. — С. 4.
У Год гістарычнай памяці хочацца з асаблівым гонарам падзяліцца гісторыямі супрацоўнікаў Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна, якія ў цяжкія гады акупацыі змаглі супрацьстаяць нямецка-фашысцкім захопнікам, расказаць пра іх лёсы, подзвігі, гісторыі бескампраміснага самаахвяравання. Каб аднавіць імёны ўсіх супрацоўнікаў бібліятэкі, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, былі дакладна вывучаны кнігі загадаў па бібліятэцы, асабістыя справы супрацоўнікаў, дакументы і матэрыялы Нацыянальнага архіва Беларусі, Магілёўскага абласнога архіва і архіва Магілёўскіх грамадскіх аб’яднанняў.
На пачатак вайны штат абласной бібліятэкі налічваў 13 чалавек. Летам 1941 года ў рады Чырвонай Арміі былі прызваны супрацоўнікі І. Х. Дановіч і В. Д. Малочка.
У перыяд акупацыі абласная бібліятэка не была эвакуіравана і стала цэнтрам сустрэч падпольшчыкаў, у яе сценах перадаваліся каштоўныя звесткі партызанам, тут людзі даведваліся пра лёс таварышаў і сваякоў, якія ваявалі на фронце. Чытачам бібліятэкі была даступна не ўся літаратура, толькі частка мастацкай, а грамадска-палітычная, даведачная, энцыклапедыі былі схаваны. Фонд знаходзіўся пад асаблівым наглядам немца са штаба Розенберга, і ў сваёй справаздачы ён пісаў, што для адабраных кніг не было дастатковай колькасці пакояў з усталяванымі замкамі, і патрабаваў выдзеліць памяшканні для іх захоўвання па-за сценамі бібліятэкі.
1 чэрвеня 1940 года пасаду дырэктара бібліятэкі заняла Марына Нянашава, якая працавала тут з першага дня заснавання — 5 студзеня 1935 года. З успамінаў былога кіраўніка падпольнай групы «Камітэта садзейнічання Чырвонай арміі» Надзеі Арловай: «Марына Міхайлаўна Нянашава была звязана з падпольнай групай, якая дзейнічала ў раёне трубаліцейнага завода. У бібліятэцы яна хавала ўцёкшых з лагера ваеннапалонных, уладкоўвала іх на працу, адпраўляла ў партызанскі атрад…» Менавіта Марына Міхайлаўна дала згоду на сустрэчы падпольшчыкаў у чытальнай зале і кнігасховішчы бібліятэкі.
Для перадачы інфармацыі партызанам бібліятэкарамі падбіраліся кнігі, пераважна рускіх класікаў, і ў пэўную старонку паміж радкоў упісваліся простым алоўкам прозвішчы і іншыя звесткі, якія неабходна было перадаць за лінію фронту. Па дакументах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, у 1943 годзе за ўваходжанне ў склад падпольнай групы і арганізацыю выратавання кніг Марына Нянашава была расстраляна немцамі.
Разам з ёй падпольнай дзейнасцю займалася Ганна Чудовіч, якая на пачатку вайны працавала загадчыцай абанемента. Ганна Якаўлеўна нарадзілася ў 1900 годзе, працу ў якасці бібліятэкара пачала ў Магілёўскім педінстытуце ў 1933 годзе. У 1936 годзе мужа Ганны Якаўлеўны, выкладчыка інстытута, асудзілі як «ворага народа», і яна засталася без працы. Пасля доўгіх пошукаў у верасні 1939 года Чудовіч удалося ўладкавацца ў абласную бібліятэку.
Калі нямецкія войскі акупіравалі Магілёў і фашысты сталі вывозіць каштоўную літаратуру, Ганна Якаўлеўна і Марына Міхайлаўна, падвяргаючы свае жыцці рызыцы, разгарнулі паўнавартасную «аперацыю» па выратаванні кніг. Літаратуру закопвалі ў зямлю, хавалі ў падвалах, на гарышчах, у комінах, раздавалі супрацоўнікам і надзейным чытачам бібліятэкі. У 1946 годзе абласная газета «За Радзіму» пісала, як прыбіральшчыца бібліятэкі Фядора Скрыпчанка замуравала ў галандскай печы 342 кнігі, а пасля вызвалення Магілёва вярнула іх у бібліятэку. Дзякуючы выратавальнай «аперацыі» ў бібліятэку было вернута каля 40 тыс. экзэмпляраў каштоўных выданняў.
