Хмялькоў, А. Наш прынцып: не побач, а разам : [гутарка з дырэктарам Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы А. Хмяльковым] / А. Хмялькоў ; гутарыў Я. Рагін // Культура. — 2023. — 18 сакавіка. — С. 10—11.
Алег Фёдаравіч Хмялькоў, Чалавек года —2022 Магілёўшчыны, тактоўны і дасведчаны. Трымае ў памяці ўсе факты і лічбы, звязаныя з клубнай дзейнасцю роднага краю, і гатовы гаварыць пра яе гадзінамі. Пытаннямі гэтымі займаецца больш за два дзясяткі гадоў, з іх 16 — на пасадзе дырэктара Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы.
Не дзіва, што метадычны цэнтр лічыцца адным з найлепшых у рэспубліцы, а яго супрацоўнікі — ці не самымі актыўнымі аўтарамі нашага выдання. Дарэчы, “Культуру” тут чытаюць самым сур’ёзным чынам. Нават завядзёнка ёсць: усе крытычныя артыкулы па іншых абласцях грунтоўна абмяркоўваюцца — каб на Магілёўшчыне падобнага не паўтараць.
Алег Хмялькоў (злева) падчас атрымання ганаровага звання «Чалавек года Магілёўшчыны»
— Пачнём, Алег Фёдаравіч, з раёнаў. Наколькі яны самастойныя ў плане метадычнага забеспячэння і якім яно ўвогуле павінна быць?
— Аператыўным, адрасным, практыка-арыентаваным, абавязкова дыферэнцыраваным і, безумоўна, кампетэнтным.
Сёння мы курыруем дзейнасць звыш 300 клубных устаноў — гэта 27 юрыдычных асоб і іх структурныя падраздзяленні. Пры раённых клубных установах створаны метадычныя аддзелы або гэтыя функцыі выконваюць “жанравыя” метадысты. Яны самастойныя ў выбары метадычнага забеспячэння дзейнасці ўстаноў, але планаванне не праходзіць без нашага ўдзелу і дапамогі.
Праблемныя пытанні выносім на абласныя семінары, метадычныя пасяджэнні, раённыя вучобы. Гэта дзейсны падыход. Семінары ўключаюцца ў план-графік Магілёўскага аблвыканкама. Чарговы — у сакавіку на базе Чавускага раёна.
Міжнародныя культурныя сувязі, што наладжаны нашым цэнтрам, таксама працуюць на павышэнне прафесійнага ўзроўню работнікаў. Да прыкладу, яны ўдзельнічалі ў з’ездзе дырэктараў Усерасійскіх клубных устаноў, кіраўнікоў метадычных службаў, якія праходзілі ў Белгарадзе, Астрахані. У апошнія гады ладзім шмат сумесных анлайн-семінараў, майстар-класаў, выстаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, напрыклад, з установамі культуры Новасібірска, Бранска.
— Якія з рэгіёнаў найбольш эфектыўна займаюцца праектнай дзейнасцю?
— Асабліва дзейснымі з’яўляюцца творча-даследчыя праекты. Напрыклад, абласны фестываль фальклор нага мастацтва “Скарбніца Падняпроўя” па даследаванні, адраджэнні і сцэнічным прадстаўленні лакальнага фальклору. Дзякуючы рэалізацыі праекта “Ручнік як шлях жыцця чалавека” майстры вобласці рэканструявалі на аснове аўтэнтычных узораў каля 200 ручнікоў. У межах культурна-даследчага праекта “Традыцыйная кухня Падняпроўя” быў праведзены шэраг рэгіянальных і абласных фестываляў нацыянальнай кухні, створаны зборнік рэцэптаў. Элемент “Стравы з таркаванай бульбы — дранікі, бульбяныя бліны, бабка і іншыя — традыцыі прыгатавання і ўжывання на тэрыторыі Магілёўскай вобласці” быў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Шчыруюць у гэтым плане Слаўгарадскі, Быхаўскі, Краснапольскі, Клічаўскі, Касцюковіцкі раёны. Дзякуючы такім праектам у Краснаполлі з’явілася ганчарня, у Быхаве— закуплена некалькі швейных, вышывальных машын, у Слаўгарадзе — абсталявана тэрыторыя помніка прыроды рэспубліканскага значэння “Блакітная крыніца”…
— Наколькі вядома, менавіта на Магілёўшчыне з’явіліся першыя модульныя ўстановы культуры. Маю на ўвазе і форму, і змест клубаў. У Горацкім раёне дзейнічае СДК, дзе нават душавыя для людзей з інваліднасцю ёсць. Раскажыце, калі ласка, пра гэты кірунак дзейнасці.
