Зiгуля, Н. Вайна Васiля Кацюшына : магiлёўскi гiсторык знайшоў новыя звесткi з бiяграфii абаронцы горада / Нэлi Зiгуля // Звязда. — 2016. — 19 красавiка. — С. 11.
Некалькі гадоў таму магілёўскі гісторык, падпалкоўнік у адстаўцы Міхаіл Рыськоў наткнуўся ў архіве грамадскіх аб’яднанняў (былога архіва абкама партыі) на ўспаміны ўдзельніка абароны Магілёва Васіля Кацюшына. Таго самага, які ў 1941-м быў начальнікам аператыўнага аддзялення штаба 172-й стралковай дывізіі і камандаваў зводным палком апалчэнцаў. У склад гэтага палка ўваходзіў і легендарны батальён міліцыі пад камандаваннем капітана Уладзімірава, які сем дзён мужна стрымліваў на подступах да Магілёва варожую сілу, якая перавышала іх у некалькі разоў, і амаль цалкам загінуў.
Яго полк адступіў апошнім
— Поўнай біяграфіі палкоўніка Кацюшына (у 1941-м ён быў яшчэ маёрам), на жаль, няма, — кажа гісторык. — У абласным краязнаўчым музеі захоўваецца некалькі фота і перадрукаваныя на машынцы 45 старонак вось гэтых успамінаў. У 1970-я гады яны часткова ўвайшлі ў кнігу «Салдатамі былі ўсе». Але тут, у рукапісе, больш жывых, кранальных фактаў.
Кацюшын згадвае, як агульнае гора цесна аб’яднала салдат, апалчэнцаў і жыхароў горада. Адна жанчына разам з дачкой Асяй выратавалі параненага камандзіра. «Пасля бою я наведаў яго, — апісвае камандзір той эпізод. — Хлопец усміхаўся і, шчасліва паглядваючы на Асю, прызнаўся, што калі вайна скончыцца, яны абавязкова пажэняцца». Як склаўся лёс маладых людзей, Кацюшын не ведаў, але спадзяваўся, што яны абое выжылі ў той страшнай мясарубцы. Вайна не літавала ні людзей, ні іх мары.
Рэшткі свайго палка Кацюшын выводзіў з абложанага горада ў ноч з 27 на 28 ліпеня. «Раніцай 26 ліпеня была цалкам страчана сувязь з палком Куцепава, ваенкаматам, падраздзяленнямі НКУС і камандным пунктам камдыва, — сведчыць ён. — Ноч на 27 ліпеня прайшла вельмі трывожна. Немцы атакавалі нашы барыкады каля завода «Адраджэнне». Праз недахоп патронаў і снарадаў была аддадзена каманда не страляць, а знішчаць немцаў толькі ўрукапашную. Памятаю выпадак, калі з дзота на чыгуначным пераездзе тры стралкі на працягу дня «паклалі» некалькі дзясяткаў немцаў. Тыя ніяк не маглі сцяміць, адкуль вядзецца агонь».
Ад захопленага ў палон немца камандзір даведаўся, што 28 ліпеня фашысты плануюць дабіць полк, а ўвесь камандны склад павесіць каля Дома Саветаў. Аперацыя па вывадзе апошніх 350 чалавек з абложанага немцамі горада ўдалася. Пад покрывам ночы і шуму бою, пад водбліскі палаючых будынкаў людзі прашмыгнулі перад самым носам ворага. Але дайсці да сваіх атрымалася ў нямногіх. Амаль 200 кіламетраў пешшу без патронаў і ежы, водныя перашкоды на шляху сталі вельмі вялікім выпрабаваннем для знясіленых баямі людзей.
Рукапісы не гараць
«Кожны, хто будзе чытаць гэтыя ўспаміны, зразумее, што 172-я Сталінагорская стралковая дывізія шмат што зрабіла для разгрому нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — спадзяваўся Кацюшын. — Дывізія на працягу трох тыдняў стрымлівала стальную моц брані наступаючых немцаў і гэтым дапамагла нашым войскам весці цяжкія баі за Смаленск».