Пасля расстрэлу Марыны Нянашавай Ганна Якаўлеўна некаторы час выконвала абавязкі, а з ліпеня 1944-га да красавца 1946 года працавала дырэктарам.
Усю вайну Ганна Якаўлеўна не пакідала бібліятэку, яна працягвала жыць і працаваць на акупаванай тэрыторыі і падтрымліваць сувязь з 113-м Чырвонапартызанскім палком. Чудовіч дапамагала распаўсюджваць лістоўкі, перадавала партызанам паперу, канцылярскія прылады і ваенную літаратуру. Газета «За Радзіму» прыводзіла радкі з чытацкімі водгукамі, у якіх салдаты дзякавалі Ганне Якаўлеўне за кнігі.
Менавіта пры садзеянні Чудовіч падпольшчыкі змаглі зрабіць апарат для тыражыравання лістовак — гектограф. З успамінаў Н. Ф. Арловай: «Мне ўдалося з дапамогай Ганны Якаўлеўны Чудовіч, якая працавала ў той час у абласной бібліятэцы, прабрацца ў забаронены фонд бібліятэкі, адшукаць там Вялікую Савецкую Энцыклапедыю і вырваць з яе ліст з апісаннем гектографа».
Ужо на пяты дзень пасля вызвалення Магілёва стала працаваць чытальная зала. Пад кіраўніцтвам Ганны Якаўлеўны разгарнулася работа па абнаўленні кніжнага фонду, супрацоўнікі самастойна зашклілі вокны, збіраючы ўсюды скрыні, дошкі, зрабілі стэлажы для кніг. Чудовіч прымала актыўны ўдзел у работах па аднаўленні горада і ў 1945 годзе была ўзнагароджана медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.».
Пасля вайны ў розны час у абласной бібліятэцы працавалі і іншыя ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Іван Пруднікаў — удзельнік вайны з Фінляндыяй і Вялікай Айчыннай, радавы партызанскага атрада, які дзейнічаў на тэрыторыі Чэрыкаўскага раёна, тэлефаніст у складзе 2-га Беларускага фронту, загадчык справаводства штаба 13-й асобнай знішчальна-процітанкавай артылерыйскай брыгады. Іван Антонавіч быў цяжка паранены на фронце, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і пяццю медалямі. У бібліятэцы прайшоў шлях ад памочніка бібліятэкара да загадчыка аддзела міжбібліятэчнага абанемента і праявіў найлепшыя дзелавыя якасці, займаўся грамадскай работай, узнагароджваўся граматамі абласнога ўпраўлення і Міністэрства культуры БССР.
Іван Згорскі — бібліятэкар метадычнага кабінета, старшы бібліятэкар абанемента, кнігасховішча. У гады Вялікай Айчыннай працаваў шаўцом дома і з’яўляўся членам Камітэта садзейнічання Чырвонай Арміі: распаўсюджваў антыфашысцкую літаратуру, збіраў разведвальныя звесткі аб варожых аб’ектах, а таксама медыкаменты для партызанскіх атрадаў.
Падчас вайны сувязной 128-га і 129-га атрадаў 14-й партызанскай брыгады была Агаф’я Цаброва. Яна працавала бібліятэкарам, пазней старшым бібліятэкарам чытальнай залы. Некалькі гадоў узначальвала Таварыства Чырвонага Крыжа абласной бібліятэкі.
Медалямі «За абарону Сталінграда», «За баявыя заслугі», «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» узнагароджана Лідзія Шушкевіч (Батурына), якая ў ваенны час працавала загадчыцай аддзела справаводства шпіталя лёгкапараненых № 3246 70-й арміі. У абласной бібліятэцы працавала на пасадзе старшага бібліятэкара, загадчыка метадычнага кабінета, чытальнай залы, аддзела кнігасховішча. Узначальвала партыйную арганізацыю бібліятэкі.
