Зігуля, Н. «Хачу быць карысным…» / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2024. — 11 студзеня. — С. 1, 5.
Невідушчы клірык магілёўскага храма пра сябе, моц веры і сэнс Святых вечароў
Цяжка паверыць у тое, што Павел ад нараджэння нічога не бачыць. Ён добра арыентуецца ў прасторы, шмат чытае, пастаянна вучыцца, любіць тэатр, мае стасункі з сябрамі — яго жыццё насычанае падзеямі. Яму пашчасціла займацца справай, якая найбольш блізкая яго сэрцу.
Павел Паўлаў — царкоўнаслужачы, чытае святыя тэксты падчас набажэнстваў у магілёўскім храме ў гонар святых праведных Іаакіма і Ганны. Адсутнасць зроку для яго не прысуд, ён глядзіць на свет духоўнымі вачыма. Прычым вельмі аптымістычна. І з радасцю дзеліцца з чытачамі «Звязды» сваімі думкамі.
Школа духоўнасці
Пытанне — «Калі вы зразумелі, што ёсць Бог?» — ставіць яго ў тупік. Цяжка адказаць, калі ўсё сваё свядомае жыццё ён гэтым жыве.
— У нашай сям’і, як, напэўна, і ва ўсіх астатніх, было прынята на вялікія царкоўныя святы хадзіць у храм, — кажа Павел. — У гэтым мала сапраўднай веры, але добра, што хоць гэта прысутнічае ў жыцці. На Хрышчэнне вады набраць, на Вялікдзень асвяціць кулічы і яйкі, на Праабражэнне — яблыкі. Маці заўсёды так рабіла. Тата загінуў на рабоце, калі мне было ўсяго сем месяцаў. Але вакол мяне заўсёды былі блізкія людзі, і я ім за гэта ўдзячны.
Да царквы Павел далучыўся, калі ўжо вучыўся ў Шклоўскай спецыяльнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку. Спачатку гэта былі баптысты. З прыяцелем яны хадзілі да іх некалькі гадоў. Калі ў школу прыйшла працаваць новая бібліятэкарка, усё змянілася.
Ірына Леанідаўна Майсеева, з якой суразмоўнік і цяпер не губляе сувязі, стала праводзіць факультатыўныя заняткі па асновах праваслаўнай веры. Яна цікава расказвала пра святых, на іх прыкладах дзеці вучыліся, як трэба жыць. Пасля школы Павел пайшоў вучыцца ў Гродзенскі медкаледж на масажыста. Разам з тым пасеянае ў сэрцы духоўнае зерне пачало расці. Ездзіў у паломніцкія паездкі, дзе адчуваў незвычайную радасць. Асабліва яму спадабалася ў Пачаеве. Таму, калі скончыў каледж, адразу ж падаў дакументы на завочнае аддзяленне Пачаеўскай духоўнай семінарыі.
Па манастырскім звычаі
Пасля двух гадоў адпрацоўкі Паўла ў Магілёве ўжо нічога не ўтрымлівала. Два апошнія курсы ён вучыўся непасрэдна ў Пачаеве, дзе палюбіў манастырскія набажэнствы.
Маці на той час працавала ў Санкт-Пецярбургу і адтуль прывозіла сыну богаслужэбныя кнігі па Брайлю. А ён з захапленнем іх вывучаў. У Пачаеве малады чалавек умацоўваўся з дапамогай аскетыкі. Спачатку семінарысты жылі ў вялікіх шматлюдных памяшканнях. Потым быў перыяд, калі Паўла з яшчэ адным студэнтам пасялілі ў кватэры, якую прыхаджанка падарыла манастыру. Там царкоўнаслужыцелі-пачаткоўцы сутыкнуліся з варожа настроенай суседкай, якой яны перашкаджалі чытаннем акафістаў…
У Пачаеве Паўлу пашчасціла пець у хоры. Потым ён спяваў на клірасе ў адным з храмаў Магілёва. Пасля семінарыі вярнуўся на радзіму, але вучобу працягваў — ужо ў Кіеўскай духоўнай акадэміі, завочна.
