Родам з Васiлькоў

Карпечанка, М. Родам з Васiлькоў : споўнiлася 80 гадоў з дня нараджэння паэта Алеся Мельнiкова / Мiхась Карпечанка // Магiлёўскiя ведамасцi. — 2016. — 5 февраля. — С. 6.

Споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння паэта Алеся МЕЛЬНІКАВА.

Дзяцінства будучага вядомага беларускага і расійскага пісьменніка Аляксандра Мельнікава праходзіла ў вёсцы Васількі Бялыніцкага раёна. Вершы пачаў пісаць яшчэ ў школьныя гады, а першыя з іх былі змешчаны ў рукапісным часопісе «Залаты ранак», што выдаваўся ў Галоўчынскай СШ.

Гады вучобы ў Ленінградскім медыцынскім інстытуце далі Алесю Мельнікаву непаўторнае ўражанне ад далучнасці да найлепшых узораў еўрапейскай і сусветнай культуры, што адбілася на ўсіх яго пазнейшых творах.

Пасля інстытута і да апошніх дзён свайго зямнога жыцця Алесь Пятровіч працаваў санітарным урачом-радыёлагам у Магілёве. Яго вершы перыядычна друкаваліся ў часопісах «Аврора», «Нёман», «Огонёк», у калектыўных зборніках.

Аляксандр Мельнікаў з’яўляецца аўтарам кніг паэзіі «Спасибо, жизнь», «Три слова», «Земля надеется», «Избран­ное», падрыхтаваў да друку кнігу вершаў «Чернобыльская тетрадь».

Уся творчасць нашага земляка прасякнута вялікай любоўю да сваей краіны і радзімы — не як абстрактнага месца на карце з насельніцтвам, што жыве на яе тэрыторыі, а як да мілай і дарагой прасторы, сваіх простых людзей, усяго народа, які ўласнай працай робіць прыгожай сваю Радзіму.

I хоць вершы паэт ствараў па-руску, яго паэзія вельмі беларуская, пазнавальная па нацыянальным духу, матывах і каларыце.

Паэт-урач Мельнікаў — гэта сапраўдны чалавекалюб, гуманіст свабоднага мыслення.

3 першых дзён катастрофы на Чарнобыльскай АЭС ён пачаў актыўна займацца вырашэннем шматлікіх праблем радыеактыўнага забруджання Магілёўшчыны: раз за разам выязджаў у пацярпелыя раёны, арганізоўваў усемагчымыя мерапрыемствы для абароны насельніцтва ад радыяцыйнага паражэння. Гэта, як лічыў магілёўскі празаік Іван Аношкін, у пэўнай меры паскорыла і ягоныя ўласныя дні. Аляксандр Пятровіч не шкадаваў сябе і да канца споўніў свой абавязак грамадзяніна, паэта, урача.

Аляксандр Мельнікаў, якога называюць «Паэтам XXI стагоддзя», згарэў ад невы-лечнай хваробы 12 лютага 1999 года.

Светлы, добры, шчодры і мужны

Да 80-гадовага юбілея пісьменніка Алеся Мельнікава яго сястра, Вера Мельнікава, выдала кнігу «Венок Алексан­дру Мельникову — врачу и поэту, патриоту и гуманисту».

На старонках гэтага ўнікальнага выдання былы выкладчык Магілёўскага бібліятэчнага каледжа імя А.С.Пушкіна Вера Мельнікава змясціла не толькі свае ўспаміны пра знакамітага брата і род­ную сям’ю, але літаральна па крупінках сабрала публікацыі, бадай, усіх, хто сябраваў з Аляксандрам Пятровічам, вучыўся і працаваў побач з ім, пісаў аб яго творчасці.

Адкрываецца кніга зваротам яе аўтара да чытача, у якім адносна назвы кнігі Вера Пятроўна тлумачыць: «…слова «Вянок» азначае, што ў тэксце кнігі маё слова пра дарагога брата Сашу, нашу сям’ю паслядоўна і гарманічна дапаўняецца выказваннямі пра Аляксандра Пятровіча вучоных, урачоў, пісьменнікаў, журналістаў, аднакласнікаў, аматараў яго творчасці, і ўсё гэта яднаецца ў адно цэлае».

Змест кнігі складаюць тры грунтоўныя раздзелы: «Родительский дом — источ­ник доброты, душевности, милосердия Саши и его поэтического голоса исток», «Медицинский и творческий подвиг», «Александр Мельников: Память в сердцах и в наших добрых делах», якія выдатна дапаўняюць фотаздымкі з сямейнага аль­бома, копіі публікацый аб творчасці паэта, а таксама багаты, грунтоўна распрацаваны бібліябіяграфічны спіс літаратуры.

Кніга напісана так шчыра і пранікнёна, як яе можа напісаць толькі сястра паэта. Значнае месца на старонках яе надаецца сямейнаму выхаванню, узаемаадносінам Аляксандра Пятровіча з маці, Праскоўяй Парфенаўнай, шчырую сыноўнюю ўдзячнасць якой ён выказаў у не адным дзясятку сваіх цудоўных вершаў — «Ручная мельница», «Вспомню холод послевоен­ный», «Матери долго от нас хранят», «На исповедь к матери», сваякамі, сябрамі, аднавяскоўцамі…

Низко кланяюсь, мама,
Спасибо тебе,
Что горела коптилка
В нашей избе.

Низко кланяюсь, мама,
Что, помня отца,
Ты растила упрямо
Наши сердца.

Низко кланяюсь, мама,
За улыбки внучат.
И за то, что густеет
Твой молоденький сад.

Праскоўя Мельнікава была жанчынай мужнай і гераічнай, стойка пераносіла шматлікія ўдары лесу: на фронце загінуў брат Іван, у фашысцкую акупацыю пахавала сыноў — немаўля Мікалая і пяцігадовага Паўліка, брата Аляксея, у 44 гады засталася ўдавой, адна вырасціла, вывела ў людзі чатырох дзяцей. Вера Пятроўна не сумняваецца, шт’о паэтычны дар, творчы пачатак у Алеся Мельнікава — ад таленавітай маці, якая ў свой час скончыла толькі два класы пачатковай школы, а складала прыпеўкі, ведала безліч вершаў, цудоўна спявала.

Сваёй працай, сваім талентам Аляк­сандр Мельнікаў уславіў родныя Васількі, Беларусь. Ён рана’пайшоў з жыцця, якое дастойна пражыў, адчуваючы сябе адказным перад Бацькаўшчынай.

Але паэты не паміраюць. Вершы паэта-ўрача Аляксандра Мельнікава чытаюць, ведаюць і любяць не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Балгарыі, Польшчы, Германіі… Яго словы, думкі, вобразы даходзяць да сэрца чытача, знаходзяць водгук, выклікаюць суперажыванне. Аляксандр Пятровіч пакінуў усім нам шчырую і светлую, добрую, як і сам, паэзію, свае ўрокі жыццёвай мудрасці, патрыятызму і мужнасці, прастаты і сціпласці. Дзякуючы кнізе «Венок Александру Мельникову — врачу и поэту, патриоту и гуманисту», на старонках якой з любоўю сабраны багаты дакументальны матэрыял аб яго жыцці і творчасці, глыбей пачынаеш разумець, у імя чаго ён жыў і тварыў, гэты светлы, добры, шчодры i шчыры, мужны чалавек.