— У 2021-м быў адкрыты Касцюковіцкі раённы Цэнтр культуры, дзе таксама прадуманы ўмовы для паўнацэннага адпачынку людзей з інваліднасцю, што спрыяе іх сацыялізацыі. Штогод у кожным рэгіёне вобласці праводзяцца фестывалі і конкурсы творчасці, на нашай базе — абласны конкурс творчасці для людзей з інваліднасцю. У 2022-м у другі раз прайшло мерапрыемства Саюзнай дзяржавы фестываль творчасці інвалідаў “Разам мы зможам больш”. Ва ўсіх установах створаны ўмовы для безбар’ернага, камфортнага бяспечнага наведвання. Уваходы ў будынкі абсталяваны пандусамі, поручнямі, пашыранай уваходнай дзвярной групай. У нас на цэнтральным уваходзе на поручнях нанесены тактыльныя таблічкі са шрыфтам Брайля, маецца мнемасхема паверха са шрыфтам Брайля, накіравальныя тактыльныя дыскрэтныя элементы, кнопка выкліку персаналу, моўны інфарматар, перад усходамі выкладзена тактыльная тратуарная папераджальная і накіравальная плітка.
— Ці непакоіць кадравае пытанне? Як наладжваецца вучоба творчых работнікаў?
— Кадравае пытанне заўсёды з’яўляецца актуальным для клубных устаноў, асабліва сельскіх. І справа не толькі ў заработнай плаце: гэта і графік работы, і яе змест. Што казаць, клуб заўжды на відавоку, адказнасць вялікая, працаваць трэба і ў выхадныя, не кожны згодны на такое.
Не сакрэт, што не ўсе вясковыя клубныя работнікі маюць спецыяльную адукацыю. Таму прыходзіцца прыкладваць шмат намаганняў, каб работнік мог якасна выконваць свае абавязкі. У кожным раёне наладжана куратарская дзейнасць. І тут галоўны прынцып: не побач, а разам. Інакш цяжка дачакацца выніку.
Наконт вучобы. У нас ёсць трохгадовая школа для спецыялістаў метадычных службаў, творча-адукацыйны праект “Чароўны куфар” па ўключэнні сталых майстроў вобласці ў навучанне спецыялістаў дамоў рамёстваў, дзейнічаюць выязныя семінары ў іншыя вобласці. Ёсць і традыцыйныя семінары дырэктараў у лютым і снежні. Яны абавязкова выязныя, бо менавіта пры разглядзе вопыту работы рэгіёнаў ідзе вырашэнне існуючых праблем клубных устаноў на месцах.
Алег Хмялькоў з удзельнікамі выставыкірмашу рамёстваў “Горад майстроў” у рамках V Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі ў Магілёве
Для правядзення семінараў мы запрашаем навукоўцаў з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, членаў Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Напрыклад, у студзені Галіна Рудніцкая, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, удзельнічала ў абласным семінары па вышыўцы. Аксана Катовіч, кандыдат культуралогіі, дацэнт кафедры рэжысуры БДУКіМ, будзе прымаць удзел у выязным семінары-практыкуме загадчыкаў сектараў па культуры, дырэктараў клубных устаноў, які пройдзе 16—17 сакавіка.
— Некалькі слоў пра матэрыяльную базу: камп’ютары, аўтатранспарт. Падзяліцеся досведам вырашэння гэтых пытанняў.
— База пастаянна патрабуе аднаўлення. На гэта накіроўваюцца ў асноўным пазабюджэтныя сродкі. Амаль 40% ад агульнай колькасці мерапрыемстваў складаюць менавіта платныя. Безумоўна, ёсць і дзяржаўная падтрымка. Ідзе аднаўленне транспартных сродкаў. За кошт бюджэту абноўлены паркі аўтаклубаў у Кіраўскім, Клімавіцкім, Касцюковіцкім, Краснапольскім, Хоцімскім, Чэрыкаўскім раёнах. Для рэгіёнаў гэта важна, бо нестацыянарнае абслугоўванне пашырае сваю геаграфію, колькасць маланаселеных і аддаленых пунктаў сёння перавышае 2000 вёсак. У сярэднім на адзін аўтаклуб прыпадае звыш 90 населеных пунктаў.
Пра забеспячэнне камп’ютарамі мяркуйце самі: на 318 клубных устаноў прыпадае 658 ПК.
“Амаль 40% ад агульнай колькасці мерапрыемстваў складаюць менавіта платныя. Безумоўна ёсць і дзяржаўная падтрымка ”.
— У свой час пад клубныя ўстановы на Краснапольшчыне выкарыстоўваліся будынкі былых крам. У якім стане гэтыя ДК сёння?
— Краснаполле не адзіны рэгіён, дзе клубы размяшчаюцца ў прыстасаваных памяшканнях. Сёння з 318 клубных устаноў вобласці амаль палова маюць спецыяльна пабудаваныя будынкі, астатнія сумяшчаюць сваю дзейнасць з іншымі ўстановамі. Сельскія і раённыя клубы капітальна рамантуюцца падчас правядзення раённых свят і абласных “Дажынак”. Гэта ўжо стала добрай традыцыяй.
— Вашы саломапляцельшчыкі і керамісты вядомыя далёка за межамі Беларусі. Наколькі забяспечваецца пераемнасць пакаленняў?