Калі вучыўся ў акадэміі, пачаў служыць чытальнікам. У храме ў гонар святых праведных Іаакіма і Ганны ён пасябраваў з настаяцелем протаіерэем Георгіем Каралёвым і іерэем Аляксеем Скобам.
Вялікі ўплыў у свой час зрабіла на Паўла паездка ў Баркалабаўскі жаночы манастыр, што на Быхаўшчыне. Там у царкоўнай краме купіў ікону царскай сям’і. Доўга не мог зразумець, чаму яна ўвесь час вільготная. Было спякотна, і думаў, што ў яго пацеюць рукі. Але хутка высветлілася, што ікона міраточыла. Пэўны час Павел вазіў ікону па храмах, а потым перадаў яе ў той, дзе служыць цяпер. Ікона пабывала ў розных хрэсных ходах.
Быць свяшчэннаслужыцелем Паўлу не дазваляе адсутнасць зроку. Хоць, як ён кажа, выключэнні магчымыя. Адзін час у яго была мара стаць манахам, але потым жаданне прайшло.
У храме ён чытае Гадзіны, Апостал, Шастапсалміе — тое, што ёсць у кнігах, напісаных шрыфтам Брайля. Па даручэнні бацюшак часам звяртаецца да прыхаджан з пропаведдзю. Кажа, што яшчэ ў семінарыі на апошнім курсе ім даручалі чытаць пропаведзі, вучыцца даносіць Слова Божае да народа.
На яго погляд, пропаведзь павінна быць жывой і не вельмі доўгай, каб, як жартуюць царкоўнаслужыцелі, людзі не паспелі забыць да яе канца, пра што ішла гаворка ў пачатку. Але галоўныя абавязкі невідушчага клірыка — чытаць. А яшчэ ён з айцом Аляксеем перыядычна ездзіць у магілёўскую бібліятэку, дзе ёсць абанемент па абслугоўванні інвалідаў па зроку, на сустрэчы з чытачамі.
Псіхолаг з праваслаўным ухілам
Наша сустрэча адбылася напярэдадні паездкі Паўла ў Санкт-Пецярбург. Ён студэнт трэцяга курса Рускай хрысціянскай гуманітарнай акадэміі імя Ф. Дастаеўскага.
— Пасля Кіеўскай духоўнай акадэміі я некаторы час нідзе не вучыўся, і мне вельмі гэтага не хапала, — расказвае суразмоўнік. — Вырашыў вярнуцца да школьнай мары — пайсці вучыцца на псіхолага. Такі факультэт знайшоў у Маскоўскім праваслаўным інстытуце імя святога Іаана Багаслова. Але маці прапанавала падшукаць нешта ў Піцеры, дзе яна жыве. І я знайшоў. Рыхтаваўся ў паскораным рэжыме — за месяц. Трэба было здаваць рускую мову, грамадазнаўства, біялогію, прычым дазвалялася зрабіць гэта анлайн. Галоўным для мяне было набраць прахадныя балы, і я іх набраў. Праграма вельмі насычаная: акрамя профільных прадметаў па псіхалогіі, шмат розных іншых, звязаных з філасофіяй, літаратурай, гісторыяй, правам, эканомікай і г. д. Дадаткова вывучаю базавую аналітычную псіхалогію ў Маскоўскім інстытуце псіхааналізу. Справа ў тым, што бакалаўрыят па асноўным месцы маёй вучобы дае магчымасць толькі выкладаць псіхалогію, а я хачу быць кансультантам. А курсы такую магчымасць даюць, хачу быць карысным. Калі хопіць сіл, пасля бакалаўрыята пайду ў магістратуру, дзе яшчэ два гады трэба будзе вучыцца. Там два кірункі — па псіхатраўматалогіі і псіхалагічным кансультаванні. Яшчэ не вызначыўся, што выбраць.
Падчас адной з сесій студэнты гуманітарнай акадэміі наведалі ў Санкт-Пецярбургу крызісны цэнтр 812, дзе працуюць у асноўным валанцёры. Яны кансультуюць людзей анлайн у інтэрнэце па прынцыпе тэлефона даверу. Перыядычна ўстанова праводзіць трэнінгі, дзе можна атрымаць магчымасць стаць валанцёрам-кансультантам. І Павел іх прайшоў. Ён дзяжурыў на лініі і 3 студзеня з 18.00 да 22.00.