У перыяд акупацыі абласная бібліятэка не была эвакуіравана і стала цэнтрам сустрэч падпольшчыкаў, у яе сценах перадаваліся каштоўныя звесткі партызанам, тут людзі даведваліся пра лёс таварышаў і сваякоў, якія ваявалі на фронце. Чытачам бібліятэкі была даступна не ўся літаратура, толькі частка мастацкай, а грамадска-палітычная, даведачная, энцыклапедыі былі схаваны. Фонд знаходзіўся пад асаблівым наглядам немца са штаба Розенберга, і ў сваёй справаздачы ён пісаў, што для адабраных кніг не было дастатковай колькасці пакояў з усталяванымі замкамі, і патрабаваў выдзеліць памяшканні для іх захоўвання па-за сценамі бібліятэкі.
Асобна хочацца расказаць пра Ганну Бабушкіну, ураджэнку Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. У абласную бібліятэку яна прыйшла працаваць метадыстам у 1954 годзе. Да пачатку вайны Бабушкіна пражывала з мужам-пагранічнікам у Брэсце. Ужо ў жніўні 1941 года ў горадзе быў створаны антыфашысцкі камітэт, у якім яна працавала інструктарам, пазней намеснікам старшыні. Перад антыфашысцкімі групамі камітэта былі пастаўлены аператыўныя задачы: праводзіць сабатаж і дыверсіі на прадпрыемствах, збіраць зброю, боепрыпасы, адзенне, медыкаменты і перадаваць гэта ўсё партызанам, падбіраць адданых людзей для папаўнення партызанскіх атрадаў.
У кватэры Ганны Міхайлаўны быў таемна ўсталяваны радыёпрыёмнік для прыёму зводак Саўінфармбюро і далейшай перадачы іх падпольшчыкам для распаўсюджвання сярод насельніцтва. Характэрны выпадак, калі знаходлівай падпольшчыцы ўдалося выкрасці ў немцаў пачак савецкіх пашпартоў і аддаць іх землякам, якія ўцяклі з палону.
Хаваючыся ад нямецкай паліцыі, Бабушкінай давялося пакінуць Брэст і з’ехаць у Баранавіцкі раён, дзе яна ўступіла ў рады партызанскага атрада «1 Мая», а ў 1944 годзе была прызначана сакратаром Баранавіцкага падпольнага гаркама камсамола. У той час у Баранавічах дзейнічала каля дзесяці антыфашысцкіх груп.
Знаходзячыся ў партызанскім атрадзе, яна атрымала заданне ўладкавацца ў паліцэйскую сталовую ў мястэчку Гарадзішча (цяпер г. п. Гарадзішча Баранавіцкага раёна). Бабушкіна прыкідвалася глухой, казала, што мужа забілі, сын памёр. Паліцаі ёй верылі, размаўлялі пры ёй у сталовай, не здагадваючыся, што іх планы могуць стаць вядомымі партызанам. Аднойчы ёй удалося даведацца, што 1 мая 1943 года рыхтавалася аперацыя па знішчэнні партызан і насельніцтва партызанскай зоны. Фашысты ставілі мэту — акружыць партызан з усіх бакоў, адрэзаць ім шлях у Налібоцкую пушчу і знішчыць. Сігнал Бабушкінай аб небяспецы дазволіў падрыхтавацца да прыходу фашыстаў. Працуючы ў сталовай, яна ўмудралася перапраўляць зброю партызанам. Пад выглядам, што ідзе купляць прадукты, складала ў кошык гранаты і медыкаменты, затуляючы іх кавалкамі хлеба, патроны абвязвала пры дапамозе пояса вакол таліі.
Пасля Перамогі Ганна Бабушкіна жыла ў Баранавічах і Маладзечне, за заслугі перад Айчынай узнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «Партызану Айчыннай вайны I ступені», «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.».
Медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» узнагароджаны і іншыя работнікі абласной бібліятэкі: Ганна Вашчанка — загадчыца аддзела класіфікацыі і апрацоўкі, Соф’я Каінава — памочнік бібліятэкара, Хая Чарток — загадчыца бібліяграфічнага аддзела.
У архіве абласной бібліятэкі захавалася не так шмат прозвішчаў і даных аб супрацоўніках, якія змагаліся з ворагамі ў падполлі і на франтах вайны, але кожнаму з іх і іншым ветэранам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны мы шчыра ўдзячны за мірнае неба!
Аліна НІЕДРА, вядучы бібліятэкар Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна