Ярцаў, А. Пункт росту : [iнтэрв’ю з кiраўнiком адмiнiстрацыi СЭЗ «Магiлёў» Андрэем Ярцавым] / Андрэй Ярцаў ; размаўляла Нэллi Зiгуля // Звязда. — 2016. — 12 мая. — С. 2.
У Магілёве за апошнія 5 гадоў з’явіліся прадпрыемствы, якія сталі вядучымі ў эканоміцы вобласці.
«Мебелайн», «ВМГ Індустры», «Кранаспан OSB» — гэтыя назвы сёння спалучаюцца з такімі паняццямі, як якасць, плацежаздольнасць, сучасныя формы працы. На апошнім Усебеларускім народным сходзе Прэзідэнт казаў пра неабходнасць не на словах, а на справе пацвярджаць словазлучэнне «квітнеючая Беларусь». Гэта значыць актыўна прыцягваць замежныя інвестыцыі, укараняць найноўшыя тэхналогіі. Магілёўская вобласць займае ў краіне моцныя пазіцыі па прыцягненні замежнага капіталу, а участак №4 СЭЗ «Магілёў» стаў сапраўднай інавацыйнай пляцоўкай. Пра дасягненні апошніх 5 гадоў, рэалізацыю існуючых праектаў, перспектывы далейшага развіцця ў размове з кіраўніком адміністрацыі СЭЗ «Магілёў» Андрэем ЯРЦАВЫМ.
— Мы працягваем развіваць інфраструктуру на гэтым участку і будуем другую чаргу, — распавядае Андрэй Ярцаў. — Сёлета ўводзім у дзеянне станцыю «Абменны парк», якая забяспечыць рэзідэнтаў пад’язнымі чыгуначнымі шляхамі. Будаўніцтва другой чаргі дазволіла прыцягнуць яшчэ шэраг інвестараў. Пазалетась сюды прыйшла кампанія «Кранаспан», якая пабудавала тут два сваіх прадпрыемствы.
— Сярод рэзідэнтаў СЭЗ «Магілёў» адзін з буйных у свеце вытворцаў тэхнічнага вугляроду — «Омск Карбон Груп». Ён збіраецца наладзіць вытворчасць імпартазамяшчальнай прадукцыі, якую пакуль прыходзіцца набываць за мяжой.
— Створанае ў Магілёве прадпрыемства расійскага інвестара цалкам забяспечыць тэхвугляродам «Белшыну», акрамя гэтага больш за палову сваёй прадукцыі — каля 70 і больш тысяч тон у год будзе экспартаваць. Тэхнічны вуглярод мае прымяненне не толькі ў шыннай прамысловасці, а таксама ў медыцыне, быце, на вытворчасці.
Будзем прапрацоўваць магчымасць яго паглыбленай перапрацоўкі, прыцягваць навуковыя і іншыя арганізацыі для стварэння больш навукаёмістай прадукцыі. Менавіта кластарны падыход дае магчымасць гарманічна развівацца прадпрыемствам, звязаным паміж сабой тэхналагічна. Яскравы прыклад — гэта цеснае ўзаемадзеянне прадпрыемстваў літоўскіх інвестараў — «ВМГ Індустры» і «Мебелайн». Пліты ДСП першага вытворцы выкарыстоўваюцца другім для вырабу мэблі. Намі вядзецца сістэмная работа па фарміраванні кластараў хімічнага і дрэваапрацоўчага кірункаў, а таксама будаўнічых матэрыялаў.
— Які эканамічны эфект дасягнуты за апошнія 5 гадоў на гэтым участку СЭЗ?
— Дзякуючы створанай інфраструктуры (у развіццё пляцоўкі было ўкладзена 263 мільярды рублёў) прыцягнута
478 мільёнаў долараў інвестыцый, укладзена ў асноўны капітал 5,7 трыльёна рублёў — у 22 разы больш, чым пайшло бюджэтных сродкаў. У бюджэтныя і пазабюджэтныя фонды ўнесена падаткаў, збораў і плацяжоў на суму 297 мільярдаў, з іх толькі летась — 175 мільярдаў. І з кожным годам выніковасць толькі павялічваецца. Сёлета вытворчую дзейнасць пачынаюць «Кранахем» і «Омск Карбон Магілёў». А значыць, павялічыцца і колькасць працуючых. Напрыклад, на «Омск Карбон Магілёў» цяпер працуюць каля 90 чалавек, а будзе амаль 500. Адпаведна павялічыцца і колькасць падаткаў у бюджэт, і экспартны складнік, і аб’ём вытворчасці. Акрамя гэтага, загружаюцца чыгунка, аўтатранспарт, будаўнічыя прадпрыемствы, з’яўляюцца новыя невялічкія спадарожныя вытворчасці, напрыклад упакоўкі… Калі падводзіць вынікі за пяцігодку, удзельная вага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі ў маштабе вобласці вырасла з 13 да 30%. У экспарце тавараў доля СЭЗ павялічылася з 17% у 2010-м да амаль 46% — у 2015 годзе.
— А наколькі апраўданыя тыя прэферэнцыі, якія існуюць для рэзідэнтаў СЭЗ?