— Людзей хвалююць розныя пытанні — ад працаўладкавання і сур’ёзных хвароб да наладжвання кантактаў з блізкімі, — расказвае суразмоўнік. — Часта бяседы працяглыя, таму ёсць абмежаванні да 50 хвілін. Пакуль валанцёр з кімсьці размаўляе, ніхто болей не можа дазваніцца. За 4 гадзіны максімум пяць чалавек паспяваю абслужыць. Але мы зацікаўлены дапамагчы як мага большай колькасці людзей. Наша задача — падтрымаць чалавека, каб не сышоў у крызіс.
Павел раіць запомніць карысны рэсурс. Трэба ў пошукавым радку набраць «крызісны цэнтр 812», і там будзе ўся інфармацыя. Лінія бясплатная, працуе з 18.00 да 2 гадзін ночы.
Капітан каманды «Альтаір»
У пакоі Паўла ўсе сцены застаўлены кнігамі і іконамі. Як ён прызнаецца, на жаль, не ўсе патрэбныя яму кнігі ёсць у электронным выглядзе. Тады ён купляе звычайныя і з дапамогай сканера пераводзіць іх у электронны варыянт. А вось «фаліянты» ў абгортках са звычайнага кардону — гэта кнігі па Брайлю. Яны вельмі аб’ёмныя. Новы Запавет у 7 тамах.
— На выданні такіх кніг спецыялізуецца Санкт-Пецярбургскае выдавецтва «Чытанне», — расказвае Павел. — Для сябе я там заказваю часопісы «Веды», «Культура і здароўе», «Маладзёжны форум», «У свеце музыкі». Падабаецца чытаць пра кампазітараў, выканаўцаў, музычныя падзеі. Потым я ўсё гэта перадаю ў бібліятэку.
Чытанне дапамагае Паўлу яшчэ ў адным яго захапленні. У інтэрнэце ён знайшоў праграму, дзе шмат чатаў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У тым ліку і для аматараў інтэлектуальных гульняў. І там існуе цэлая сістэма, створаны каманды, якія гуляюць у фармаце «Што? Дзе? Калі?» Павел — капітан каманды «Альтаір», якая існуе ўжо шэсць гадоў.
— Усе гульцы пішуць пытанні і скідваюць іх вядучай, — расказвае ён прынцып узаемадзеяння. — Сезон пачынаецца ў верасні і заканчваецца ў чэрвені, кожная каманда паспявае сыграць раз сем. Мы гуляем на пытаннях іншых каманд, камусьці трапляюць нашы. Гэтыя гульні трансліруюцца па спецыяльнай радыёстанцыі па пятніцах.
А па нядзелях раз на два тыдні праходзяць сінхронныя радыёгульні, калі адзін аўтар піша пакет з 24 пытанняў, а астатнія каманды гуляюць на гэтыя пытанні, у тым ліку і каманда аўтара, акрамя, вядома, яго самога. Пад канец сезона падводзяцца вынікі, хто на якім месцы. Мы звычайна займаем 4–5-е, але было, што вырываліся і на трэцяе. Пытанні вельмі сур’ёзныя, магчыма, не хапае ведаў. Мне як капітану трэба быць больш адукаваным у розных галінах.
Быў дзедам марозам
«Ці цяжка вам уявіць той свет, які вы не бачыце? Той жа фільм паглядзець?» — задаю ня простае пытанне.
— Калі няма гукаў, цяжка, але не катастрафічна, — адказвае Павел. — Я наогул мала фільмаў «гляджу». Невідушчыя таксама выкарыстоўваюць гэты тэрмін. Уключаецца ўяўленне, і ты бачыш нейкія вобразы. Асабліва добра ўспрымаюцца фільмы, дзе шмат дыялогаў, гукаў. Апошнія пяць гадоў актыўна развіваецца такая рэч, як тыфлакаментарый да фільма. Але гэта больш у Расіі, там да праблемы сур’ёзна падышлі.
