Цімошык, Л. Першазахапленне: Летапіс жыцця народнага мастака Беларусі — у карцінах / Л. Цімошык // Звязда. — 2014. — 25 студзеня. — С. 5.
Яго можна прачытаць у творах, аб’яднаных выставай, прымеркаванай да 100‑годдзя Паўла Васільевіча Масленікава. Выстава праходзіць у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі і паказвае асобу ў розных іпастасях: таленавіты творца, мастак і настаўнік, вучні якога цяпер працягваюць справу.
Пакліканне
Творы мастака Паўла Масленікава даюць уяўленне пра яго творчы шлях, а з іншага боку — ствараюць магчымасць у літаральным сэнсе прасачыць шлях чалавека, які пралягаў па зямлі, прыводзіў у розныя краі. Захапляючыся прыгожымі краявідамі, ён быў настроены на тое, каб іх шукаць, бачыць на свае вочы і пераносіць на палатно. Узяўшы гэтае захапленне з сабою ад роднае зямлі (нарадзіўся ў вёсачцы Нізкая Вуліца на Магілёўшчыне ў цяжкім і негарманічным 1914 годзе), Павел Масленікаў увесь час быў скіраваны на тое, каб заўважаць і нагадваць пра тое, што ёсць у свеце прыгажосць. Ён насіў гэтае захапленне з сабою, калі трапляў у іншыя краіны, нават экзатычныя: вандраваў з эцюднікам на плячы па Індыі, Непале, Егіпце, назіраў за павольным рытмам прыроднага жыцця Фінляндыі і Швецыі, спасцігаў асаблівасць ландшафту Алтайскага края, Крыма, Прыбалтыкі… Але ў аснове было першазахапленне прыродай роднага краю. Яна дала пачатковую эмоцыю радасці, скіравала зрок і ўнутраны погляд на выяўленне і падтрыманне гармоніі ў свеце. Гэтым светам можна захапляцца сёння — праз яго пейзажы, якія мастак пісаў з асаблівай цеплынёй і любоўю.
Менавіта таму пейзажы Паўла Масленікава склалі аснову вялікай юбілейнай экспазіцыі, на якой прадстаўленая ўсяго толькі каля 50 твораў. Усяго — таму што гэта невялікая часцінка таго, што створана майстрам. Некаторыя з карцін сёння знаходзяцца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, некаторыя прадаставіла сям’я. Але большасць яго прац у нашы дні належаць Магілёўскаму абласному мастацкаму музею, які атрымаў імя свайго славутага земляка ў 1996 годзе, пасля яго смерці. Але яшчэ пры жыцці майстра пры музеі адкрылася персанальная карцінная галерэя Паўла Масленікава. Аўтар сам перадаў каля 140 сваіх прац музею сваёй малой радзімы, якую ён любіў і апяваў у творах.
Змаганне
Павел Масленікаў быў з тых творцаў, якія ў мастацтва прыходзяць праз прафесійную школу і жыццёвую загартоўку. Адвучыўшыся ў Віцебскай мастацкай вучэльні і толькі пачаўшы працу ў Вялікім оперным тэатры Беларусі, ён стаў абаронцам прыгажосці любімых яму мясцін — на вайне. Найвышэйшая ступень адчування гармоніі часам дасягаецца тады, калі чалавек вымушаны паварочвацца тварам да зла, калі разбуральны пачатак пачынае дыктаваць умовы існавання. Вайна, фронт, акопы… Медаль «За абарону Масквы», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне», ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені… Насамрэч лёгка зразумець тых мастакоў, якія прайшлі вайну, а ў мірны час па-свойму адбудоўвалі краіну: праз душы людзей, надаючы ім станоўчыя эмоцыі, прыводзячы да раўнавагі.
Павел Масленікаў не толькі шукаў прыгажосць у свеце, але і быў гатовы бясконца ўдасканальваць сваё творчае майстэрства. Ужо пасля вайны ён вучыўся ў Інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе, потым скончыў аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. Ён быў патрабавальны да сябе як асоба.
Спрыянне
І ён быў патрабавальны да іншых таксама. Асабліва калі сам стаў вучыць творчасці, а быў час, што і ўзначальваў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Фактычна ён заставаўся настаўнікам да апошніх дзён (памёр у 1995‑м). Ці можна навучыць творчасці — адно з вечных спрэчных пытанняў. Але адказ на яго ў рамках выставы дадуць вучні Паўла Масленікава: творы 11 вядомых беларускіх мастакоў прадстаўлены ў экспазіцыі. Мэта — паказаць, наколькі настаўнік можа даць штуршок творчаму развіццю і пры гэтым беражліва захаваць індывідуальную манеру, асабісты погляд кожнага. Сярод тых, хто вучыўся ў Паўла Васільевіча Масленікава — мастакі розных плыняў, напрамкаў, якія прадстаўляюць нават розныя віды мастацтва — ад жывапісу да ручнога ткацтва: Валянціна Бартлава, Тамара Васюк, Яўген Ждан, Галіна Крываблоцкая, Ала Непачыловіч, Міхась Раманюк, Сяргей Салохін, Наталля Сухаверхава, Яўген Шунейка, Маргарыта Шчамялёва. Усе яны самі ўжо сталі настаўнікамі для іншых пакаленняў творцаў. І можа быць, плён іх настаўніцкай працы залежыць ад колішняга ўплыву асобы майстра Паўла Масленікава. Гэта не скажаш наўпрост, затое адчуеш: ёсць лірызм, які раствораны ў яго працах (а яны нібыта падхапілі), ёсць імкненне спасцігнуць таямніцы прыгажосці, якія наогул для кожнага пакалення могуць адкрывацца з нечаканага боку. І ёсць вобразы таго краю, які кожны носіць у сабе. У асобе Паўла Масленікава яго вучні знайшлі прыклад любові, якая заўсёды дбае пра тое, як павялічыцца і ўзбагаціць свет. А ў Беларусі да таго ж ёсць творчая дынастыя Масленікавых.