Казакоў, В. «У любых абставінах заставацца чалавекам» : [гутарка з пiсьменнiкам Валерыем Казаковым] / Валерый Казакоў гутырыла Нэлi Зiгуля // Лiтаратура i мастацтва. — 2016. — 5 лютага. — С. 9.
Валерый Казакоў удзельнічае сёлета ў літаратурным сімпозіуме «Пісьменнік і час: пераемнасць у літаратуры». Асоба вядомая і ў Беларусі, і ў Расіі. Палкоўнік запасу, кандыдат сацыялагічных навук, сапраўдны дзяржаўны саветнік Расійскай Федэрацыі, лаўрэат Дзяржпрэміі ўрада Расіі ў галіне культуры, член абаіх саюзаў пісьменнікаў Расіі і Беларусь. 3-пад яго пяра выйшлі паэтычны зборнік , «Філасофія гуку», кнігі «Разбітае люстэрка Карабаха», «Асфальт і цені», «Запіскі каланіяльнага чыноўніка», «Цень гобліна» і іншыя. Яго творы неракладзены на эстонскую, польскую, украінскую, I сербскую, англійскую і нямецкую мовы. Ён лаўрэат Вялікай літаратурнай прэміі Расіі, літаратурнай прэміі імя Грыбаедава, міжнароднай прэміі імя Пікуля, прэміі Саюза пісьменнікаў Сербіі. За уклад у развіццё беларускай літаратуры Валерый Казакоў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
— Падзеі апошняга вашата рамана таксама звязаны з Беларуссю. На нядаўняй сустрэчы з прьіхільнікамі вашай творчасці ў Магілёве вы абяцалі хутка пазнаёміць чытачоў са сваім новым творам пра «чорната ката». Пра што ён?
— У канцы вайны спецслужбы фашысцкай Германіі планавалі стварыць у тыле савецкіх войскаў дыверсійны фронт. Была распрацавана аперацыя пад кодавай назвай «Любімая Котка», якая ў Беларусі насіла назву «Чорны кот», ва Украіне — «Сцяпны кот», у Расіі — «Дзікі кот». Мяне зацікавілі ўсялякія выпадкі, здагадкі наконт таго, быў беларускі супраціў або не. Так нарадзілася першая частка гэтага рамана, які зацягнуў мяне настолькі, што спатрэбяцца яшчэ другая і трэцяя. У першай частцы апісваюцца падзеі 44-га года. А апошні акт супраціўлення беларускіх нацыяналістаў савецкай уладзе быў адзначаны ў 57-м годзе. У рамане я спрабую знайсці адказ на пытанне, чаму ў Мінску напярэдадні яго вызвалення сабраўся друті сусветны кангрэс беларусаў.
— А на што яшчэ б вы хацелі знайсці адказы ў сваіх будучых творах?
— Чаму, напрыклад, беларусы на адным месцы жывуць шостае тысячагоддзе. Яшчэ мяне цікавіць паходжанне Беларускага мора, якое было на тэрыторыі сучаснага Палесся.
— Вы пачыналі як чалавек ваенны, але літаратура перамагла. Што гэтаму паспрыяла?
— Тут цэлая эпапея. Спачатку я хацеў паступаць у магі-лёўскі будаўнічы тэхнікум, але не атрымалася, тады пайшоў зноў давучвацца ў сваю 24-ю школу. Яе, на жаль, зараз няма. Пасля школы ўсё лета працаваў на Магілёўліфтмашы, каб зарабіць грошай і забяспечыць маці. Потым была армія і ваеннае вучылішча, пасля якога ў родны Магілёў я ўжо не вярнуўся.
