Зігуля, Н. Канцэрты, выставы, творчыя сустрэчы / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2023. — 28 кастрычніка. — С. 9.
Афішы з эмблемай фестывалю — саксафон і чырвоны кляновы ліст на жоўтым фоне — упрыгожваюць сёння вуліцы горада і ствараюць настрой нават у такія не па-восеньску пахмурныя дні з мокрым снегам і дажджом. Міжнародны музычны фестываль «Залаты шлягер — 2023» гасцюе ў Магілёве з аўторка, але афіцыйнае яго адкрыццё адбылося 26 кастрычніка у Палацы культуры вобласці. Удзельнікаў і гасцей музычнага форуму вітаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч. Ён нагадаў, што гісторыя свята пачалася ў 1995 годзе пры падтрымцы Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі.
— У гэтага культурнага мерапрыемства свая непаўторная творчая формула — найлепшыя артысты, найлепшыя песні і найлепшыя гледачы, — падкрэсліў ён. — І гэтая формула дазваляе набыць поспех. Музыка, творчасць, любоў да сцэны аб’ядноўваюць зорак беларускай эстрады з выканаўцамі іншых краін. Анатоль Маркевіч пажадаў шчасця і дабрабыту ўсім, хто жыве гэтым фестывалем, і зачытаў віншавальныя словы Прэзідэнта. «…Сёння фестываль працягвае традыцыі найлепшых узораў выканальніцкага майстэрства, уносіць значны ўклад у пашырэнне міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, — гаворыцца ў ім. — Упэўнены, што сапраўднае свята мастацтва падорыць тысячам прыхільнікаў шмат цёплых музычных вечароў і цікавых сустрэч. Жадаю фестывалю творчага даўгалецця і яркіх уражанняў. Перакананы, што фестываль стане знакавай падзеяй на культурным небасхіле нашай краіны».
З афіцыйным адкрыццём «Залатога шлягера — 2023» павіншаваў гледачоў і ўдзельнікаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль ІСАЧАНКА. Ён выказаў словы падзякі Прэзідэнту за падтрымку музычнага свята і адзначыў, што за гады існавання «Залаты шлягер» стаў візітоўкай нашай краіны і ўвайшоў у склад Міжнароднай федэрацыі фестываляў. На працягу дзвюх гадзін зоркі беларускай, расійскай і італьянскай эстрады дарылі гледачам свае песні і любоў. У канцэрце бралі ўдзел заслужаны калектыў «Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры», заслужаныя артысты Беларусі Алена Ланская, Жанет, арт-гурт «Беларусы», заслужаныя артысты Расіі Ірына Панароўская, Сяргей Белікаў, Міхаіл Мурамаў, Таццяна Іванова і гурт «Камбінацыя», Аляксандр Дабранраваў, вакальна-інструментальныя ансамблі «Лейся песня», «Сіняя птушка», італьянскія артысты Мікеле Пома, Антанела Бучы, Маўра Менгалі.
Наперадзе яшчэ шмат канцэртаў, творчых сустрэч, прэс-канферэнцый. Працягваецца традыцыя пасадкі зорнай алеі ў парку «Залатога шлягера» каля Палаца культуры вобласці. Удзельнікі музычнага форуму таксама пакідаюць магіляўчанам свой творчы жывапісны аўтограф. Спевакі і музыканты пад кіраўніцтвам беларускага мастака і кераміста Анатоля Концуба ўжо стварылі некалькі дзясяткаў карцін. Мастак робіць для іх жывапісныя нарыхтоўкі, а яны дадаюць у іх апошнія штрыхі і пішуць свае прозвішчы. У калекцыі, якую прапануюць паглядзець наведвальнікам перад канцэртамі, ёсць работы, падпісаныя Крысцінай Арбакайтэ, Ігарам Нікалаевым, Аляксандрам Ціхановічам і Ядвігай Паплаўскай, Бары Алібасавым, гуртамі «На-на», «Вопеу М».
У афішы «Залатога шлягера — 2023» шмат яшчэ па-восеньску яркіх і цудоўных канцэртаў на любы густ. Ужо адбыліся вечар джазавай музыкі і канцэрт з удзелам гасцей з Башкартастана і Італіі. Пятнічны вечар абазначаны настальгічным сольнікам саліста папулярнага ў савецкі час гурта «Сіняя птушка» Аляксандра Драздова. У суботу і нядзелю запланаваны канцэрты з удзелам зорак шансона, бардаўскай песні, нацыянальнага акадэмічнага аркестра імя І. Жыновіча, які выканае музычныя творы Аляксандра Зацэпіна, праграма «Дыскатэка СССР» з удзелам Кевіна Маккоя, Аляксандра Айвазава, гурта «Фактар-2».