— Не толькі саломапляцельшчыкі і керамісты, а і ткачы, дрэваапрацоўшчыкі, лозапляцельшчыкі… Пераемнасць — адна з галоўных умоў захавання відаў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. І гэта адзін з кірункаў дзейнасці клубных устаноў і нашага метадычнага цэнтра ў супольнасці з майстрамі ДПМ.
У вобласці дзейнічаюць 18 устаноў, якія займаюцца захаваннем і падтрымкай у першую чаргу народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: гэта дамы і цэнтры рамёстваў. Пры іх дзейнічае звыш 100 клубных фарміраванняў, больш за палову — дзіцячыя. Узорнымі з’яўляюцца калектыў ганчарнага мастацтва “Глечыкі” Цэнтра рамёстваў пасёлка Глуша Бабруйскага раёна, гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Лапаточак” Кароўчынскага Дома рамёстваў Дрыбінскага раёна, студыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Залатая саломка” Гарадзецкага Дома рамёстваў Шклоўскага раёна ды іншыя.
Сярод настаўнікаў — амаль 500 майстроў народных і сучасных відаў ДТМ, 21 майстар мае статус народнага. Адна з умоў пацвярджэння статусу — наяўнасць пераемнікаў рамесных тэхналогій.
— Алег Фёдаравіч, вы з’яўляецеся яшчэ і старшынёй Рэспубліканскага савета па пытаннях клубнай дзейнасці і народнай творчасці пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. Што зроблена ў гэтым кірунку і што мяркуецца зрабіць?
— Рэспубліканскі савет па пытаннях клубнай дзейнасці і народнай творчасці пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь — пастаянна дзеючы калегіяльны, экспертны і кансультатыўны орган. У яго функцыі ўваходзіць вызначэнне стратэгіі дзейнасці абласных цэнтраў народнай творчасці, выпрацоўка прынцыпаў і механізмаў іх узаемадзеяння, падрыхтоў¬ка прапаноў па ўдасканаленні заканадаўства аб культуры ў частцы рэгулявання клубнай дзейнасці і народнай творчасці…
Мы ўжо разглядалі пытанні і выпрацоўвалі папраўкі ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб культуры, прапановы аб штатах, рэжыме работы клубных устаноў, метадычныя рэкамендацыі па рэгламентацыі дзейнасці клубных арганізацый і іх структурных падпарадкаванняў. Пасяджэнні праводзяцца з выездам у рэгіёны краіны для знаёмства з вопытам работы не толькі абласных цэнтраў народнай творчасці, клубных устаноў, але і іншых устаноў культуры. Аналіз убачанага дае падставы для абагульнення і распаўсюджвання найбольш эфектыўнага вопыту. На апошнім пасяджэнні, у лістападзе 2022-га, разглядалі пытанні якасці брэндавых мерапрыемстваў, падтрымкі і развіцця народных мастацкіх рамёстваў, механізмаў маральнага і матэрыяльнага стымулявання народных майстроў, аб ходзе рэалізацыі рэспубліканскага праекта “Культурная спадчына Беларусі”, узаемадзеянне абласных цэнтраў народнай творчасці па рэалізацыі маштабных культурных праектаў у 2023 годзе. Наступнае пасяджэнне пройдзе ў сакавіку на базе ўстаноў культуры Гомельскай вобласці.
— Пра творчыя стасункі з замежнымі калегамі. Ці назіраецца дынаміка развіцця?
— Міжнародныя культурныя сувязі цэнтра даволі шырокія. Яны даюць добрую магчымасць для папулярызацыі нашай культуры за мяжой, а яшчэ гэта добры рэсурс абагульнення вопыту работы, павышэння прафесійнага ўзроўню творчых калектываў, майстроў, спецыялістаў клубных устаноў. Цэнтрам заключаны пагадненні аб культурным супрацоўніцтве з 10 рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. Штогод творчыя калектывы і майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прымаюць удзел у больш чым 130 культурных падзей замежжа.
“Міжнародныя культурныя сувязі цэнтра – добры рэсурс абагульнення вопыту, павышэння прафесійнага ўзроўню”.
З ініцыятывы метадычнага цэнтра не першы год ладзіцца Міжнародны форум “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства”. Гэты вельмі ўдалы праект дазволіў стварыць міжнародную дыскусійную пляцоўку па абмене вопытам работы, па абмеркаванні пытанняў захавання традыцыйнай культуры, выпрацоўцы агульных міжнародных падыходаў і стасункаў для вырашэння актуальных праблем. Форум стаў значнай падзеяй не толькі для нашай дзяржавы: з 2012-га ў ім паўдзельнічалі прадстаўнікі звыш 25 краін, было падпісана пяць пагадненняў аб культурным супрацоўніцтве. Толькі ў межах праграмы форуму-2022 праведзены 22 культурныя і навукова-практычныя мерапрыемствы.
— Алег Фёдаравіч, што б вы пажадалі нашай “Культуры”?
— Заставацца дзейсным сродкам падтрымкі культурнага жыцця краіны.
— Дзякуй за гутарку!
Яўген РАГІН