Што датычыцца літаратуры, то вершы пачаў пісаць даўно. Калісьці ў 50-я гады ў Магілёве было аб’яднанне «Пры-дняпроўскія ветразі». Са мной нешта адбылося пасля 9 класа. Я закінуў усе свае дваровыя кампаніі і пачаў цікавіцца мастацтвам. Мяне пацягнула ў тэатр, запісаўся ў драматычны гурток ДК чыгуначнікаў. Потым захапіўся літаратурай. Пасля арміі хацеў пісаць, быць ваенным журналістам. Але існавала адна праблема: у мяне былі складанасці з граматыкай, хаця змест заўсёды ацэньваўся на «выдатна». Я б ніколі не паступіў у вышэйшае ваеннае вучылішча, калі б не траюрадная пляменніца Антона Паўлавіча Чэхава. На падрыхтоўчых курсах у Германіі, дзе я праходзіў тэрміновую службу, яна выкладала літаратуру. I, дарэчы, была жонкай афіцэра-лётчыка. Ёй імпанавала тое, што я ведаў, хто такі Чэхаў, і захапляўся літаратурай. Яна маёй ручкай выправіла памылкі, і дзякуючы ёй я паступіў, куды хацеў.
— Што вам перш за ўсё важна выказаць у сваіх творах?
— Я вельмі позна пачаў пісаць. Першая мая кніга выйшла ў 2002 годзе. Зараз у мяне дзесьці 20 кніг. Гэта зацягвае. Тым больш што ведаю такія рэчы, пра якія маўчаць нельга. Тэма, дзе галоўны персанаж — чыноўнік, застанецца для мяне асноўнай, таму што гэты свет мне знаёмы знутры, я ведаю ўсю подласць і веліч чынавенскага жыцця. Таму, калі вам будуць хлусіць, што чыноўніку цяжка жывецца, не верце, бо, калі б гэта была праўда, ён пайшоў бы ў рознарабочыя. Чаму Салтыкову-Шчадрыну было проста пра гэта пісаць? Ён сам быў віцэ-губернатарам і гэтыя «свіныя лычы» бачыў на свае вочы. Яму не трэба было тлумачыць, што гэта такое. Мне таксама не трэба тлумачыць, што такое «цень гобліна», наогул, хто такі гоблін. Мне цікава, чаму чалавек прыходзіць ва ўладу ўвесь такі пушысты, а праз нейкі час яго ўжо і не пазнаць. Сядзіць такі «свіны лыч» і глядзіць дурнымi вачамі, не пазнае ні цябе, ні бацькоў. Што з ім адбылося, чаму наогул такое адбываецца? I што такое тады ўлада, калі яна так кардынальна мяняе чалавека? Чаму адбываецца трансфармацыя душэўных якасцей чалавека, калі ён трапляе ва ўладу? У чым яе дасканаласць і недасканаласць?
— Вы сябруеце і з простымi людзьмі, і з высокапастаўленымі чыноўнікамі. Наколькі, на ваш погляд, вялікая паміж імі дыстанцыя?
— Можна крытыкаваць уладу, але хачу адзначыць, што беларуская ўлада не далека ад народа сышла. Яна ў крокавай даступнасці. Я ўжо пісаў пра тое, як аднойчы ішоў у Мінску па рынку і сустрэўся з Мясніковічам. Гэта ўсё роўна, калі б я сустрэў Мядзведзева на «Чыркізоне». Або быў выпадак, калі я зайшоў у «Карону» ў Мінску, а мне насустрач Макей цялежку штурхае. У Расіі такога ўжо няма.
— Вы, здаецца, па жыцці болей праўдалюб. А ці даводзілася вам крывіць душой?
— Праўдалюбы толькі ў казках бываюць і называюцца дрывасекамі. Таму што дзе дрэвы сякуць, там трэскі лятуць. Калі ўсюды лезці са сваёй праўдай, ты толькі людзей напалохаеш, а праўду спаганіш. Праўда — гэта страшная зброя, ёй не трэба проста так размахваць. Яна ж вельмі шматбаковая, шматгранная. Для цябе адна грань бачная, для людзей — іншая. I твая праўда можа быць абсалютна непрымальная для іншага чалавека. Я ніколі не адказваюся ад сваіх перакананняў. Падчас службы па маёй віне не загінуў ні адзін мой салдат, усе, каго мне маці даверылі, вярнуліся дадому жывымі. У мяне ёсць свае меркаванне, якое я не баюся выказаць. Нават калі гэта камусьці і не падабаецца. Мы не маем права лгаць. Жыцце вельмі кароткае.