— Нашы рэзідэнты ў большасці вызвалены толькі ад 10-й часткі падаткаў. Пры гэтым, калі падзяліць колькасць падаткаў, якія яны выплачваюць, на колькасць працуючых, то атрымліваецца сума большая, чым у іншых рэзідэнтаў Беларусі. Выключна за кошт эфектыўнасці сваёй вытворчасці. Акрамя гэтага заробак на прадпрыемствах рэзідэнтаў СЭЗ на 20% вышэйшы, чым на іншых, а значыць, з працуючых спаганяецца больш высокі падаходны падатак.
Так, мы далі льготы, але аддача ад іх нашмат вышэйшая. Бо гэта новыя прадпрыемствы, новыя працоўныя месцы, падаткі, нарэшце.
— Прадукцыя рэзідэнтаў СЭЗ «Магілёў» з’яўляецца не толькі імпартазамяшчальнай, але і экспартаарыентаванай. Дзе ў асноўным яна рэалізуецца?
— Рэзідэнты СЭЗ экспартуюць прадукцыю больш чым у 90 краін свету. Летась у выніку дыверсіфікацыі рынкаў збыту дадаткова пачалі працаваць з 16 новымі краінамі. Але ўдзельная вага спажывання Расійскай Федэрацыі больш значная — звыш 70%. Гэта звязана з інвестыцыйнай палітыкай нашых рэзідэнтаў. У той жа кампаніі «Кранаспан» ёсць заводы ў Польшчы, Германіі, Амерыцы. І каб прысутнічаць на рынку Еўразійскага эканамічнага саюза і рэалізоўваць прадукцыю на рынак Расіі, Беларусі і Казахстана, кампанія стварыла прадпрыемства ў Беларусі. Ёсць і іншыя прыклады. «Джэмсталь», напрыклад, створана нямецкім інвестарам дзеля таго, каб рабіць тут прадукцыю і экспартаваць у Германію. Кампанія мае на мэце здабываць максімальную выгаду ад сыравінных рэсурсаў краін Еўразійскага эканамічнага саюза.
— Чым можна сёння прывабіць інвестара?
— Кампанія «Кранаспан» пачала рэалізоўваць свае праекты ў Смаргоні на Гродзеншчыне. Мы патрацілі каля паўгода, каб уласнік гэтай кампаніі прыехаў у Магілёў і паглядзеў на тую інфраструктуру, тыя ўмовы, якія ёсць у нас. Нарэшце ён прыехаў і… прыняў рашэнне стварыць другую прамысловую пляцоўку ў СЭЗ «Магілёў». Адным з асноўных стымулаў для яго стала развітая транспартная інфраструктура. Натуральна, прымаючы рашэнне аб стварэнні новай вытворчасці, інвестар ацэньвае ўсю сукупнасць пераваг: наяўнасць сыравіны, набліжанасць рынкаў збыту, працоўныя рэсурсы, інжынерна-транспартную структуру, месца размяшчэння. Той, хто гандлюе на Еўрасаюз, жадае быць бліжэй да мяжы з Еўропай, хто зацікаўлены ў супрацоўніцтве з Еўразійскім эканамічным саюзам, адпаведна, да Расіі. Кампанія «Кранаспан» рухаецца з захаду на ўсход. А «Омск Карбон Груп», наадварот, у бок Еўропы.
— Наколькі новыя прадпрыемствы небяспечныя для навакольнага асяроддзя?
— У 1990 годзе «Магілёўхімвалакно» выкідвала ў паветра 12 тысяч тон шкодных рэчываў у год. На сёння — да 3 тысяч тон. Пры гэтым усе рэзідэнты, якія размяшчаюцца на 4-м участку, будуць выкідваць, з улікам «Омск Карбон Магілёў», які яшчэ будуецца, менш за 1,8 тысячы тон. Рэзідэнты імкнуцца выкарыстоўваць у вытворчасці тэхналогіі, каб выкіды былі мінімальныя. Добры прыклад «ВМГ Індустры». Прадпрыемства перапрацоўвае драўніну, робіць фанеру, адходы ад яе ідуць на стварэнне ДСП. Усё, што застаецца ад перапрацоўкі, нават пыл, спальваецца, і атрымліваецца цяпло для тэхналагічных працэсаў.
Даведка «Звязды»
СЭЗ «Магілёў» складаецца з 12 участкаў, размешчаных на тэрыторыі Магілёва, Бабруйска, Асіповіч і Шклова, агульнай плошчай 2840 га. Найбольшае развіццё атрымаў участак №4 — у раёне «Магілёўхімвалакно». У непасрэднай блізкасці ад прадпрыемства створана добрая зона для вядзення вытворчасці. У 2010 годзе прынята рашэнне развіваць гэтую пляцоўку як прамвузел. За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту пабудаваны індустрыяльная падстанцыя магутнасцю 40 МВт, чыгунка, аўтадарога, водаправод, цеплатраса і іншая неабходная інфраструктура. Гэта дазволіла прыцягнуць сюды першых буйных рэзідэнтаў — «ВМГ Індустры» і «Мебелайн». Інвестыцыі першага прадпрыемства склалі 110 мільёнаў еўра, «Мебелайн» — 20 мільёнаў еўра.