У сваіх успамінах ён абяцаў напісаць кнігу пра подзвігі звычайных магіляўчан. У яго памяці такіх прыкладаў захавалася шмат. Але на свет кніга так і не з’явілася. У 1954 годзе, праз чатыры гады пасля таго, як былі напісаны гэтыя ўспаміны, палкоўніка Васіля Кацюшына не стала.
Ордэн за абарону Магілёва
Падчас пошукаў Міхаіл Рыськоў даведаўся, што лёс камандзіра цесна звязаны з Магілёвам. У 1920 годзе Васіль Кацюшын скончыў у Магілёве пяхотныя курсы чырвоных камандзіраў. У 1941-м ён абараняў гэты горад, а ў 1944-м вызваляў Магілёўшчыну ад ворага. І нават пасля вайны яго быццам бы цягнула сюды магнітам. «Я быў вельмі ўражаны, калі даведаўся, што Кацюшын працаваў пасля вайны ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, — расказвае Міхаіл Рыськоў. — Праўда, нічога новага, акрамя таго, што палкоўнік узначальваў там ваенную кафедру з 1 ліпеня 1947 года па 13 кастрычніка 1953-га, мне не паведамілі».
Крыху больш інфармацыі знайшлося ў абласным краязнаўчым музеі. У невялікай папцы захоўваецца выразка з газеты «За камуністычную працу», дзе заслужаны настаўнік Літоўскай ССР П. Фралоў згадвае пра Кацюшына. Ён расказвае, што ў іх школьным музеі баявой славы захоўваецца інфармацыя пра тое, як камандзір вызначыўся пры абароне Магілёва. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 9 жніўня 1941 года ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. А на тэрыторыі Літвы Кацюшын змагаўся ў 1944 годзе ў якасці камандзіра 157-й стралковай дывізіі. Рака Нёман была апошняй сур’ёзнай перашкодай на шляху да Усходняй Прусіі, і савецкім салдатам трэба было любой цаной узяць гэты рубеж. Дывізія мужна змагалася і заслужыла ганаровае права называцца «Нёманскай», а камдыў атрымаў ордэн Чырвонага Сцяга. Яшчэ адзін такі ж ордэн яму ўручалі за паспяховы прарыў праз мяжу ва Усходнюю Прусію. Неўзабаве Кацюшын быў прызначаны камандзірам 173-й стралковай Аршанскай Чырванасцяжнай дывізіі, якая яскрава праявіла сябе ў баях на тэрыторыі сучаснага Баграціёнаўскага раёна Калінінградскай вобласці. За свае баявыя подзвігі палкоўнік Кацюшын быў узнагароджаны пяццю ордэнамі.
Пасля працы ў Горках і звальнення ў адстаўку сляды палкоўніка абрываліся. Міхаіл Рыськоў адшукаў інфармацыю пра тое, што ён пераехаў ва Украіну да сына Радзія і апошні год жыцця правёў у горадзе Шостка Сумской вобласці. Там ён быў і пахаваны ў 1954 годзе.
— Па маім запыце з Сумскага ваенкамата Украіны выслалі копію асабістай справы палкоўніка Кацюшына, складзеную Міністэрствам абароны СССР. І там гаворыцца: вывеў рэшткі 172-й стралковай дывізіі з акружэння з-пад Магілёва ў колькасці 350 чалавек з поўным узбраеннем ў раёне горада Пачэп Бранскай вобласці 5 верасня 1941 года, — кажа Міхаіл Рыськоў. — Гэта сапраўды вялікі подзвіг. Яго полк апошнім пакінуў захоплены ворагам горад. Мала хто дайшоў да сваіх, але зброю і дакументы захавалі. І тое, што ў Магілёве дагэтуль няма ні вуліцы ў гонар гэтага камандзіра, ні мемарыяльнай дошкі, лічу, несправядліва. Мы павінны памятаць пра сваіх герояў.