— А былі выпадкі, калі вы з-за сваіх перакананняў мелі ўсе маг-чымасці пацярпець?
— Я меў адносіны да камітэта ў абарону Аляксандра Салжаніцына — прарока і вялікага чалавека. Гэта быў пачатак 70-х, яго яшчэ не выгналі з Расіі. Кіраўніком гэтай арганізацыі быў старшы лейтэнант з Данецкага ваенна-палітычнага вучылішча. Але мяне рэпрэсіі не закранулі. Я закончыў ВНУ Наступствы былі для старэйшых, якія больш сур’ёзна да гэтага адносіліся.
— Ведаю, што вы неабыякава ставіцеся да стварэння музея Алеся Адамовіча ў Глушы Бабруйскага раёна.
— Гэты музей абавязкова з’явіцца, таму што быў такі чалавек. Ён напісаў «Вайну пад стрэхамі» і шмат іншага, дзе расказаў пра мужных людзей, пра парты-зан. Пра тое, што ён сам бачыў і перажыў. I была ў Глушы аптэка — явачны пункт, куды прыходзілі партызаны і падпольшчыкі. Было вялікае супраціўленне нашага народа страшнаму, разумнаму, падступнаму і моцнаму ворагу. Адамовічу можна паставіць помнікужо толькі за тое, што ён разам з Элемам Клімавым зрабіў фільм «Ідзі і глядзі». Гэта геніяльная кінастужка. Нельга забываць і пра тое, што Алесь Адамовіч разам з Васілём Быкавым з’яўляюцца творчымі роданачальнікамі нашага сённяшняга лаўрэата Нобелеўскай прэміі — Святланы Алексіевіч. Абяцаю зрабіць усё магчымае, каб толькі быў гэты музей.
— Вы думаеце, што праблема яго адкрыцця толькі ў грошах?
— Мне здаецца, уся бяда ў нашым адзічэнні. Калі мыперастаём памятаваць пра тых, дзякуючы каму сёння жывём. Пра тых падпольшчыкаў, закатаваных людзей, якія аддалі свае жыцці дзеля Перамогі. Мы сёння сядзім і робім выгляд вялікіх начальнікаў у той момант, калі трэба проста зрабіць крок. Знаходзім грошы на канцэрты, а на памяць і гісторыю свайго краю сродкаў не хапае. Тым больш гераічную гісторыю. Не ведаю, чаму такія адносіны да класікаў беларускай літаратуры. Гэта былі дзяржаўныя людзі, яны думалі пра будучае свайго народа. Дзяржава не мае права іх забываць.
— Вы прыклалі шмат намаганняў для вяртання на тэрыторыю Беларусі тых культурных каштоўнасцей, якія з’яўляюцца нацьынальным здабыткам і былі вывезены з краіны. Наколькі для вас гэта было важна?
— Наогул, я вельмі ганаруся тым, што за 5 гадоў свайго старшынства ў нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі пасадзейнічаў вяртанню на Радзіму каля 200 прадметаў даўніны, кніг і розных рэчаў. Мне заўсёды хацелася, каб беларусы ведалі і ганарыліся сваёй гісторыяй. Да пэўнага часу я таксама жыў сабе расійскім чалавекам і не задумваўся пра ка-рані, а потым пачаў капацца ў сваім радаводзе, цікавіцца ўсім, што датычыцца Беларусі. Раптоўна я ўбачыў, што вакол мяне ў Маскве жыве шмат беларусаў. Пачаў глядзець, хто мае продкі, адкуль узялося прозвішча Раманкевіч па матулінай лініі, цікавіцца старымі фотаздымкамі. Ад мамы засталіся некаторыя рэчы, якія павінны перадавацца нашчадкам. А ўлічваючы, што ў мяне ёсць і сыны, і дочкі, і ўнукі, і ўнучкі, мне ёсць што ім пакінуць. Але разам з матэрыяльнымі каштоўнасцямі трэба перадаваць і духоўныя. У гэтых духоўных вытоках якраз усё ў мяне жыве. У мяне няма ніводнага твора, дзе не было б беларуса. I гэтыя героі, як правша, станоўчыя. Крок за крокам мне адкрываецца глыбіня беларускай гісторыі. I трэба рабіць усё, каб яе захаваць. Калі прымаў удзел у вяртанні Статута ВКЛ для Магілёва, адзін з высокапастаўленых начальнікаў сказаў, што гэта літоўскі Статут, маўляў, пры чым тут беларусы. Ён нават не ведаў, што тэкст напісаны на беларускай мове.
— Сярод апошніх вашых падарункаў музею гісторыі Магілёва вельмі каштоўная рэч — падвеска з трызубцам часоў княжання Уладзіміра Чырвонае Сонейка.
— Рэч сапраўды каштоўная. Князь Уладзімір мог адзначаць ёй сваіх намеснікаў, якія ўва-ходзілі ў аб’яднанне Кіеўскай Русі. Калі тая легенда, якая звязана з ёй, пацвердзіцца, то Магілёў стане старэйшым яшчэ на 300 або 400 год.
— Вы не толькі вяртаеце Беларусі яе культурныя каштоўнасці, але і актыўна дапамагаеце Расіі аднаўляць духоўныя святыні.
— Я веруючы чалавек, уцаркоўлены. З’яўляюся прыхаджанінам Валаамскага манастыра. Гэта адна з найвялікшых святыняў сучаснага праваслаўнага свету. Частку сваёй душы я ўклаў у яе, дапамагаючы аднаўляць манастыр. А хрысцілі мяне ў Магілёве, у храме Трох Свяціцеляў. Мая бабуля была веруючай. I ў армію я пайшоў з крыжыкам. Спавядаўся нават тады, калі быў афіцэрам, камуністам. Частку сваёй душы я пакінуў у Кемераўскай вобласці, дзе таксама прымаў удзел у царкоўных справах. У Краснаярску дапамагаў вяртаць да жыцця архірэйскі дом, які мае дачыненне да архіепіскапа Лукі Война-Ясянецкага. Гэты святы, дарэчы, са старадаўняга беларускага роду з-пад Навагрудка.
— Вы неяк казалі, што беларусам прасцей лічыць сябе рускімі. Чаму так адбываецца?
— Таму што выгадна. Па грантах. Прычым рускімі яны становяцца ў Расіі, а не ў Беларусі. У нас, беларусаў, ёсць характэрная рыса — памяркоўнасць: не высоўвацца ўперад і не быць ззаду. Беларус не выстаўляе сваю беларускасць напаказ, але, калі спытацца: «Хто ты?», адкажа: «беларус». Нават калі і не размаўляе на мове.
— Вы ведаеце і паважаеце родную мову. Але, на жаль, хапае людзей, якія не толькі не ж а даюць размаўляць па-беларуску, але нават і чытаць…
— Гэта няправільна. Беларусы павінны ведаць сваю мову. Магчыма, у жыцці яна камусьці і не спатрэбіцца, але ж калі ён прыйдзе да Бога, той спытаецца ў яго па-беларуску: «Хто ты такі?» Бо ён ведае, што ты беларус. I калі ты адкажаш на іншай мове, яшчэ невядома, куды цябе пашле.
— Дзякуй за размову. Што б вы пажадалі чытачам «ЛіМа»?
— Заставацца ў любых абставінах чалавекам. Наш час вельмі складаны. Мая бабуля сказала б: сурочаны. Мы павінны застацца тымі, кім з’яўляемся на самай справе.