Казакоў, В. «Бог спытаецца «Хто ты?» па-беларуску…» : [размова з расiйскiм палiтыкам, дзяржаўным дзеячом, расiйскiм i беларускiм пiсьменнiкам В. Казаковым] / Валерый Казакоў ; гутарыла Нэлi Зiгуля // Звязда. — 2015. — 31 снежня. — С. 20.
Расійскі палітык, пісьменнік і дзяржаўны дзеяч пра свае беларускія карані, сямейныя традыцыі, чыноўнікаў і моц роднага слова.
Ці ведаеце вы, што снежань — найлепшы час для лёсавызначальных знаёмстваў? Псіхолагі тлумачаць гэта тым, што набліжаецца Новы год і Каляды — традыцыйна сямейныя святы, якія мы не хочам сустракаць у адзіноце. Дарэчы, нават Валерый Казакоў — жывы прыклад гэтых сцвярджэнняў. З магіляўчанкай Аксанай Дубінскай ён пазнаёміўся на навагодняй вечарыне ў агульных знаёмых. Для пачатку новыя сябры проста абмяняліся тэлефонамі, але стасункі на адлегласці толькі пацвердзілі — сустрэча не была выпадковай. Магчыма, з таго часу Валерый стаў яшчэ бліжэй да Магілёва. Бо цяпер у яго тут ёсць яшчэ і цешча. Наогул гэта чалавек з цікавым лёсам, яго жыццё падобна да рамана, насычанага рознымі перыпетыямі, паваротамі сюжэта, нечаканымі падзеямі. Падчас размовы, якая адбылася за гадзіну да прысвечанай яму вечарынкі-партрэта, мы толькі крышачку закранулі тыя ці іншыя тэмы. Астатняе ён параіў шукаць у яго кніжках. Бо яны — працяг рэальна перажытых ім падзей.
«Паступіць у ваеннае вучылішча мне дапамагала… траюрадная пляменніца Чэхава»
— Вы чалавек вядомы, а для магіляўчан яшчэ і зусім свой. Дзякуючы вам у горадзе папаўняюцца музейныя і бібліятэчныя фонды. За апошнія 7 гадоў чытачы той жа бібліятэкі імя Карла Маркса змаглі далучыцца да сапраўдных скарбаў гістарычнай і мастацкай літаратуры. Адно толькі факсімільнае выданне летапіснага зводу «Падручнік кніг для царскіх дзяцей» чаго вартае. Наколькі для вас важна тое, чым вы займаецеся?
— Хоць бібліятэка, куды я бегаў падлеткам, знаходзілася ў Доме культуры чыгуначнікаў, я быў запісаны і ў цэнтральнай гарадской. Цяпер мы цесна сябруем, хаця я не магу зразумець, чаму бібліятэка, якая знаходзіцца ў самым цэнтры горада, дагэтуль носіць дзіўнае імя — Карла Маркса. Якія ён мае адносіны да Магілёва, незразумела. А галоўнае, якія адносіны ён мае да нашай літаратуры. Я неаднаразова прапаноўваў змяніць назву. І спадзяюся, што прыйдзе час, калі бібліятэка возьме імя таго ж Караткевіча. Чаму б не? Або кагосьці з нашых землякоў, якія мелі дачыненне да творчай працы.
Што датычыцца важнасці таго, што я раблю, безумоўна, мне заўсёды хацелася, каб беларусы ведалі сваю гісторыю і ганарыліся ёй. Да пэўнага часу я таксама жыў сабе расійскім чалавекам і не задумваўся пра карані, а потым пачаў капацца ў сваім радаводзе, цікавіцца ўсім, што датычыцца Беларусі. Раптоўна я ўбачыў, што вакол мяне ў Маскве жыве шмат беларусаў. Пачаў глядзець, хто мае продкі, адкуль узялося прозвішча Раманкевіч па матулінай лініі, цікавіцца старымі фотаздымкамі. Ад мамы засталіся некаторыя рэчы, якія павінны перадавацца нашчадкам. А ўлічваючы, што ў мяне ёсць і сыны, і дочкі, і ўнукі, і ўнучкі, мне ёсць што ім пакінуць. Але разам з матэрыяльнымі каштоўнасцямі трэба перадаваць і духоўныя. У мяне няма ніводнага твора, дзе не было б беларуса. І гэтыя героі, як правіла, станоўчыя. Крок за крокам мне адкрываецца глыбіня беларускай гісторыі. І трэба рабіць усё, каб яе захаваць. Калі прымаў удзел у вяртанні Статута ВКЛ для Магілёва, адзін з высокапастаўленых начальнікаў сказаў, што гэта літоўскі Статут, маўляў, прычым тут беларусы. Ён нават не ведаў, што тэкст напісаны на беларускай мове.
— У сваіх творах вы не забываеце пра сваю маленькую радзіму. А ці хапае часу наведваць яе? Я маю на ўвазе вёску Гарбавічы Чавускага раёна.
— Безумоўна — на Радаўніцу. У нашым родзе так заведзена — наведваць могілкі блізкіх у гэты дзень. Нават мае начальнікі ведаюць, што якія сур’ёзныя справы не стаялі б перада мной, я абавязкова ў гэты дзень павінен быць на радзіме.
— Калісьці вы пачыналі на магілёўскім «Ліфтмашы», а потым кардынальна змянілі свой род заняткаў. Што да гэтага падштурхнула?
— Гэта была цэлая эпапея. Спачатку я хацеў паступаць у будаўнічы тэхнікум, але не атрымалася, і я пайшоў зноў давучвацца ў сваю 24-ю школу. Яе, на жаль, цяпер няма. А на завод пайшоў, каб зарабіць грошай і забяспечыць маці. Усё лета працаваў на «Ліфтмашы», а пасля забралі ў армію. Потым было ваеннае вучылішча, пасля якога я ўжо не вярнуўся ў Магілёў.
— А што прымусіла пайсці ў літаратуру?
— Вершы пісаць я пачаў даўно. Калісьці ў 50-я гады ў Магілёве было аб’яднанне «Прыдняпроўскія ветразі». Са мной нешта адбылося пасля 9-га класа. Я закінуў усе свае дваровыя кампаніі і пачаў цікавіцца мастацтвам. Мяне пацягнула ў тэатр (запісаўся ў драматычны гурток ДК чыгуначнікаў). Потым захапіўся літаратурай. Пасля арміі хацеў пісаць, быць ваенным журналістам. Але існавала адна праблема: у мяне былі складанасці з граматыкай, хоць змест заўсёды ацэньваўся на «выдатна». Я ніколі б не паступіў у вышэйшае ваеннае вучылішча, калі б не траюрадная пляменніца Антона Паўлавіча Чэхава. На падрыхтоўчых курсах у Германіі, дзе я праходзіў тэрміновую службу, яна выкладала літаратуру. Дарэчы, была жонкай афіцэра-лётчыка. Ёй імпанавала тое, што я ведаў, хто такі Чэхаў і захапляўся літаратурай. Яна маёй ручкай выправіла памылкі, і дзякуючы ёй я паступіў, куды хацеў.
«Цікава, як добры чалавек ператвараецца ў чыноўніка»
— Што вам перш за ўсё важна выказаць у сваіх творах?
— Я вельмі позна пачаў пісаць. Першая мая кніга выйшла ў 2002 годзе. Цяпер у мяне дзесьці 20 кніг. Гэта зацягвае, без гэтага ўжо нельга. Тым больш што я ведаю такія рэчы, пра якія нельга маўчаць. Тэма, дзе галоўны персанаж — чыноўнік, застанецца для мяне галоўнай, таму што гэты свет мне знаёмы знутры, я ведаю ўсю подласць і веліч чынавенскага жыцця. Таму, калі вам будуць хлусіць, што чыноўніку цяжка жывецца, не верце, бо калі б гэта была праўда, ён пайшоў бы ў рознарабочыя. Чаму Салтыкову-Шчадрыну было проста пра гэта пісаць? Ён сам быў віцэ-губернатарам і гэтыя «свіныя лычы» назіраў на свае вочы. Яму не трэба было тлумачыць, што гэта такое. Мне таксама не трэба тлумачыць, што такое «цень гобліна», наогул, хто такі гоблін. Мне цікава, чаму чалавек прыходзіць ва ўладу ўвесь такі пушысты, а праз нейкі час яго ўжо і не пазнаць. Сядзіць такі «свіны лыч» і глядзіць дурнымі вачамі, не пазнае ні цябе, ні бацькоў. Што з ім адбылося, чаму наогул такое адбываецца? І што такое тады ўлада, калі яна так кардынальна мяняе чалавека? Чаму адбываецца трансфармацыя душэўных якасцяў чалавека, калі ён трапляе ва ўладу? У чым яе дасканаласць і недасканаласць?
— І ў чым? Вы зразумелі?
— Пра гэта я і пішу. Чытач можа даведацца пра гэта з маіх кніг.
— А калі сфармуляваць коратка?
— Калі б гэта можна было б сказаць у двух сказах, тады і пісаць не было б пра што. Як казаў адзін філосаф, хай будуць праклятыя ўсе тыя, хто гэтыя прыгожыя ісціны выказаў да нас. Таму не трэба спяшацца. Тым больш што і памыліцца можна. Не ўсе чыноўнікі аднолькавыя, усё гэта па-рознаму адбываецца.
— А вас змянілі зносіны з чыноўнікамі? І ў які бок?
— Па-рознаму было. Дзесьці мяне гэта загартавала, дзесьці разбэсціла. Пачынаеш разумець цану таго, што адбывалася, адбываецца і будзе адбывацца. Павінна быць унутранае люстэрка, у якое трэба глядзецца, каб паспець убачыць прыкметы змен. Калі погляд збоку адсутнічае, чалавек, лічы, страчаны.
— Вы сябруеце і з простымі людзьмі, і з высокапастаўленымі чыноўнікамі. Ці можна лічыць, што вы — сувязное звяно паміж тымі і другімі?
— Можна крытыкаваць уладу, але хачу адзначыць, што беларуская ўлада недалёка ад народа адышла. Яна ў крокавай даступнасці. Я ўжо пісаў пра тое, як аднойчы ішоў у Мінску па рынку і сустрэўся з Мясніковічам. Гэта ўсё роўна, калі б я сустрэў Мядведзева на Чыркізоне. Або быў выпадак, калі я зайшоў у «Карону» ў Мінску, а мне насустрач Макей цялежку штурхае. У Расіі такога ўжо няма. Я не лічу сябе сувязным звяном, бо не трэба быць кімсьці, каб дайсці да кіраўніка горада або вобласці, калі гэта неабходна.
«Мы не маем права хлусіць»
— Вы, здаецца, па жыцці болей праўдалюб. А ці прыходзілася вам крывіць душой?
— Праўдалюбы — толькі ў казках бываюць, і называюцца яны дрывасекі. Таму што, дзе дровы сякуць, там трэскі лятуць. Калі ўсюды лезці са сваёй праўдай, ты толькі людзей напалохаеш, а праўду спаганіш. Праўда — гэта страшная зброя, ёй не трэба проста так размахваць. Яна ж вельмі шматбаковая, шматгранная. Ты адну грань бачыш, а людзі — іншую. І твая праўда можа быць абсалютна непрымальнай для іншага чалавека. Я ніколі не адмаўляюся ад сваіх перакананняў. Падчас службы па маёй віне не загінуў ніводзін мой салдат: усе, каго мне маці даверылі, вярнуліся дадому жывымі. У мяне ёсць свае думкі, якія я не баюся выказваць. Нават калі гэта камусьці і не падабаецца. Мы не маем права хлусіць. У нас вельмі кароткае жыццё.
— А былі выпадкі, калі вы з-за сваіх перакананняў мелі ўсе магчымасці пацярпець?
— Я меў дачыненне да камітэта ў абарону Аляксандра Салжаніцына. Гэта быў пачатак 70-х, яго яшчэ не выгналі з Расіі. Кіраўніком гэтай арганізацыі быў старшы лейтэнант з Данецкага ваенна-палітычнага вучылішча. Але мяне рэпрэсіі не закранулі. Я закончыў ВНУ. Наступствы былі для старэйшых рабят, якія больш сур’ёзна да гэтага ставіліся. Пасля гэтага мяне зацікавілі і лёс, і творчасць Салжаніцына — прарока і вялікага чалавека.
— Ведаю, што вы неабыякава ставіцеся да стварэння музея Алесю Адамовічу ў Глушы Бабруйскага раёна.
— Гэты музей абавязкова з’явіцца, таму што быў такі чалавек. Ён напісаў «Вайну пад стрэхамі» і шмат іншага, дзе расказаў пра мужных людзей, пра партызанаў. Пра тое, што ён сам бачыў і перажыў. І была ў Глушы аптэка — явачны пункт, куды прыходзілі партызаны і падпольшчыкі. Было вялікае супраціўленне нашага народа страшнаму, разумнаму, падступнаму і моцнаму ворагу. Адамовічу можна паставіць помнік ужо толькі за тое, што ён разам з Элемам Клімавым зрабіў фільм «Ідзі і глядзі». Гэта геніяльная кінастужка. Нельга забываць і пра тое, што Алесь Адамовіч разам з Васілём Быкавым з’яўляюцца духоўнымі роданачальнікамі нашай сённяшняй лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі — Святланы Алексіевіч. Абяцаю зрабіць усё магчымае, каб толькі быў гэты музей.
— Вы думаеце, што праблема яго адкрыцця толькі ў грашах?
— Мне здаецца, уся бяда ў нашым адзічэнні. Калі мы перастаём памятаць пра тых, дзякуючы каму мы сёння жывем. Пра тых падпольшчыкаў, закатаваных людзей, якія аддалі свае жыцці дзеля Перамогі. Мы сёння сядзім і робім выгляд вялікіх начальнікаў у той момант, калі трэба проста зрабіць крок. Знаходзім грошы на канцэрты, а на памяць і гісторыю свайго краю сродкаў не хапае. Тым больш гераічную гісторыю. Не ведаю, чаму такое стаўленне да класікаў беларускай літаратуры. Гэта былі дзяржаўныя людзі, яны думалі пра будучыню свайго народа. Дзяржава не мае права іх забываць.
— Вы неяк казалі, што беларусам прасцей лічыць сябе рускімі. Чаму так адбываецца?
— Таму што выгадна. Па грашах. Прычым рускімі яны становяцца ў Расіі, а не ў Беларусі.
— Вы ведаеце і паважаеце родную мову. Але, на жаль, хапае людзей, якія не толькі не жадаюць размаўляць па-беларуску, але нават і чытаць…
— Гэта няправільна. Беларусы павінны ведаць сваю мову. Магчыма, у жыцці яна камусьці і не спатрэбіцца, але ж калі ён прыйдзе да Бога, той спытаецца ў яго па-беларуску: «Хто ты такі?» Бо ён ведае, што ты беларус. І калі ты адкажаш на іншай мове, яшчэ невядома, куды ён цябе пашле.