Насамрэч мне больш падабаецца тэатр. Калі пазнаёміўся з артыстамі Магілёўскага драмтэатра Аленай Дудзіч, Рыгорам і Яўгеніяй Белацаркоўскімі, амаль увесь рэпертуар пераглядзеў. Вельмі ўразіў спектакль «Аднакласнікі» па п’есе Юліі Чарняўскай «Літаркі». Я потым хацеў знайсці тэкст п’есы і перачытаць. Спадабаўся спектакль «З любоўю не жартуюць». А яшчэ «Гэтыя свабодныя матылькі», там герой невідушчы. У школе я і сам іграў у тэатры. Мы ставілі шмат чаго, і я актыўна быў заняты, нават на галоўных ролях. Аднойчы на навагоднім ранішніку быў Дзедам Марозам, і мяне ніхто не пазнаў, нават дырэктар.
«Слепата мне на карысць»
Павел кажа, што ніколі ні на хвілінку не сумняваўся, што Бог існуе. Вера ратуе ад крызісаў. Прызнаецца, што вельмі выразна адчуў прысутнасць Бога ў Іерусаліме.
— Асаблівае дзеянне на мяне зрабіў храм Гроба Гасподняга, — расказвае ён. — Людзей у Кувукліі было шмат, ахоўнікі прымушалі ўсіх хутка рухацца, грукалі палкамі. Я вельмі хваляваўся, але, калі зайшоў унутр, падалося, што ўвесь свет кудысьці сышоў. Я адчуў, што Бог побач. Мне было так хораша і спакойна. Прамільгнула думка пра зрок. Хацеў зразумець, чаму яго няма. Падумаў, што ён з’явіцца, як толькі прыкладуся да Гроба. Але пачуў унутры сябе голас: «Табе гэта не патрэбна, табе і без гэтага будзе добра». І мяне гэта натхніла. Я выйшаў шчаслівы і супакоены. Мае знаёмыя толькі здзіўляліся, чаму ахоўнікі мяне не прыспешвалі. Наогул у той паездцы мне было камфортна, нягледзячы на тое што я спякоту не пераношу.
І я імкнуўся ўсім тым, што там было, прасякнуцца.
Калі вучыўся ў Пачаеве, наведаў пячорку Іава Пачаеўскага. Вельмі вузкі праём, няма дзе развярнуцца. Людзі ідуць туды памаліцца, атрымаць дапамогу. Звычайна туды збіраецца чарга, але мне пашчасціла прыйсці, калі нікога не было. І мне дазволілі застацца там на некаторы час. Была ўрачыстая цішыня, прыемны пах. Калі я выйшаў, думаў, што прабыў некалькі хвілін. Але маці сказала, што я быў там гадзіну. І мне стала зразумела, як святыя маглі праводзіць дні і ночы ў малітвах і не стамляцца. Ёсць такая фраза, што для Бога адзін дзень як тысяча гадоў і тысяча гадоў як адзін дзень. Заўсёды задумваўся над ёй. А тут нечакана для сябе зразумеў.
Святыя вечары
Гэта асаблівы час, калі вельмі важна паразважаць над рознымі падзеямі, лічыць Павел.
— На зямлю прыходзіць Бог, каб выратаваць усіх людзей, — кажа ён. — Прымае вобраз чалавека, становіцца Немаўлём, такім чынам зміраецца. Прыходзіць не ў царскія палацы, а ў хлеў. Там, дзе холадна, дзе жывёлы. У свеце не знайшлося іншага месца для Дзевы Марыі. Наогул, той перыяд нараджэння Хрыста быў насычаны рознымі падзеямі. У тым ліку і такімі трагічнымі, як забойства дзяцей царом Ірадам. Таму ў гэтыя дні варта імкнуцца да стрыманасці і духоўнай радасці, наведваць блізкіх, тых, каму патрэбна наша ўвага, хто хоча мець з намі стасункі. Тады адчуеш, што неба наблізілася да зямлі і Бог сышоў да нас.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара